Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь +1° Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец +1° Астравец
Акно падзей
13.10.2016 09:35 ,AЎТАР(Ы): "Наша ніва", Паводле Паўліны Купрысь

Як уратавалі магілу паўстанцаў у Плябані і чаму добра, калі помнікі абшарпаныя

Па дарозе на Плябанскія могілкі. Фота nn.by

Па дарозе на Плябанскія могілкі. Фота nn.by.

У жніўні гэтага года ў  Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей увайшлі 3 магілы паўстанцаў. Гэтая гісторыя пра адну з іх – магілу ў Плябані, што на Маладзечаншчыне.

Вясной 2012 года група студэнтаў ездзіла прыбіраць плябанскія могілкі. З імі быў выкладчык, археолаг Міхась Чарняўскі. Спярша заехалі на дачу Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыну і ў Краснае.

Ля красненскай царквы, складзенай з часанага каменю, Міхась Міхайлавіч паказаў камень з надрапаным крыжам у паўночнай сцяне храму. Даследчык лічыў, што гэта старажытны камень, які ляжаў на месцы ці не з паганскіх часоў.

Археолаг Міхась Чарняўскі са студэнтамі. Фота nn.by.

Археолаг Міхась Чарняўскі са студэнтамі. Фота nn.by.

Потым падышлі яшчэ да касцёла, які ніколі ў гісторыі не закрываўся, нават у савецкі час. Ля яго якраз ксёндз пырскаў святой вадой чыюсьці новую машыну.

Ад касцёла кампанія рушыла на могілкі ў Плябань. Як падыходзiлi да вёскi, Мiхась Міхайлавіч паказаў кудысьцi за чыгунку, за лес. Сказаў, што там быў вялiкi ўзгорак, дзе яны моладымі збiралiся па святах. I што пасля такiх сустрэч рабiлася лягчэй жыць у тыя часы. 

Дабірацца да плябанскіх могілак з Мінска найлепш так: электрычкай Мінск–Маладзечна да станцыі "Ласі". Ад станцыі прайсці наперад уздоўж чыгункі і віхрастай Ушы да пераезду. На пераездзе павярнуць налева – і проста перад сабой, метраў за 100, пабачыце парослы хмызняком магільнік.

Могілкі дзейнічалі з пачатку ХІХ стагоддзя да Другой сусветнай. І менавіта там мясцовыя жыхары пахавалі 5 паўстанцаў, што загінулі ў баі з царскай арміяй 11 сакавіка 1863 года ля Свечак і Плябані. Пяць забітых – гэта кіраўнік Юльян Бакшанскі, Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Банькоўскі і 15-гадовы Ігнацы Сулістроўскі.

Міхась Чарняўскі быў тым чалавекам, які літаральна ўратаваў паўстанцкае пахаванне. Каля каменя расказаў, як ён, малады навуковы супрацоўнік, заехаў у Краснае з фатографам Зянонам Пазняком. Ля касцёла сядзеў мясцовы дзядзька. Разгаварыліся. Да слова дзядзька ўзгадаў магілу паўстанцаў. Так выпадкова яе і адкрылі.

Трэба было ўсталяваць помнік. Праз аднадумцаў – дырэктара абласнога музея Генадзя Каханоўскага і гісторыка Міхася Ткачова – дамовіліся аб прыездзе на магілу мясцовага начальства.

 Фота nn.by.

Фота nn.by.

"Мы прыехалі раней, – расказваў Чарняўскі, – і бачу на камяні-помніку  польскі надпіс". Гэта значыла адно: начальства спужаецца і далей чакай, што будзе: мо зраўняюць з зямлёй тое месца, каб і следу не было. Маленькай археалагічнай рыдлёўкай Міхась Міхайлавіч выкапаў яму, куды скаціў стары камень. Раённая камісія прыехала, калі ямка яшчэ не была закапаная да канца. Не заўважыўшы, аднак, нічога падазронага, камісія пастанавіла паставіць помнік на магіле беларускіх паўстанцаў – змагароў супраць царызму і памешчыкаў.

У той раз Міхась Міхайлавіч быў вельмі ўзрушаны, што ёсць моладзь, якая сістэматычна ездзіць прыбіраць гэтыя старыя магілы.

Тое, што помнік паўстанцам дададзены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей – гэта перамога Беларусі. Гэта помнік неабыякавым маладым людзям. Гэта таксама помнік цудоўнаму Міхасю Міхайлавічу і яго сябрам, якія без спадзявання на перамогу над савецкай сістэмай спакойна, але ўпарта рабілі сваю справу. І вось гэтая справа перамагла.

Увогуле, чытаць новыя пункты з дзяржаўнага спісу каштоўнасцей прыемна і радасна: мы пачынаем цаніць сваё і захапляцца сваім. Такое багацце, такая старажытнасць у кожнай вёсцы і мястэчку!

Што тычыцца пэўнай занядбанасці большасці помнікаў, то ў ёй – асаблівы шарм. Згадайце цэнтр Вільні! У абшарпанасці  – сапраўднасць, абшарпанасць – гэта словы, якімі помнік гаворыць пра сваё мінулае.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце