Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +6° Маладзечна
Вілейка +6° Вілейка
Смаргонь +6° Смаргонь
Ашмяны +7° Ашмяны
Валожын +7° Валожын
Мядзел +5° Мядзел
Астравец +6° Астравец
Грамадства
Вілейка, Валожын, Мядзел
10.03.2017 11:40 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Як маляваць малаком і ствараць паштоўкі са шкарлупіны: сёння дашкольнікі рэгіёна выступаюць на абласным конкурсе "Я – даследчык"

Фота yandex.by.

Сёння ў сталіцы сабраліся даследчыкі. Вы падумалі пра сур’ёзную навуковую канферэнцыю?

А вось і не. Наўрад ці тут будзе шмат сур’ёзнасці. Справа ў тым, што ўсім даследчыкам ад пяці да сямі гадоў.

У традыцыйным фестывалі для дзяцей дашкольнага ўзросту “Я –  даследчык” будуць удзельнічаць выхаванцы дзіцячых садкоў нашага рэгіёна. Яны вельмі паспяхова выступілі на раённым фестывалі і прайшлі адборачны тур на абласны.

Жэня Ткачэнка з Вілейкі: Шкарлупіна ад яйка – гэта цуд

Сярод іх Яўгенія Ткачэнка з Вілейкі. Дзяўчынка перамагла ў намінацыі “Незвычайнае ў звычайным”.

 Жэня ходзіць ў дзіцячы садок №8. Яна пераканала журы ў тым, што шкарлупіна ад звычайнага яйка – гэта сапраўдны цуд. Паказала, што можна зрабіць з гэтага матэрыялу, і расказала, чым ён карысны.

Загадчыца садка Таццяна Астаповіч расказала, што паспяховаму выступленню Жэні папярэднічала вялікая праца ўсёй сям’і. З мамай і бабуляй дзяўчынка рабіла са шкарлупіны цікавыя цацкі, віншавальныя паштоўкі, гатавала заліўное.

З дапамогай выхавальніцы Вольгі Козел дзяўчынка праводзіла доследы са шкарлупінай.

Пераможцы раённага конкурсу ў Вілейцы. Фота vileiyka.edu.minskregion.by.

Пераможцы раённага конкурсу ў Вілейцы. Фота vileiyka.edu.minskregion.by.

Як пасябраваць з канём, ведае Лера Сячко з Мядзела

“Сяброўства з канём. Сакрэты маленькай дзяўчынкі” так называлася праца Валерыі Сячко, выхаванкі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці курортнага пасёлка Нарач. Працу дзяўчынка прадставіла ў намінацыі “Дзіця і прырода”.

Па словах намесніцы загадчыцы цэнтра Святлана Трахімовіч, такую тэму вызначылі дзякуючы працы мамы Валерыі. Аляксандра Сячко працуе трэнерам па верхавой яздзе. Яна і стала кіраўніком дачкі ў даследчай дзейнасці. Да таго ж жанчына па адукацыі педагог-псіхолаг. Гэта таксама паспрыяла добрай падрыхтоўцы дачкі.

Па словах мамы, далучаць Леру да працы з коньмі яна стала для таго, каб дзяўчынка вырасла добрай, незамкнёнай. Спачатку проста брала з сабой на працу. Потым пачаліся заняткі. На сённяшні дзень Валерыя можа ездзіць вярхом, паказваць цыркавыя нумары. Яна добра даглядае за канём: ведае, як яго накарміць і пачысціць.

У сваёй працы дзяўчынка расказала, як зразумець, калі ў каня дрэнны настрой, як паводзіць сябе з ім бяспечна, каб не раздражняць жывёлу. Пахвалілася Валерыя і веданнем камандаў. Дзяўчынка ўжо можа паставіць каня на калені, а можа загадаць узняцца на дыбы.

Падзялілася сваімі назіраннямі за дзецьмі-інвалідамі ў час іпатэрапіі. Па словах дзяўчынкі, пасля зносін з коньмі такія дзеці заўсёды больш радасныя, лепш сябе адчуваюць.

На раённым конкурсе ў Вілейцы. Фота vileiyka.edu.minskregion.by.

На раённым конкурсе ў Вілейцы. Фота vileiyka.edu.minskregion.by.

Скончу з малаком – возьмуся за шакалад: даследчыя планы Ані Ярмошкі

Ганна Ярмошка з валожынскага дзіцячага садка №2 “Вясёлка” ў намінацыі “Дзіця і прырода” эксперыментавала з малаком. Яе праца называлася “Маё Прастаквашына”.

У садку расказалі, што дзяўчынка спрабавала зрабіць з малака карысныя прадукты без дадаткаў. З дапамогай кіраўніка Святланы Рак яна рабіла тварог, кіслае малако, вяршкі, смятану, малочны кактэйль, марожанае.

Вяршкі маленькая даследчыца здабывала з малака свойскіх казы і каровы, а таксама з пастэрылізаванага малака, якое прадаецца ў магазіне. У выніку эксперымента Ганна высветліла, што найбольш вяршкоў у малацэ казы.

Дзяўчынка пераканала журы, што ў дамашніх умовах з малака можна зрабіць карысныя для здароўя прадукты. А яшчэ яна прадэманстравала цікавую ўласцівасць малака. Аказваецца, з яго дапамогай можна маляваць.

Па словах намесніцы загадчыцы садка Валянціны Каласковай, Ганна – цікаўная і разумная дзяўчынка. Яна ўжо нават мае планы ў далейшай даследчай дзейнасці. Цяпер зацікавілася шакаладам, высвятляе, карысны ён ці шкодны. Кажа, што калі восенню пойдзе ў першы клас, то абавязкова будзе выступаць з гэтай тэмай на фестывалі юных даследчыкаў.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце