Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +17° Маладзечна
Вілейка +17° Вілейка
Смаргонь +18° Смаргонь
Ашмяны +18° Ашмяны
Валожын +17° Валожын
Мядзел +17° Мядзел
Астравец +18° Астравец
Гісторыя
1
6.02.2017 16:09 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

“На чыстую ваду” Як маладзечанская абласная газета 1958 года змагалася з асацыяльнымі элементамі

Маладзечанская абласная газета "Чырвоны сцяг" 1958 год

Маладзечанская абласная газета "Чырвоны сцяг" 1958 год .

Пагадзіцеся, цяпер, калі вам нехта скажа фразу наконт таго, што “а вось Коля з кватэры №25 учора не пайшоў на працу”, гэта падасца  дзіцячым  садком. І вы такога чалавека, канешне, назавяце плеткаром ці паклёпнікам. 

А яшчэ 60 год таму ў маладзечанскай абласной газеце “Чырвоны сцяг” такія скаргі былі нормай, для іх выдзялялася цэлая рубрыка: “Наш Вожык” ці “ На чыстую ваду”.

Скардзіліся пільныя грамадзяне на гультаёў і дармаедаў, на самагоншчыкаў і алкаголікаў, на спекулянтаў і грубіянаў.

Хаця, што тут расказваць, чытайце самі…

У магазін, што ў вёсцы Мыслевічы Хажоўскага сельсавета, прывезлі хлеб. У гэтым нічога дзіўнага няма – яго сюды кожны дзень прывозяць. Але дзіву можна дацца, паглядзеўшы, як гэты хлеб разгружаецца. Заўмаг Марыя Апіцёнак кліча тады на дапамогу ўсіх, хто прахо­дзіць у гэты час міма магазіна – ці то трактарыст, які толькі ідзе ад трактара і не паспеў яшчэ вымыць рукі і ачысціць адзенне ад мазуты, ці то рабочы, які ў гэты дзень вазіў гной на полі. Носяць хлеб яны, зразумела, без халатаў.

Ды што там гаварыць аб халатах грузчыкаў, калі ў самой загадчыцы адзін халат. Яна ў ім адпускае і прадукты, і газу, і цэмент. Правілы санітарыі, відаць, не датычацца Марыі Апіцёнак.

Не вельмі прыемна купляць у гэтым магазіне соль. Захоўваецца яна ў сараі проста на зямлі. Усякая ўсячына сыплецца на соль праз дзіркі ў сараі, яе топчуць нагамі пакупнікі…

Адна звычка гультаёў усіх: рабіць чужымі бакамі, а ляжаць на сваіх. Гэта прымаўка як быццам складзена пра членаў трэцяй паляводчай брыгады калгаса “Сталінец” Паўліну, Марыну і Веру Дашкевіч, Маланню Відаўскую.

Самы любімы іх занятак  – дома на печы ляжаць, бакі свае грэць. Пралежалі яны большую частку мінулага года. А сёлета іх “хвароба” прагрэсіруе. Ідзе ўжо трэці месяц новага года, а гэтых лежабокаў бачылі на рабоце, бадай, тры дні, не больш.

Некаторыя навучэнцы рамеснага вучылішча №8 на торфапрадпрыемстве “Беразінскае” парушаюць правілы паводзін.

Дырэктар вучылішча Дзмітры Якаўлевіч Коўрыкаў, чалавек непахісны і рашучы, неадкладна прыняў самыя строгія меры адміністрацыйнага ўз­дзеяння. Ён узяў ручку, падсунуў да сябе чарнільніцу і напісаў грозны загад. Вось ён:

“ Учащегося групы №3 Чабай за поломку тубаретки и выбрашенную через форточку на улицу по размыканию электропроводов объявить строгий выговор, а нанесённый ущерб гасударству выразившийся в поломке одной тубаретки купить и вставить одну шибу форточного стекла”.

Загад гэты быў вывешаны ў інтэрнаце і выклікаў цэлы перапалох. Яшчэ б! Сярод навучэнцаў нямала хлопцаў з сярэдняй адукацыяй. Яны толькі дзіву даваліся, чытаючы літаратурныя практыкаванні т. Коўрыкава. Многа непаразуменняў выклікае гэты загад, але адно зразумела: Коўрыкаву, перад тым, як садзіцца пісаць загады, не перашкаджае ўспомніць правілы рускай мовы.

Нядаўна да будынка Маладзечанскага гарадскога аддзела міліцыі пад’ехаў аўтобус, які ішоў рэйсам з Юрацішак. Калі работнікі міліцыі ўвайшлі ў аўтобус, іх вачам прадстала даволі непрыстойная карціна. Раскудлачаная і п’яная жанчына асыпала адборнай лаянкай шафёра, кандуктара і пасажыраў.

– Я юрыст! Я вам яшчэ пакажу, – трасла яна кулакамі.

Хуліганка, якая прыставала ўвесь рэйс да пасажыраў, сапраўды, аказалася юрыстам, натарыусам з Ашмян Т.Я. Ермаковай.

Агульнымі намаганнямі пасажыраў і міліцыі натарыуса сяк-так уціхамірылі. Але цікава, ці не лічаць кіраўнікі абласной калегіі адвакатаў, што Ермакова ні ў якім разе не ўпрыгожвае сваёй персонай высокае і ганаровае званне работніка юстыцыі?

У вёсцы Груздава стаіць шматгалосы шум. Гэта забаўляюцца механізатары трактарнай брыгады калгаса “Сталінская праўда” . Пад кіраўніцтвам брыгадзіра Цярэшкі трактарысты ў працоўны час у гарачыя дні палявых работ арганізавалі катанне на мясцовай сажалцы. Для гэтага яны знялі камеру ад кола з трактара “Беларусь” і напампавалі. На яе паклалі дзверы, якія спецыяльна для гэтага знялі з кузні. Усё гэтае збудаванне было ўрачыста спушчана на ваду, і трактарысты, гарлапанячы песню: “Мы едем, едем, едем в далёкие края! ”, на чале з брыгадзірам адправіліся ў падарожжа па сажалцы. Наўрад ці з такой дысцыплінай далёка паедзеш.

У Маладзечне ёсць ветлячэбніца. Але яе работнікі занятыя не столькі лячэннем жывёл, колькі адпачынкам у працоўны час. Датэлефанавацца да іх немагчыма. А калі вы з’явіцеся туды і папросіце прыйсці аглядзець хворае парася, то вам прапануюць або прывезці яго ў лячэбніцу, або наняць аўтамабіль для дастаўкі на месца ветэрынарнага работніка.

Нядаўна я зайшоў у кіёск на Вакзальнай плошчы і купіў каўбасу. Але ўжываць яе было нельга: прадукт аказаўся сапсаваным. Спрабаваў вярнуць яе прадаўшчыцы Якаўлевай, яна адмовілася замяніць. Пры гэтым супакоіла мяне: “ Ешце, нічога з вамі не зробіцца, не памраце”. Давялося звярнуцца ў чыгуначную санэпідэмстанцыю.  Там адказалі тое самае. Але я так і не рашыўся есці сапсаваную каўбасу. І наўрад ці сталі б яе ўжываць тыя, хто гарантаваў мне жыццё.

Асобная рубрыка такога выкрыцця нядобрасумленных грамадзян называлася “Фотаабвінавачванне”.

Тут да такіх жа выкрывальных артыкулаў дадаваліся і фотаздымкі парушальнікаў. Як вам спадабаецца такое?

Не падумайце, што гэта знатная даярка, якую сфатаграфавалі на фоне бідонаў з надоенай ей рэкорднай колькасцю малака. Не! Калі Е.А. Муклановіч і паставіла рэкорд, то толькі па частцы самагонаварэння. Абодва гэтыя бідоны да краёў запоўненыя самагонкай, якую Муклановіч перапрадае з яўнай выгадай.

– Гэта я купіла для памінак, – усміхаецца і лжэ ў вочы следчаму спекулянтка.

Гэта яшчэ не старая жанчына жыве ў Маладзечне, не займаецца грамадска-карыснай працай.

На здымку Муклановіч усміхаецца. Відавочна, яна спадзяецца, што ўсё абыдзецца добра. Наўрад ці. Слова за судом!

Будзьце знаёмыя. Гэта намеснік дырэктара нарыхтоўчай канторы Маладзечанскага райспажыўсаюза В.В. Адзінец. Яго сфатаграфавалі  на прывакзальнай плошчы ў Маладзечне. Не падумайце, што Віктар Васільевіч захварэў і таму яго паклалі на насілкі. Не, вяртаючыся з каман­дзіроўкі, ён выпіў лішняга, і санітарам прыйшлося выносіць яго з цягніка. Як бачыце, Адзінец спіць салодкім сном праведніка. А якім будзе абу­джэнне?

Цікава, што праз некаторы час газета друкавала матэрыялы пра тое, што факты пра п’янства або пра продаж пратэрмінавай прадукцыі пацвярджаліся. У такіх матэрыялах тады  пісаліся меры, якія былі прынятыя да тых, хто правініўся. Ад строгай вымовы да звальнення.

Уяўляю, як было атрымаць ранішнюю газету, дзе пра цябе напісалі такое!

У занальным дзяржаўным архіве ў Маладзечне працавала          

Наталля ТУР.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
6.02.2017 23:02
Анна / Наталля, надзвычай цикава! Якая вы малайчына, што узялися за гэта!
Дадаць каментар
Новае на сайце