Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка -1° Вілейка
Смаргонь -1° Смаргонь
Ашмяны -1° Ашмяны
Валожын -1° Валожын
Мядзел -1° Мядзел
Астравец -1° Астравец
Гісторыя
10.02.2017 14:04 ,AЎТАР(Ы): Марыя БЕРАСНЕВА

Мой дзядзька – маёр Віхр

Мае родныя і сваякі ганарацца маім дзядзькам Аляксеем Бацяном. Нават свайго сына я назвала ў яго гонар. Цікавы і складаны лёс выпаў на яго долю. Аляксей Бацян – былы савецкі разведчык, палкоўнік у адстаўцы, адзін з заснавальнікаў спецназа.

Нядаўна з тэлеперадачы па РТР даведалася, што ён з’яўляецца прататыпам маёра Віхра з тэлевізійнага серыяла “Маёр Віхр”. Да таго ж ён – заслужаны грамадзянін польскага горада Кракаў.

Нарадзіўся Аляксей Мікалаевіч у вёсцы Чартавічы, што на Валожыншчыне, у 1917 годзе. Перад вайной настаўнічаў, нават вучыў сваю сястру,  маю маці, якая на 10 гадоў за яго маладзейшая. Калі пачалася другая сусветная вайна, яго прызвалі ў польскую армію. Але затым усходнюю частку Польшчы занялі савецкія войскі, і яго дывізіён расфарміравалі. Дзядзька Алёша вярнуўся ў сваю родную вёску. Незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны былога зенітчыка арміі Пілсудскага накіравалі на вучобу ў разведшколу. Гэтаму садзейнічалі добрыя фізічныя дадзеныя і веданне польскай і нямецкай моў. Так пачыналася яго жыццёвая дарога. Былі Польшча, Чэхія, Германія…

…Летам 1943 года фашысты ўзяліся за арганізацыю магутнага антыпартызанскага цэнтра. Для гэтай мэты з Берліна ў Оўруч, што на Украіне, прыбыла група спецыялістаў. Перад падраздзяленнем Аляксея Бацяна Масква паставіла задачу: сумесна з дзеючым у гэтым раёне партызанскім атрадам знішчыць “берлінскіх эмісараў”. Аперацыя прайшла паспяхова. На наступны дзень нават з’явіліся  аб’явы: “Таго, хто дапаможа знайсці вінаватых у смерці доблесных салдат фюрэра, чакае ўзнагароджанне ў 80 тысяч рэйхсмарак. Здраднікаў не знайшлося. За гэту аперацыю дзядзьку Аляксея ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга.

Вясной 1944 года, калі лінія фронту імкліва перамяшчалася на захад, вырашана было перадыслакаваць рад савецкіх партызанскіх злучэнняў, атрадаў і спецыяльных груп на акупаваную Польшчу для сумеснай з мясцовымі патрыётамі барацьбы супраць захопнікаў. Дыверсійна-разведвальнае падраздзяленне Аляксея Бацяна, якое складалася з 28 чалавек, перайшло дзяржаўную граніцу.

– У раёне горада Ілжа нечакана сустрэліся з невялікім, дрэнна ўзброеным атрадам Арміі людовай пад камандаваннем паручыка Вісліча, – успамінае дзядзька Алёша. – З’яўленне савецкага падраздзялення прывяло іх у захапленне. Яшчэ б: сюды ўпершыню прыбылі добра ўзброеныя савецкія байцы, якія падтрымліваюць сувязь з Масквой. Палякі папрасілі іх аказаць дапамогу ў налёце на Ілжу. Гэта аперацыя ўвайшла ў гісторыю як першая перамога аб’яднаных сіл савецка-польскіх партызан.

У канцы 1944 года разведчыкі даведаліся, што ў Ягелонскім замку горада Новы-Сонч у Кракаўскім ваяводстве знаходзіцца буйны склад боепрыпасаў, які змяшчаў дзесяткі тон узрыўчаткі.Насцярожвала і тое, што запасы папаўняліся. Вайна ішла да канца, і адчувалася, што гітлераўцы рыхтуюць нейкую сур’ёзную акцыю. Масква запатрабавала сканцэнтраваць усю ўвагу на замку. Доўга разведчыкі вялі назіранне і нарэшце высветлілі, што ў выпадку набліжэння савецкіх войскаў Новы-Сонч, па планах фашыстаў, павінны ператварыцца ў руіны. Нешта трэба было тэрмінова прадпрымаць. Хутка стала вядома, што для пераноскі і ўкладкі снарадаў ў замку патрабуецца рабочы. Так у немцаў з’явіўся добры грузчык, польскі камуніст-падпольшчык Вітольд Млынц. Аляксей Бацян даў яму англійскую міну, якая нагадвала кавалак падэшвы. 

Выбух прагрымеў у замку 18 студзеня 1945 года. Напярэдадні жыхароў мясцовыя патрыёты папярэдзілі, што ноччу горад будуць бамбіць савецкія самалёты. Праз Новы-Сонч у тую ноч якраз рухаліся нямецкія войскі. Каля сцен замка сабраліся сотні гітлераўцаў, машын, аўтобусаў. Па сведчанні хірурга мясцовага гарнізоннага шпіталя, які трапіў у палон, агульная колькасць забітых і параненых пасля ўзрыву склала больш за 400 чалавек.

Так быў сарваны варварскі план знішчэння горада Новы-Сонч. Не ўдалося ворагу скарыстацца боепрыпасамі і для знішчэння гістарычных помнікаў Кракава. За выкананне гэтага задання майго дзядзьку Аляксея Бацяна ўзнагародзілі другім ордэнам Чырвонага Сцяга.

 Пасля Перамогі дзядзька Алёша выконваў заданні за мяжой, да гэтага часу не рассакрэчаныя. У 1972 годзе ён вярнуўся і “асеў” у Маскве, прымаў удзел у стварэнні легендарнага падраздзялення “Вымпел”, перадаваў яго асабоваму саставу свой баявы вопыт.

Дзядзьку палкоўніка Аляксея Бацяна як выратавальніка Кракава, кіраўніка савецкай разведвальна-дыверсійнай групы двойчы прадстаўлялі да ўзнагароджання Зоркай Героя. Але чыноўнікі і зайздроснікі “пахавалі” жывога Героя пад тоўстым слоем пылу архіўных папер.

Перад Днём Перамогі калегамі дзядзькі быў арганізаваны збор подпісаў у падтрымку прысваення яму, чалавеку, якому палякі пры жыцці паставілі помнік, звання Героя. А яшчэ ўчора даведалася, што яму напярэдадні святаў быў уручаны ордэн Мужнасці.

У Польшчы, калі праходзілі мерапрыемствы, прысвечаныя 60-годдзю вызвалення савецкімі войскамі канцлагера Асвенцым, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін нагадаў усёй сусветнай супольнасці, што менавіта мы выратавалі Кракаў ад поўнага знішчэння. Дык вось хацелася б удакладніць, хто менавіта і як.

Сёння, нягледзячы на тое, што Аляксею Бацяну 88 гадоў, ён у цудоўнай форме, вядзе актыўны лад жыцця, два разы на тыдзень гуляе ў спартзале ў валейбол. Яшчэ амаль кожны год наведвае свае родныя Чартавічы, маю маці, сваякоў.

P.S. Пра майго дзядзьку напісана кніга “Друзья познаются в беде”, аўтар Іван Залатар. Можа, у каго-небудзь яна ёсць. Буду вельмі ўдзячная таму, хто прынясе яе ў рэдакцыю “РГ” або патэлефануе аўтарцы гэтых радкоў па нумарах (8-01773) 3-27-89 (хатні), 6-96-67 (службовы).

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце