Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +16° Маладзечна
Вілейка +16° Вілейка
Смаргонь +16° Смаргонь
Ашмяны +16° Ашмяны
Валожын +17° Валожын
Мядзел +16° Мядзел
Астравец +16° Астравец
Культура
3 Вілейка
8.03.2016 15:41 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

"РГ" пачала праект "Літпарад Павілля". Вядучая Аксана Ярашонак-Камінская: Культура не павінна чакаць вырашэння эканамічных праблем (Вершы)

Аксана Ярашонак-Камінская. Фота Настассі Роўды

Аксана Ярашонак-Камінская. Фота Настассі Роўды.

Не адзін год чытачы “РГ” прапаноўвалі рэдакцыі адкрыць літаратурны праект. Адны хацелі, каб прачыталі іх творы, іншыя чакалі вершаў землякоў. І з году ў год мы адмаўляліся ад гэтай ідэі.

Як узяць на сябе смеласць прыняць вершы аднаго аўтара, адмовіўшы іншаму? Як пазбегнуць крыўдаў ад уразлівых творцаў? Гэта складаная задача, якую, на думку рэдакцыі, мы ўпершыню вырашылі сёлета, у Год культуры.

Першым крокам стаў выбар вядучага гэтай рубрыкі. Ён павінны быць знаёмы чытачам, звязаны з рэгіёнам і з літаратурай.

Дастаткова малады, каб стварыць новы праект і вучыцца ў час яго падрыхтоўкі, і ў той жа час дастаткова знаёмы з літаратурай, каб даваць ацэнку і аналізаваць творы.

Ідэальнай вядучай стала Аксана Ярашонак-Камінская, добра знаёмая чытачам “РГ”. Аксана расла ў Маладзечне, а пасля замужжа пераехала ў Ілью, дзе працуе ў школе педагогам-арганізатарам.

Другім крокам кіраўніца літаратурнага праекта прадумала яго канцэпцыю. Літаратурная старонка сёлета будзе мець сем выпускаў. Кожны з іх будзе прысвечаны аднаму з сямі раёнаў, для якіх існуе “Рэгіянальная газета” – Маладзечанскаму, Вілейскаму, Мядзельскаму, Валожынскаму, Ашмянскаму, Смаргонскаму і Астравецкаму.

Для кожнага выпуску Аксана рыхтуе ўступ, які пакажа цікавосткі аб літаратурным багацці абранага раёна. Чытачам прапануе вершы аўтара-мэтра, а таксама творы паэта-пачаткоўцы. Запрошаны мэтр дасць таксама парады маладым творцам, якія спрабуюць сябе ў паэзіі.

Першы выпуск, надрукаваны ў папяровай версіі 4 сакавіка, прысвечаны паэтам, якія паходзяць з Мядзельшчыны. А сёння мы  бліжэй пазнаёмім чытачоў з вядучай “Літпарада Павілля” Аксанай Ярашонак-Камінскай.

З якім настроем распачала год

– 2015-ы закончыўся добра для мяне. У лістападзе атрымала ўзнагароду і адказную, і прыемную – медаль “Ігар Грыгор’еў – воін і паэт”. Другі год праводзілі канферэнцыю, прысвечаную гэтаму рускаму паэту, і я ў абе­дзвюх удзельнічала.

А 2016-ы пачаўся выдатна – узнікла прапанова супрацы з “РГ”. Усведамляючы адказнасць і рызыку весці літаратурную старонку, я пагадзілася, таму што гэта мая мара. І гэту мару атрымалася здзейсніць не ў сталіцы, дзе выходзіць шмат літаратурных часопісаў, а тут, у родным горадзе, у газеце, якую ведаю з дзяцінства!

– Мы прымяркоўваем праект да Года культуры. Але што вы адкажаце на пярэчанні, што ў час складанай эканамічнай сітуацыі і не да культуры, і не да паэзіі?

– Гэта добры час для культуры. Калі я ехала з фестывалю “Берагі дружбы” з Таганрога, са мной ехаў мужчына, ваенны музыкант з Данецка. Калі пачаліся баі, то пераехаў да дзяцей у Мінск. Ён заў­важыў, што ў час, калі адбываюцца страшныя рэчы, кансерваторыя поў­ная, а ў тэатрах аншлагі.

Магчыма, наадварот, калі ў людзей праблемы, ім яшчэ больш трэба культура. Яна можа стаць аддушынай.

Культура не павінна чакаць, калі вырашацца эканамічныя праблемы.

Чаканні ад праекта

– Я не хацела б, каб праект праз год спыніў існаванне. Хацела б, каб ён перарадзіўся ў нешта новае.

Чакаю адкрыццяў, з якімі я ўжо сутыкнулася. Калі пачала рыхтавацца да праекта, знайшла новыя імёны, якія, да майго сораму, раней былі незнаёмыя.

Калі маладзечанцы, магчыма, ведаюць мясцовых паэтаў, то астравецкія ці ашмянскія могуць быць для іх чыстай старонкай. Чакаю, што жыхары рэгіёна будуць лепш ведаць паэзію свайго краю.

Сутыкнулася з тым, што сярод моладзі няшмат тых, хто піша вершы па-беларуску. Паколькі мы будзем друкаваць толькі беларускамоўныя творы, спадзяюся, для некага гэта паслужыць стымулам.

– Чаму для вас было важным уключыць крытычны складнік?

– Чалавек, які піша, няўмольна сутыкнецца з крытыкай. Мне пашанцавала на крытыкаў, яны дакладна ўказвалі на недахопы і не адбівалі ахвоту пісаць. Калі ўліваешся ў творчы працэс, то крытыку ўспрымаеш адэкватна. А парады літаратараў у нашым праекце могуць быць падрыхтоўкай да сур’ёзнай крытыкі.

– Ці праўда, што ў добры верш трэба ўкласці балючыя перажыванні? Ці добра, калі верш стаў для аўтара  тэрапіяй?

– Стрэс можа быць і станоўчы. І добра, калі вершы пішуцца на станоўчых перажываннях.

Слову заўсёды надавалася магічнае значэнне. Калі нешта паўтараць шмат разоў, гэта абавязкова адбудзецца, а калі яшчэ і напісаць, то дакладна чакай здзяйснення. Ёсць шмат прыкладаў, калі творцы прадказваюць сваю смерць, і так яно і адбываецца.

Што робяць сучасныя аўтары, каб здзівіць

– Цяпер рыфма для верша стала даволі адносным паняццем. Але я заўсёды лічыла, што цяжэй напісаць добры зрыфмаваны верш, чым добры верлібр. Таму што зрыфмаванаму вершу ўжо шмат гадоў, і, здаецца, што новага можна сказаць пра каханне ці восень? Часта нічога новага зрыфмаваным вершам не кажуць.

Таму мне важна, каб рыфма была не зацяганая, а вобразнасць – арыгінальнай.

Нехта здзіўляе формай, іншыя пішуць без знакаў прыпынкаў і ўсё з маленькай літары.

У час студэнцтва мы забаўляліся тым, што злучалі малюнак з вершам. Напрыклад, малюеш сонейка і пішаш “Кволае сонца Па засені недарэчнасці. Амаль зіма”. І кавалак тэксту залазіць на сонца. Быў у мяне верш пра прыступкі: “Кожны наступны дзень Усяго толькі чарговая прыступка На доўгай лесвіцы нябыту” – і пісала гэта лесвічкай.

– Ці згодныя вы, што беларускамоўныя аўтары свядома абмяжоўваюць аўдыторыю?

– Не зусім. Рускамоўным паэтам менш пляцовак для друку ў Беларусі. Так і павінна быць. У салідных выданнях рускія вершы не друкуюць. Адна з паэтак, якая піша па-руску, каб трапіць у “ЛіМ”, прасілася, каб я яе пераклала на беларускую мову.

Паэзія – камерны від мастацтва. Гэта Маякоўскі збіраў у зале дзве тысячы чалавек, якія сачылі за кожным яго рухам. У паэзіі ўвогуле абмежаваны чытач.

Літаратурныя выданні набываюць тыя, хто ўжо зацікаўлены ў літаратуры. А калі мы распачнём праект у “Рэгіяналцы”, то паэзія наблізіцца да лю­дзей, не звязаных з літаратурай праз працу.

Як паэту знайсці чытача

– Сустрэчы са школьнікамі ці студэнтамі не заў­сёды маюць шанец на поспех. Госцю трэба прадумаць выступленне, каб не было нудным, каб была гутарка з залай. І арганізатарам трэба рыхтавацца. Напрыклад, запрасіць Адама Мальдзіса да пяцікласнікаў – гэта не лепшая ідэя, трэба стасоўваць аўдыторыю і выступоўцу.

Калі мы з Рагнедам Малахоўскім выступалі ў маладзечанскім музкаледжы, то ён шмат усміхаўся дзяўчатам, жартаваў, напрыклад: “Давайце задавайце пытанні, ці вы хочаце, каб я вам тут паў­гадзіны яшчэ вершы чытаў?”

– У чалавека, які неглыбока разбіраецца ў беларускай літаратуры, можа скласціся ўражанне, што яна абмежаваная вобразамі стогадовай даўніны: жураўлямі, сенажацямі. Як тады яна можа быць блізкай і цікавай сучаснай моладзі?

Мікола Кутас неяк заўважыў, што ну, колькі можна пісаць пра сенажаці. Жыццё мяняецца, а некаторыя паэты працягваюць выкарыстоўваць вобразы, якія апісалі сто год таму, не гаворачы нічога новага. Паэзія таксама павінна змяняцца, каб заставацца запатрабаванай.

Калі ў літаратуры будзе змест, цікавы маладым, то будзе і чытач.

Цяпер я захапілася Някляевым – чытаючы яго вершы, знаходжу тое, што было на паверхні, тое, што адчувала я. Гэта паказчык якасці, калі нехта, прачытаўшы верш, кажа: “Дык гэта ж пра мяне”. Хто сёння, прачытаўшы пра сенажаць, скажа, што “гэта пра мяне”?

У ілюстрацыях скарыстаныя вершы Аксаны Ярашонак-Камінскай.

Абмеркаваць
Каментар (3) / Дадаць каментар
8.03.2016 20:34
Чытач / Euge, poeta! :)
29.04.2017 00:51
stizhma / Няўжо "РГ" надрукавала нейшта значнае, цiкавае з падзеяў бацькаўшчыны замест страшылак-здарэньняў? О-о, прыемная навiна, за якую трэба "РГ" выказаць удзячнасьць. А дзе вершы паэткi тае можна пачытаць i мне? Добрыя вершы!
2.05.2017 14:08
Аксана Ярашонак / Дзякуй з адобрыя словы і цікавасць да творцасці. Тут можна пачытаць больш http://www.stihi.ru/avtor/oksanayaroshon
Дадаць каментар
Новае на сайце