Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +10° Маладзечна
Вілейка +11° Вілейка
Смаргонь +10° Смаргонь
Ашмяны +9° Ашмяны
Валожын +9° Валожын
Мядзел +11° Мядзел
Астравец +10° Астравец
Эканоміка
Вілейка
13.04.2017 16:49 ,AЎТАР(Ы): Аляксандра ПАРАХНЯ

“Аплаціла пражыванне ў інтэрнаце і тэлефон – і стыпендыі няма”. Студэнтка з Вілейкі распавядае, як размяркоўвае стыпендыю

Фота az616578.vo.msecnd.net.

Прыехаць на выхадныя да бацькоў і вяртацца назад з торбамі, напакаванымі катлетамі, закаткамі і салодкім, – маршрут, знаёмы кожнаму беларускаму студэнту.

І бюджэтнікам, і платнікам, якія не маюць падпрацоўкі, амаль немагчыма пражыць у іншым горадзе без дапамогі бацькоў.

Але калі стыпендыя ёсць, то як размеркаваць яе, калі загадзя ведаеш, што і на палову патрэбнага не хопіць? Сваім досведам у гэтай справе дзеліцца Настасся Збераноўская з Вілейкі, студэнтка трэцяга курса Інстытута журналістыкі БДУ (на фота).

“Адмаўляюся ад касметыкі, каб схадзіць на каву”

Стыпендыя ў любой ВНУ залежыць ад сярэдняга бала за навучанне. На журфаку БДУ бюджэтнік павінны здаць сесію без пераздачы з сярэднім балам, вышэйшым за 6,0 – тады ён можа разлічваць на мінімальную стыпендыю ў 63 рублі.

– Раней я атрымлівала 83 рублі, – кажа Настасся. – Але апошнюю сесію здала лепей – сярэдні бал атрымаўся 8. Таму цяпер буду мець недзе на 10 рублёў болей.

Настасся Збераноўская вучыцца на трэцім курсе журфака БДУ. Фота забяспечана Настассяй Збераноўскай.

Настасся Збераноўская вучыцца на трэцім курсе журфака БДУ. Фота забяспечана Настассяй Збераноўскай.

Паколькі дзяўчына з’яўляецца сябрам аднаго з грамадскіх аб’яднанняў, то мусіць плаціць штомесячныя ўнёскі. Іх здымаюць адразу з карткі – атрымліваецца тры рублі за семестр.

Амаль палова стыпендыі ідзе на аплату растэрміноўкі за мабільны тэлефон – 36 рублёў 50  капеек.

– Мой стары тэлефон кепска працаваў, таму ўзяла новую бюджэтную мадэль,  – тлумачыць дзяўчына. – Цяпер цягам 11 месяцаў мушу выплачваць такую суму. У маі будзе апошні ўнёсак, ура!

Яшчэ  каля 27 рублёў у месяц ідзе на аплату пражывання ў інтэрнаце. Пасля гэтых дзвюх тратаў грошай амаль не застаецца.

– Рэшта ідзе на мабільную сувязь, садавіну, салодкае, касметыку, – кажа студэнтка. – Але гэта ўсё ў невялікай колькасці і самае неабходнае. Часам хаджу з сябрамі ці хлопцам на дні народзінаў ці ў кавярню. Але тады ўжо трэба адмовіцца ад касметыкі, каб купіць падарункі ці каву.

Інфаграфіка Аляксандры Парахні.

Інфаграфіка Аляксандры Парахні.

На трэцім курсе падпрацоўвае амаль палова студэнтаў з групы

У групе, дзе навучаецца Настасся, 27 студэнтаў. Дзяўчына кажа, што ў некаторых атрымліваецца падпрацоўваць, але збольшага не па спецыяльнасці.  Каля дзесяці аднагрупнікаў працуе ў крамах ці гасцініцах, і толькі тры – у журналісцкай сферы.

– У мяне, на жаль, пакуль няма падпрацоўкі, – уздыхае Настасся. – Першыя два гады на журфаку складана: вывучалі тры мовы і тры літаратуры адначасова, вельмі шмат трэба было чытаць. Так што і часу не было б на працу. А цяпер шукаю падпрацоўку, і не важна, ці па спецыяльнасці. Трэба зарабляць грошы.

Пры гэтым амаль уся група складаецца з бюджэтнікаў: 20 чалавек з 27. Сёлета будучыя журналісты спадзяюцца атрымаць вольны дыплом: з-за таго, што навучанне на журфаку скарацілі з пяці да чатырох гадоў, сёлета чакаецца двайны выпуск. Будуць выпускацца і тыя, хто вучыўся чатыры гады, і тыя, хто пяць гадоў быў студэнтам.

“Без дапамогі бацькоў я не змагла б”

Як і большасць студэнтаў, Настасся не абыходзіцца без дапамогі сям’і. Бацькі дапамагаюць і грашыма, і прадуктамі.

– Я вельмі ўдзячная бацькам, бо без іх я не пражыла б, – кажа студэнтка. – Ім цяжка, заробкі невялікія, таму штодзень не ядзім піццу і сушы. Асабліва цяжка было, калі наймала пакой.

Але ад снежня жыву ў інтэрнаце, гэта нашмат танней. Таксама бацькі дапамагаюць дачцэ з аплатай мабільнай сувязі – дзяўчына не заўсёды мае грошы, каб пакласці на рахунак. Падобная сітуацыя з праязным на метро: ён абыходзіцца сям’і ў 13 рублёў на палову месяца.

Настасся штотыдзень ездзіць да бацькоў у Вілейку.

– Мама збірае мне торбу ежы: што-небудзь мясное, садавіну, гародніну, хлеб, – распавядае дзяўчына. – Часам гатую сама, асабліва супы і кашы. Паміж парамі звычайна хаджу падсілкавацца ў сталоўку.

Але кошты ў журфакаўскай сталовай не прыцягваюць студэнтаў, таму многія абыходзяцца кубкам чаю і булкай.

– Сталоўка дарагая! Салата, сталовая лыжка якой размазаная па талерцы, каштуе ад 1,50 рублёў, – прыгадвае Настасся. – Мясное каштуе не танней за 3 рублі. Так што купляю чай ці суп – гэта каля рубля выхо­дзіць.

На забавы грошай увогуле не застаецца. Дзяўчына прызнаецца, што захапляецца тэатрам і кіно, толькі грошай на гэта ніколі няма. Але Настасся дакладна ведае, на што б патраціла кругленькую суму, калі б атрымалася яе назбіраць.

– Пусціла б грошы на падарожжы, – кажа студэнтка. – Хацела б з’ездзіць у Польшчу, Італію, Францыю, Іспанію, пабачыць мора. Хацелася б пажыць у іншай краіне, каб акунуцца ў іншае жыццё, – пакаштаваць кухню, даведацца аб традыцыях і паўсядзённым жыцці, адзначыць мясцовыя святы.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце