Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +13° Маладзечна
Вілейка +13° Вілейка
Смаргонь +13° Смаргонь
Ашмяны +13° Ашмяны
Валожын +13° Валожын
Мядзел +13° Мядзел
Астравец +13° Астравец
Грамадства
Смаргонь
8.04.2017 22:20 ,AЎТАР(Ы): Паводле радыё "Свабода"

Збіраюць сродкі на электравазок для пісьменніцы і журналісткі са Смаргоншчыны Дар'і Ліс

Дар'я Ліс

Дар'я Ліс. Фота nn.by.

Пісьменніцы, журналістцы, стыпендыятцы фонду Магдалены Радзівіл Дар’і Ліс неабходны новы інвалідны вазок. Даша жыве ў Залессі на Смаргоншчыне, больш за 20 гадоў яна абмежаваная ў перасоўванні і кантактах са знешнім светам.

На платформе talaka.by cябры дзяўчыны арганізавалі збор сродкаў на сучасны нямецкі электравазок з вертыкалізатарам, які забяспечыць Дашы зручнасць ды мабільнасць, дасць свабоду творчасці.

Інфармацыйным суправаджэннем праекту займаецца паэтка, перакладчыца Марыйка Мартысевіч. Вызначаныя канкрэтныя этапы кампаніі: ад збору грошай да пералёту ў Брэмен для “прымеркі” вазка.

Дар'я Ліс у Парыжы на пракатным электравазку. Фота talaka.by.

Дар'я Ліс у Парыжы на пракатным электравазку. Фота talaka.by.

Дар’я Ліс нарадзілася і жыве ў вёсцы Залессе на Смаргоншчыне. Праз развіццё спінальна-мышачнай атрафіі – генетычнага захворвання, пры якім не працуюць мышцы ног, галавы і шыі – падлеткам яна страціла магчымасць самастойна хадзіць.

Хвароба адкарэктавала планы дзяўчыны на прафесію. У Мінскім лінгвістычным універсітэце, куды пры канцы 1990-х Дар’я хацела паступаць на францускае аддзяленне, элемэнтарна не аказалася ліфту, шлях туды быў закрыты ў літаральным сэнсе. Яна скончыла факультэт беларускай філалогіі і культуры Беларускага педагагічнага ўніверсітэту, пачала займацца літаратурнай творчасцю і журналістыкай.

Цяпер Дар’я Ліс супрацоўнічае з “Радыё Рацыя” ды шэрагам іншых незалежных медыяў, вядзе блог і піша ў сацыяльных сетках, займае выразную грамадзянскую пазыцыю.

У 2008 годзе пабачыла свет яе кніга вершаў і апавяданняў “Вясновы джаз”. У 2013-м Дар’ю прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Некалькі гадоў таму сям’і з дапамогай сяброў удалося набыць для Дар’і электравазок. З таго часу яна змагла вандраваць – з бацькамі ездзіць па Беларусі, у Вільню, Беласток, на Балтыку. Аднойчы пабывала з сяброўкай у Парыжы. Яе чакаюць у Італіі, ЗША, Нямеччыне, але з тэхнічных праблемаў рэалізаваць планы не ўдаецца.

Дар'я на Балтыйскім моры. Фота talaka.by.

Дар'я на Балтыйскім моры. Фота talaka.by.

Дарогі ў Залессі і ваколіцах не лепшай якасці і цяперашні электравазок зусім растрэсся.

Паўстала неабходнасць у новым. Да таго ж, тэхналогіі ідуць наперад, ёсць магчымасць выбраць варыянт з так званым вертыкалізатарам. Такі вазок дазваляе карыстальніку прыняць вертыкальнае становішча, як бы “стаяць”, а не “сядзець”. Такая магчымасць змяншае наступствы пастаяннага знаходжання ў сядзячым/ляжачым становішчы, разгружае тазасцёгнавыя суставы, дапамагае дацягвацца да паліцаў.

У сакавіку 2017 году Дар’я Ліс атрымала стыпендыю імя Магдалены Радзівіл для пісьменніц і перакладчыц.

Журы пад старшынствам Святланы Алексіевіч абрала трох аўтарак, якім для творчага штуршка неабходная фінансавая падтрымка.

Паводле ўмовы, стыпендыяткі атрымалі па 2000 рублёў, якія могуць патраціць на ўласныя патрэбы. Дар’я ўспрыняла ўганараванне як першы крок да рэалізацыі сваёй мэты, бо сваю свабоду творчасці наўпрост звязвае з мабільнасцю. Але гэтых сродкаў, на жаль, недастаткова.

Мадэль Ottobock C1000 SF, якую можна замовіць, каштуе больш за 30 тысяч беларускіх рублёў, з падаткамі – наогул 34 тысячы.

У звязку з гэтым сябры і калегі абвяшчаюць грамадскі збор сродкаў на вазок для Дашы.

Мэта акцыі – даць таленавітай дзяўчыне мабільнасць і незалежнасць, што аўтаматычна азначае свабоду творчасці. А самае галоўнае – надзея на падвышэнне якасці і павелічэнне працягласці жыцця.

Грошы на вазок можна ахвяраваць на плятформе talaka.by ці наўпрост на дабрачынны рахунак:

Транзітны рахунак банка 3812 114 000 312”Прыёрбанк” ААТ Код банка 749УНП 100220190

Прызначэнне: для залічэння на дабрачынны рахунак № 749142-00631-000001 (Ліс Дар’я Алегаўна).

Звесткі пра паступленне грошай на дабрачынны рахунак будуць фіксавацца ў лічыльніку гэтай кампаніі.

Выправіцца ў Брэмен, калі неабходная сума будзе сабраная, Дар’я плянуе сама – тэхнічна складаны вазок патрабуе абавязковай “прымеркі”. Грошы на падарожжа дзяўчына ўжо адклала з журналісцкіх заробкаў.

Дар'я збірае грыбы. Лес у Залессі. Фота talaka.by.

Дар'я збірае грыбы. Лес у Залессі. Фота talaka.by.

Паводле р.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце