Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка -1° Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Гісторыя
Вілейка
13.03.2017 11:56 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

Паехала з Вілейшчыны ў Францыю зарабіць на маёнтак. А вярнулася ў чужую краіну – Савецкі Саюз (Фота)

Вера Фёдараўна Салагуб (Захарыч) стаіць, сястра Сіма сядзіць

Вера Фёдараўна Салагуб (Захарыч) стаіць, сястра Сіма сядзіць. Фота забяспечанае Аляксандрам Салагубам.

У сямейным альбоме Салагубаў фотаздымак 20-гадовай мамы ў 1928 годзе займае асаблівае месца. Маладая дзяўчына тут яшчэ толькі пачынае поў­нае прыгод жыццё, у якім яе чакаюць паездкі ў Францыю і на Данбас, вайна і сямейнае жыццё з каханым чалавекам.

Пра гісторыю Веры Захарыч распавёў яе сын Аляксандр Салагуб.

Каб сфатаграфавацца, Вера са старэйшай сястрой Сімай з вёскі Кавалі, што ля Ручыцы, паехалі ў Вілейку. Сіма як старэйшая сядзіць. У яе доўгая плісіраваная спадніца, туфелькі і нават наручны гадзіннік. Вера апранутая ў цёмную спадніцу ніжэй за калена, боцікі і белую блузку, падобную да той, што на Сіме. Доўгія косы Веры не замацаваныя стужкай, нібы заплялася яна толькі для фота. Дзяўчаты фатаграфаваліся ў памяшканні з драўлянай падлогай і сцяной, прыкрытай цёмнай посцілкай.

Пазней Сіма выйшла замуж за Івана Ахрэма ў вёску Жарсцвянка і пасля засталася ў Савецкім Саюзе. А Вера, як выйшла замуж у 1931 годзе, атрымала дакументы і з’ехала ў Францыю.

Жанчына імкнулася да лепшага жыцця, спазнаўшы цяжкія гады ў дзяцінстве. У сям’і Захарычаў было дзевяць дзяцей. Бацька Тодар нідзе не працаваў. Таму трох дачок, у тым ліку Веру, зусім малымі завёз у прытулак у Пецярбург. Там яны прабылі некалькі год. Пасля вучылася ў пачатковай царкоўна-прыходскай праваслаўнай школе, але не скончыла.

Затым дзяўчынка атрымала работу ў вёсцы за Заскавічамі. Служыла ў сваёй цёткі па маці за два пуды жыта.

А калі падрасла, уладкавалася на работу да паноў у маёнтак у Ручыцы. Пасля вайны той маёнтак разламалі бальшавікі.

– Разам з імі ламалі і аднавяскоўцы, і нашы сваякі – хацелі, каб паноў не было, – расказвае Аляксандр Салагуб. – Нават у склепе, дзе былі пахаваныя паны, я бачыў у 1948 годзе разбураныя урны для пахавання. Бачыў, што там усё засмечанае. Адна труна цынкавая, другая драўляная – абедзве адкрытыя, без векаў. Пасля ўбачаных нібы вечных скляпоў у Францыі тут узнікла адчуванне брыдкага бескультур’я. Як так можа здзекавацца чалавек з чалавека?

Два-тры гады Вера працавала ў паноў Валовічаў служанкай. Даглядала дзяцей, гатавала ежу.

Маёнтак у Гануце (Ручыцы) ў 20-х гадах мінулага стагоддзя.


На заробкі ў Францыю

Бацька Аляксандра, таксама Аляксандр Салагуб, быў суседам Веры. Маладыя кахалі адно аднаго, але жаніцца не спяшаліся.

Разважлівы бацька спачатку хацеў атрымаць пэўнасць з працай, а пасля браць на сябе адказнасць і ствараць сям’ю.

Ён паспеў папрацаваць у пана, у Валожыне на пілараме, але грошай атрымліваў няшмат і шукаў лепшае месца.

Маёнтак у Ручыцы.


Заключыў кантракт і паехаў працаваць у Францыю на шахту, а праз год вярнуўся на адпачынак. Прывёз шмат гасцінцаў і за свае грошы справіў вяселле з Верай. Пасля зноў адправіўся ў Францыю, адтуль перадаў дакументы маладой жонцы, каб прыехала да яго. Аплаціў настаўніка для яе, які суправаджаў да Парыжа, таму што яна не ведала французскай мовы. На вакзале ў французскім горадзе Алес сустрэў каханую.

Маладыя жылі ў інтэрнаце, які называўся канціна. У 1935 годзе нарадзіўся наш расказчык Аляксандр, старэйшы сын. Праз два гады – сястра Зіна, а ў 1946 годзе – брат Мікалай. Вера была гаспадыняй, але працавала. Ездзіла на сезонныя работы на вінаград і клубніцы, а яшчэ мыла адзенне лю­дзям. Салагубы зараблялі грошы, каб вярнуцца і купіць маёнтак.

Кулінарныя ўспаміны

У Францыі часта пілі віно. А дзецям давалі напой “розэ” – сталовае віно, разбаўленае вадой, каб быў вінны прысмак і ружаваты колер. З сабой у школу бралі віно, пад кранам дадавалі вады і пілі. А ў сераду з такой бутэлечкай розэ хадзілі на праменад. Ніхто ніколі не п’янеў ад яго.

Вера гатавала так, як навучылася ў маёнтку. Абавязковая першая страва – гарохавы, фасолевы, гароднінны супы ці з макароны. Другой стравай падавала катлеты, гуляш, адбіўныя, смажаную рыбу, тушанае мяса. З гарніраў звычайна елі бульбу, макарону, крупы.

Вера да мужа ехала праз Парыж. Фота luksmarbella.com.

Вера да мужа ехала праз Парыж. Фота luksmarbella.com.

Францыя ў 1930-х. Фота flashofgod.tumblr.com.

Францыя ў 1930-х. Фота flashofgod.tumblr.com.

Абавязкова рабіла салату з лісця салаты, зялёнай ці рэпчатай цыбулі, радыскі, бручкі, агуркоў. У Францыі запраўлялі аліўкавым алеем, а ў Савецкім Саюзе вельмі спадабаўся сланечнікавы сваім пахам. На Данбасе ўсе дзеці елі макуху – спрасаваныя рэшткі семя пасля выціскання з яго алею.

На дэсерт часам рабіла ванільны крэм-бруле, які доўга гатуецца, але надзвычай смачны. Пякла булкі і хрушчы.

Вайна, трафеі, агітацыя

Першы раз бацькі сабраліся прыехаць дадому ў канцы 1930-х. Але выбухнула вайна, і абясцэніліся заробленыя грошы.

– Да нас немцы прыйшлі восенню 1940, – прыгадвае Аляксандр Аляксандравіч. – Аднойчы вечарам стаялі з бацькамі на ганку, і яны сказалі пагасіць святло. Па дарозе ішлі салдаты. Казалі, гэта “СС”. Са школ, дзе яны раскватараваліся, выгналі дзяцей. Даваенную Францыю я не памятаю, а з вайны помню, як у восем год трэба было ха­дзіць на чыгуначную станцыю, калі немцы разгружалі эшалоны з бульбай, каб схапіць бульбіну. Часам ля рэчкі немцы вывальвалі рэшткі ежы, і мы з мамай ха­дзілі збіраць ядомае. З выбранай бульбы мама варыла суп ці пякла бліны.

Было цяжка, але з размоў з людзьмі, якія жылі ў акупацыю на савецкай тэрыторыі, разумею, што нам было лягчэй.

Хросны бацька сястры Аляксандра па прозвішчы Гранкоўскі быў камуністычным актывістам, удзельнічаў у пікетах. Паліцыя яго арыштавала. Той збег да французскага супраціўлення. Пасля перайшоў у Войска Польскае і дайшоў да Германіі. Прыехаў з акардэонам, гасцінцамі, а Аляксандру ў падарунак замест ранца падарыў амерыканскую торбу ад процівагаза і боты з халяўкамі. Колькі было радасці!

Кожны эмігрант у Францыі часта ўспамінаў сваю Радзіму.

– Такіх людзей я бачыў тысячы, – прыгадвае суразмоўца. – Белагвар­дзейцы – як яны плакалі, калі спявалі песні, асабліва “Где могила моя”!

Ад савецкай амбасады ішла магутная прапаганда, заклікалі ехаць у Саюз. Шмат актывістаў было сярод беларусаў. І вось адправілі два першыя караблі.

– Тата прасіў некаторых з іх, каб яны напісалі пасля прыезду, як там. Але лістоў ніхто не дачакаўся. У 1947 паехалі ў Саюз мы. Многія прасілі, каб і тата напісаў. Калі ён прыехаў і ўбачыў, што тут, то таксама не напісаў нічога. Бацькі не вярнуліся, а прыехалі. Вярнуцца можна на Радзіму, а Савецкі Саюз радзімай ім не быў. Гаварыць пра сваю рэакцыю было нель­га: паўсюль трэба было трымаць язык за зубамі. Але розніца паміж жыццём і жабрацтвам была відавочнай. Разам з бацькамі мы проста плакалі. У дарозе бачылі пасляваенную разруху і ў Францыі, і ў Германіі, і ў Польшчы, але тое, што было ў Саюзе, – проста жах.

Прыехалі не на Радзіму, а ў Савецкі Саюз

У Савецкім Саюзе сям’ю адправілі на Данбас у горад Сталіна, пасля – Данецк. Там жылі 10 год. Бацька зарабляў на пенсію: тое, што ён працаваў 18 год на шахце ў Францыі, Саветы не ўлічвалі.

У 1948 годзе ў Данбасе быў голад. Таму пасля прыезду бацька адправіў усю сям’ю чыгункай да сваякоў у родныя Кавалі, меркаваў, што ў Беларусі лягчэй. Але з Беларусі сваякі вярнулі нас назад: казалі ўцякаць, бо хутка тут будзе вайна з амерыканцамі.

Таму на Данбасе выкручваліся, як маглі. Елі салату з дзьмухаўцоў, лавілі на сметніку пасткай вараб’ёў, елі і галубоў – на смак як звычайная птушка, прыгадвае суразмоўца. У 1950-х ужо можна было купіць хлеб без картачак, толькі ў чарзе трэба было адстаяць.

– Да такога жыцця прывыкаеш і не здзіўляешся брыдоце, – прыгадвае Аляксандр. – А пабачыўшы прыгожае, вельмі цяжка ўспрымаць бруд.

Данецк у 1950-х. Фота з youtube.com.

Данецк у 1950-х. Фота з youtube.com.

Аляксандр-сын таксама працаваў у шахце. З-за радыкуліту давялося кінуць і пайсці на станказавод у Маладзечне.

У 1960 годзе бацька купіў у Маладзечне дом за заробленыя грошы за 40 тысяч савецкіх рублёў.

Нашаму суразмоўцу паехаць у Францыю дазволілі праз 53 гады пасля прыезду.

Гэты фотаздымак быў для Веры напамінам пра Бацькаўшчыну, калі яна жыла далёка ад роднай вёскі, праз яго расказвала дзецям пра цётку Сіму. Цяпер здымак захоўваецца ва ўнука Веры Салагуб Аляксандра, які жыве ў Францыі.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце