Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +16° Маладзечна
Вілейка +16° Вілейка
Смаргонь +15° Смаргонь
Ашмяны +15° Ашмяны
Валожын +16° Валожын
Мядзел +16° Мядзел
Астравец +15° Астравец
Здарэнні
16.05.2017 15:15 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

“Кажу, што градуснік разбіў, а яны мне – збярыце хлебам”. Маладзечанец расказвае, як не мог разабрацца, што рабіць з небяспечным металам

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак. Фота Autosport.com.ru.

Маладзечанец Віктар разбіў ртутны градуснік з месяц таму. Адразу сабраў вялікія шарыкі, але гэта быў толькі пачатак.

Прыкладна праз месяц малады мужчына пачаў заўважаць, што ў яго праблемы са здароў­ем: нудзіць, галавакружэнне, прысмак жалеза на языку.

– А ў мяне ў ваннай рамонт яшчэ не зроблены, – распавядае Віктар. – Я агледзеўся, пачаў падымаць плітку і бачу маленькія шарыкі ртуці. Чым я толькі не спрабаваў збіраць – і венікам, і пыласосам. Як пасля аказалася, так збіраць увогуле нельга.

Маладзён вырашыў, што яго пагаршэнне здароўя звязанае якраз з тым, што ў кватэры засталася непрыбраная ртуць. Патэлефанаваў у службу МНС.

– Папрасіў прыехаць ці расказаць, як мне самому сабраць, – прыгадвае маладзечанец. – І мне кажуць – вазьмі хлебам збяры ці скотчам! Я зразумеў, што лепш і далей у інтэрнэце буду чытаць, і кінуў трубку.

Мужчыну абурыла прапанова сабраць рэшткі ртуці хлебам, а таксама тое, што яму не патлумачылі, куды іх пасля выкідаць. Ён і выкінуў проста праз акно.

Фота postirke.ru.

Фота postirke.ru.

Збіраць хлебам – сапраўды адзін са спосабаў

Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі старшага інспектара групы прапаганды і навучання Маладзечанскага гаррайаддзела па над­звычайных сітуацыях Марыну Ганчарову.

Яна патлумачыла, што выратавальнікі выязджаюць на мерапрыемствы па дэмеркурызацыі, калі іх не можа забяспечыць чалавек ці арганізацыя самастойна. У выпадку, калі градуснік разбіўся месяц таму, то зразумела, што аператыўнасць ужо сышла.

– Больш за тое, маладзечанцу давалі рэкамендацыі паводле інструкцыі, дзе прапанова сабраць ртуць хлебам – толькі адзін са спосабаў пазбавіцца ад небяспечнага металу, – распавядае старшы інспектар. – Мы гаворым, што можна зрабіць, а чалавек можа выбраць найбольш зручны для сябе спосаб. І ні ў якім разе нельга рэшткі выкідаць! Іх трэба прынесці ў МНС.

Галоўны спецыяліст сектара арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый Сяргей Рудзянкоў удакладніў, што рэшткі ртуці неабходна прыносіць у часць, напрыклад, у пакеце. Затым выратавальнікі дастаўляюць прынятую ад насельніцтва ртуць у таварыства “Белколермет” у Гатаве – бліжэйшы прыёмнік гэтага металу.

Праверце ўплыў на здароўе

У Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі Маладзечанскага раёна патлумачылі, што ртутныя градуснікі ўвогуле паступова выходзяць з ужытку. Установы аховы здароўя, ды і жыхары, аддаюць перавагу электронным градуснікам. Таму цяпер разбітыя градуснікі – рэдкія выпадкі.

Аднак гэта не змяншае небяспечнасці ртуці, калі такія выпадкі ўсё ж здараюцца. Каб праверыць памяшканне на астаткавае ўтрыманне пароў ртуці, трэба правесці даследаванне. Маладзечанская лабараторыя ЦГЭ на гэта не акрэдытаваная. Даследаванне можа зрабіць Мінскі абласны ЦГЭ.

Тэрапеўт маладзечанскай бальніцы №3 Жанна Кісель паведаміла, што маладзечанцу Віктару для праверкі здароўя варта здаць аналізы і наведаць тэрапеўта.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце