Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +13° Маладзечна
Вілейка +13° Вілейка
Смаргонь +13° Смаргонь
Ашмяны +13° Ашмяны
Валожын +14° Валожын
Мядзел +13° Мядзел
Астравец +13° Астравец
Культура
14.04.2017 10:32 ,AЎТАР(Ы): выкладчык цымбалаў Юрась ЦЕРАБУН мастак

Мастакі не паміраюць. Яны становяцца нябачнымі. Юрась Герасіменка-Жызнеўскі

Юры Герасіменка-Жызнеўскі

Юры Герасіменка-Жызнеўскі. Фота Міхаіла Асаевіча.

З Юрасём Герасіменкам упершыню мне давялося спаткацца ў студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пры Маладзечанскім абласным Доме народнай творчасці.

Яго бацька Павел Пятровіч Герасіменка праводзіў з намі заняткі па асновах скульптуры. Заўсёды ў берэце, патрабавальны і строгі, ён усім нам вельмі падабаўся.

Сямён Іванавіч Кісель вёў малюнак. Эмір Мустафавіч Асановіч – жывапіс. Ядвіга Іосіфаўна Раздзялоўская – дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У Кастуся Іванавіча Харашэвіча было агульнае кіраўніцтва студыяй. Ён ведаў кожнага з нас і прысутнічаў на занятках і праглядах.

Выхаваны ў лепшых традыцыях сацыялістычнага рэалізму, я не мог зразумець тагачасны авангард.

Чаму на выставе твораў выкладчыкаў студыі ў Эміра Мустафавіча Асановіча намаляваная нажоўка толькі з пяццю буйнымі зубамі. Студыец Пётр Дзёмаў параіў звярнуць увагу, як перададзены метал і драўляная ручка, а якая дасканалая агульная кампазіцыя нацюрморта.

Убачыўшы, што я ў роспачы, студыйцы вырашылі мне дапамагаць.

Іван Смальякоў кажа:

– Твой збанок такі прыгожы і падобны, але ён не матэрыяльны. Старайся маляваць так, каб па ім можна было пастукаць.

Больш за ўсіх мне дапамагаў Юрась Герасіменка:

– Малюй смела, размашыста, энергічна і ніякага “мыльца”. Калі бачыш, што дрэнна, не тры малюнак да дзірак. Хуценька бяры новы ліст. Гумка створаная толькі для таго, каб азначыць нейкі блік.

Калі пачнецца праца над нацюрмортам, не саромейся заняць зручнае месца і не сядай далёка.

Падыдзі блізка і вывучы прадметы. У аснове збанка шар. Вось і трымайся яго. Вывучы, як мацуецца ручка,  як зробленае дно. На невялічкім лісце паперы зрабі накід нацюрморта, каб потым на вялікім не давялося перасоўваць прадметы. Алоўкам на выцягнутую руку вызначы суадносіны прадметаў у маштабе.

Пасля гэтага, як кажуць дзеці, жадання пакінуць вучобу ў мяне больш не было.

Юрась прыходзіў на заняткі з вялізнай кардоннай папкай з ручкамі з вяроўкі. Абмяркоўваў свае самастойныя хатнія працы з педагогамі. Па ўсім было відаць, што ён рыхтуецца да паступлення ў Мінск.

Неўзабаве мы даведаліся, што яго залічылі ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне прамысловай графікі.

Глыбіня мыслення, незвычайная працаздольнасць і бездакорнае валоданне малюнкам дазволілі Юрасю Герасіменку перавесціся на аддзяленне графікі, аб якім ён так марыў.

Пасля заканчэння БДТМІ яму прапанавалі працу на кафедры, але ён адмовіўся. Хацеў быць бліжэй да зямлі і простых людзей. Да таго ж, у яго ўжо была свая сям’я. Юрась ажаніўся адразу як стаў студэнтам.

Які ён быў шчаслівы, калі трымаў у руках першую дзіцячую кніжку “В городке над Нёманом” са сваімі ілюстрацыямі. У той момант я быў не менш шчаслівы за яго, калі прачытаў: “Художник Юрий Герасименко”.

Назаву ўсе кнігі, якія ён ілюстраваў, каб чытачы ці будучыя студэнты мелі магчымасць знайсці іх у бібліятэках.

Генадзь Каханоўскі “Адчыніся, таямніцу часу”,

Мікола Хведаровіч “Споведзь перад будучыняй”,

Марыя Каўнацкая “Рагась з даліны Растокі”,

Васіль Вітка “Мы будуем метро”,

Васіль Вітка “Казкі і краскі”,

Васіль Зуёнак “Маўчанне травы”,

“Каток – залаты лабок”. Беларускія народныя казкі,

Якуб Колас. Избранное,

Васіль Быкаў “Знак бяды”.

Зноў Маладзечна. Юрась Герасіменка кіраўнік студыі, да яго вёў заняткі Валянцін Васілевіч. Студыя была на другім паверсе сённяшняга Мінскага абласнога драматычнага тэатра.

Студыя адымала шмат часу, сіл і здароўя. Аб уласнай творчасці не магло быць нават гаворкі. Выдавецтва засыпала пісьмамі, патрабуючы ў тэрмін выконваць заказы па афармленні кніг.

Не меў часу схадзіць дамоў паесці, бо на ўліку была кожная хвіліна.

Пасля таго як закрылі афарміцельскі цэх мастацкага камбіната ў Маладзечне, шмат мастакоў пайшло працаваць педагогамі.

Адкрылася гімназія- каледж па музыцы і выяўленчым мастацтве. Дырэктар дзіцячай мастацкай школы Васіль Аляксеевіч Таркан набраў групу выпускнікоў, якія пажадалі вучыцца далей. Стала цеснавата. Жылі па прынцыпе “хоць у цеснаце, але ў мастацтве”.

Калі ў музычным каледжы імя Агінскага было створанае аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, Юрась Герасіменка перайшоў туды на працу.

Шмат працаваў як станковы графік. Прыйшлі поспех і заслужаны аўтарытэт міжнароднага ўзроўню.

Здавалася, толькі жыць і працаваць, але стала падводзіць здароўе.

Ён згас як касцельная свечка за кароткі час, пражыўшы толькі 48 гадоў. Напрыканцы жыцця да свайго прозвішча дадаў дзявочае  прозвішча маці Марыі Людвікаўны Жызнеўскай, такая была яго апошняя воля.

Пахаваны ў Даўгінаве на сваёй радзіме.

Мастацтвазнаўца Пётр Васілеўскі сказаў пра Юрася Герасіменку-Жызнеўскага:

– Яму не хапіла нейкіх пяці гадоў жыцця, каб пра яго можна было гаварыць не як пра выдатнага і таленавітага мастака, а як пра геніяльнага.

Сыны і нявесткі таксама закончылі Акадэмію мастацтваў.

Павел і Алеся – скульптары. Жывуць і працуюць разам у Брэсце. У іх сынок Алёшачка.

У Андрэя спецыяльнасць мастацкая апрацоўка металу. Жонка, Святлана, – мастак-кераміст. Сын, Юра, – студэнт. Жывуць і працуюць у Мінску.

Валянціна Васільеўна Герасіменка – іх маці, бабуля – народны майстар па вязанні мастацкага фонду Беларускага Саюза мастакоў, жыве ў Маладзечне.

***

Мастакі не паміраюць. Яны становяцца нябачнымі і жывуць побач з намі ў сваіх творах, вучнях і ўспамінах.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце