Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +1° Маладзечна
Вілейка +1° Вілейка
Смаргонь +1° Смаргонь
Ашмяны +1° Ашмяны
Валожын +1° Валожын
Мядзел +1° Мядзел
Астравец +1° Астравец
Грамадства
1
5.07.2012 23:15 ,AЎТАР(Ы): Таццяна КАСЬЯН

Купалле – свята вады і агню

Старажытна-язычніцкае свята Купалле ў гонар летняга сонцастаяння адзначаецца з 6 на 7 ліпеня. Абрады з травой, агнём і вадой праводзяцца менавіта ў самую кароткую Купальскую ноч.
Дзень летняга сонцастаяння – галоўнае свята славян, час найвышэйшага развіцця жыццёвых сіл прыроды. Лічылася, што, выканаўшы сваю місію, бог Ярыла ў гэты час памірае і адраджаецца ў выглядзе Купалы – бога лета, рознакаляровых кветак і спелых пладоў.
Гэта свята таксама называлі днём Івана Зёлкі: лекавыя расліны, сабраныя ў гэты час, валодаюць цудадзейнымі ўласцівасцямі. Шалфей, чарада, маці-і-мачаха, святаяннік, рамонак – усяго і не пералічыць.
А чароўныя пералёт-траву, цірліч-траву, архілін ды прамяністую кветку папараці, якая па паданнях прыносіць небывалае шчасце, марылі знайсці ведзьмы і чарадзеі. Архілін, па павер’ях, ратаваў ад падкопаў злых духаў, сок цірліча прываджваў велізарнае багацце, а пералёт-трава дарыла шчасце таму, хто яе знайшоў.
Вабіла і сустрэча з разрыў-травой, для здабычы якой існаваў складаны цікавы рытуал: касілі ў Купальскую ноч траву на пустцы, пакуль не пераломвалася лязо касы. Дзе яно падала, мураву збіралі і кідалі ў раку; зеляніну, што плыла супраць плыні, называлі разрыў-травой.
А для дзяўчат мелася верная прыкмета, звязаная з зёлкамі: у поўнач, зажмурыўшы вочы, трэба было набраць кветак і пакласці пад падушку, а раніцай праверыць, ці набралася 12 розных траў. Калі так, то маладзіца ў гэтым годзе магла чакаць жаніха.
Верылі, што ў гэтую ноч усё ажывае: дрэвы блукаюць па лесе, расліны шэпчуцца паміж сабой, жывёлы і птушкі размаўляюць. І людзі імкнуліся стаць адным цэлым з адроджанай матухнай-прыродай: спявалі этнічныя пералівістыя песні падчас збору лекавых траў, дзякавалі свет за багаты ўраджай, добрае паляванне.
Скакалі праз вогнішчы, каб ачысціцца ад унутранага бруду, бо агонь – сімвал ачышчэння, вылечвання ад напасці, знак абноўленага жыцця. Ды і паваражыць можна: не дакранешся да агню, не паляцяць іскры – выйдзеш замуж ці здабудзеш поспех.
Але галоўным героем Іванава дня з’яўляецца кветка папараці, Перунова кветка, як яе называлі продкі. Кажуць, што роўна ў поўнач усяго на некалькі імгненняў раскрываецца яе чароўнае вогненнае вока і што таму, хто паспее яе сарваць, становіцца бачным любы клад, як бы глыбока ён ні знаходзіўся, і ўсе жаданні ўладальніка кветачкі папараці спраўджваюцца.
На Купалле праводзіцца  шмат абрадаў, звязаных з вадой. Напрыклад, у ноч напярэдадні Івана Купалы маладзіцы апускаюць на раку вянкі з запаленымі лучынкамі або свечкамі. Калі вянок тоне адразу, значыць, наканаваны разлюбіў; чый вянок даўжэй праплыве, тая будзе шчаслівай, а ў каго лучынкі даўжэй пагараць – пражыве доўгае жыццё.
Ёсць і інтэрпрэтацыя гэтага рытуалу: вянкі з бярозы пускаюць у ваду і сочаць: чый патануў – тую напаткае смерць, паплыў – замуж прыгажуня выйдзе, а да берага прыб’е – так незамужняй ёй быць гэты год.
Але не толькі абрадамі на каханне, прыкметамі ды варажбой на шчасце поўнілася Купальская ноч. Нашы продкі верылі, што Купалле – гэта час абуджэння звышнатуральных сіл, не толькі добрых, але і злых.
Ведзьмы ў гэтую ноч рабіліся больш небяспечнымі, таму нашы прапрадзеды клалі на парозе і на падаконніках крапіву, каб абараніць сябе ад нападу, а таксама замыкаць канёў, каб ведзьмы не выкралі і не паехалі на іх на Лысую гару.
А калі займаўся світанак, моладзь плёскалася ў рэках, гойдалася ў ранішніх росах. Кажуць, што купальскай раніцай сонца пераліваецца рознымі колерамі…
Таццяна КАСЬЯН.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
21.11.2017 00:34
Наталля / Малайчына! Добра зроблена)
Дадаць каментар
Новае на сайце