Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -2° Маладзечна
Вілейка -1° Вілейка
Смаргонь -2° Смаргонь
Ашмяны -2° Ашмяны
Валожын -2° Валожын
Мядзел -1° Мядзел
Астравец -2° Астравец
Культура
23.12.2016 16:25 ,AЎТАР(Ы): Эмілія ХВОЯ

“Санта Клауса няма, ты толькі маме не кажы”. Пра Каляды ў Германіі расказваюць госці Маладзечна

Гусь ці качка абавязкова ўпрыгожваюць калядны стол Германіі

Гусь ці качка абавязкова ўпрыгожваюць калядны стол Германіі. Фота vsluh.ru.

Мірыям і Тэа – маладыя людзі, якія прыехалі на год у Беларусь адразу пасля школы.

Такая практыка папулярная ў заходніх краінах – браць год перапынку пасля школы, каб зразумець, якой справе хочаш прысвяціць жыццё.

Пры пасярэдніцтве Інстытута імя Гётэ ў Мінску маладым людзям прапанавалі дапамагаць настаўнікам у маладзечанскай гімназіі №10.

Мірыям жыла ў Германіі ў невялікім горадзе каля Дзюсельдорфа. Тэа жыў у горадзе каля Дрэздэна.

Тэа.

Тэа.

Мірыям выдатна размаўляе па-руску з нямецкім акцэнтам: бацькі выехалі ў Германію ў 1993 годзе з Украіны. Яна наведвае заняткі “Мова нанова” ў Маладзечне і большасць беларускага тэксту таксама разумее.

Мама Тэа вучыла рускую мову, але забыла. Сам ён таксама пачаў вучыць ад шостага класа, крыху гаворыць сам.

Перад паездкай у маладых людзей быў даволі дэпрэсіўны і сумны вобраз Беларусі.

– Я нават не чакала, што тут усё будзе такое сучаснае, а людзі, з якімі мы сустрэнемся, апынуцца такімі цёплымі і прыязнымі, – дзеліцца Мірыям.

Тэа прызнаецца, што ў Беларусі ён знайшоў шмат часу, каб падумаць і расслабіцца. І гэты час ужо даў свой плён: малады чалавек упэўнены, што не хоча быць настаўнікам, яго цікавіць палітыка, эканоміка і гісторыя. Затым хацеў бы вывучаць міжнародныя адносіны.  Мірыям ўпэўнілася, што ёй вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі.

Тэа і Мірыям у 10 гімназіі Маладзечна.

Тэа і Мірыям у 10 гімназіі Маладзечна.

Бяром ёлку, якую іншыя выкінулі

Госці з’язджаюць на два тыдні дадому на Каляды, але пасля святаў зноў вернуцца ў Мала­дзечна. Яны нам расказалі, як звычайна святкуюць Каляды і Новы год у іх сем’ях.

Мама Мірыям іўдзейка, а тата праваслаўны. Таму ў іх сям’і 25 снежня не святкуюць. А Новы год адзначаюць гэтак жа, як некалі на постсавецкай прасторы: з аліўе, селядцом пад шубай, Дзедам Марозам і Снягурачкай.

Бацькі дзяўчыны не вельмі рэлігійныя, але не абмінаюць святкаваць Хануку. Запальваюць па свечцы ў кожны з васьмі дзён свята, наведваюць сінагогу, гатуюць смачныя стравы, а для дзяцей гэтыя дні поўныя весялосці і падарункаў.  

Сямейны здымак Калаядаў Тэа.

Сямейны здымак Калаядаў Тэа.

У сям’і Тэа 24 снежня на вячэру заўсёды гатуюць бульбяную салату, сасіскі, а таксама іншыя стравы, якія падабаюцца родным. 25 снежня стол абавязкова ўпрыгожвае запечаная гусь ці качка, розныя мясныя стравы, чырвоная капуста, клёцкі, бульба. Шмат увагі надаюць упрыгажэнню свечкамі, а таксама адмысловай пірамідкай, якая круціцца. На ёй размешчаныя біблейскія сімвалы. Безумоўна, ставяць сапраўдную ёлку.

Тэа прызнаецца, што яго айчым не вельмі любіць купляць дарагую сапраўдную ёлку, ды і складана знайсці прыгожую ў ажыятаж, таму больш падабаецца узяць з лесу.

Бацькі Мірыям таксама ідуць на хітрыкі. Пасля 25 многім ёлка ўжо не трэба, і яе выкідаюць. А для іх святы толькі наперадзе, таму бяруць ужо скарыстаную бясплатна.

На Каляды збіраюцца ўсёй сям’ёй. Але многія любяць не толькі павячэраць, але і кудысьці сха­дзіць, напрыклад, у кіно. Мама Тэа оперная спявачка, і ў калядныя дні ёй даводзіцца шмат працаваць.

Новы год для немцаў не мае такой урачыстасці, гэта нагода павесяліцца.

– Немцы на Новы год любяць піць шмат піва і шнапсу, святкуюць гучна, – распавядае Тэа. – Нараніцу на вуліцы шмат смецця і кепска пахне.

Вязу з Беларусі “што з’есці, каб быў добры зрок”

На святы маладыя людзі вязуць падарункі, звязаныя з Беларуссю – торбы ці шкарпэткі з арнаментам, сувеніры. Мірыям вязе бабулі кнігу з рэцэптамі народнай медыцыны тыпу, “што з’есці, каб быў добры зрок” – у Германіі такія парады па здароўі не вельмі папулярныя.

Сямейны здымак Калаядаў Тэа.

Сямейны здымак Калаядаў Тэа.

Госці з Германіі гавораць, што не лічаць сябе рэлігійнымі, але падабаецца хадзіць у царкву менавіта на Каляды, калі там такая цёплая атмасфера. Часам служба праходзіць па-англійску і ў амерыканскім разняволеным стылі.

Мірыям верыла ў Дзеда Мароза да васьмі год. Выпадкова ўбачыла на відэа, што падарунак “ад Дзеда Мароза” паклалі бацькі – і было мора слёз. Пад ёлачкай звычайна знаходзіла набор доктара, дзіцячы мікраскоп  і іншыя цацкі.

Бацькі Тэа дарылі карткі, якія ён збіраў, прылады для гульняў. Самы запамінальны падарунак – якраз вельмі рэдкая картка з выявай дракона. Хлопчык з ёй нават спаў. А вера ў Санта Клаўса знікла ў шэсць год. Хлопчык спытаўся ў таты, а чаму Санта Клаўс заўсёды выглядае па-рознаму, можа, ён несапраў­дны? Тата і адказаў: “Так, сынок, твая праўда. Толькі маме не кажы”.

Маладыя людзі кажуць, што эканомнасць і практычнасць немцаў ніяк не адбіваецца на святкаванні калядных святаў. У гэты час ўсе якраз імкнуцца развітацца з грашыма, каб атрымаць порцыю сапраўднага вясёлага свята.

Пасольства ФРГ у Беларусі. УНП 101166185.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце