Мастак, які ловіць натхненне
Маладзечна, Aўтар: Надзея СТАНКЕВІЧ
25.09.2009. 16:25
-
Да 30 верасня ў Палацы культуры будзе працаваць персанальная выстава маладзечанскага мастака Яўгена Рагуновіча “Гарадская рапсодыя”.
Даведка “РГ”:
Нарадзіўся Яўген Рагуновіч 15 лютага 1964 года ў горадзе Краснаводск, што ў Туркменіі. Скончыў 8 класаў у СШ №3 горада Маладзечна. Паступіў у Маладзечанскі політэхнічны каледж. Потым працаваў электраслесарам у навукова-даследчым інстытуце, які знаходзіўся пад Санкт-Пецярбургам у горадзе Сасновы Бор. Ад 1984 года да 1991 Яўген служыў у войску. У той жа час ён вывучаў станковы жывапіс і графіку ў Маскоўскім універсітэце мастацтваў. Амаль шэсць гадоў мастак пражыў у Чэхіі, у Іванаўскай вобласці, на Далёкім Усходзе.
Яго выставы праходзілі ў мястэчку Гвездаў, Чэхія (1988 год), ва Усурыйску (1991 год). Прымаў удзел у выставах маладзечанскіх мастакоў і правёў шэсць персанальных выстаў. Ад 1992 года Яўген Рагуновіч жыве і працуе ў Маладзечне.
У Палацы культуры прадстаўленая 21 праца мастака. Гэту выставу Яўген Рагуновіч вырашыў прысвяціць гораду. Як кажа, у сваіх карцінах ён паказаў пастэлі Маладзечна.
- Пастэль - мяккая тэхніка. Яна падобная да музыкі, а для нашага горада гэта тое, што трэба, - расказвае мастак. - Першапачаткова выстава называлася “Гарадская балада”. Але потым Таццяна Беразавец, якая дапамагала ў арганізацыі, сказала, што “Гарадская рапсодыя” будзе гучаць лепш. Я згадзіўся. Усё ж такі гэта жаночы погляд. Нездарма ў народзе кажуць, што жаночая логіка хоць і цікавая, але і правільная.
Свае карціны Яўген Рагуновіч ствараў на працягу года. Ён шмат хадзіў пешшу і звяртаў увагу на розныя рэчы.
- Па дарозе на працу я назіраў за навакольным асяроддзем, - расказвае Яўген Рагуновіч. - Заўважаў стан прыроды ў розныя часы, чаго немагчыма ўбачыць ў хуткім руху жыцця.
Амаль год работы былі толькі ў думках мастака. А ўжо потым атрымліваліся карціны. Пісаць пастэллю яму падабаецца таму, што працы ствараюцца, як ён кажа, на адным дыханні.
У прадстаўленых на выставе работах паказаны наш горад ва ўсіх порах года. Ёсць і вясеннія пейзажы, і цёплыя летнія ночы, і восеньскі дождж, і сцюдзёныя зімовы дні.
- Мне вельмі падабаецца жывапіс, прычым любы, - кажа Яўген, - але на выставе ёсць і партрэты маіх дзяцей. На адным з іх - дачка Юля. Ёй цяпер 25 гадоў. Вось толькі яна не пайшла па бацькавых слядах - стала праграмістам. А 13-гадовы сын, Андрэй, на працягу чатырох гадоў у гімназіі-каледжы мастацтваў займаўся маляваннем, але потым не захацеў працягваць. Таму ў сям'і я адзіны мастак.
Яўген Рагуновіч называе сябе працуючым мастаком. І калі атрымліваецца пісаць работы, і калі людзей яны кранаюць, як кажа творца, значыць, ён стараўся недарэмна.
Сярод карцін, прадстаўленых на выставе, мастак вылучае адну - “Алавянага салдата”. Гэта работа яму самая дарагая.
- Усё, што я выказаў праз карціну, - распавядае Яўген Рагуновіч, - нават і не патлумачыш. Тут і ўнутранае перажыванне, і стан душы. Гэта як нейкая недасягальная мара, як і ў алавянага салдата з твора Ганса Хрысціяна Андэрсана - яму падабалася балерына. Таксама і ў мяне ёсць свае думкі. Але лепей, каб яны і не ажыццявіліся. Таму што потым неабходна будзе шукаць новыя. Калі меркаваць па гэтай карціне, то можна сказаць, што ў нейкім сэнсе ўсе мы салдацікі са сваімі нязбыўнымі марамі.
Каб стварыць тую ці іншую працу, мастаку неабходна натхненне. І не кожны раз яно будзе “сядзець і чакаць” творцу ў кватэры. Як сказаў Яўген Рагуновіч, сваё натхненне ён ловіць на вуліцы, калі ідзе па горадзе пешшу.
Надзея СТАНКЕВІЧ.
Мае меркаваннi:
Апублікавана ў "Рэгіянальная газета" (http://www.rh.by)