Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +14° Маладзечна
Вілейка +14° Вілейка
Смаргонь +14° Смаргонь
Ашмяны +13° Ашмяны
Валожын +14° Валожын
Мядзел +13° Мядзел
Астравец +14° Астравец
Грамадства
13.05.2017 05:23 ,AЎТАР(Ы): Галіна СУДНІКОВІЧ

"Калі мужчыны даведваліся, што буду разам з жонкай на родах, – паціскалі руку, жанчыны дзівіліся такому жаданню" (Фота)

Фота Фота забяспечанае сям’ёй Снапко.

Для многіх мужчын цяжарнасць жонкі – гэта стрэс, а калі справа даходзіць да саміх родаў – моцная палова чалавецтва ледзьве не губляе прытомнасць і не ведае, што рабіць. Сям’я Аляксандра і Дар’і Снапко поўная процілегласць распаўсюджаным стэрэатыпам.

Але пра ўсё па парадку…

Былі побач і не бачылі адзін аднаго

Як адзначаюць маладыя людзі, яны ўсё жыццё былі разам: жылі ў суседскіх дварах, вучыліся ў адной школе, сябравалі з аднымі і тымі ж людзьмі, аднак не былі знаёмыя. Але аднойчы Аляксандр заўважыў Дашу ў кампаніі сяброў – дзяўчына адразу запала ў душу і сэрца. Юнак рашыўся і напісаў паведамленне ў адной з сацсетак. Пачаў з прывітання і пытання пра справы. Ад Дашы адразу пасыпаліся пытанні: “Хто вы?”, “Я вас першы раз бачу”.

Спачатку маладыя людзі перапісваліся, пасля вырашылі сустрэцца. Доўгі час бачыліся толькі па выхадных: Аляксандр вучыўся ў інстытуце ў Мінску, Даша была ў Маладзечне.

– Я першы час прыглядалася да Сашы, – адзначае жанчына. – Хацелася бачыць побач з сабой чалавека, на якога магла абаперціся ў любой жыццёвай сітуацыі. Уяўляла партнёра статным, практычным і, канешне, адукаваным. Саша адпавядаў усім гэтым патрабаванням і нават звыш. Таму, калі атрымала прапанову рукі і сэрца, адразу адказала “так”. Адчувала, што гэта мой чалавек, што з ім хачу раздзяліць жыццё.

Зрабіў прапанову ў Парыжы

Фота Яўгена Стэльмаха.

Фота Яўгена Стэльмаха.

Прапанову хлопец вырашыў зрабіць, калі Дашы споўнілася 18 гадоў, рыхтаваўся да гэтага грунтоўна.

– Ведаю, што гэты момант вельмі важны для любой дзяўчыны, – адзначае Аляксандр. – Мне хацелася, каб гэта падзея была яскравай у жыцці Дашы. Рабіў незвычайна, бо хацеў паказаць: сказаўшы “так”, Даша ніколі не расчаруецца ўва мне, не пашкадуе пра сваё рашэнне. Я буду заўсёды здзіўляць, падтрымліваць, аддам усяго сябе, толькі б яна была шчаслівая.

Прапанову зрабіў у Парыжы. Загадзя дамовіўся з фатографам, замовіў пярсцёнак з гранатам, каменем, які сімвалізуе любоў, вернасць і надзейнасць.

Пра сямейнае шчасце

Пара запэўнівае, калі вы хочаце будаваць сумеснае жыццё, варта прыслухоўвацца да сэрца, а ні ў якім разе не да гараскопаў і вешчуноў.

– Усе гараскопы, якія нам падсоўвалі, – расказвае сям’я Снапко, – сцвярджалі, што ракі несумяшчальныя, што без канфліктаў не абысціся. Мы ўсміхаліся і рабілі па-свойму. Ужо восем гадоў, як мы разам, і ні разу не было такога, што хацелася бразнуць дзвярамі і пайсці. Жыццё не вартае таго, каб сварыцца і высвятляць адносіны. Заўсёды можна прыйсці да паразумення.

Як лічыць Даша, самае галоўнае – стварыць такую абстаноўку, каб мужчыну хацелася вяртацца дамоў, і ў любой сітуацыі заставацца прывабнай – мужчыны любяць вачамі. Мужчына ж павінны быць такім, каб жанчына заўсёды адчувала сябе абароненай.

Непаразуменні ў сям’і Снапко ўзнікалі толькі праз працу.

– Саша многа працуе, і я раней крыўдзілася, – узгадвае Даша. – Аднак з часам пераасэнсавала сітуацыю – ён жа стараецца для нас, нашай будучыні. Таму паспакайнела. Калі ж адчуваю, што мне не хапае мужа, прашу, каб хоць адзін дзень мы пабылі сам-насам. Ён і не супраціўляецца, пакідае ўсе справы, адключае тэлефон, і мы застаёмся, нібы адны на планеце. Гэта добра, калі людзі ўмеюць не змешваць сям’ю і працу ў адзін клубок.

Хацелі, каб дзіця нарадзілася ў жніўні

Фота Яўгена Стэльмаха.

Фота Яўгена Стэльмаха.

Сям’я Снапко плануе будучыню наперад, таму спачатку вырашылі стаць на ногі, а ўжо потым рыхтавацца да нараджэння дзіцяці: адна справа нарадзіць, іншая – забяспечыць добрыя ўмовы.

Кватэру пара атрымала ад бацькоў на вяселле, зрабілі ў ёй рамонт, набылі машыну, завялі двух сабак – шпіцаў і пачалі планаваць цяжарнасць. Будучыя бацькі вельмі хацелі, каб дзіця з’явілася на свет у жніўні: у Дашы дзень нараджэння ў чэрвені, у Сашы – у ліпені, не хапала толькі аднаго летняга месяца.

– Спачатку пайшлі ў радзільню ў Маладзечна, – дзеліцца адчуваннямі Даша. – Спыталіся пра тое, як нам падрыхтавацца да цяжарнасці. Аднак сутыкнуліся са сцяной непаразумення: “А вы хаця б спрабавалі зацяжараць? Паспрабуйце, а тады прыходзьце”. Пытанне ж было не ў тым, каб спрабаваць, а ў тым, каб загадзя падрыхтавацца, каб цяжарнасць праходзіла лягчэй, каб дзіця было здаровае.

Таму паехалі ў Мінск у рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр “Маці і дзіця”. Мяне агледзеў спецыяліст, выпісаў вітаміны, сказаў, што праз тры месяцы можна спрабаваць зацяжараць.

У маладой сям’і атрымалася.

Аляксандр заўважыў перамену ў жонцы, аднак ад усіх пытанняў наконт цяжарнасці жанчына адмахвалася, вырашыла зрабіць своеасаблівы падарунак на Новы год. У каробку, абгорнутую прыгожай паперай, паклала паштоўку з малюнкам бусла і надпісам “Тата, я ўжо вылецела”, ружовыя і сінія пінеткі і тэст на цяжарнасць.

– Перад тым, як адкрыць падарунак, казаў, што там тэст на цяжарнасць, – дзеліцца мужчына. – Так і аказалася. Аднак калі дакрануўся да гэтых рэчаў, адчуў сябе неймаверна шчаслівым. Радасці дадало і тое, што падарунак атрымаў у прысутнасці сваякоў, якія адразу ж пачалі віншаваць.

“Ты адна нараджаць не будзеш!”

 

Фота Святланы Сеннікавай.

Фота Святланы Сеннікавай.

Як прызнаецца Аляксандр, ён – чалавек, які прывык трымаць любую сітуацыю пад кантролем, уплываць на яе. Таму адразу ж сказаў сваё цвёрдае мужчынскае слова: “Ты адна нараджаць не пойдзеш! Толькі разам. Я хачу бачыць нараджэнне нашага дзіцяці”.

– Калі б нешта пайшло не так, пастараўся б паў­плываць на сітуацыю, зрабіць усё, што ў маіх сілах, – адзначае мужчына. – Сышліся на тым, што партнёрскія роды – гэта для нас.

Многія мужчыны, як даведваліся пра такое рашэнне, паціскалі Аляксандру руку: “Ну, ты мужык!” А вось многія жанчыны не разумелі такога кроку, страшылі тым, што, як пабачыць гэты працэс, разлюбіць  жонку, перастане цягнуць да яе.

– Мяне вельмі здзіўлялі такія словы, – узрушаны Аляксандр. – Чаму я павінны разлюбіць жанчыну, якую кахаю, якая падарыла мне доў­гачаканае дзіця. Наадварот, цяпер з упэўненасцю магу сказаць, што партнёрскія роды яднаюць, ты перажываеш неверагодныя адчуванні.

Правяралі, нібы збіралі ў космас

Фота Яўгена Стэльмаха.

Фота Яўгена Стэльмаха.

Усю цяжарнасць Дар’ю назіралі ў цэнтры, грунтоўнае абследаванне прайшоў і Аляксандр. Як жартавала Дар’я: “Ці не ў касманаўты цябе рыхтуюць, дарагі?”

Доўгі час маладым гаварылі, што ў іх будзе сын. Шчаслівыя бацькі накупілі адзення сіняга колеру, але наколькі былі здзіўленыя, калі на адным з абследаванняў іх павіншавалі з дачкой. Гэта ніяк не засмуціла, зразумелі, што трэба было набываць універсальныя па колеры рэчы.

Тое ж самае тычылася і імёнаў, у хлапечых спыніліся паміж Львом і Феліксам.

– А вось з жаночымі ўзніклі праблемы, – расказвае Дар’я. – Хацелася, каб імя было незвычайнае, аднак, у сваю чаргу, каб гучала, стасавалася з іменем па бацьку. Выбіралі паміж Арыянай, Сабінай і Аўгусцінай. Але нешта было не так. Апошняе імя адкінулі, ведалі, што будуць пытанні: “Гэта таму, што ў аўгусце нарадзілася?”

І вось застаецца ты­дзень да родаў, да мяне ў сябры дадаецца дзяўчына з імем Алівія. І адразу нешта ёкнула ў сэрцы, ці не лепшае імя для дачкі. Сказала мужу – і ўбачыла, як і ў яго загарэліся вочы. Бацькі таксама падтрымалі. Была неверагодна ўдзячная гэтай дзяўчыне.

Не хоча? Не прымушайце мужа ісці на роды

Абавязковае патрабаванне для партнёрскіх родаў у навукова-практычным цэнтры – прайсці курсы. Падчас іх будучыя бацькі даведваюцца, як зразумець, што пачынаюцца роды, якія этапы праходзяць, як трэба карміць грудзьмі і іншае.

– Заняткі накіраваныя і на тое, каб псіхалагічна падрыхтаваць да родаў, супакоіць, што ўсё прой­дзе добра, – адзначае Даша. – Важна было пачуць гэтыя словы менавіта ад медыкаў.

Многім татам расплюшчылі вочы, што роды – гэта не 15 мінут, як у серыялах, яны могуць доўжыцца да 11 га­дзін.

– Для многіх жанчын важнымі былі словы, што не трэба прымушаць свайго мужчыну ісці на роды, – узгадвае заняткі Даша. – Ён павінны сам адчуць патрэбу, захацець гэтага, прыняць самастойнае рашэнне. Толькі гэты крок з’яднае вашу сям’ю, а не наадварот.

Дакладна сказалі, у які час народзіць

Фота забяспечанае  сям’ёй Снапко.

Фота забяспечанае сям’ёй Снапко.

Аляксандр хваляваўся, што жонка можа нара­дзіць раней тэрміну, пытаўся ў дактароў, ці магчыма, каб яна засталася ў бальніцы на захаванні. Медыкі ўпэўнілі, што ў гэтым няма неабходнасці.

– Спецыяліст агледзеў Дашу і сказаў: “Прыязджайце на наступным тыдні ў суботу ў дзевяць раніцы, будзем нара­джаць”, – уражана расказвае Аляксандр. – Я тады і паверыць не мог, што з такой дакладнасцю можна спрагназаваць роды. Патрапілі ў дзясятачку!

У суботу, 13 жніўня, сям’я прыехала ў цэнтр, жанчыну агледзелі і спакойна сказалі: “Вы нараджаеце, ідзіце пераапранацца!”

Спачатку муж і жонка знаходзіліся ў перадродавым пакоі, абсталяваным разнастайнымі прыстасаваннямі, якія павінны былі аблегчыць роды, напрыклад, фітбол, душавая кабінка.

– Болі былі настолькі моцнымі, што хацелася плакаць, нават забылася, як мяне вучылі правільна дыхаць падчас родаў, – узгадвае Даша. – Саша таксама хваляваўся. Калі бачыў мой боль, прасіў дактароў рабіць усё магчымае, каб мне стала лягчэй. Нагадваў, як правільна дыхаць, хваліў, што я малайчынка, трымаў за руку. На некалькі хвілін дазвалялі захо­дзіць у душ – гэта аблягчала боль. Але сіл не было да яго дабрацца, Саша насіў на руках. Вельмі хацелася піць – не дазвалялі, муж вадой мачыў вусны. І цяпер, калі вяртаюся ў мінулае, думаю, што без майго Сашы не змагла б так, дзіўлюся, на што можа бясконца любячае сэрца. З ім мне было не страшна і амаль не балюча.

– Я прывык уплываць на сітуацыю, – дзеліцца перажываннямі Аляксандр. – А тут, нібы рукі завязалі, не мог пераняць боль Дашы на сябе, пад­трымліваў словамі, рабіў, што мог.

У радзільнай паставілі за спіны дактароў

Пасля Дашу перавезлі ў радзільную залу. Як адзначаюць маладыя, калі трапляеш туды, адчуваеш сябе, як на касмічным караблі, настолькі многа апаратуры. Гэта адразу адцягвае ўвагу.

У радзільнай Аляксандра адразу паставілі за спінамі дактароў, маўляў, каб не спалохаўся, аднак мужчына не з нясмелага дзясятку, стаў бліжэй да жонкі.

– Нічога агіднага я не ўбачыў, – дзеліцца мужчына. – Наадварот, ахоплівалі такія пачуцці, якіх раней нават і не ведаў: змешвалася і захапленне, і шчасце, і радасць, і хваляванне… Нават і цяпер складана перадаць усю гаму. Слёзы цякуць па вачах, калі чуеш першы крык свайго дзіцяці, разам з жонкай перажываеш першыя хвіліны шчасця.

Падводзячы выснову, сям’я сышлася на меркаванні, што партнёрскія роды дапамагаюць жанчыне адчуваць, што яна не адна, што побач блізкі чалавек.

– Для мяне было важна быць упэўненым, што я ў гэтай сітуацыі зрабіў усё магчымае для сваёй сям’і, – адзначае Аляксандр. – А не проста пахваліцца перад сябрамі, што стаў бацькам. Партнёрскія роды дапамаглі адчуць, што я сапраўдны бацька.

Пасля нараджэння ўнучкі, бацькі Дар’і прызналіся, што 15 гадоў таму бацька прысутнічаў пры нараджэнні яе брата.

Фота Яўгена Стэльмаха.

Фота Яўгена Стэльмаха.

Разгубілася, калі прынеслі дзіця

Як расказвае маладая мама, як толькі прынеслі дзіця, разгубілася, што рабіць, як трымаць дзіця. Жанчына, якая была з Дашай у адной палаце, дала добрую параду: “Толькі ты, як ніхто іншы, зразумееш сваё дзіця”. Менавіта гэтыя словы навучылі Дашу прымаць рашэнні.

Пяць дзён, якія Даша была ў цэнтры, дапамаглі ўсвядоміць, што значыць быць маці, як даглядаць за дзіцем.

Малады бацька ў гэты час рыхтаваўся да прыезду жонкі і дачкі: пачаў з чысціні ў доме, закупкі прадуктаў. А таксама святочнай сустрэчы: знайшоў спецыялістаў, якія зрабілі надпіс з шарыкаў “З днём нараджэння, Алівія!” і выяву бусла, аздобілі пакой шарыкамі. Маладую маці чакаў прыемны сюрпрыз – аўтамабіль.

Фота забяспечанае  сям’ёй Снапко.

Фота забяспечанае сям’ёй Снапко.

Пасля нараджэння дзіцяці Аляксандр, каб падтрымаць жонку, змяніў харчаванне. Цяпер у рацыёне былі толькі тушаныя, вараныя і прадукты на пары.

– Нічога складанага ў гэтым няма, – адзначае мужчына. – Наадварот, стаў лепш спаць, кашмары не сняцца, няма цяжкасці ў страўніку. Карацей, усё толькі на карысць. А галоўнае – жонцы не крыўдна.

Частку клопатаў па доглядзе за дачкой Аляксандр таксама ўзяў на сябе. Даша ноччу корміць Алівію, ён носіць на руках і ўкладае спаць. Раніцай, да таго, як дачка і жонка прачнуцца, малады бацька падрыхтоўвае сняданак. Галоўны прынцып сям’і – дапамагаць адзін аднаму і пераадольваць усё разам, тады і сям’я будзе моцнай.

Фота Святланы Сеннікавай.

Фота Святланы Сеннікавай.

Да другога дзіцяці – таксама грунтоўна

Мара пра другое дзіця лунае ў паветры, аднак і да гэтага кроку пара хоча падрыхтавацца грунтоўна. У жніўні сям’я дабудоўвае чатырохпакаёвую кватэру з вялікім метражом, зробяць рамонт, абжывуцца, можна і пра дзіця падумаць.

– Таксама Дашы патрэбны час на тое, каб арганізм аднавіўся пасля родаў, – падводзіць выснову Аляксандр. – Цяпер я шчаслівы чалавек, у мяне ёсць дачка і жонка. Будзе другое дзіця – падвоіцца і шчасце. Аднак не пайду на тое, каб здароўе маёй жонкі падкасілася. Тым больш хочацца запомніць кожнае імгненне, калі дачушка маленькая, таму не варта спяшацца.

Фота забяспечанае  сям’ёй Снапко.

Фота забяспечанае сям’ёй Снапко.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце