Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +13° Маладзечна
Вілейка +13° Вілейка
Смаргонь +13° Смаргонь
Ашмяны +13° Ашмяны
Валожын +13° Валожын
Мядзел +13° Мядзел
Астравец +13° Астравец
Грамадства
Астравец
5.04.2017 10:13 ,AЎТАР(Ы): Аляксандра ПАРАХНЯ, Марыюш АНТАНОВІЧ

З-за Астравецкай АЭС літоўскую ўладу абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе. Падрабязнасці – у літоўскага эксперта Марыюша Антановіча

Фота sputnik.by.

Пытанне будучага суседства Літвы з беларускай АЭС нашы заходнія суседзі абмяркоўваюць столькі ж, колькі ідзе будаўніцтва. 

ле апошнім часам чуваць усё больш крытыкі ў бок Лінаса Лінкявічуса, міністра замежных спраў Літвы, за пасіўнасць у гэтай дыскусіі.

Ці сапраўды суседства АЭС перастае хваляваць літоўцаў? І чаму сітуацыю вакол Астраўца называюць самым вялікім за 27 гадоў незалежнасці паражэннем Літвы ў замежнай палітыцы?

Спецыяльна для “Рэгіянальнай газеты” пра гэта распавядае Марыюш Антановіч, выкладчык Інстытута міжнародных адносін і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта.

Астравец – экалагічная і эканамічная небяспека для Літвы

Ад самага пачатку будоўлі Астравецкай АЭС у 2009 годзе Літва мела вельмі негатыўнае стаўленне да гэтага праекта.

Па-першае, краіна бачыць у ім экалагічную небяспеку. Калі на Астравецкай АЭС дойдзе да аварыі, трэба будзе эвакуяваць практычна цэлы Віленскі раён разам з Вільняй. На гэтай тэрыторыі жыве амаль палова жыхароў Літвы. Летась у сакавіку міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заўважыў, што Беларусь не прытрымліваецца міжнародных норм бяспекі: “На жаль, мы дагэтуль не маем інфармацыі наконт уплыву АЭС на навакольнае асяроддзе.

Беларускія ўлады не выказваць гатоўнасці выканаць абяцанне наконт тэставання АЭС у неспрыяльных умовах”.

Гэтыя словы прагучалі падчас сустрэчы літоў­скага дыпламата з прадстаўніком Дзяржаўнага дэпартамента энергетыкі ЗША Амосам Хоштэйнам.

Паводзіны беларускага кіраўніцтва толькі пацвярджаюць занепакоенасць літоўскага боку.  Летась 10 ліпеня на будоўлі Астравецкай АЭС адбылася аварыя: падчас спробы ўстаноўкі аднаго з рэактараў 330-тонная канструкцыя звалілася з вышыні ў некалькі метраў.

Выкладчык Віленскага ўніверсітэта Марыюш Антановіч.

Выкладчык Віленскага ўніверсітэта Марыюш Антановіч.

Беларускі бок сцвярджае, што тэрыторыя будоўлі адкрытая для міжнародных экспертаў, але Літва не згодная з такім сцвярджэннем. Пару тыдняў таму, 23 лютага, прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з Ангелай Меркель падымаў пытанне аб праблеме доступу да астравецкай  будоўлі. Звычайныя жыхары Літвы таксама перакананыя, што Беларусь ставіцца да пабудовы АЭС легкадумна і не прытрымліваецца правіл бяспекі. 

Па-другое, у Астравецкай АЭС Літва бачыць небяспеку для сваёй энергетычнай незалежнасці.

Паступленне беларускай электрычнасці на літоўскі рынак зрабіла б немагчымым імкненне Літвы выйсці з БРЭЛЛ − агульнай энергетычнай сістэмы, якая аб’ядноўвае Беларусь, Расію, Эстонію, Латвію і Літву. Таксама гэта не дазволіць Літве сінхранізаваць свае электрычныя сеткі з заходнееўрапейскімі.

Яшчэ адзін немалаважны момант – атамную электрастанцыю ў Астраўцы будуе дзяржаўная расійская карпарацыя “Росатам”, што таксама не выклікае даверу літоўскага боку ў справе ўсяго праекта.

Чаму Літва пасіўна рэагавала на суседства АЭС

Беручы пад увагу ўсе гэтыя факты, трэба заў­важыць, што Літва вельмі мала зрабіла для таго, каб прадухіліць будаўніцтва ў Астраўцы. У большасці выпадкаў дзеянні Літвы абмяжоўваліся да кансультацый з беларускім бокам і прыгадваннем АЭС у дыскусіях на міжнароднай арэне.

Чаму так выглядала? Ёсць дзве прычыны. Першая – да канца 2012 года Літва сама мела намер пабудаваць ўласную атамную электрастанцыю ў Вісагіні. Меркавалася, што будаўніцтва ў Вісагіні цалкам пазбавіць Астравецкую АЭС эканамічнага фундамента, у выніку чаго астравецкі праект капітулюе.

Літва ўспрымала ідэю беларускай АЭС як беларуска-расійскі блеф, мэта якога – націснуць на Літву, каб тая адмовілася ад сваіх ядзерных амбіцый.

Таму Астравец успрымаўся гэтак жа несур’ёзна, як і Балтыйская АЭС у Калінінградскай вобласці Расіі, будоўля якой замарожаная.

Гэта адна з прычын, па якіх урад Альгірдаса Буткявічуса ў 2012-2016 гадах амаль не падымаў гэтай тэмы ні на міжнароднай арэне, ні ва ўнутранай палітыцы. Яго ўрад таксама адмовіўся ад праекта літоўскай АЭС у Вісагіні.

Зоны радыёактыўнага забруджання Астравецкай АЭС на тэрыторыі Літвы. Малюнак Radiacines saugos centras.

Зоны радыёактыўнага забруджання Астравецкай АЭС на тэрыторыі Літвы. Малюнак Radiacines saugos centras.

Літва пачынае “бітву за Астравец”

На пачатку гэтага года літоўская эліта, бы ў казцы “Спячая прыгажуня”, раптоўна абудзілася.

На тэрыторыі Літвы, у памежных з Беларуссю рэгіёнах, ужо можна няўзброеным вокам пабачыць Астравецкую АЭС. Місія МАГАТЭ ў студзені гэтага года наведала Астравец і дала пазітыўнае заключэнне. Але Лінас Лінкявічус звяртае ўвагу на тое, што МАГАТЭ займаецца толькі праверкай праекта будоўлі. 

– Місія МАГАТЭ ацэньвае толькі тыя элементы, якія вызначыла Беларусь. Напрыклад, не была ацэненая пляцоўка для будаўніцтва. Таму мы вельмі занепакоеныя тым, што стандарты міжнароднай ­ядзернай бяспекі ў Астраўцы выконваюцца селектыўна, – прыво­дзяцца словы міністра на сайце Міністэрства замежных спраў Літвы.

Рэзкае “абуджэнне” выклікала вострую дыскусію ў літоўскім грамадстве: чаму правячыя палітыкі і дыпламаты так доўга ігнаравалі пытанне Астравецкай АЭС? Чаму і цяпер іх гэта так мала хвалюе? Як магло атрымацца, што Літва галасавала за зняцце санкцый з рэжыму Лукашэнкі, абсалютна не беручы пад увагу сітуацыю з Астраўцом?

Некаторыя акадэмікі і былыя дыпламаты наў­прост абвінавацілі літоўскую ўладу ў здра­дзе дзяржавы і літоўскага народа.

Літва разумее: або яна цяпер пачне сур’ёзна займацца сітуацыяй вакол Астравецкай АЭС, або палова яе жыхароў ад 2018 года будзе жыць пад радыеактыўнай пагрозай. Таму можна сказаць, што Літва пачынае “апошнюю бітву” за прыпыненне будаўніцтва беларускай АЭС.

У гэтай сітуацыі магчымыя два сцэнары. Гэта можа быць поўнае прыпыненне будаўніцтва электрастанцыі і адмова Мінска ад праекта ў Астраўцы. Гэтага дамагаюцца тыя, хто крытыкуе ўрад. Але ніхто дагэтуль так і не знайшоў рэцэпт, як прымусіць Беларусь адмовіцца ад АЭС.

Другі, куды больш верагодны сцэнар, мае ў сваёй аснове дамову Літвы і суседніх краін аб тым, каб не купляць электрычнасць у Астравецкай АЭС і не транспартаваць яе ў іншыя дзяржавы. Такі крок заблакаваў бы Беларусі доступ да еўрапейскіх рынкаў і прымусіў бы беларускае кіраўніцтва не карыстацца АЭС па адной простай прычыне: яна б выпрацоўвала над­та шмат электрычнай энергіі, якую не было б куды рэалізоўваць.

У любым выпадку, нават калі ў Літвы і атрымаецца зрабіць так, каб Астравецкая АЭС не працавала, то сам факт яе будаўніцтва ўжо застанецца своеасаблівым сімвалам самага вялікага за 27 гадоў незалежнасці паражэння Літвы ў сферы замежнай палітыкі.

Марыюш АНТАНОВІЧ.

Пераклала на беларускую мову  Аляксандра ПАРАХНЯ.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце