Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +1° Маладзечна
Вілейка +1° Вілейка
Смаргонь +1° Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел +1° Мядзел
Астравец +1° Астравец
Гісторыя
2.03.2017 15:20 ,AЎТАР(Ы): Паводле svaboda.org

Былі і праведнікі, і здраднікі. Ці вінаватыя беларусы ў Галакосце?

Фота p cfqnf svaboda.org.

На трэцім паседжанні інтэлектуальнага клубу нобэлеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, якое адбудзецца 2 сакавіка, выступіць літоўская пісменьніца Рута Ванагайце, аўтарка кнігі "Нашы" – пра тое, як літоўцы знішчалі габрэяў.

Апанентам літоўскай пісьменніцы будзе беларускі даследчык Аляксей Літвін, загадчык аддзелу ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Спадар Літвін у 2000 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму "Антысавецкія вайскова-паліцэйскія фармаванні на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вытокі. Структура. Дзейнасць".

Кніга Руты Ванагайце выклікала вялікія спрэчкі ў літоўскім грамадстве: ад пісьменніцы адвярнуліся сябры, а некаторыя наогул абвінавацілі яе ў здрадзе Радзіме.

 Ці знішчалі беларусы габрэяў?

Дырэктар Гістарычнай майстэрні Кузьма Козак шмат гадоў вывучае гісторыю Галакосту. Кажа, што такія рэзанансныя прыклады ў Літве, у Польшчы, ва Украіне па знішчэньні габрэяў мясцовым насельніцтвам былі зафіксаваныя, запратакаляваныя, ёсць фатаздымкі. І ёсць дакумент, што такое ж самае чаканне было і ў Мінску:

– Улады пісалі ў Берлін, што жыхары гораду Мінску вось-вось пачнуць акцыі супраць габрэйскага насельніцтва. І яны ўсё чакалі-чакалі, але не дачакаліся. 7–8 лістапада 1941 году немцы і літоўскія паліцаі самі ўчынілі пагром, было знішчана каля 10 тысяч габрэяў. Ну, а потым далей яны пішуць у Берлін, што мясцовае насельніцтва практычна разам з габрэйскім, яно спачувае габрэям.

Тут трэба адзначыць яшчэ адну акалічнасць: пры знішчэньні габрэйскага насельніцтва вельмі жудасныя паводзіны былі менавіта Літоўскага паліцэйскага батальёна – у мінскім гета, у Трасцянцы, у Слуцку. Літоўскія, латышскія батальёны прыбылі сюды. І народная памяць захавала якраз гэта. Казалі "нашы забівалі", маючы на ўвазе не беларусаў, а літоўскія, латышскія батальёны, таксама вельмі шмат было ўкраінскіх паліцэйскіх батальёнаў. Але ёсць, канечне, выпадкі, калі дзейнічалі і мясцовыя паліцэйскія сілы.

Такіх масавых прыкладаў, як у нашых суседзяў, у Беларусі не было. Былі, канечне, асобныя выпадкі, калі беларус выдаў суседа-габрэя. Але мая выснова – мэнтальнасьць, талерантнасць у беларусаў была самая, так бы мовіць, высокая. Я нават сам дзівіўся, адкуль гэта? Няўжо за савецкім часам так перавыхавалі людзей, што яны не пайшлі на такія ўчынкі? Таму што ў кожнай краіне, дзе з'яўляліся нацыянал-сацыялісты, адразу дзейнічала гэтая схема. А вось у Беларусі чамусьці такога не атрымалася. І я раблю такую выснову, што гэтая талерантнасць ідзе з часоў Вялікага Княства Літоўскага.

Паглядзіце на нашу архітэктуру. Толькі ў Беларусі ў любым мястэчку стаяць чатыры сімвалічныя духоўныя пабудовы: касцёл, царква, сінагога, і калі ёсць татарскае насельніцтва – мячэць. Нават у Мінску так: на плошчы Свабоды  былі і касцёл, і царква, і так званая "халодная сінагога", якая была разбурана, а крыху далей, дзе цяпер гатэль "Юбілейны", стаяла мячэць. Тое самае і ў Міры, Нясвіжы, іншых гарадах і мястэчках.

Можна прывесці прыклад цяперашняй вёскі Гарадок пад Маладзечнам. Да вайны гэта было цалкам габрэйскае мястэчка, дзе былі дзве сінагогі, каталіцкі касцёл і праваслаўная царква. Дагэтуль там усё захавалася ў такім адметным стане: сінагога, дзейнічаюць касцёл і царква, хоць у гэтай вёсцы пражывае каля 400 чалавек. Падчас вайны там знішчылі ўсіх габрэяў, ніводнага габрэя не засталося. І толькі цяпер пачынаецца пошук ідэнтычнасці, пошук суседзяў. А мясцовыя жыхары два гады таму самі ўсталявалі камень памяці – надпісы на беларускай мове і на ідыш.

