Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +23° Маладзечна
Вілейка +22° Вілейка
Смаргонь +23° Смаргонь
Ашмяны +22° Ашмяны
Валожын +23° Валожын
Мядзел +22° Мядзел
Астравец +23° Астравец
22.03.2017 15:52 ,AЎТАР(Ы): Аляксандра ПАРАХНЯ

Падчас вытворчасці вашага смартфона ўтварылася 86 кг смецця. Чытайце парады эколага, як паменшыць аб’ём адыходаў

Фота gkx.by.

Экалагічная канцэпцыя “нуль адходаў” (англ. – zero waste) набірае папулярнасць ва ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі. Вядома, што сучасны чалавек не зможа паўнавартасна жыць, увогуле не пакідаючы пасля сябе смецця. Але ж паменшыць яго колькасць – у нашых сілах.

Як гэта зрабіць без кардынальных пераменаў у паўсядзённым жыцці, “Рэгіянальнай газеце” расказала Марыя Сума, супрацоўніца праграмы па экалагічна сяброўскім ладзе жыцця Цэнтра экалагічных рашэнняў (Мінск).

Купляйце з розумам

Якія рэчы трапляюць у смецце? Зламаныя і тыя, якія аказаліся непатрэбнымі. Таму добра абдуманыя пакупкі не толькі зменшаць колькасць набытага, але і  зэканомяць грошы.

– Перад кожнай пакупкай задавайце сабе пытанне: ці сапраўды мне гэта трэба? Як доўга рэч будзе мне служыць? – рэкамендуе эксперт. – Адмоўцеся ад аднаразовых рэчаў – брытваў, пластыкавага посуду, ручак, у якіх не змяняецца стрыжань, – на карысць шматразовых.

Цяпер у Беларусі на перапрацоўку ідзе 15% смецця. Астатняе накіроўваецца на звалкі.

– Гэта добры паказчык з улікам таго, што ў 2005 годзе лічба была ледзь не ўдвая меншая, – каментуе Марыя Сума. – Але нават пры добрасумленным сартаванні ўсяго смецця і наяўнасці неабходных станцый сартавання і перапрацоўкі гэтая лічба ў Беларусі не зможа дасягнуць паказчыка вышэй за 27%.

Каля 30% смецця на звалках – гэта змешаныя адходы і арганіка, з якой у Беларусі пакуль не прыдумалі, што рабіць. Эколагі не падтрымліваюць прапановы па спальванні: у агонь могуць патрапіць небяспечныя рэчывы, напрыклад, лакі і фарбы, якія пры гарэнні забруджваюць паветра атрутнымі рэчывамі. Альтэрнатыўныя варыянты пакуль не абмяркоўваюцца.

Адзін з этапаў пераапрацоўкі пластыка – драбненне на шматкі. Фота diddlybop.ru.

Адзін з этапаў пераапрацоўкі пластыка – драбненне на шматкі. Фота diddlybop.ru.

Выбірайце тыя матэрыялы, якія можна перапрацаваць

Важна ведаць, якія рэчы з вашай сметніцы пойдуць на звалку, а якія – на перапрацоўку. І зрабіць так, каб смецце другога віду пераважала.

– Напрыклад, набываючы цукар, лепей выбраць фасоўку ў папяровых, а не пластыкавых пакетах, – кажа Марыя Сума. – А мяса набываць не ў белых ці жоў­тых латочках, якія не перапрацоўваюцца ў Беларусі, а ў пластыкавых – іх пасля можна пераплавіць.

Пазбягайце пластыку з пазнакай 3, 6 і 7 у адмысловым трохкутнічку. Гэтыя віды ў Беларусі не перапрацоўваюцца.

Памятайце, што батарэйкі, бытавую тэхніку, метал ці аўтамабільнае смецце можна здаць у адмысловыя пункты прыёму. Шкло таксама ідзе на перапрацоўку, хоць яго і не сартуюць па колерах, як на Заха­дзе. Таму рэчы з перапрацаванага шкла атрымліваюцца не такой добрай якасці.

Перапрацоўка макулатуры – таксама не бясконцы цыкл, як нам часта падаецца.

– Папера можа вытрымаць каля шасці паўторных выкарыстанняў, – кажа Марыя Сума. – Пасля валокны становяцца надта ломкімі і непрыдатнымі для новых рэчаў.

На думку эксперта, самая лепшая і экалагічная альтэрнатыва – папярэдзіць утварэнне смецця.

Эколагі раяць хадзіць за пакупкамі толькі з палатнянымі торбамі. Фота gngdeliveryllc.com.

Эколагі раяць хадзіць за пакупкамі толькі з палатнянымі торбамі. Фота gngdeliveryllc.com.

Аддавайце рэчы ў рамонт

Калі ў нас нешта ламаецца, мы часта вырашаем не мучыцца з рамонтам, а проста набыць новую рэч. Рабіць менавіта так нам падказвае і кашалёк: рамонт можа каштаваць нашмат даражэй, чым новая рэч.

Пакуль паводзіны “купляй новае, а не рамантуй” падтрымліваюцца дзяржавай і вытворцамі, цяжка чакаць памяншэння аб’ёмаў смецця.

У Швецыі з гэтай праблемай змагаюцца на дзяржаўным уз­роў­ні: ва ўсіх майстэрнях кожны чарговы рамонт абыходзіцца кліенту ўсё танней.

– Цудоўна, калі асобныя людзі стараюцца жыць па прынцыпе “нуль адходаў”,  – кажа Марыя Сума. – Але пакуль да гэтага не далучыцца дзяржава, вынікі не будуць відавочнымі. Важна, каб вытворцы былі зацікаўленыя ў выкарыстанні такіх матэрыялаў, якія можна выкарыстоўваць паўторна. І каб тыя вытворцы, якія збіраюць тару на перапрацоўку, мелі субсідыі. Але Беларусь на самым пачатку гэтага шляху.

Інфаграфіка ecoidea.by.

Інфаграфіка ecoidea.by.

Як кожны з нас можа павялічыць працэнт перапрацоўкі смецця

1 Набываючы малоч­ныя прадукты, выбірайце тыя, што разліваюцца ў пластыкавыя празрыстыя бутэлькі. ПЭТ, з якога яны зробленыя, пойдзе на перапрацоў­ку. Кардонныя пакеты “тэтра-пак” насамрэч складаюцца не толькі з кардону, але і слаёў пластыку і металу. У Беларусі “тэтра-пакі” не перапрацоўваюцца і выкідваюцца на агульныя сметніцы.

Тое ж і з пластыкавымі бутэлькамі белага колеру – з-за кампаненту-фарбавальніка пластык робіцца непрыдатным для перапрацоўкі.

2 Выкідваючы блакноты і сшыткі на спружынах, не палянуйцеся аддзяліць спружыну: яе выкінуць у пластык, а лісты – у макулатуру. Таксама адрывайце пластыкавыя “акенцы” ад канвертаў і ўпакоўкі.

3 З пластыкавых бутэлек ад пітнога ёгурту здымайце тэрмаэтыкетку, якая ўшчыльную абцягвае бутэльку. Яна зробленая з іншага віду пластыку. Калі вы не здыміце этыкетку, цэлая бутэлька з сартавальнай лініі пойдзе на звалку, нават калі яна зробленая з ПЭТ.

4 Бярыце ў краму палатняную торбу, каб не прыносіць кожны дзень дамоў новыя пластыкавыя пакеты. Не вядзіцеся на “бясплатнасць”. Для вас яны бясплатныя, але на іх вытворчасць былі патрачаныя сродкі, матэрыялы і энергія.

Ці ведалі вы, што 2-3% сусветнай здабычы нафты ідзе на вытворчасць пластыкавых пакетаў?

5 На працы не карыстайцеся пластыкавымі ці папяровымі кубачкамі, лепей прынясіце з дому керамічны. Тыя кубачкі, якія мы называем “папяровымі”, унутры пакрытыя пластыкавай плёнкай, каб не прапускаць вадкасць. Іх на перапрацоў­ку не бяруць.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце