Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +20° Маладзечна
Вілейка +20° Вілейка
Смаргонь +20° Смаргонь
Ашмяны +20° Ашмяны
Валожын +21° Валожын
Мядзел +20° Мядзел
Астравец +20° Астравец
Гісторыя
28.03.2017 10:52 ,AЎТАР(Ы): Сяргей ГАЙКОВІЧ

Пасляваенны футбол у Маладзечне

Маладзечанская каманда 50-х гадоў

Маладзечанская каманда 50-х гадоў. Фота забяспечана сям'ёй Юрыя Адзінцова.

Маладзечанцы заўсёды ганарыліся сваёй моцнай футбольнай школай. Ды і каманда магла пахваліцца сваімі дасягненнямі – перамогай у чэмпіянатах і ўдзелам у вышэйшай лізе. А пачалося ўсё яшчэ ў 40-х гадах мінулага стагоддзя. Сяргей Гайковіч расказвае пра першыя гады станаўлення футбольнай каманды з Маладзечна.

Бяда, якая напаткала нашы землі ў першай палове саракавых гадоў, змянілася радасцю вялікай Перамогі і смуткам ад чалавечых стратаў. Пасля разбуральнай вайны трэба было аднавіць народную гаспадарку. Пры гэтым неабходны быў адпачынак для душы. Для моладзі такім стаў футбол.

Гулялі ў Маладзечне на тым жа месцы, што і цяпер, выкарыстоўваючы добраўпарадкаваную “геляноўскую” паляну. Пра гэта напрыканцы 1990-х успамінаў ветэран каманды Ула­дзімір Чарнышоў. Ён быў лідарам гарадской дружыны, сваёй асобай цэментаваў яе склад. Будучы ў вельмі сталым узросце, тым не менш добра помніў імёны і прозвішчы партнёраў па камандзе. Чалавекам, які выконваў у нас кіраўнічыя, адміністрацыйныя функцыі, стаў Аляксандр Гарбылёў. Кадравы ваенны, франтавы снайпер, у будучым адзін з кіраўнікоў мінскага “Дынама” з саюзнага чэмпіянату.

Саракавыя, пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя адметныя тым, што была Мала­дзе­чанская вобласць у скла­дзе Беларускай ССР. Статыстычныя футбольныя дадзеныя таго часу падрыхтаваныя аматарам гэтай справы са сталіцы Ігарам Драждзянюком па заказе аўтара сённяшняга арты­кула. Знойдзеная інфармацыя сведчыць, што розыгрыш абласнога Кубка право­дзіўся, пачынаючы з 1946 года.

На працягу дзесяці гадоў запар кубкавым пераможцам станавілася каманда пад назвай “Дынама” (Маладзечна), якая мела адносіны да сілавых структур.

У 1956-м і 1957-м гадах першынствавала каманда з Валожына, а ў 1958-м і 1959-м гадах – проста каманда з Мала­дзечна.

На абласным узроўні спаборніцтва не спынялася. Уладальнік Кубка атрымліваў права пазмагацца за рэспубліканскі трафей.

У большасці сезонаў наш прадстаўнік спыняўся ўжо на першай стадыі ўсебеларускага розыгрышу. Натуральна, былі і прыемныя выключэнні.

1948 год. Дынамаўцам удалося перамагчы ў матчы 1/8 фіналу на выездзе ў Гродне мясцовы “Лакаматыў” з лікам 2:1. Потым у чвэрцьфінале сустракаліся дома з мінскім “Трактарам”. Матч адбыўся ў прысутнасці прыкладна 1000-1500 гледачоў. Госці былі мацнейшыя, лік 3:2.

1953 год. Дынамаўцы перамаглі дома ў 1/8 фіналу каманду “Спартак” (Магілёў) з лікам 6:0. Праз тыдзень у чвэрцьфінале саступілі на выездзе мазырскаму “Будаўніку” з лікам 1:3.

Што тычыцца правядзення рэгулярнага чэмпіянату БССР (у некаторыя сезоны – проста непрацяглай спартакіяды), то ў архівах ёсць інфармацыя, пачынаючы з 1949 года.

Цікава, што гэты сезон стаў паспяховым для маладзечанскага “Дынама”. Спачатку каманда выйграла чэмпіянат сваёй вобласці. Потым, у сярэдзіне ліпеня, былі атрыманы тры перамогі на занальным турніры ў Магілёве над прадстаўнікамі вайсковай часці з Крычава, над віцебскім “Лакаматывам” і над полацкім “Спартаком”. Нарэшце напрыканцы ліпеня адбыўся фінальны турнір чатырох камандаў у Мінску. Тут маладзечанцы ў выніковай табліцы саступілі гаспадарам з МТЗ і бабруйскаму “Спартаку”, але перамаглі брэсцкае “Дынама”. Гэта быў першы значны поспех нашага гарадскога футбола. Прызавое месца на рэспубліканскім узроўні здабылі такія гульцы, як варатары Канстанцін Зацыркляны і Мікалай Маслаў, палявыя Вячаслаў Раўбо, Міхаіл Кочатаў, Васіль Лупіносаў, Яўген Багаслоў­скі, Аляксандр Маслаў, Мікалай Жыўлакоў, Іван Артамонаў, Мікалай Скамарцоў, Міхаіл Карасёў, гуляючыя трэнеры Ула­дзімір Чарнышоў і Аляксандр Гарбылёў.

1950 год. “Дынама” заняла другое месца з чатырох у камандна-занальным турніры (3 матчы) у Гомелі.

1951 год. “Дынама” заняла восьмае месца з дванаццаці камандаў у другой па ўзроўні групе (22 матчы).

1952 год. “Дынама” заняла дзявятае месца з дванаццаці камандаў у другой па ўзроўні групе (22 матчы).

1953 год. “Дынама” заняла восьмае месца з васьмі камандаў на занальным турніры (7 матчаў).

1954 год. Фінальны турнір другой па ўзроўні групы прайшоў без ­удзелу маладзечанцаў.

1955 год. Зборная вобласці заняла чацвертае месца з чатырох у камандна-занальным турніры (3 матчы) у Гродне.

1956 год. Зборная вобласці заняла дзявятае месца з дзевяці камандаў сярод абласцей (4 матчы).

1957 год. Зборная горада заняла шостае месца з шасці ў камандна-занальным турніры (10 матчаў).

1958 год. Зборная горада заняла пятае месца з пяці камандаў на занальным турніры (8 матчаў).

Чарговы поспех маладзечанскага футбола датаваны 1959-м годам. Зборная вобласці выйграла дамашні занальны турнір, перасягнуўшы сапернікаў з Гомельскай, Магілёўскай, Брэсцкай абласцей і каманду “Мінск-2”. Потым на фінальным турніры ў сталіцы занялі прызавое трэцяе месца пасля “Мінска-1” і Гродзенскай вобласці, апярэдзілі Гомельскую вобласць. Гуляючы кіраўнік тагачаснага калектыву Юры Адзінцоў успамінаў такія падрабязнасці.

– Галоўным рэспубліканскім турнірам была спартакіяда сярод абласцей. Наша гарадская каманда стала чэмпіёнам Маладзечанскай вобласці. У шэрагу лепшых мясцовых гульцоў другой паловы 50-х можна назваць Аркадзя Салагуба, Уладзіміра Чарнышова, Івана Траскоўскага са Смаргоні.

Мне даверылі ўзначаліць абласную зборную. Касцяк яе складалі хлопцы-расіяне, якія служылі ў Паставах; самі прыехалі з Падмаскоўя, двое нават з Масквы. Правялі трэніровачныя зборы, некалькі кантрольных матчаў, падрыхтаваліся. Дома “зона” была. Дзве каманды мелі права выйсці з групы, але мы занялі нават першае месца. У фінальным турніры сталі трэцімі пасля “Мінска-1” і гродзенцаў.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце