Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +6° Маладзечна
Вілейка +6° Вілейка
Смаргонь +6° Смаргонь
Ашмяны +6° Ашмяны
Валожын +6° Валожын
Мядзел +6° Мядзел
Астравец +6° Астравец
Відэа
23.01.2017 11:05 ,AЎТАР(Ы): Андрусь Горват, baj.by

Чаму перамога гурта "NAVI" – гэта свята. Андрусь Горват: Абы-што пра “Еўрабачанне” (Відэа)

Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук, гурт NAVI

Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук, гурт NAVI. Фота ctv.by.

Журналіст з Палесся Андрусь Горват напісаў у аўтарскай калонцы для baj.by пра тое, чаму сёлятняе "Еўрабачанне" стане святам нават для тых беларусаў, хто па тых ці іншых прычынах гэты конкурс не любіць.

Дарагі Стась Карпаў! Калі стала вядома, што гурт NAVIBAND паедзе на “Еўрабачанне” ад Беларусі, я абрадаваўся, а ты напісаў нейкае абы-што. Не, ты таксама абрадаваўся, не буду брахаць, але дадаў, што “Еўрабачанне” — адстой і ты яго глядзець не будзеш.

Але нашто такое пісаць, Стасік? Дай табе што скажу.

Уяві, што ты прыдумаў сто самых лепшых тэкстаў пра тое, што трэба любіць беларускую мову і размаўляць ёю. Уявіў? Маладзец! Я пад кожным тваім тэкстам пастаўлю лайк, бо пішаш ты добра, часам нават пераканаўча. Але неспадзеўкі, Стасіку, ніводзін твой тэкст не прачытае цёця Валя з Баранавіч і дзядзя Віця з Мікашэвіч. Бо пішаш ты не там, дзе нармальныя дзядзі і цёці ходзяць.

Яны, Стась, не на твае лайкі глядзяць, а глядзяць тэлевізар. У штогадовым жыццёвым цыкле цёці Валі ёсць толькі тры важныя падзеі: пасадзіць бульбу, паглядзець “Еўрабачанне” і выкапаць бульбу.

Ты вырас у Мінску і, як гаворыць баба Параска, жыцця за МКАДам не ведаеш. Я ж, Стасіку, правінцыял і Міхалка бачыў толькі на чорна-белым постары ў газеце “Чырвоная змена”. Тады Міхалок быў шырокі і тварам займаў увесь постар. А “Еўрабачанне” я глядзеў яшчэ ў тыя сівыя часы, калі на яго не пускалі музыкаў з Беларусі. Мы з мамай і татам заўзелі за маскоўскіх засланцаў. А за каго яшчэ было заўзець? Еўропа ж тая далёка-далёка – за сінім морам. А Пугачова зразумела гаварыла і прыгожа пела па-нашаму.

То я пазней навучыўся адрозніваць “нашых” ад “вашых”, калі ў твой Мінск падаўся. А тады ж нашым на “Еўрабачанні” пець не давалі, то мы і перажывалі за Барысаўну. Я ўсё-ўсё ведаў пра яе мужчын і шчыліну паміж зубамі. Цяпер цёця Валя з Баранавіч будзе заўзець за Аксану з Арцёмам. А ты кажаш: “Адстой”. Ну як так можна казаць, Стасіку?

Фота euroradio.fm.

Фота euroradio.fm.

Яшчэ раскажу табе. У дзявятым класе Марына з маёй школы выйграла паэтычны конкурс. Яе верш быў на беларускай мове. Пра Марыну напісалі ў раённай газеце. Нават яе партрэт паставілі, які “зенітам” зрабіў раённы фотакор Сяргей. Я ў тыя часы таксама лічыў сябе вялікім паэтам. Але Марыну заўважылі вунь дзе — у раённай газеце!

А мне дазвалялі чытаць вершы толькі на бацькоўскіх сходах. То я падумаў, што трэба пісаць, як Марына — па-беларуску. От якая карысць ад гэтых конкурсаў бывае! Калі NAVI пераможа, у далёкіх райцэнтрах запяюць па-беларуску, каб таксама перамагчы. А ты кажаш: “Адстой”. От табе і адстой.

Ты, мабыць, не разумееш, чаго я да цябе прычапіўся са сваімі Марынамі? Кажаш мне: “Чаго ты ад мяне хочаш, Андрусік?”. Я хачу, каб ты радаваўся.

Радуйся, Стась! Усё, што я пісаў пра беларускую мову, усё, што пісаў ты, Ксенія і Арцём паклалі ў чамаданчык і павязуць зачытаць з вялікай сцэны ў Кіеве. Ксенію і Арцёма ўбачыць цёця Валя з Баранавіч і дзядзя Віця з Мікашэвіч. Яны будуць прыстукваць па падлозе дзіравымі тапкамі і падпяваць: “Хэй! Хэй!”.

Мы тут усе трохі напужаныя, Стасю. Калі ў хату заходзіць чужы чалавек, мы стараемся правільна ўжываць канчаткі і замест “добра” казаць “добре”. Так мы меней калхознікі.

Мне ўчора мама пазваніла і пытае:

— Што напішам бацьку на помніку?

І зачытвае варыянт, які ёй прапанавалі. Там нешта такое: “Скорбим утекших дней молчание…”. Я нават не ведаю, дзе тут паставіць коску. Кажу ёй:

— Мам, мы бацьку помнім?

— Помнім.

— Любім?

— Любім.

— А давай так і напішам: “Помнім і любім”.

— І ўсё?

— І ўсё.

Фота svaboda.org.

Фота svaboda.org.

От і Ксенія з Арцёмам выйдуць і скажуць: “Хэй! Хэй!”.

І я радуюся, Стасіку, радуюся. І ты радуйся. Радуйся не толькі таму, што ў Еўропу паедуць харошыя людзі з нашай мовай. А найперш — што яны павязуць нашу мову дзядзям і цёцям у беларускія райцэнтры і вёскі. А калі перамогуць, то нададуць моцы і ўпэўненасці іх простым словам.

Ты, Стась, у Мінску жывеш, ведаеш розных важных людзей. Скажы ім, што мы гатовы дапамагчы NAVI сабрацца ў дарогу. Скажы там важным людзям, Стась. Нашыя ў Еўропу едуць, іх жа па-людску трэба правесці, як сваіх родных. Мо Арцём з Ксеніяй саромеюцца прасіць дапамогі? То скажы ім, каб не дурылі галаву. Аксане трэба купіць прыгожую сукенку, а не тое абы-што, што на ёй было. І Арцёму варта нармальныя порткі надзець. Каб выглядаў, як хлопец. Ведаю, што Давыдзька ім дасць грошай. Але нешта мне не вельмі спакойна, калі спадзявацца трэба толькі на Давыдзьку. Гэта як Дзерманту даверыць пульт ад “Нашай Нівы”. Ну, карочэ, ты мяне поняў.

Тут трэба як мы ўмеем – талакой.

Бывай здаровы, Стасю, і не пішы болей абы-чаго!

Пра аўтара

Андрусь Горват — мінчук, які з'ехаў з Мінску ў вёску на Палессі. У Мінску Горват працаваў журналістам і, адначасова, дворнікам тэатра імя Янкі Купалы. Вёска Прудок знаходзіцца ў 300-х км на поўдзень ад Мінска, недалёка ад мяжы з Украінай. Андрусь аднаўляе дзедаву хату, у якой нарадзіўся яго бацька. Жыве, глядзіць на наваколле з цікаўнасцю даследчыка.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце