Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка -1° Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Грамадства
Вілейка, Валожын
17.03.2017 09:16 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Лішнія нервы і студэнцкае хваляванне: настаўнікі рэгіёна перамаглі ў абласной алімпіядзе для педагогаў

Настаўніца Ала Бітэль з Валожына атрымала дыплом 1 ступені па беларускай мове. Фота забяспечанае Алай Бітэль

Настаўніца Ала Бітэль з Валожына атрымала дыплом 1 ступені па беларускай мове. Фота забяспечанае Алай Бітэль.

Адчуць амаль студэнцкае хваляванне, нібы напярэдадні чарговай экзаменацыйнай сесіі, хоць ужо колькі год працуеш настаўнікам?

Педагогі рэгіёна, якія паўдзельнічалі ў дыстанцыйнай алімпіядзе для настаўнікаў Міншчыны, сцвярджаюць, што гэта цалкам магчыма. Больш за тое, хвалявацца часам даводзілася нават больш, чым у студэнцтве: вельмі абмежаваны быў час на выкананне.

Заданні першага этапу арганізатары патрабавалі зрабіць за адну гадзіну. На другі этап, больш складаны, адвялі чатыры гадзіны.

Усе заданні педагогі выконвалі ў школе і да вызначанага часу адпраўлялі на электронны адрас арганізатараў.

Свае веды маглі праверыць настаўнікі геаграфіі, нямецкай мовы, інфарматыкі, беларускай мовы і літаратуры. У алімпіядзе ўдзельнічалі педагогі з Валожына, Вілейкі, Мядзела, Маладзечна. Па ўсіх прадметах, акрамя нямецкай мовы, удзельнікі з нашага рэгіёна атрымалі дыпломы.

Мікалай Гіро: Таццяна Бруева – настаўніца, якая працуе над сабой і над дзецьмі

На думку дырэктара вілейскай школы №3 Мікалая Гіро, такія алімпіяды павышаюць узровень майстэрства настаўніка і ні ў якім разе не выклікаюць сумнення ў прафесійнасці педагога.

– Настаўнікі нашай школы ўдзельнічаюць у абласной дыстанцыйнай алімпіядзе ўжо другі год. Робяць гэта па асабістым жаданні, – распавядае дырэктар. – Летась таксама былі дыпломы.

А сёлета праверылі свае веды тры настаўнікі. Два з іх узялі дыпломы трэцяй ступені па інфарматыцы і геаграфіі. А настаўніца беларускай мовы Таццяна Бруева заняла першае месца ў вобласці.

Таццяна Аляксееўна ў нас малайчынка, кажа Мікалай Гіро пра сваю падначаленую. Гаворыць, што як толькі даведаўся пра вынікі, то патэлефанаваў Таццяне Аляксееўне з віншаваннямі.

 Дырэктар прызнаўся, што днямі гартаў папку-партфоліа Таццяны Бруевай і адзначыў, што ў кожным навучальным годзе гэта настаўніца і яе вучні маюць сур’ёзныя перамогі і на абласных, і на рэспубліканскіх конкурсах па беларускай мове і літаратуры.

На думку дырэктара, такіх вынікаў у працы настаўніца дабіваецца дзякуючы таму, што шмат працуе над сабой і над вучнямі.

Як кіраўнік Мікалай Гіро задаволены поспехамі настаўнікаў трэцяй школы. Аднак прызнаецца, што калі б і не было такіх добрых вынікаў, ніхто б не стаў крытыкаваць педагогаў.

Сама ж пераможца, настаўніца Таццяна Бруева, лічыць, што такія алімпіяды для настаўнікаў патрэбныя. Яны, на думку жанчыны, трымаюць педагога ў тонусе. Але такі момант, як лішнія нервы, калі нешта не атрымоўваецца, таксама ёсць.

Вучнi пакуль не ведаюць ні пра алiмпiяду, нi пра перамогу сваёй настаўніцы. Толькi  Люба Агарова, вучаніца Таццяны Бруевай і пераможца абласной алімпіяды па беларускай мове, радавалася за першае месца разам з настаўніцай.

Усе алімпіядныя заданні для настаўнікаў Таццяна Аляксееўна прапрацавала разам са сваёй вучаніцай. Зараз Люба рыхтуецца да рэспубліканскай алiмпіяды i лiшнi раз, на думку настаўніцы, патрэнiравацца не пашкодзiць.

Настаўніца з Валожына Ала Бітэль: я адчула сябе студэнткай

Калегу Таццяны Бруевай, настаўніцу з валожынскай школы №1 Алу Бітэль, таксама ўзнагародзілі дыпломам першай ступені. Валожынскія вучні, як і вілейскія, пра перамогу настаўніцы не ведаюць. Ды я і сама, прызнаецца настаўніца, толькі-толькі даведалася.

Ала Бітэль згодная з калегай з Вілейкі, што лінгвістычны аналіз тэксту быў найбольш складаным. Па-першае, таму што давалі мала часу. Па-другое, такую форму працы ў школе амаль не выкарыстоўваюць.

На думку валожынскай настаўніцы, алімпіяды для педагогаў даюць магчымасць узнавіць свае веды і адчуць сябе студэнтам. Да таго ж заданні, якія прапаноўвалі настаўнікам на алімпіядзе, можна выкарыстаць у школе на ўроку.

Па словах намесніка дырэктара валожынскай школы №1 Алены Трус, тут пытанні з удзелам у падобных мерапрыемствах вырашаюцца проста. У школе толькі дзве настаўніцы беларускай мовы, таму ў конкурсах яны ўдзельнічаюць па чарзе.

На час выканання алімпіядных заданняў педагогаў, расказала намеснік дырэктара, вызвалілі ад урокаў. Побач быў настаўнік інфарматыкі, каб не дапусціць тэхнічных праблем. А ўзнагародай настаўніцы за паспяховы ўдзел у алімпіядзе ад кіраўніцтва школы стане грашовая прэмія.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце