Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка -1° Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Грамадства
Вілейка
16.05.2017 20:37 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Вясковае безбар'ернае асяроддзе і дзверы на шнурочках: як жыве ў Ільі адзінокі інвалід-вазочнік

Інвалід Віктар Філістовіч на кухні.

Інвалід Віктар Філістовіч на кухні. .

Віктар сустракае мяне на сваёй кухні. Просіць прабачэння за тое, што ў хаце не зусім прыбрана. А мне нязручна чуць такія словы ад адзінокага інваліда-вазочніка.

Праходзім у пакой. Гаспадар адчыняе дзверы, тузануўшы за шнурок. Такія “прылады” – на кожнай дзвярной ручцы. 

Мой субяседнік, Віктар Філістовіч, жыве ў Ільі на Вілейшчыне. Месца прыгожае. На адзін бок рака Ілія і лес, на другі – велічны касцёл, збудаваны ў пачатку 20 стагоддзя.

Толькі вось хата, дзе пакуль яшчэ знаходзіцца Віктар Філістовіч, ужо не яго.

Драўляныя пандусы для заезду ў хату.

Драўляныя пандусы для заезду ў хату.

– Мама перад смерцю падарыла хату маёй сястры, вось і жыву цяпер, нібы на кватэры, – дзеліцца набалелым мужчына.

Кажа, што ў любы момант можа аказацца на вуліцы. Напачатку года, вярнуўшыся з бальніцы, мусіў нейкі час зімаваць без печкі. Яе разбурыла сястра. Кажа, удзячны старшыні Ільянскага сельсавета, які дапамог скласці печку па-новаму.

Да сённяшняга дня не ведаю свой дыягназ

Да пэўнага часу мой субяседнік на здароўе не скардзіўся. Як большасць вяскоўцаў, шмат чаго рабіў па гаспадарцы. 15 год працаваў у аддзяленні сувязі. Устанаўліваў і рамантаваў тэлефоны людзям у Ільі і ў Вілейцы. Год даглядаў хворую маці, у якой у 2010 годзе здарыўся інсульт. Гадаваў дзяцей: сына і дачку.

У мяне адразу ўзнікае пытанне, ці ёсць нейкая падтрымка інваліда з боку дзяцей.

– Ды што вы!.. – махнуў рукой мой субяседнік, – дачка яшчэ школьніца, з мамай жыве, чым яна дапаможа?

Віктар цягне за шнурок  – і дзверы адчыняюцца. Фота Аксаны Ярашонак.

Віктар цягне за шнурок – і дзверы адчыняюцца. Фота Аксаны Ярашонак.

А старэйшы сын жыве ў Мінску. Мае чатырох дзяцей, але не мае працы. Таму яму, па словах Віктара, самому патрэбная дапамога.

Па словах мужчыны, які ад 2011 года ў інвалідным вазку, дактары самі дакладна не ведаюць, што ў яго за хвароба. Пачалося ўсё з таго, што яму зрабілі пункцыю на пазваночніку. І ў хуткім часе, аднойчы вясновым ранкам, ён прачнуўся і проста не змог устаць з уласнай канапы.

Вельмі дарэчы прыехаў сваяк, які адразу ж павёз яго ў бальніцу ў Вілейку. З Вілейкі – у Бараўляны.

Прыстасаванне, каб адчыніць дзверы.

Прыстасаванне, каб адчыніць дзверы.

– Дактары агледзелі мяне, – прыгадвае Віктар. – І дыягназ вызначылі адным словам  – “позна”. Не думалі, што дажыву да раніцы.

Тут, у Бараўлянах, Віктар перанёс адну аперацыю, а праз тры дні другую. Успамінае, як хірург, што рабіў аперацыю, сказаў, што 26 красавіка Віктар можа лічыць другім днём нараджэння.

Пра пандусы ў вёсцы і ў горадзе

Віктар выязджае на вазку на вуліцу, набывае прадукты ў вясковых магазінах і на рынку, што працуе тут па панядзелках і пятніцах.

– Першы час куляўся на вазку, – прыгадвае Віктар. – Калі звалюся, тады па мабільніку тэлефанаваў сваім хлопцам, з якімі разам працаваў. Яны прыязджалі і падымалі мяне разам з вазком.

Па словах Віктара, у накірунку безбар’ернага асяроддзя, пра якое цяпер так шмат пішуць, яшчэ працаваць і працаваць. Добра, што цяпер у Ільі ёсць зручныя пандусы, каб заехаць у паліклініку, на пошту, у сельсавет, школу.

– А вось неяк паехаў у Вілейку, каб падключыць мабільны тэлефон, – успамінае інвалід. – Там з-за адсутнасці пандусаў так зваліўся, што два тыдні ў бальніцы праляжаў.

Пандусы для заезду ў ільянскі сельсавет. Фота Аксаны Ярашонак.

Пандусы для заезду ў ільянскі сельсавет. Фота Аксаны Ярашонак.

Ёсць пандусы і на ганку хаты, дзе жыве Віктар. Тут дапамог дырэктар ільянскай школы Ігар Юшко. Паклалі і замацавалі на прыступках некалькі дошак – вось і пандусы. У вясковым прыватным доме гэта зрабіць куды лягчэй і танней, чым у гарадской шматпавярхоўцы.

Некалькі разоў на тыдзень да Віктара прыходзіць сацыяльны работнік, крыху дапамагае па гаспадарцы. Але пераважна мужчына прызвычаіўся рабіць усё сам.

 Ён паліць печку, гатуе ежу на электраплітцы, мые бялізну ў аўтаматычнай пральнай машыне.

Дапамог зварот да земляка-намесніка міністра

Старэнькі камп’ютар падключаны да інтэрнэта. Тут мужчына глядзіць навіны і чытае пра розныя прыстасаванні для інвалідаў-вазочнікаў. Часам нешта падказвае іншым “сябрам па няшчасці”.

– Перапісваемся, дзелімся інфармацыяй, досведам. Каму што пашчасціла дастаць з патрэбных для інваліда прыладаў, дапамагаем адзін аднаму.

Увесь 2012 год Віктар праляжаў. У 2013 годзе, дзякуючы таму, што быў на прыёме ў намесніка міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, які, дарэчы, таксама ільянец, трапіў на рэабілітацыю ў Аксакаўшчыну.

– Там дактары пыталіся, чаму прыехаў так позна, – распавядае інвалід.

 Знаходжанне ў нейкай сацыяльнай установе, на думку Віктара, не мае сэнсу. Гэта раней ён не мог нават нешта падняць, калі звалілася на падлогу, а цяпер цалкам можа сябе дагледзець.

Але і жыць у пастаянным адчуванні, што ні сёння, дык заўтра апынешся на вуліцы, таксама цяжка. Віктар марыць пра ўласнае жыллё . І магчымасць ёсць.

Трэцяя частка пенсіі ідзе на лекі

 Ад былой жонкі засталася палова дома тут жа, у Ільі. Хата знаходзіцца недалёка ад цэнтра: побач і рынак, і магазіны, і паліклініка, недалёка аптэка. Але дом у занядбаным стане. Патрэбны добры рамонт, водаправод, каналізацыя. Плюс афармленне дома і ўчастка. А гэта, як вядома, грошы.

З пенсіі 300 рублёў 100 штомесячна ідзе на лекі. Таму Віктар баіцца, што апынецца на вуліцы раней, чым зможа падрыхтаваць дом.

Ільянская пошта. Фота Аксаны Ярашонак.

Ільянская пошта. Фота Аксаны Ярашонак.

Аказалася, што за той час, які Віктар правёў у ложку, яго стан маглі б значна палепшыць. Але станоўчыя вынікі ўсё ж з’явіліся. У Аксакаўшчыне мужчына быў чатыры разы. Тут 200 метраў ён ужо мог прайсці на сваіх нагах з дапамогай хадуноў для інвалідаў.

Калі Віктар адчуў сябе крыху лепш, вырашыў стварыць у Ільі таварыства інвалідаў. Рабіў гэта, каб быць нечым занятым, каб не пачаць піць ад безвыходнасці, прызнаецца мужчына.

Як працавала вясковае таварыства інвалідаў

У таварыства ўвайшло 18 інвалідаў-вазочнікаў з Ільі і навакольных вёсак. Людзі плацілі ўнёскі, а ўзамен атрымлівалі частковае вырашэнне праблем і гуманітарную дапамогу.

За “гуманітаркай” ездзілі ў маладзечанскае таварыства інвалідаў, – распавядае Віктар. У яго абавязкі ўваходзіла знайсці машыну з кіроўцам, заправіць яе, даставіць рэчы для інвалідаў.

Цяпер кіраваць таварыствам Віктар не можа: шмат часу праводзіць у бальніцах, з’явіліся праблемы са спінай, трэба рабіць яшчэ адну аперацыю. Кажа, што хацеў каму-небудзь перадаць кіраўніцтва, але ахвотных не знайшлося.

За  час, праведзены на інвалідным вазку, мужчына нацярпеўся прыніжэнняў. Асабліва крыўдзілі словы кшталту “вам жа першую групу далі, чаго вы яшчэ хочаце?”

– Кажуць, цяпер аддзелам сацыяльнай абароны ў Вілейскім райвыканкаме добры чалавек загадвае, хачу трапіць да яго на прыём, – гаворыць Віктар. – Толькі вось з транспартам пакуль ніяк праблему не вырашу.

Вядома ж, у вёсцы якраз цяпер пасяўная.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце