Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -3° Маладзечна
Вілейка -3° Вілейка
Смаргонь -3° Смаргонь
Ашмяны -3° Ашмяны
Валожын -3° Валожын
Мядзел -3° Мядзел
Астравец -3° Астравец
Маю права
Маладзечна
5.03.2012 09:56 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

Калі ў доме павінна быць ціха?

Зверху свідруюць перфаратарам, збоку уключылі музыку на ўсю “катушку”, пад падлогай гудзіць халадзільнік крамы… А што рабіць чалавеку, які проста хоча спакойна адпачыць? Адказваем на пытанні чытачоў “РГ”.

Галоўнае − паважаць сваіх суседзяў, − лічыць намеснік дырэктара па жыллёвых пытаннях прадпрыемства “Камунальнік” Аляксей Арол. − Пры гэтым неабходна прытрымлівацца рэжыму часу, дазволенага, напрыклад, для правядзення рамонту. Большасць скаргаў, дарэчы, звязана якраз не з рамонтам, а з гучнай музыкай, гуляннямі. Пакараць парушальнікаў спакою ў такім выпадку не проста. Мы мусім прыязджаць з прадстаўнікамі санстанцыі, замяраць узровень шуму, якога на той момант можа ўжо і не быць.

Што рабіць, калі хочаш запусціць у суседа яго "балгаркай"?

Аляксей Арол адзначыў, што найчасцей са скаргай звяртаюцца пенсіянеры, адзінокія людзі:

− Калі ў кватэры жыве чатыры чалавекі, то ў іх саміх бурліць жыццё, і яны не заўважаюць шуму з іншых кватэр. А вось калі чалавек адзін, ён чуе, як з крана кропля вады капнула. Шум перашкаджае хворым, якім хочацца адпачыць. Да таго ж, некаторым трэба проста выспацца перад адказнай працай.

“Усе людзі часам робяць рамонт. Прыйдзі ты з працы, паеш, ну свідруй сабе гадзінку, калі трэба. Чаго гэтым суседзям зверху прыпякае свідраваць у той самы момант, як я дзіця спаць кладу? Можа, гэта новы наркотык, свідраванне па нервах завецца?” Каця.

− Рамонтныя работы, якія ствараюць шум ці вібрацыю, нельга выконваць у выхадныя і святы. Пачынаць працу можна ў рабочыя дні ў 9 раніцы, а заканчваць не пазней за 19 гадзін. Пры гэтым выкарыстоўваць трэба толькі тыя інструменты, якія не ствараюць шуму больш, чым дазволена санітарнымі нормамі.

Калі вы займаецеся рамонтам, памятайце, што нельга загрувашчваць і забруджваць будаўнічымі матэрыяламі эвакуацыйныя шляхі, дапаможныя памяшканні. А таксама перавозіць матэрыялы ці адходы ў ліфце без упакоўкі.

“Ёсць у мяне сусед праз сцяну. У наколках сініх увесь. Але як мне, простаму інжынеру, зразумець асалоду ад таго, што раве шансон са старога магнітафона?” Юрый Аляксеевіч.

− Карыстацца магнітафонам, тэлевізарам і іншай падобнай тэхнікай  можна толькі пры гучнасці, якая не парушае спакою жыхароў дома. Калі вам гэтага мала, купіце навушнікі. Ад 23 да 7 гадзін павінна быць ціха.

Калі суседзі вельмі гучна весяляцца ці робяць рамонт у непрадугледжаны для гэтага час, звяртайцеся ў ЖРЭУ. Прадстаўнікі гэтай службы спачатку ветліва пагавораць з парушальнікам, а калі гэта не дапаможа − складуць акт. Тады аматарам пашумець давядзецца развітацца з сумай ад 10 да 30 базавых велічынь, а гэта сёння ад 35 000 да 1 050 000 рублёў.

А вось калі суседзі не проста весяляцца, а сварацца ці б’юцца − звяртайцеся ў міліцыю. Складуць пратакол, і буянам можа пагражаць штраф ад 2 да 30 базавых (ад 70 000 да 1 050 000 рублёў) і нават арышт на 15 сутак.

Варта ведаць, што за парушэнні Правілаў карыстання і ўтрымання жылых памяшканняў, самавольнае пераўладкаванне кватэры прадугледжаная адміністрацыйная, крымінальная і іншая адказнасць.

Рамонт − рабочыя дні, 9.00−19.00

Тэлевізар, музыка −7.00−23.00

Рамонт закончылі, а шум застаўся

Часам бывае, што абуладкаванне суседзі нарэшце закончылі і галоўнай праблемай становіцца ўжо не перфаратар, а наступствы рамонту. На пытанні адказвае загадчык аддзялення камунальнай гігіены Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Міхаіл Міхалевіч.

“Раней сябравалі з суседам зверху, прыемны чалавек быў. А як рамонт зрабіў, дык так чуваць стала, што ў іх робіцца! Магу тэлевізар глядзець без гуку − ад іх кожнае слова чую. Чаму так зрабілася?” Пенсіянер.

− Вялікая праблема ў тым, што калі чалавек пачынае займацца рамонтам, ён адразу ідзе купляць іншыя новыя рэчы і матэрыялы. Гэта няправільна. Любы дом будуюць па праекту, які распрацоўваюць спецыялісты. Праектанты прадугледжваюць, якое, напрыклад, пакрыццё падлогі будзе ў пэўным доме аптымальным. Напрыклад, жыхар адвольна заменіць лінолеум на ламінат. Гэтым зменіць праект, не ўлічыўшы, як гэта, у прыватнасці, зменіць гукаізаляцыю.

Правільна адразу ісці ў праектны інстытут і разам са спецыялістамі спланаваць рамонт. Яны зробяць усе неабходныя разлікі. У рэгіёне праектных устаноў некалькі. І калі абноўленая кватэра будзе адпавядаць усім стандартам, у суседзяў не будзе нагоды на вас скардзіцца.

Дарэчы, за самавольную перапланіроўку і пераўладкаванне пагражае штраф ад 10 да 30 базавых (ад 35 000 да 1 050 000 рублёў).

“Суседзі зверху дасталі! Паклалі ламінат, па якім ходзяць на абцасах. Мае просьбы не гарцаваць не ўспрымаюць. Гэта нармальна?” Тамара, Маладзечна.

− Бывае, што скардзяцца на нейкія падобныя бытавыя шумы. Напрыклад, пакінулі аднаго сабаку і пайшлі, а ён там вые ўвесь дзень. У такіх выпадках мы не можам узяць сваю апаратуру і замераць, ці не перавышаюць суседзі дапушчальны ўзровень шуму. Праблема ў тым, што мы павінны папярэдзіць і суседзяў зверху, якую працэдуру збіраемся праводзіць. Зразумела, што калі яны звычайна гучна ходзяць, то цяпер будуць як мага цішэй. І сабака з імі выць наўрад ці будзе. Таму ў такім выпадку трэба звяртацца ў ЖРЭУ.

“Пад нашай кватэрай стаіць прадуктовая крама. Дзень і ноч гудзіць халадзільнік, немагчыма проста! Хадзіла да іх, адказалі, што ім жа працаваць трэба. Як быць у такой сітуацыі?” Галіна.

− Халадзільніку не загадаеш працаваць цішэй. Калі мы прыедзем з апаратурай, то сапраўды зможам замераць узровень шуму і параўнаць яго з дапушчальным узроўнем. Таму атрымліваецца, што змагацца з шумам ад абсталявання нашмат прасцей.

Зоя ХРУЦКАЯ.

На якія дакументы можна спасылацца?

1.  Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2006 года №1805. Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку пераўладкавання і перапланіроўкі жылых памяшканняў у шматкватэрных дамах і Палажэння аб парадку рэканструкцыі аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў і нежылых пабудоў на прысядзібнай тэрыторыі. (Глава 3, артыкул 20)

2. Загад Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 1999 года №177. Аб зацвярджэнні і ўвядзенні ў дзеянне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў жылога дома ў Рэспубліцы Беларусь. (Артыкулы 6.11, 14)

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце