Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +1° Маладзечна
Вілейка +1° Вілейка
Смаргонь +1° Смаргонь
Ашмяны +1° Ашмяны
Валожын +1° Валожын
Мядзел +1° Мядзел
Астравец +1° Астравец
Культура
1 Мядзел
27.03.2016 14:14 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК-КАМІНСКАЯ

Літпарад Павілля: Мядзельшчына. Мікола Шабовіч і Даната Варабей (Вершы)

Фота wallpapers.99px.ru.

Літаратурную Мядзельшчыну ў праекце "РГ" "Літпарад Павілля" прадстаўляе Аксана Ярашонак-Камінская.

Літфакты Мядзельшчыны

Як імя Янкі Купалы звязанае з Мя­дзельшчынай? Хто з ураджэнцаў гэтага краю адным з першых атрымаў медаль Францішка Скарыны? Памяці якога вясковага настаўніка прысвяціў аповесць “Абеліск” Васіль Быкаў? І нарэшце, хто з мядзельцаў стаў прататыпам палымянага збіральніка фальклору ў творы Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”?..

Ад бясконцасці літаратурных фактаў, звязаных з азёрным  краем, проста губляешся. І ўсё ж, паспрабую прывесці інфармацыю ў нейкую сістэму. І так…

Фота dmvsv.livejournal.com.

Фота dmvsv.livejournal.com.

На Мядзельшчыне…

1.) нарадзілася Паўліна Мядзёлка – першая выканаўца ролі Паўлінкі ў аднайменнай п’есе Янкі Купалы

2.) жыў і працаваў Мікола Пашкевіч – настаўнік беларускай мовы і літаратуры, памяці якога Васіль Быкаў прысвяціў сваю аповесць “Абеліск”

3.) нарадзіліся Генадзь Шупенька – навуковец, літаратуразнавец, крытык, перакладчык, які адным з першых быў узнагароджаны медалём Францішка Скарыны; і Міхась Чарняўскі – гісторык, археолаг, мастацтвазнаўца, пісьменнік, кандыдат гістарычных навук, які стаў прататыпам вобраза аднаго з герояў кнігі Ула­дзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі” – Мар’яна Пташынскага

4.) нарадзіўся народны паэт Беларусі Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко), імя якога сёння носіць Сваткаўская сярэдняя школа і раённая бібліятэка Мядзела. А першы помнік паэту быў адкрыты ў Мядзеле ў 2014 годзе

5.) нарадзіліся паэт, рэжысёр, драматург Яўген Шабан, пісьменнікі Адам Гурыновіч (сёння яго імя носіць Слабадская сярэдняя школа), Францішак Каравацкі, Мечыслаў Шаховіч, Адольф Варановіч, Уладзімір Місун, Аркадзь Нафрановіч, Вячаслаў Лапцік, Мар’ян Дукса, Іосіф Скурко, Мікола Шабовіч, Валеры Хіхіч, Тамара Кручэнка,  Наталля Казапалянская

6.) вучыўся паэт Уладзімір Дубоўка, і сёння Мя­дзельская сярэдняя школа №1 названая іменем творцы

Фота velodiscotour.by.

Фота velodiscotour.by.

7.) мелі свае лецішчы пісьменнікі Аркадзь Куляшоў і Міхась Лынькоў

8.) сёння жывуць і працуюць  паэты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Быкаў і Павел Жукаў, член Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікола Маскевіч

9.) паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Рагнед Малахоўскі падрыхтаваў да выдання дзве новыя  кнігі, якія выйдуць у хуткім часе: “Кахання радок” – выключна вершы пра каханне і “Гатаўскія ямы” –  новыя і выбраныя творы, а таксама пераклады

10.) па словах кіраўніка Мядзельскай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка Таццяны Нырцовай, чытачоў Мядзельшчыны сёння абслугоў­ваюць 22 бібліятэкаркі

Літпарада ад Міколы Шабовіча

Паэтам пачынальнікам жадаю максімальных поспехаў у любімай справе, а таксама

  • Знайсці сваю тэму і сябе ў ёй
  • Быць адказнымі за кожнае сваё слова
  • Не адчайвацца, калі шлях да поспеху будзе не такі і кароткі...

Фота belstu.by.

Фота belstu.by.

Мікола Шабовіч

Нарадзіўся ў 1959 годзе ў  вёсцы Бадзені Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

Беларускі паэт, паэт-перакладчык, паэт-песеннік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1998),  педагог, кандыдат філалагічных навук,  дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя Максіма Танка (2008).

У 1981 годзе скончыў філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Горкага, працаваў пяць гадоў у школе на Вілейшчыне (у в. Шыпкі). Пасля заканчэння аспірантуры выкладае родную мову ў БДПУ імя Максіма Танка.

Друкуецца з 1976 года. Аўтар паэтычных зборнікаў “Дом” (1996), “Яшчэ пакуль не лістапад” (1996), “Падары мне сваю адзіноту” (2002), “Мая надзея” (2006), кніг гумару “Хор болей не спявае”, адзначанай рэспубліканскай літаратурнай прэміяй “Залаты Купідон” як лепшая кніга 2008 года ў намінацыі “сатыра і гумар” і “Прыколы ад Міколы”(2015).

На вершы Міколы Шабовіча напісана больш як 170 песень.

***

Фота jazzter.com.ua.

Фота jazzter.com.ua.

Да новае стрэчы!
Да казачна-новай вясны!
Усё недарэчы:
Жаданні, і мары, і сны.

Усё мімалётна,
А ты паспрабуй затрымай
І студзень сумётны,
І ў квецені сонечны май,

І ночы сваволі,
І дзён залатыя віры,
Што столькі патолі
Дарылі – і ты падары

Радзіме – адданасць,
Бацькам – дабрыню і любоў,
Сябрам – беззаганнасць
Учынкаў, памкненняў і слоў.

А дзецям і ўнукам,
Калі пасачылі цябе,
Пакінь без прынукі
Усё, што нясеш на гарбе:

І плуг, і лапату,
І працы сялянскай сакрэт,
І бацькаву хату,
Што сына выводзіла ў свет.

І вершы-прызнанні
Радзіме, матулі і ўсім,
Хто ўвечар і ўранні
Цябе ў сваім сэрцы насіў.

Скажы ім: “Да стрэчы!
Да казачна-новай вясны!” –
Калі недарэчы
Жаданні, і мары, і сны.

***

Фота goodfon.ru.

Фота goodfon.ru.

Я думаў, што ты забылася,
А ты, нібы сон, збылася,
У сэрца маё ўсялілася,
У мары мае ўжылася,

Бы казка спакусна-дзіўная,
Што скончыцца не жадае,
Апошняя і адзіная,
Няўрымсліва-маладая.

Сваёй недасяжнай цнотаю
Мяне ты і сёння грэеш,
Джаконда мая самотная,
Я веру, што не старэеш.

Я веру, што ты шчаслівая,
Сваю саграваеш Меку,
Як сонейка зіхатлівае,
Якому свяціць давеку.

І хоць мы з табой не вечныя,
Мо стрэнуцца сцежкі ў полі…
Як колісь, у дні сустрэчныя,
Жадаю Святла і Долі.

***

Фота meets.com.

Фота meets.com.

Я спаткаю цябе на вакзале,
Толькі ты прыязджай хутчэй.
І, нібыта ў таемнай зале,
Да тваіх прыпаду плячэй.

Буду піць з тваіх воч патолю
І хмялець ад твайго цяпла,
Не жадаючы лепшай долі, –
Толькі б ты у мяне была

І тады, як душа спявае
І радок узлятае ўвыш,
І тады, як журба ліхая
Працінае, нібы скавыш…

Даната Варабей

Фота забяспечана Данатай Варабей.

Фота забяспечана Данатай Варабей.

Даната Варабей нарадзілася ў 1964 годзе ў вёсцы Заў­руткі Мядзельскага раёна. Закончыла Мінскае вучылішча будаўнікоў №114 і Барысаўскі палітэхнікум. Працуе інжынерам у Мядзельскім бюро мала­дзечанскага філіяла РУП “Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры”. Вершы піша са школьных гадоў. Друкавалася ў мядзельскай раённай газеце “Нарачанская зара”, у рэспубліканскім штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”.

***

Фота goodfon.ru.

Фота goodfon.ru.

Кім, скажы, для цябе мне быць:
Ці вясёлкай, ці снегам белым?
Можа, хмаркай  па  небе плыць?
Можа, ўпасці яблыкам спелым?
Буду зоркай табе ўначы,
Буду сонейкам найвысокім.
Буду рэчкай ціхутка цячы,
Летнім днём ратаваць ад спёкі.
Буду кропляй жывой вады,
Каб ты, стомлены, змог напіцца.
Буду хлебам-соллю, каб ты
Мог заўсёды удосталь жывіцца.
Буду мёдам на вуснах тваіх,
Буду хмелем ці ружай калючай.
А каб раны твае зажывіць,
Разліюся крыніцай гаючай.
Матыльком на тваім плячы
Ў белым вальсе з табой закружуся.
Кім яшчэ можна быць, скажы?
А не быць – вось чаго баюся.

***

Фота zamok.druzya.org.

Фота zamok.druzya.org.

Злятае з дрэў апошні жоўты ліст,
І сумна нам ад гэтага бывае.
І забывае ноты гарманіст,
І словы песні нехта забывае.

Усё часцей марозы па начах
І засцілаюць хмары неба просінь.
Чароўны май бывае толькі ў снах…
А вецер штосьці жаласна галосіць,

Нібыта зноў вярэдзіць успамін
Аб  днях былых, аб хуткацечным леце.
Шчаслівы той, хто будзе не адзін
На нашай добрай, велічнай  планеце…

Хай адпачне вясковы гарманіст.
Вось-вось зіма свае напіша ноты…
Злятае з дрэў апошні жоўты ліст,
Напоўнены часцінкамі самоты…

***

Фота fresher.ru.

Фота fresher.ru.

Каб у душы не згас агонь,
А у вачах іскрынкі,
Шануйце, любыя, свае
Другія палавінкі.
 
Шануйце летам і зімой,
Шануйце днём і  ноччу.
Ступайце сцежкаю адной
І ў бок з яе не збочце.
 
Каб мець надзейнае плячо
І ў радасці, і ў горы,
Быць побач праз усё жыццё,
Лічыць на небе зоры,

Каб разам марыць і лавіць
Шчаслівыя хвілінкі,
Шануйце, любыя, свае
Другія палавінкі.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
29.03.2016 15:25
Iгар / Вельмi чульлiвыя вершы . Кранае . Якая ж ты прыгожая i пявучая РОДНАЯ МОВА !!!
Дадаць каментар
Новае на сайце