Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +6° Маладзечна
Вілейка +6° Вілейка
Смаргонь +6° Смаргонь
Ашмяны +6° Ашмяны
Валожын +6° Валожын
Мядзел +6° Мядзел
Астравец +6° Астравец
Грамадства
Вілейка, Валожын
1.03.2017 17:30 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Чапля, бусел ці арлан: у Вілейцы абіраюць птушку-сімвал

Зімародак у Валожыне. Фота greenbelarus.info

Зімародак у Валожыне. Фота greenbelarus.info.

Вялікі яркі зімародак сустракае валожынцаў у цэнтры горада. А  маленькіх зімародачкаў турысты набываюць на магнітах на памяць пра Валожыншчыну.

А ўсё таму, што летась зімародак стаў птушкай-сімвалам Валожынскага раёна. Па словах Вікторыі Церашонак, супрацоўніцы арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, летась яны зладзілі праект “Птушка як візітная картка рэгіёна”. Пілотнай тэрыторыяй абралі Валожынскі раён.

Зрабіце сэлфі з зімародкам

Патэнцыйнымі сімваламі Валожыншчыны былі пяць птушак. Усіх канкурэнтаў абышоў зімародак.

– Вельмі добра, што так атрымалася, – лічыць Вікторыя. Зімародак – прыгожая  птушка з яркімі сіне-аранжавымі пёркамі.

Аднак не прыгажосць – паказчык, па якім выбіраюць птушку-сімвал. Па словах спецыяліста, у Налібоцкай пушчы на Валожыншчыне жыве самая вялікая калонія зімародкаў. А гэта важна, каб птушка-сімвал гнездавалася на тэрыторыі той мясцовасці, сімвалам якой яе абіраюць.

Ці змянілася Валожыншчына пасля таго, як набыла птушку-сімвал? Па словах Вікторыі, у цэнтры горада паставілі яркую двухметровую скульптуру зімародка. Сёння – гэта адно з папулярных месцаў для сэлфі турыстаў і мясцовых жыхароў.

На будынках у Валожынскім раёне намалявалі графіці з зімародкам. А мясцовыя рамеснікі з энтузіязмам узяліся за выраб сувеніраў з гэтай птушкай. Зімародкаў яны валялі з лямцу, малявалі на магніціках. У розных месцах горада ўсталявалі інфармацыйныя стэнды.

На Валожыншчыне шмат турыстычных аграсядзібаў. Спецыялісты арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” прыводзілі для гаспадароў сядзібаў семінары па экалагічным турызме. Цяпер тыя могуць расказаць гасцям раёна пра птушак, што жывуць на Валожыншчыне.

У Валожыне. Фота greenbelarus.info.

У Валожыне. Фота greenbelarus.info.

На сённяшні дзень птушкі-сімвалы ёсць у Валожыне, Мёрах і Слуцку. Аднак менавіта Валожын стаў першым горадам, дзе птушку выбіралі ў інтэрнэце самі мясцовыя жыхары.

Праект доўжыўся некалькі месяцаў. За гэты час, расказала Вікторыя, сабралі шмат звестак пра выбар птушкі-сімвала. Свой досвед спецыялісты скарысталі для напісання кніжкі “Пяць крокаў як выбраць птушку-сімвал”. Кнігу разаслалі па ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Прапановай зацікавіліся каля 20 раёнаў. Сярод іх быў і Вілейскі.

Бусел белы ці кнігаўка?

У Беларусі гняздуецца каля 200 відаў птушак, расказала Вікторыя. Як выбраць тую, якая б магла стаць сімвалам Вілейшчыны? Абавязкова трэба, каб птушка тут жыла.

Нядрэнна, каб яна была рэдкай. Гэта пажадана, перш за ўсё, для самой птушкі. Магчыма, тады зробяць больш, каб захаваць іх рэдкі від. Валожынскі зімародак, напрыклад, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Буслянка стаіць на ўездзе ў Вілейку. Фота vileykainfo.by.

Буслянка стаіць на ўездзе ў Вілейку. Фота vileykainfo.by.

Віляйчанам прапануюць выбіраць паміж кнігаўкай, вушастай савой, гарадской ластаўкай, вялікім дзятлам, арланам-белахвостам, вялікай чапляй, вялікай сініцай і белым буслом.

Ужо прагаласавала больш за 300 чалавек. Лідары пакуль – кнігаўка і белы бусел.

Іна Бауліна, жыхарка Вілейкі: Я – за сінічку!

Некаторыя віляйчане лічаць, што галоўнай птушкай у горадзе павінны быць бусел. Бо яго гняздо месціцца на ўездзе ў горад. Кажуць, што нават ёсць павер’е: калі буслы перастануць тут гнездавацца, горад загіне.

Вілейшчыну не ўявіць без Віліі са шматлікімі прытокамі і без Вілейскага вадасховішча. Таму ёсць прыхільнікі  думкі, што птушка павінна быць звязаная з вадой. Таму з прапанаваных –  гэта чапля.

Іна Бауліна: Сінічка – маленькая і мілая, як наша Вілейка. Фота photo.sibnet.ru.

Іна Бауліна: Сінічка – маленькая і мілая, як наша Вілейка. Фота photo.sibnet.ru.

Бібліятэкарка з Вілейкі Іна Бауліна пра выбар птушкі-сімвала Вілейкі прачытала ў раённай газеце. Пакуль яшчэ не галасавала. Але, на яе думку, на гэтую ролю падышла б сініца.

– Бусел – птушка вельмі прыгожая і сур’ёзная, – лічыць Іна, – гэта хутчэй сімвал усёй Беларусі. А сінічка – яна маленькая і мілая, такая самая як наша Вілейка.

Пара вілейскіх арланаў – кандыдаты на птушак-сімвалаў

У Вілейцы стварылі арганізацыйны камітэт па выбары галоўнай птушкі. У яго склад ўвайшла дырэктар Вілейскага музея Надзея Аўдзей.

– Для мяне асабіста сімвалам нашага горада з’яўляецца ластаўка, – распавядае Надзея.

Жанчына жыве на вуліцы Савецкай, дзе ластавак шмат. Яна любіць назіраць у акно, як птушкі лётаюць, ладзяць гнёзды.

На думку Надзеі, птушка-сімвал – не тая, якую можна ўбачыць толькі ў кнізе на карцінцы. Гэта птушка, з якой можна працаваць. Карміць зімой. Паказваць дзецям.

На Вілейскім вадасховішчы ў любы час ёсць чаплі, на палях Вілейшчыны – кнігаўкі, на гарадскіх вуліцах – сініцы.

Надзеі Аўдзей падабаюцца ластаўкі. YouTube.

Надзеі Аўдзей падабаюцца ластаўкі. YouTube.

Надзея прапаноўвала яшчэ ў спіс кандыдатаў уключыць глушца. На яе думку, гэта адна з самых загадкавых птушак. Яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага глушцоў спрабавалі разводзіць у няволі.

 Аднак і да сённяшняга дня нічога з гэтага не атрымліваецца. Глушцы ў няволі жывуць, але не прыносяць прыплод. Аказваецца, самцы, каб нарадзіць дзіця, патрэбнае спецыяльнае харчаванне, якое ёсць толькі ў лесе.

Надзея лічыць, што птушка-сімвал зробіць Вілейшчыну больш прывабнай для турыстаў. Можна будзе зрабіць цікавыя экалагічныя сцяжынкі. Якую б птушку ні выбралі, кажа Надзея, вілейскі музей падтрымае гэты выбар і паспрыяе “піяру”.

Пара арланаў гяздуецца на Вілейшчыне. Фота arrabiadance.com.

Пара арланаў гяздуецца на Вілейшчыне. Фота arrabiadance.com.

Сярод прапанаваных птушак ёсць і арлан белахвосты. Ён сімвалізуе моц, гонар, нязломнасць духу. Па словах супрацоўнікаў лясніцтва, на Вілейшчыне жыве толькі адна пара гэтых птушак. Дзе яны жывуць дакладна, не сказалі.

Таццяна Захарыч: і дзеці, і дарослыя ратавалі прыгажуню саву

Дырэктар Цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч, якая таксама ў арганізацыйным камітэце, прапанавала ўключыць у спіс вушастую саву. Чаму? Вось што расказала жанчына.

Некалі пад акно будынка эстэтычнага цэнтра звалілася параненая сава. І дзеці, і педагогі, і дырэктар выбеглі на вуліцу. Пачалі хвалявацца: што ж рабіць? Куды тэлефанаваць?

Бачылі, што з савой нешта здарылася, а што менавіта, зразумець не змаглі. Дзеці вельмі хваляваліся, што птушка зараз загіне. Тым больш птушка была такая прыгожая. І ў той жа час спалоханая і разгубленая, нібы маленькае дзіця.

– Мы тэлефанавалі ў аховы прыроды, у райвыканкам, – успамінае Таццяна Захарыч. – З райвыканкама прыехала гаспадарчая група. Работнікі ў пальчатках ўзялі саву і павезлі яе ў ветэрынарную клініку.

Калі пазней Таццяна Захарыч патэлефанавала туды, доктар патлумачыў, што ў савы было параненае крыло. Хутчэй за ўсё, птушка пашкодзіла яго аб правады. Ёй зрабілі прысыпку са стрэптацыду.

Паўстала пытанне, што рабіць далей? Пакінуць саву ў няволі не маглі, яна б  загінула. Тады дамовіліся з вілейскім доследным лясгасам.

Птушку адвезлі на яго тэрыторыю і пасадзілі на елку. Там супрацоўнікі назіралі за параненай савой, да таго часу пакуль крыло не загаілася і яна не паляцела ў лес.

– І сёння памятаю, якая гэта сава была прыгожая і як хваляваліся за яе дзеці, – заканчвае свой расповед Таццяна Захарыч. – Добра было б, каб менавіта яна, сава, якую выратавалі вілейскія дзеці і педагогі, стала сімвалам горада.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце