Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь +1° Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец +1° Астравец
Грамадства
2
9.04.2017 12:27 ,AЎТАР(Ы): Аляксандра ПАРАХНЯ

Чаму важна адзначыць Вербніцу і Радаўніцу без пластыку. Эколагі б’юць трывогу: беларускія могілкі патанаюць у штучных кветках

Эколагі рэкамендуюць не спакушацца коштам і яркасцю штучных кветак

Эколагі рэкамендуюць не спакушацца коштам і яркасцю штучных кветак. Фота slavdelo.dn.ua.

Вясна для хрысціян пачынаецца шэрагам важных святаў: гэта і Вербніца, і Вялікдзень, і Радаўніца. Кожны з гэтых дзён мае свае шматвяковыя традыцыі. Атрыбуты святаў у сваю чаргу крыху змяняюцца.

Цяпер на Вербніцу мы бяром у храм не толькі галінкі вярбы, але і прымацоўваем да іх яркія штучныя кветкі – для прыгажосці. На Радаўніцу не толькі прыбіраем магілы родных, але і ставім на іх тыя ж штучныя кветкі – зноў жа для прыгажосці.

Але чым такая прыгажосць “адплаціць” навакольнаму асяроддзю? Напярэдадні вясенніх святаў эколагі спрабуюць дастукацца да беларусаў: задумайцеся перад тым, як рыхтавацца да Вербніцы і Радаўніцы! Букеты пластыкавых кветак згубяць колер праз пару месяцаў, а на звалках будуць ляжаць стагоддзямі.

Штучныя кветкі – спосаб зэканоміць?

Жаданне трымаць у чысціні і прыгажосці месца, дзе пахаваныя любімыя людзі, цалкам зразумелае. Такім чынам мы выказваем сваю любоў і памяць аб памерлых.

Часта веруючыя прыносяць кветкі і ў храм, кладучы іх перад іконамі. Але калі ў храм звычайна прыносяць жывыя кветкі, то на могілкі – пераважна штучныя.

– Традыцыя штучных кветак не мае глыбокіх гістарычных каранёў, ёй усяго 10-15 гадоў, – кажа Сяргей Юшкевіч, спецыяліст па накірунку “Царква і навакольнае асяроддзе” Цэнтра экалагічных рашэнняў (Мінск). – Яна не мае ніякай багаслоў­скай сімволікі і часцей за ўсё абумоўленая жаданнем чалавека зэканоміць.

Аддавайце перавагу святочнай атрыбутыцы з натуральных матэрыялаў. Фота cozadzien.pl.

Аддавайце перавагу святочнай атрыбутыцы з натуральных матэрыялаў. Фота cozadzien.pl.

Лічыцца, што штучныя кветкі таннейшыя за жывыя, і да таго ж нашмат даўжэй застаюцца “свежымі”. Эксперт прапаноўвае пад­лічыць: адна штучная кветка каштуе 1 рубель, а саджанец – 1,5 рубля. Пры гэтым жывыя кветкі могуць упрыгожваць магілу нашмат даўжэй за штучныя. Аднак, вядома, тады трэба бываць на могілках часцей, чым раз на год, каб сачыць за саджанцамі. Менавіта таму большасць беларусаў аддае перавагу пластыку.

– Варта памятаць, што яркія штучныя кветкі не адпавядаюць атмасферы могілак у яе хрысціянскім разуменні,

– дадае эксперт. – Гэта не значыць, што ўсё тут павінна быць выключна ў чорным колеры жалобы. Але ж гэта не месца для дэманстрацыі кіслотных фарбаў і безгустоўных пластыкавых упрыгажэнняў.

Чым небяспечныя штучныя кветкі?

– Штучныя кветкі, нягледзячы на іх прывабнасць і прастату выкарыстання, нясуць вялікую небяспеку для прыроды, – падкрэслівае Дар’я Чумакова, кіраўнік праграмы па экалагічна сяброўскім ладзе жыцця Цэнтра экалагічных рашэнняў. – Іх робяць з сінтэтычных кампанентаў, якія могуць выдзяляць таксічныя рэчывы.

Пялёсткі часцей за ўсё робяцца з поліэстру, латэксу ці арганзы. Зверху іх пакрываюць хімічнымі саставамі, каб зрабіць больш трывалымі. Для афарбоўкі выкарыстоўваюцца анілінавыя фарбы, якія самі па сабе вельмі таксічныя.

Сцяблінкі і бутоны робяць з ПВХ, стрыжань – з пенапласту, які пры награванні выдзяляе канцэрагенныя рэчывы.

Звярніце ўвагу на матэрыялы: штучныя кветкі немагчыма ўтылізаваць без шкоды для прыроды. Інфаграфіка Аляксандры Парахні.

Звярніце ўвагу на матэрыялы: штучныя кветкі немагчыма ўтылізаваць без шкоды для прыроды. Інфаграфіка Аляксандры Парахні.

Калі пластыкавыя кветкі акажуцца на звалцы, то будуць вы­дзяляць таксічныя рэчывы і пры гэтым забруджваць глебу, паветра і грунтавыя воды. Калі ж іх спаліць – у навакольнае асяроддзе патрапяць цяжкія металы і дыяксіны.

Перапрацаваць шту­ч­ныя кветкі немагчыма: надта шмат відаў пластыку ў іх выкарыстоўваецца, вызначыць від не заўсёды магчыма.  

Таму, што б вы ні зрабілі з пластыкавымі кветкамі пасля таго, як яны згубяць “таварны выгляд”, – у любым выпадку вы забрудзіце прыроду. Штучныя кветкі яшчэ на этапе пакупкі становяцца смеццем, якое немагчыма перапрацаваць.

10 тон пластыку на могілках

Ад такога неверагоднага выбару штучных кветак, які мы маем цяпер перад храмамі і на рынках, разбягаюцца вочы. Эколагі ж задаюцца пытаннем: ці не кіруе намі імкненне “быць, як усе”: усе нясуць пластыкавыя кветкі, дык навошта я буду браць жывыя?

Калі падлічыць, колькі грошай беларусы трацяць на штучныя кветкі, атрымліваецца кругленькая сума. Паводле дадзеных МУС Беларусі, у 2015 годзе каля 1,5 мільёна чалавек наведалі могілкі на Радаўніцу. Сёлета чакаецца прыкладна такая ж лічба. Калі меркаваць, што кожны трэці прыхопіць з сабой дзве штучныя кветкі, то ўжо атрымліваецца “букет” з мільёна пластыкавых кветак. Важыць ён будзе каля 10 тон.

Улічваючы тое, што адна кветка каштуе 1 рубель (або 0,5 долара) то беларусы сёлета патрацяць на пластык каля 500 тысяч долараў. Гэта сума пойдзе на тое, каб забрудзіць не толькі могілкі, але і навакольнае асяроддзе.

Менавіта гэтыя лічбы прымушаюць эколагаў біць трывогу: у нашым паўсядзённым жыцці і так надта шмат смецця і адходаў, таму не трэба спецыяльна дакупляць яго на святы.

Ёсць і іншыя спосабы ўшанаваць памяць любімых людзей: упарадкаваць бабуліны фота­здымкі ці пасадзіць дрэвы ў дзедавым са­дзе. Сэнс такога ўчынку будзе не менш важны, але не пашкодзіць прыродзе.

Абмеркаваць
Каментар (2) / Дадаць каментар
11.04.2017 07:46
Вилейчанка / Так может надо не уговаривать людей не покупать искусственные цветы, а бороться с первопричиной - их изготовлением? И почему их разрешают продавать, производить, завозить в Беларусь, если они такие вредные?
26.04.2017 15:43
маладзечанка / Каб кіраўніцтва краіны больш цікавілася экалагічнай сітуацыяй, то былі б абмежаванні і на ўвоз штучных кветак, і на "бясплатныя" пластыкавыя пакеты ў крамах, і былі б станцыі для падзарадкі электрамабіляў..... Але вялікае пачынаецца з малога - не купляйце тыя кветкі, не бярыце тыя пакеты, навучыце гэтаму суседку і сяброўку. Во і панясецца ўсё паволі, але ў добрым кірунку)
Дадаць каментар
Новае на сайце