Я лічу, што ў Беларусі сітуацыя вельмі адрозніваецца ад той, што была ў нашых суседзяў. Да таго ж габрэі знаходзілі дзіўны паратунак у Беларусі. Ну колькі маглі суседзі, якіх потым прызналі праведнікамі, хаваць у сябе габрэяў? Ну, пару тыдняў, месяц. А потым яны ішлі хавацца ў партызанскія зоны. Самыя калектыўныя змаганні габрэйскія – не якія-небудзь, а нацыянальныя – былі ў нас, у Беларусі: і падполле, і габрэйскія партызанскія атрады. Так што ў Беларусі сітуацыя вельмі адрознівалася ад літоўскай.

Хто знішчаў мінскае гета?

Доктар гістарычных навук, прафесар, даследчык Галакосту Эмануіл Ёфэ сцвярджае, што ў Літве ў вайну была самая высокая ступень антысэмітызму:

– Як толькі пачаліся ваенныя дзеянні, калі немцы яшчэ нават не ўступілі ў Літву, мясцовыя жыхары склалі спісы ўсіх габрэяў і пачалі іх знішчаць – без загаду немцаў. А потым ужо немцы далучыліся. Тое, што адбылося ў мястэчку Едвабнэ Беластоцкага ваяводства, дзе менавіта мясцовыя жыхары ўчынілі пагром габрэяў – такое ў Літве было ў маштабах краіны. 97% габрэйскага насельніцтва Літвы было знішчана.

Калі шчыра казаць, то на першым месцы па знішчэньні габрэяў – літоўцы, за імі латышы, потым украінцы (асабліва Заходняя Украіна), палякі. Дарэчы, Едвабнэ знаходзілася тады на тэрыторыі Беларусі – у Беластоцкай вобласці, якае ўваходзіла ў склад БССР. І пазней большасць насельніцтва не хацела прызнаць, асабліва духавенства, што менавіта палякі ўчынілі габрэйскі пагром.

У знішчэньні мінскага гета актыўны ўдзел бралі літоўцы і ўкраінцы. Паліцэйскі батальён Антанаса Імпулявічуса вывезлі ў Беларусь. Гэта, канечне, балюча чуць цяперашнім літоўцам, але гэта горкая праўда.

Што да Беларусі, і тут былі такія асобныя прыклады. Зразумела, што маштаб зусім іншы. Да прыкладу, у Калінкавіцкім раёне ў Юравічах мясцовая паліцыя знішчала габрэяў. У Старадарожскім раёне мне жудасную гісторыю расказалі мясцовыя жыхары, якім нападпітку прызнаўся адзін чалавек, што ён спачатку згвалціў вельмі прыгожую габрэйскую дзяўчыну, а потым яе забіў. Гэта цяжка ўсведамляць і цяжка прызнаваць.

У Беларусі тэму Галакосту заглушаюць

У Беларусі на гэтую тэму Галакосту накладзена табу, – такую думку выказаў даследчык, доктар гістарычных навук, прафэсар Эмануіл Ёфэ:

– Неяк я выступаў на канфэрэнцыі і сказаў, што частка народу выдавала, дапамагала знішчаць габрэяў. І акадэмік-сакратар аддзялення грамадзкіх навук і мастацтваў НАН Аляксандар Каваленя запярэчыў: маўляў, мой бацька дапамагаў, ратаваў габрэяў. Я ж не казаў канкрэтна – хто, а казаў, што частка насельніцтва...

Аднойчы я вітаў новых праведнікаў свету, якія ратавалі габрэяў, і сказаў, што ў некалькі разоў больш было тых, хто выдаваў. Але ў зале ўзнікла такая напружанасць! У нас гэтую тэму заглушаюць. Знішчылі амаль усю габрэйскую нацыю – больш за 800 тысяч габрэяў. І мы маўчым, у нас гэтая тэма замоўчваецца. На першым месцы ў нас гераізм. А горкая праўда мала каму патрэбная.

Літоўская даследчыца Рута Ванагайце набралася мужнасці і напісала праўдзівую кнігу. Зразумела, гэта не ўсім падабаецца. Тое, што зрабіла літоўская даследчыца Рута Ванагайце, заслугоўвае павагі. Гэта вельмі смелы, сумленны, мужны ўчынак. Таму што многія ведаюць гэта, але маўчаць. Некаторыя баяцца. Першы прэзыдэнт Літвы Альгірдас Бразаўскас у 1995 годзе падчас візіту ў Ізраіль папрасіў прабачэння за ўдзел літоўцаў у Галакосце.

А вось што ў Беларусі знойдзецца такі мужны, смелы, сумленны дасьледчык – я не ўпэўнены.

***

Падчас Другой сусветнай вайны ў Літве забілі 200 тысяч габрэяў. Да моманту нападу Нямеччыны на СССР у Літве пражывала ад 225 до 265 тысяч габрэяў (каля 7 тысяч габрэяў у чэрвені 1941 году былі высланыя ў Сібір падчас масавай дэпартацыі насельніцтва).

У Беларусі падчас вайны было забіта 805 тысяч габрэяў (715 тысяч беларускіх і 90 тысяч з замежжа – з сямі краінаў Еўропы). Напярэдадні вайны ў Беларусі пражывала 990–995 тысяч габрэяў.

Паводле Радыё Свабода. 

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце