Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +12° Маладзечна
Вілейка +12° Вілейка
Смаргонь +12° Смаргонь
Ашмяны +13° Ашмяны
Валожын +13° Валожын
Мядзел +11° Мядзел
Астравец +12° Астравец
Спорт
2.04.2017 19:13 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

"У слове каманда няма літары я". Таму 11-гадовы хакеіст трэніроўкі не прапускае

Вася Апановіч

Вася Апановіч. Фота Наталлі Тур.

Васю Апановічу ў дзень, калі мы з ім пазнаёміліся, споўнілася 11 гадоў.

Пяць з іх – ён хакеіст каманды “Дынама-Маладзечна-2005”. Раней каманда называлася па-іншаму, але цяпер у нас новая форма, а значыць, гутарыць мы будзем з сапраўдным дынамаўцам.

Каманда гуляе ў рэгулярным чэмпіянаце краіны. Вася – правы нападаючы і ў нядаўнім матчы супраць каманды з Оршы забіў тры шайбы, у выніку каманда выйграла.

– Наперадзе гульні з Наваполацкам і Лідай. І чамусьці ў Лідзе нашай камандзе не шанцуе. Заў­сёды ў гасцях прайграём.

Трэнер каманды Андрэй Пічуха вучыць сваіх падначаленых перад гульнёй настройвацца і верыць у перамогу.

– Андрэй Юр’евіч нам кажа, што пакуль не прагучала фінальная сірэна, гульня яшчэ не скончаная і расслабляцца да апошніх секунд нельга. Так было ў матчы з Оршай. За 20 секунд да заканчэння гульні лік быў 4:4. Аднак мы змаглі вырваць перамогу.

Цяпер каманда Васі займае першае месца ў чэмпіянаце.

– Перад гульнёй трэнер забараняе нам гуляць на вуліцы, стамляцца, бегаць. У распранальні нельга смяяцца.

Трэніруюцца 10-гадовыя хакеісты кожны дзень.

– Выхадны бывае толькі на наступны дзень пасля гульні. Я трэніроўкі не прапускаю яшчэ і таму, што са мной у камандзе гуляюць мае лепшыя сябры: Антон Грышчук, Глеб Русакевіч, Косця Бобрык, Арсень Арол.

У нядзелю, расказвае Вася, здараецца, што першая трэніроўка пачынаецца ў шэсць раніцы.

– Мама, бывае, кажа, каб я лепш паспаў, не ішоў, але я ёй на гэта адказваю: “Мама, у слове каманда няма літары я, калі я не пайду на трэніроўку,  падвяду сваю каманду”.

У хакей Вася прыйшоў пяць гадоў таму, калі быў яшчэ першакласнікам.

– Мы з мамай і татам пайшлі катацца ў наш Лядовы палац на каньках, там убачылі аб’яву, што набіраюцца дзеці для заняткаў хакеем. Бацькі спыталіся ў мяне: “Хочаш?” Я адказаў: “Хачу”. Так і стаў займацца. Канешне, у дзяцінстве марыў быць кімсьці, нават маляваў пэўны час, а цяпер разумею, што мару быць знакамітым хакеістам. І пра сабаку мару, – шчыра прызнаецца хлопчык.

Васю на дзень нара­джэння бацькі абяцалі падарыць хатняга гадаванца.

– Я, вядома, мару пра сабаку, але тады яшчэ давядзецца думаць пра вялікі дом, бо ў кватэры сабаку будзе цесна. Тата не любіць катоў, а мама пацукоў. Я думаў пра чарапаху, але яна жыве 300 гадоў. Хто будзе яе даглядаць, калі мы ўсе памром? – на поўным сур’ёзе пытаецца Вася. Відаць, у мяне будзе папугай.

Акрамя хакея, Вася захапляецца тым, што збірае вялікія канструктары.

– А камп’ютары не люблю. Ну што ён? Машына. З сябрамі ж весялей пагуляць. А за камп’ютарам сяджу тады, калі пераглядаю свае матчы, трэба ж разабрацца, дзе я, магчыма, зрабіў памылку. І татавы канцэрты таксама ў інтэрнэце гляджу, а вось мае матчы тата амаль не прапускае.

Бацьку Васі завуць Дзмітры, ён музыкант у аркестры, працуе ў Мінску.

– Але хакей тата любіць не менш, чым музыку. Мы аднойчы гулялі са слабай камандай і прайгралі ім. Як тата злаваўся, як крычаў! Я тады падумаў, што пасля гэтага сыду з каманды, кіну хакей. Але ўсё ж вырашыў застацца.

Вася пагаджаецца з выразам, што ў хакей павінны і могуць гуляць толькі сапраўдныя мужчыны.

– Так і ёсць. Хакей прывучае змагацца, быць смелым, не звяртаць увагі на траўмы. На жаль, у хакеі, нават у дзіцячым, траўмы здараюцца часта. Майго сябра аднойчы “хуткая” забрала з трэніроўкі. Мы гулялі з хлопцамі 2002 года нараджэння, і сапернікі павялі сябе неспартыўна: выбілі майго сябра за борцік, а ён атрымаў вывіх нагі. Я вельмі перажываў за яго, за тое, што на некалькі тыдняў мяне пакінулі без партнёра па каман­дзе.

А яшчэ, расказвае Вася, хакей вучыць адказваць за свае словы, прызнаваць памылкі.

– Нас трэнер аднойчы спытаўся, што рабіць, калі вы пабеглі ў атаку, а ў абарону сіл вярнуцца няма. Мы адказалі, што тады сябры па камандзе павінны падстрахаваць. А трэнер кажа: “Добра, вас сусед па камандзе падстрахаваў, а ў яго самога таксама няма сіл больш працягваць гуляць за сябе”. І што тады рабіць? Задача.

Задачы Вася ўмее рашаць не толькі хакейныя. Вучыцца Васіль Апановіч на 8-10. Любімыя прадметы ў яго – матэматыка і беларуская мова.

– А яшчэ я вельмі рады, што цяпер вучуся ў першую змену. Таму што, калі вучыўся ў другую, урокі даводзілася прапускаць. А цяпер у маім раскладзе ўсё дакладна: раніцай школа, потым хутчэй рабіць урокі, каб паспець на трэніроўку, потым трэніроўка, час на гульню і спаць. У таго, хто марыць быць знакамітым хакеістам, дысцыпліна і рэжым павінны быць на першым месцы.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце