Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +20° Маладзечна
Вілейка +20° Вілейка
Смаргонь +20° Смаргонь
Ашмяны +20° Ашмяны
Валожын +21° Валожын
Мядзел +20° Мядзел
Астравец +20° Астравец
Эканоміка
Вілейка, Мядзел
9.03.2017 16:19 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Ганарару хапае на пляшку гарэлкі: пісьменнікі з рэгіёна расказалі, колькі грошай можна зарабіць літаратурай

Фота Epics.

“Частую-частую сяброў за прэмію, а грошы ўсё не заканчваюцца”, – успамінаў Уладзімір Някляеў. Літаратурная прэмія Гедройця, якую ён атрымаў  за раман “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”, склала 10 тысяч еўра.

Пэўныя матэрыяльныя выгоды ад літаратурнай творчасці мелі і папярэднікі Уладзіміра Пракопавіча. Напрыклад, Янка Купала ў пачатку 1940-х раз’язджаў па сталічных вуліцах на аўтамабілі “Шэўрале”.

Машыну падарыў паэту першы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка ў 1939 годзе. Некалькі гадоў дагэтуль кіраўніцтва БССР ужо падарыла Янку Купалу іншы аўтамабіль ГАЗ-М-1 савецкай вытворчасці. Але менавіта на “Шэўрале” паэт разам з жонкай Уладзіславай Станкевіч з’язджаў у эвакуацыю у часы вайны.

У 1970-х гадах справы ў паэтаў таксама ішлі нядрэнна. За свае зборнікі яны атрымлівалі ганарары, роўныя заробку настаўніка за некалькі месяцаў.

А які прыбытак літаратурная творчасць прыносіць сёння? На гэтае пытанне адкажуць пісьменнікі рэгіёна.

Уладзімір Папковіч: дзякуючы статусу пісьменніка атрымаў кватэру ў Віцебску

Паэт Уладзімір Папковіч родам з Дварца, што ў Хаценчыцкім сельсавеце на Вілейшчыне. Закончыў інстытут замежных моў у Мінску.

Працаваць толькі пісьменнікам наш зямляк сабе дазволіць не мог. Некаторы час быў настаўнікам, потым выкладаў у тэхнікуме. Ад 1981 да 2016 года  працаваў  старшым выкладчыкам на кафедры нямецкай мовы ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце. Звольніўся ў 81 год.

– У мяне ніколі не было вялікіх акладаў ды ганарараў. Я і пісьменнікам стаў позна – прызнаецца Уладзімір Антонавіч.

Аднак, працягвае творца, у нейкай ступені дзякуючы статусу пісьменніка атрымаў у Віцебску кватэру, у якой жыве зараз. Тут ён мае нават свой асобны “кабінет” з кніжкамі і камп’ютарам.

Уладзімір Папковіч піша вершы і займаецца перакладамі празаічных твораў з нямецкай мовы на беларускую. З часоў “перабудовы” творы ў асноўным аўтар і перакладчык выдае за свой кошт.

Пенсія ў пісьменніка і выкладчыка крышку большая за чатырыста рублёў. Хаця Уладзімір Антонавіч па-ранейшаму лічыць мільёнамі.

– Ніяк не прывыкну да новых грошай, – прызнаецца ён.

Уладзімір Садоўскі – інжынер, пісьменнік, журналіст

Пісьменнік з Маладзечна, аўтар зомбі-хорара “1813”, Уладзімір Садоўскі пасля размеркавання энергетычнага факультэта БНТУ працаваў у нашых Маладзечанскіх электрасетках інжынерам. Рабіў праекты рэканструкцыі электрычных сетак да дажынак.

Затым у 2013 годзе перабраўся ў мінскую праектную фірму, дзе працуе інжынерам-праектантам дагэтуль.

Па словах пісьменніка, ад творчасці прыбытак быў невялікі. Літаральна некалькі ганарараў ад публікацый у літаратурных выданнях. А вось зараз пасля выхаду першай кнігі ў электронным і папяровым фармаце яго чакаюць выплаты ад рэалізацыі кніг.

Ды на гэтыя грошы не пражывеш, упэўнены Уладзімір Садоўскі. Яны толькі прыемны дадатак да творчасці.

 Больш грошай пісьменніку прыносіць зараз іншае маё хобі – краязнаўства і даследаванні ў галіне гісторыі беларускай архітэктуры.

–  Я працую як пазаштатны журналіст аднаго інфармацыйнага партала, – распавядае Уладзімір. –  І публікую ў месяц па некалькі артыкулаў на цікавыя для мяне тэмы.

Акрамя ганарараў пісьменніку ў гэтай працы падабаецца тое, што ён можа данесці вынікі сваіх краязнаўчых даследаванняў да шырокай аўдыторыі.

Па словах Уладзіміра, праца інжынера творчасці не замінае, хутчэй творчасць і іншыя хобі – гэта спосаб адпачыць ад працы і наадварот.

Мікола Шабовіч: Як пражыць на заробак кніжкамі?

Паэт ураджэнец Мядзельшчыны Мікола Шабовіч працуе выкладчыкам сучаснай беларускай мовы ў педагагічным універсітэце імя Максіма Танка ў Мінску.  Асноўная крыніца заробку, па яго словах, гэта выкладчыцкая дзейнасць.

Выдавецтвы маюць практыку разлічвацца... кніжкамі, расказвае Мікола Шабовіч. А кніжкі на сустрэчах з чытачамі паэт можа прадаць.

За ганарары ў літаратурных часопісах і газетах таксама не пражывеш.  

Некалькі гадоў таму, успамінае паэт,  у “Полымі” на 10 старонках выйшлі 22 вершы ў яго перакладзе на беларускую мову.

Ганарар я атрымаў 53 тысячы рублёў на старыя грошы, – успамінае Мікола Шабовіч,  Прыкладна столькі (калі не больш) каштавала ў той час пляшка гарэлкі...

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце