Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +18° Маладзечна
Вілейка +18° Вілейка
Смаргонь +18° Смаргонь
Ашмяны +18° Ашмяны
Валожын +18° Валожын
Мядзел +18° Мядзел
Астравец +18° Астравец
Гісторыя
1 Вілейка
4.05.2017 11:06 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Адкуль у Ільі на Вілейшчыне ўзялася манета Свяшчэннай Рымскай імперыі і кераміка амаль 2 000-гадовай даўніны

Аляксей Беразлюк падчас раскопак. Фота забяспечанае Палінай Курловіч-Бяляўскай

Аляксей Беразлюк падчас раскопак. Фота забяспечанае Палінай Курловіч-Бяляўскай.

Больш за два стагоддзі пад зямлёй на ўскрайку Ільі чакала археолагаў манета Свяшчэннай Рымскай імперыі, датаваная 1609 годам.

Як яна трапіла ў беларускае мястэчка? Якія яшчэ археалагічныя знаходкі хавала ў сабе ільянская зямля? Пра гэта на нядаўняй сустрэчы з вучнямі Ільянскай сярэдняй школы імя Грымаця распавяла археолаг, выкладчыца БДУ, кіраўнік леташняй экспедыцыі на месцы старой ільянскай гуты Паліна Курловіч-Бяляўская.

Шклогута ў Ільі: як усё пачыналася

Летась у канцы чэрвеня – пачатку ліпеня тры тыдні археолагі праводзілі раскопкі на месцы, дзе ў канцы 18 – пачатку 19 стагоддзя пачала працаваць мануфактура па вырабе шкла. Месца гэта да сённяшняга часу называюць Старой Гутай.

Па словах даследчыцы, шкло на Беларусі з'явілася ў бронзавым і жалезным вяках. У 16 стагоддзі распаўсюдзіўся шкляны посуд.

У 17 стагоддзі на Беларусі, магчыма, з’яўляюцца першыя шкларобчыя майстэрні. Ільянская гута ў дакументах згадваецца ў 1772 годзе. Але, па словах даследчыцы, магла існаваць і раней.

Працуем спачатку рыдлёўкай, потым шуфлем, пасля пэндзлікам

Раскоп, закладзены на месцы былой гуты, даследчыкі раздзялілі на роўныя квадраты два на два метры. Потым з квадратаў зямлі здымалі дзёран. Першыя знаходкі былі ўжо з ім.

Паліна Курловіч-Бяляўская раскладае зхаходкі. Фота Аксаны Ярашонак.

Паліна Курловіч-Бяляўская раскладае зхаходкі. Фота Аксаны Ярашонак.

Спачатку капалі рыдлёўкай, потым шуфлікам. А каб не прапусціць знаходкі дробнага памеру, працавалі пэндзлікам. Выкарыстоўвалі і металадэтэктар.

З яго дапамогай знайшлі старажытныя грошы. Гэта манеты Расійскай Імперыі і Рэчы Паспалітай 18 стагоддзя, манета 1609 года са Свяшчэннай Рымскай імперыі і нават адна фальшыўка.

Як аказалася, і ў 18 стагоддзі працавалі фальшываманетчыкі. Па словах Паліны Курловіч-Бяляўскай, манета была перачаканеная з ранейшай і важыла амаль у два разы менш, чым сапраўдная.

Цікава і тое, якім чынам у зямлю на ўскрайку Ільі магла трапіць рымская манета пачатку 17 стагоддзя.

Інга Пяганава падчас раскопак.  Фота забяспечанае Палінай Курловіч-Бяляўскай.

Інга Пяганава падчас раскопак. Фота забяспечанае Палінай Курловіч-Бяляўскай.

– Магчыма, манета належала першаму майстру гуты, – падзялілася сваімі здагадкамі Паліна. – Салагубы маглі запрасіць шклароба са Свяшчэннай Рымскай імперыі для таго, каб ён навучыў гэтаму рамяству ільянцаў.

Жалезныя знаходкі папоўнілі таксама спражка ад рамяня, цвікі розных памераў і фрагмент шчыпцоў, з дапамогай якіх працавалі з гарачым шклом.

Самае цікавае знайшлі ў яме для смецця

У час раскопак археолагі знайшлі падлогу шклозавода. Яе рабілі з гліны, укладзенай з кавалкамі цэглы. Сцены і дах, верагодна, былі з дрэва.

На сустрэчы былі вучні ад 5 па 11 клас. Фота Аксаны Ярашонак.

На сустрэчы былі вучні ад 5 па 11 клас. Фота Аксаны Ярашонак.

Знойдзеная выкладка з цэглы, вапны і камянёў – месца, дзе майстры фармававалі шкляныя вырабы.

Шмат знаходак было ў яме, куды работнікі шкляной гуты кідалі смецце. Напрыклад, тут знайшлі косткі жывёл. Паліна дамовілася з расійскім архазаолагам, які павінны зрабіць аналіз костак. У выніку мы даведаемся, чым харчаваліся шкларобы ў Ільі.

Вялікая частка артэфактаў – кераміка. Гэта рэшткі розных сасудаў. Іх выкарыстоўвалі для захоўвання ежы і для яе прыгатавання. Бо на некаторых асколках ёсць нагар.

Дзіўна, што самая старажытная кераміка можа датавацца нават пятым стагоддзем нашай эры, а мгчыма, і ранейшым часам. Застаецца толькі здагадвацца, якім чынам яна магла трапіць на ільянскае прадпрыемства 18 стагоддзя.

Група Паліны Курловіч-Бяляўскай – не першыя археолагі, якіх зацікавіла месца на ўскрайку Ільі. Робячы свае раскопкі, даследчыкі знайшлі сляды іншых. У 1982 годзе тут працаваў гісторык, пісьменнік, археолаг, ураджэнец Мядзельшчыны Міхась Чарняўскі.

Аднак, па словах Паліны, чамусьці не засталося ніякіх дакументаў пра гэтыя раскопкі. Таму археолагі шмат чаго пра іх не ведаюць. Частку сваіх знаходак Міхась Чарняўскі перадаў у маладзечанскі музей.

Такое рознае шкло

Вырабы завода – шкляныя рэшткі розных памераў і колераў – таксама папоўнілі калекцыю знаходак. Знойдзенае шкло – блакітнае, зялёнае, празрыстае, ружова-фіялетавае. З яго рабілі посуд, аптэкарскія сасуды, аконнае шкло.

Зацікавіў даследчыкаў і невядомы шкляны выраб круглай формы з ружовага шкла. На ім ёсць нешта падобнае на пячатку або штамп. Аднак літары не чытаюцца.

Акрамя саміх знаходак у роднай Ільі, вучням было цікава, чаму Паліна абрала прафесію археолага. Ды і настаўнікі здзіўляліся, як такімі далікатнымі дзявочымі ручкамі можна капаць зямлю рыдлёўкай.

Ільянская гута трапіць у дысертацыю

Па словах Паліны, у старэйшых класах яна прачытала цікавую кніжку пра археолагаў. Потым паўдзельнічала ў раскопках. Вырашыла, што гэты цікава ёй і паступіла на гістарычны факультэт у БДУ.

На раскопках у ліпені 2016 года. Фота забяспечанае Палінай Курловіч-Бяляўскай.

На раскопках у ліпені 2016 года. Фота забяспечанае Палінай Курловіч-Бяляўскай.

Што звязвае Паліну з Ільяншчынай? Сама яна – мінчанка, а карані дзяўчыны з захаду Беларусі. Аднак даследчыца піша дысертацыю пра выраб шкла ў Беларусі. І таму абмінуць Ілью яна ніяк не змагла.

– У ільянскую школу я прыехала па ўласным жаданні, – расказала археолаг. – Вельмі хацелася паказаць дзецям, што мы зайшлі ў іх вёсцы, жывучы ў іх школе.

Па словах Паліны, мясцовыя жыхары і супрацоўнікі ільянскай школы цёпла адносіліся да даследчыкаў. Школа дала прытулак, ільянцы дазвалялі паставіць у хляве рыдлёўкі.

 Фота забяспечанае Палінай Курловіч-Бяляўскай.

Фота забяспечанае Палінай Курловіч-Бяляўскай.

А мясцовы краязнавец і пісьменнік Уладзімір Кажамяка нават “ахвяраваў” археолагам мех бульбы з уласнага агарода і трохлітровы слоік капусты.

Паліна падзялілася, што гэтым летам плануе прыехаць на раскопкі з вялікай групай студэнтаў гістфака БДУ.

Сэлфі з манетай 17 стагоддзя

Напэўна, для вучняў самай яркай і ажыўленай стала апошняя частка сустрэчы. Справа ў тым, што Паліна не толькі расказала дзецям пра ільянскія знаходкі і працоўныя будні археолагаў.

Знаходкамі зацікавіліся вучні і настаўнікі. Фота Аксаны Ярашонак.

Знаходкамі зацікавіліся вучні і настаўнікі. Фота Аксаны Ярашонак.

Яна прывезла цэлы заплечнік пранумараваных, клапатліва раскладзеных па пакеціках ільянскіх знаходак. Дык што вучні маглі пабачыць, памацаць і сфатаграфаваць на мабільныя тэлефоны артэфакты двухсотгадовай даўніны.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
5.05.2017 00:58
stizhma / Як аздоблены цікава ўзорам адмысловым пальцы той рукі.....
Дадаць каментар
Новае на сайце