Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын -1° Валожын
Мядзел +1° Мядзел
Астравец Астравец
Эканоміка
Вілейка, Мядзел
12.07.2016 15:02 ,AЎТАР(Ы): Аляксандра ПАРАХНЯ

“Які турызм, калі патэльню праз мяжу не пускаюць?” Чаму турысты не спяшаюцца ў Беларусь, і як на нас паўплывае брэксіт

Гаспадыня аграсядзібы на Мядзельшчыне Святлана Рэдзькіна

Гаспадыня аграсядзібы на Мядзельшчыне Святлана Рэдзькіна. Фота забяспечанае Святланай Рэдзькінай..

Пакуль турыстычны сезон у самым разгары, беларусы не толькі ездзяць адпачываць, але і самі прымаюць замежных гасцей. Ці ахвотна едуць да нас турысты і што іх палохае?

– Праз тыдзень у мяне адпачынак. 

– Дык прыязджай да нас у Беларусь! 

– Цудоўна! Прыеду, я ж ніколі ў вас не быў.

– Добра, зараз дашлю табе скан свайго пашпарта, каб табе далі візу.

– Якую візу?

– Беларускую. Прынясеш у амбасаду неабходныя дакументы, заплаціш 25 еўра, і праз тыдзень віза твая!

– Ой, ведаеш, давай наступным летам у Беларусь… А сёлета лепей у Італію…

Такі дыялог меў ледзь не кожны, хто мае сяброў за заходняй мяжой. Да нас хочуць наведацца многія, але ж не многія даязджаюць.

Літоўцы баяліся плаваць па Вілейскім вадасховішчы

– На жаль, у Беларусі негатыўны імідж за мяжой, – кажа Сяргей Плыткевіч, фатограф, дырэктар фонду падтрымкі дзікай прыроды “Чырвоны бор”. – Таму замежнікі здзіўляюцца: чакалі ўбачыць, як мы капусту лапцямі ямо, а тут так прыгожа! Так, мы не можам канкураваць з Чэхіяй у колькасці замкаў – так склалася гісторыя. Але ў плане прыроды – можам! І на гэта трэба рабіць стаўку. 

Часам негатыўны імідж даводзіць да камічных сітуацый.

– Калі мы рабілі сплаў па Віліі, літоўцы пыталіся, ці сапраўды можна плыць па Вілейскім вадасховішчы – гэта ж стратэгічны аб’ект, нас арыштуюць. Людзі проста баяцца,

– распавядае Сяргей Плыткевіч.

І дадае, што візы блакуюць уязны турызм: 

– Калі б не было віз, нарачанскія турыстычныя арганізацыі маглі б рабіць сумесныя праграмы з літоўскімі партнёрамі. І гэта прыцягвала б кліентаў: купляеш адзін тур, а наведваеш дзве краіны.

Па словах спадара Сяргея, праблема не толькі ў візах, але і ў самой мяжы. 

– Пасля таго, як увялі абмежаванні па ўвозе тавараў, мае сябры не змаглі ўвезці ў Беларусь вялікую патэльню для гатавання паэльі. Які можа быць турызм, калі праз мяжу нават патэльню не пускаюць? Проста нейкая дыверсія супраць беларусаў! Гэта не дае шансаў на паспяховае развіццё турызму.

Больш пазітыўна на сітуацыю глядзіць Валянцін Цахмейсцер, дырэктар Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый:

– Нельга сказаць, што ў турыстычным плане ў нас нічога не мяняецца. Напрыклад, цяпер наша Міністэрства замежных спраў разглядае ўказ аб тым, каб грамадзяне бяспечных у міграцыйным плане еўрапейскіх краін маглі наведваць Беларусь без візы тэрмінам да 10 дзён. Чакаем, што пашырыцца спіс мерапрыемстваў, на якія можна будзе прыехаць у Беларусь без візы – спартыўныя спаборніцтвы, фестывалі і канцэрты. Магчыма, гэта не так шмат, але вада камень точыць. 

Палохаюць візы, інфраструктура і моўны бар’ер

Каб зразумець, як выглядае сітуацыя на месцы, звяртаемся да тых, хто гатовы прымаць замежнікаў у рэгіёне. 

– Вядома, адмена віз павялічыла б прыток турыстаў, – пагаджаецца Святлана Рэдзькіна, гаспадыня аграсядзібы ў Мядзельскім раёне. – Цяпер каля 20% нашых кліентаў – гэта расіяне, 5% – літоўцы. Многія літоўцы маюць у Беларусі від на жыхарства, таму адпачываюць у нас. Часам тэлефануюць з Эстоніі і Латвіі. Кліентаў з іншых краін не было. 

Фота забяспечанае Святланай Рэдзькінай.

Фота забяспечанае Святланай Рэдзькінай.

Фота забяспечанае Святланай Рэдзькінай.

Фота забяспечанае Святланай Рэдзькінай.

Ёсць моманты і акрамя віз, якія палохаюць замежнікаў. Напрыклад, тое, што ў месцах адпачынку няма дзе падсілкавацца.

– Літоўцы кажуць, што ў такіх турыстычных месцах, як нарачанскія вёскі, у Літве было б мінімум тры пункты харчавання, – заўважае спадарыня Святлана. – У Беларусі ж – ніводнага. Даводзіцца на машыне ехаць за дзесяць кіламетраў, ды і там кіроўца не зможа выпіць, бо назад зноў вяртацца на машыне. 

Яшчэ адзін негатыўны момант, які адзначае суразмоўца, – моўны бар’ер. Калі з турыстамі са славянскіх краін яшчэ можна паразумецца, то англійскай мовай валодае мала які гаспадар аграсядзібы.

– Агулам я лічу, што беларускія аграсядзібы гатовыя прымаць іншаземцаў, – падсумоўвае Святлана Рэдзькіна. – Узровень камфорту тут не адрозніваецца ад еўрапейскіх пансіянатаў, а часам і перавышае яго. Магу сказаць гэта ўпэўнена, бо сама праехала на машыне праз 17 еўрапейскіх краін і шмат дзе спынялася на начлег.

Фота забяспечанае Святланай Рэдзькінай.

Фота забяспечанае Святланай Рэдзькінай.

Выхад Брытаніі з ЕС зменшыў шанцы беларусаў на шэнгенскія візы па 35 еўра

На першы погляд, структурныя перамены ў Еўрапейскім саюзе мала ў чым кранаюць беларусаў. Ці праўда гэта, “Рэгіянальнай газеце” тлумачыць даследчык універсітэта Уэстмінстэра (Лондан) Алесь Герасіменка:

– Выхад Брытаніі з ЕС – гэта падзея для Еўропы параўнальная, калі глядзець на апошнія 50 гадоў, хіба што з руйнаваннем Берлінскай сцяны. Але гэтым разам сцены не руйнуюцца, а будуюцца. Існы праект еўрапейскай інтэграцыі, які ў тым ліку быў заснаваны на вольным руху людзей, цяпер будзе грунтоўна перагледжаны. Бо тыя, хто галасаваў за выхад з ЕС, кажуць, што галоўнай прычынай іх рашэння была некантраляваная міграцыя. “Мы хочам вярнуць кантроль за міграцыяй”, – казалі яны. Цяжка даць ацэнку, ці атрымаецца гэта, але міграцыя сапраўды іграла вельмі сур’ёзную ролю пры выбары адказу звычайнымі брытанцамі. 

даследчык універсітэта Уэстмінстэра ў Лондане Алесь Герасіменка.

даследчык універсітэта Уэстмінстэра ў Лондане Алесь Герасіменка.

І гэта цяпер прымусіць ЕС задумацца, як спыніць іншыя краіны Заходняй Еўропы ад выхаду з саюзу. І тут лагічным выглядае простае рашэнне: яшчэ болей узмацніць кантроль за межамі, прыпыніць любыя перамовы па спрашчэнні і адмене візавага рэжыму – іншымі словамі, спрабаваць закрыць любыя шчыліны для мігрантаў. Бо візы як у нас, гэтак і ў ЕС, на жаль, дагэтуль асацыююць з міграцыяй – што памылкова, вядома. Але эмоцыі і нават паніка робяць сваё: бязвізавыя рэжымы, якія мусілі ўвайсці ў дзеянне з Грузіяй і Украінай ужо гэтым летам, былі адкладзеныя. 

Болей за тое, можа быць перагледжаная аснова Шэнгенскага пагаднення. Пра гэта казалі некаторыя крыніцы ў еўрапейскіх урадах. І пагадненні пра спрашчэнне візавага рэжыму – у тым ліку з Беларуссю – давядзецца, пэўна, абмяркоўваць наноў. 

Зрэшты, з паглыбленнем ЕС у крызіс яму будзе ўсё менш і менш цікава тое, што адбываецца навокал.

І гэта значыць, ЕС будзе менш цікавіцца, у тым ліку і Беларуссю – энергіі і часу банальна на гэта не застанецца. А гэта значыць, мы бу­дзем пакінутыя сам-насам з нашымі бязвізавымі амбіцыямі. Зноўку. 

Таму выхад Брытаніі з ЕС калі не перакрэсліў, то сур’ёзна зменшыў шанцы на шэнгенскія візы па 35 еўра для беларусаў у хуткай будучыні. Беларусам застаецца спадзявацца толькі на сябе. Калі яны сапраўды хочуць лепшых умоў для вандровак і кантактаў са сваімі суседзямі, яны мусяць дзейнічаць і дамагацца гэтага сваімі высілкамі.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце