Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -2° Маладзечна
Вілейка -2° Вілейка
Смаргонь -2° Смаргонь
Ашмяны -1° Ашмяны
Валожын -2° Валожын
Мядзел -2° Мядзел
Астравец -2° Астравец
Гісторыя
Вілейка, Мядзел
9.08.2016 10:36 ,AЎТАР(Ы): Марыя Барткова, дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

"Это же поэт Янка Купала, несравненно более ценный, нежели ни одна держиморда." Альбом Вінцэнта Станкевіча раскрывае факты біяграфіі песняра

Фота kupala-museum.by.

Гады Першай сусветнай вайны – малавядомая старонка ў біяграфіі Янкі Купалы. Каштоўнай крыніцай звестак пра гэты час з’яўляюцца ўспаміны і альбом фотаздымкаў сябра паэта Вінцэнта Станкевіча (1886 – 1980), якія захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Знаёмства Вінцэнта Станкевіча з Янкам Купалам адбылося ў 1905 годзе ў маёнтку Яхімоў­шчына і перарасло ў трывалае сяброўства ў фальварку Акопы, дзе малады інжынер, спе­цыяліст па сілікатнай прамысловасці, сустрэў ужо знакамітага паэта, рэдактара “Нашай Нівы”.

У гэтай чароўнай мясціне, званай “беларускай Швейцарыяй”, ён стаў сведкам росквіту купалавага таленту, магчыма, адным з першых чытачоў створаных тут цудоўных рамантычных паэм “Бандароўна”, “Яна і я”, “Магіла льва” і камедыі “Паўлінка”.

З набліжэннем фронту да Вільні ў жніўні 1915 года Янка Купала як рэдактар “Нашай Нівы” прымае цяжкае рашэнне – закрывае газету і выязджае ў эвакуацыю.

Светлай па­дзеяй асабістага жыцця паэта, стагоддзе якой адзначаецца сёлета, стала яго вянчанне 23 сту­дзеня 1916 года ў касцёле святых Пятра і Паўла ў Маскве з Уладзіславай Станкевіч, даўняй знаёмай, прафесійным педагогам, аўтарам вершаў для дзяцей.

Жонка стала вернай спадарожніцай паэта, пасля трагічнай гібелі мужа – збіральніцай яго творчай спадчыны, рассеянай па свеце ўжо ў час Другой сусветнай вайны, стваральнікам і першым дырэктарам музея Янкі Купалы.

Вінцэнт Станкевіч і Янка Купала служылі разам

У 1916 годзе Янку Купалу прызвалі ў войска. Вінцэнт Станкевіч служыў афіцэрам у 16-м ваенна-дарожным атрадзе Другой арміі Паўночна-Заходняга фронту. Цудоўна ўсведамляючы значэнне паэта для Беларусі, ён паспрыяў накіраванню свайго сябра і сваяка ў гэтую часць. Поспех яго хадайніцтву забяспечыла, верагодна, і вядомасць паэта ў коле ваеннага кіраўніцтва.

Вінцэнт Станкевіч. Фота з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

На карысць гэтага сведчыць выпадак у чакальні першага класа Віленскага вакзала ў Мінску ў 1917 годзе, пра які ведаем з успамінаў Вінцэнта Станкевіча і яго сястры. Калі камендант станцыі падпалкоўнік Мясаедаў хацеў загадаць Купалу пакінуць залу, бо як падпрапаршчык не мае права тут знаходзіцца, генерал Васілій Гурка, звяртаючыся да Мясаедава, даслоўна сказаў:

“Я разрешил господину Янку Купале пребывать в этом зале, вы не знаете кто это такой! Это же известный ценимый белорусский поэт Янка Купала, несравненно более ценный человек, нежели ни одна держиморда, хотя бы и в мундире подполковника”,

і папрасіў прабачэння ва Уладзіславы Луцэвіч, якая праводзіла мужа і брата.

Вінцэнт Станкевіч і Янка Купала служылі разам і тое, што яны абодва бачылі на беларускіх землях, праз якія прайшлі франты Першай сусветнай вайны, мы можам убачыць на старонках унікальнага альбома фотаздымкаў, зробленых Вінцэнтам Станкевічам.

 

Від моста са шлюзамі на рацэ Нарачанка ў Гануце. Фота з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Альбом змяшчае 57 чорна-белых здымкаў, адзін з якіх аздабляе яго вокладку. Сярод іншых ёсць здымкі з такімі подпісамі:

     “Видъ моста со шлюзами на р.к. Нарочь въ д. Ганута

     Мост въ дер. Осиповичи во время весеннего разлива

     Выемка на дороге оз. Нарочь – Брусы

     Видъ разрушенной церкви германскимъ снарядомъ при д. Коссута

     Мостъ и дамба на уч. Вилейка – Сосенка

     Мостъ и дамба на дорогѣ Илья – Вязынь”

Ёсць надпіс чарнілам у дзевяць радкоў, зроблены рукой В. Станкевіча: “В годах I Мировой войны в военно-дорожном отряде Янка Купала принимал участие в постройке мостов на реках Белорусии в 1916–1918 годах, снимки делал начальник 16 отряда инженер В.Ф. Станкевич”.

Здымкі можна пабачыць у музеі

Часткова алічбаваныя фотаздымкі з альбома Вінцэнта Станкевіча прадстаўленыя ўвазе наведнікаў стацыянарнай экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў мультымедыйным раздзеле, прысвечаным жыццю і творчасці паэта ў час Першай сусветнай вайны.

Адзінаццаць алічбаваных здымкаў з альбома ўвайшлі ў перасоў­ную выставу “Я – шлях, якому век няма спакою” (Жыццё і творчасць Янкі Купалы ў гады Першай сусветнай вайны). Яна экспанавалася на пляцоўках Беларусі, Літвы, Расіі. Паўсюль альбом Вінцэнта Станкевіча выклікаў вялікую цікавасць наведнікаў, навукоўцаў, краязнаўцаў і, найбольш, – жыхароў адлюстраваных на здымках мясцін.

Таму факсімільнае выданне альбома Вінцэнта Станкевіча як каштоўнага сведчання рэчаіснасці на Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны ёсць у планах музея, як і спадзяванне, што гэтая ініцыятыва будзе падтрыманая.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце