Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +17° Маладзечна
Вілейка +17° Вілейка
Смаргонь +18° Смаргонь
Ашмяны +18° Ашмяны
Валожын +17° Валожын
Мядзел +17° Мядзел
Астравец +18° Астравец
Гісторыя
2 Вілейка
2.03.2017 16:57 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Небяспечныя нямецкія бярвенні, яўрэйскі ганак і вокны без цвікоў: шчымлівая гісторыя роднай хаты на Вілейшчыне

На ганку дзедавай хаты. Фота забяспечанае Аксанай Ярашонак

На ганку дзедавай хаты. Фота забяспечанае Аксанай Ярашонак.

Нашай вясковай хаце ў Ільі амаль 70 год. Тут нарадзіўся мой бацька Мікалай Камінскі, яго сястра Валянціна і брат Леанід. Сем дзясяткаў і для чалавека ўзрост паважаны, і для хаты не малы. Карацей,  гэта ўжо гісторыя, пра якую можна расказаць.

Сцены

Кажуць, дома і сцены дапамагаюць. А каб пабудаваць гэтыя самыя сцены, трэба дрэва. Бярвенне на нашу хату дзядуля Пётр Камінскі прыдбаў так.

У часы вайны ў Ільі аднаму вяскоўцу партызаны спалілі хату. Немцы ж далі яму дрэва, каб пабудаваўся. Тым часам вайна скончылася. А чалавек хату ўсё не будаваў: баяўся, што ад савецкай улады не абярэцца тады праблем з “нямецкім” дрэвам.

У 1946 годзе дзядуля пасля вайны і шпіталяў вярнуўся дамоў у Ілью і жыў у бацькоўскай хаце. Акрамя дзядулі, там жылі яшчэ яго маці, старэйшы брат Аляксандр з жонкай і трыма сынамі і яшчэ адзін нежанаты дзядулеў брат Іван.

Усе мужчыны ў сям’і Камінскіх былі добрымі краўцамі. Асабліва гэтая справа ўдавалася старэйшаму брату Аляксандру.

Неяк той чалавек, якому немцы далі дрэва на хату, зайшоў да Камінскіх нешта сабе пашыць. У кампаніі зайшла гутарка пра будаўніцтва. Дзед сказаў, што добра б было пабудавацца, але дзе дрэва ўзяць. І той чалавек, пачуўшы яго, прапанаваў купіць тыя небяспечныя “нямецкія” бярвенні.

1950-ыя гады. Сям'я Камінскіх у садзе ля хаты. Фота з архіва Мікалая Камінскага.

 

Купіць – гэта добра. Але дзе ўзяць грошы ветэрану і інваліду вайны? Тады дзядуля са старэйшым братам вырашылі заняцца своеасаблівым бізнесам. Восенню браты набылі жыта, а вясной прадалі яго ў разы даражэй. Калі надыходзіў “галодны” час, за жыта плацілі больш.

З’явіліся грошы. І пачалося будаўніцтва новай хаты.

Дом узводзілі на былым яўрэйскім надзеле. У часы вайны немцы яўрэяў знішчылі, а хаты іх спалілі. Таму і дзядуля, і шматлікія суседзі будаваліся там, дзе некалі стаялі яўрэйскія хаты.

 Дзед паставіў сваю хату на надзеле, дзе раней жыла сям’я Смалерчукоў.  Відаць, небагатыя яўрэі былі тыя Смалерчукі, жартуе часам бацька. Ні золата, ні каштоўных рэчаў за ўсё жыццё каля хаты не знайшлі.

Да 1960-х гадоў сцены былі з бярвенняў. Чакалі, каб хата дала ўсадку, тлумачыць бацька. А калі прыйшоў час, вясковы сталяр Канстанцін Грымоць прыйшоў шаляваць хату. Шаляваў вельмі акуратна, кожную дошчачку прымяраў па некалькі разоў. А я вазьмі ды і пажартуй, успамінае бацька:

– Што вы так робіце, быццам сабе.

На што тут жа ад свайго бацькі атрымаў па вуху. Не заўважыў адразу, што дзед побач стаяў.

Ганак

Якая ж хата без прыгожага высокага ганка? Спачатку ў хаце не было веранды. Тады ганак быў з дошак. У сярэдзіне 1960-х пабудавалі веранду. І якраз у той час на скрыжаванні ля ільянскага касцёла і помніка Пілсудскаму разбіралі стары яўрэйскі, яшчэ даваенны барак.

Сярод розных патрэбных і непатрэбных рэчаў аказаўся добры ганак з цэменту. Дзед даў вясковым мужыкам тры літры гарэлкі, і яны прыцягнулі ганак у двор. Сёння па яго прыступках у дзядулеву хату я падымаюся ўжо са сваімі дзецьмі.

Дах

У 1940-х гадах у Ільі дахі крылі траской. З сасны або асіны выразалі маленькія дошчачкі і ўкладвалі іх на дах. У 1960-я пачалі выкарыстоўваць шыфер. Нашу хату сельсавет накрыў шыферам адной з першых, бо дзядуля быў удзельнікам і інвалідам вайны.

Столь

Доўгі час столь была проста з дрэва. Былі відаць бэлькі – драўляныя брусы, што трымаюць столь. Аднак палічылі, што больш прыгожа будзе, калі гэтыя бэлькі схаваць. Столь абшылі сухой тынкоўкай.

Хата Камінскіх у Ільі сёння. Фота Аксаны Ярашонак.

Хата Камінскіх у Ільі сёння. Фота Аксаны Ярашонак.

У 2000-х бацька вырашыў вярнуцца да ранейшай столі з бэлькамі. Тынкоўку адарвалі, столь памылі. Пад адной бэлькай знайшлі небяспечную нямецкую брытву, якой галіўся дзядуля.

Вокны

Доўгі час у хаце стаялі тыя вокны, што рабілі, калі будавалі хату. Вокны рабіў самы лепшы ў Ільі сталяр з прозвішчам Буркевіч. Цікава тое, што для іх сталяр не скарыстаў ніводнага цвіка.

Якія ўспаміны яшчэ ў бацькі, звязаныя з вокнамі? Амаль ніякіх. Акрамя хіба таго, што калі медсястра прыходзіла рабіць дзецям прышчэпкі, яны хуценька выскоквалі ў акно і ўцякалі. А там –  на аселіцу і да ракі.

Драўляныя вокны на пластыкавыя памянялі ўжо ў 2000-х. Калі здымалі старыя рамы, дрэва было, як казаў бацька, “жывое”: негнілое, здаровае, нават смалістае.

Сад

А вось сад крыху старэйшы за хату. Яго дзед пачаў садзіць, як толькі атрымаў надзел. Садзіў яблыні-дзічкі і прышчапляў да іх галінкі. Так прыблізна ў 1946 годзе ў двары ля хаты з’явіліся антонаўкі і папінкі.

Бацькі не могуць нарадавацца, як праз 50 год яны плоданосяць і добра захоўваюцца.

На сад у сваім дзяцінстве неяк спакушаўся бацька. 6-7-гадовым хлопчыкам ён узяў сякеру і пачаў секчы адну з яблынь, якая, па яго словах, “надта добра секлася”. Сякеру адабралі, бацьку пакаралі. А яблыня засталася.

І на заканчэнне

Калі дом ужо быў амаль пабудаваны, ён ледзь не згарэў. Недзе ў суседнім двары быў моцны пажар. Але на дапамогу дзядулю прыйшлі сябры. Яны ўжо залезлі на дах з вёдрамі вады і сядзелі напагатове. Аднак бяда хату абышла.

Бацька не раз заўважаў, што дзядуля, ветэран і  інвалід вайны без адной рукі, адразу пабудаваў хату, а толькі потым ажаніўся. Сучасным юнакам, на яго думку, варта кіравацца такімі прыкладамі.

Абмеркаваць
Каментар (2) / Дадаць каментар
6.03.2017 11:15
Таццяна / Цікавы аповед, дзякуй.
8.03.2017 19:12
Таццяна / Канстанцін Грымоць - мой прадзед. Ен быў глуханямы, але добры майстар. Думаю, шмат у каго ў весцы захавалася рэчаў, зробленых ім.
Дадаць каментар
Новае на сайце