Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +16° Маладзечна
Вілейка +16° Вілейка
Смаргонь +16° Смаргонь
Ашмяны +16° Ашмяны
Валожын +17° Валожын
Мядзел +16° Мядзел
Астравец +16° Астравец
Спорт
18.05.2017 11:02 ,AЎТАР(Ы): навучэнка школы журналістыкі “Маладзік” Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ

Юны маладзечанец пабудаваў сваю “армію”

Арцём Шахно

Арцём Шахно. Фота забяспечана Арцёмам Шахно.

На карме карабля лунае сцяг Італіі. Выратавальныя шлюпкі, гарматы, катапульты, катары – усё гатова, і, здаецца, вось-вось крэйсер “Пола” спусціцца на марскую роўнядзь і, як у часы Другой сусветнай, прыступіць да ваенных дзеянняў.

Але гэтага не адбу­дзецца, бо перад намі ўсяго толькі дакладная копія карабля, паменшаная ў 350 разоў, якую пабудаваў юны маладзечанец Арцём Шахно.

У цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” яго прывёў тата Віталь Шахно, які кіруе гуртком “Тэхнічнае мадэляванне”. Першую мадэль – карабель з пластыку – пяцігадоваму Арцёму дапамагалі рабіць старэйшыя і з большым досведам навучэнцы. З часам хлопчык так захапіўся мадэляваннем, што стаў наведваць і іншыя гурткі пад кіраўніцтвам Мікалая Хрэшчыка.

 У 12 гадоў юнак стаў кандыдатам у майстры спорту. А нядаўна выканаў нарматыў майстра спорту і пры яго пацвярджэнні атрымае гэтае званне.

За дзесяць гадоў Арцём сабраў вялікую колькасць узнагарод: 35 медалёў, 6 кубкаў, каля 100 грамат. Неаднаразова ўдзельнічаў у рэспубліканскіх спаборніцтвах, а летась стаў прызёрам чэмпіянату Еўропы па стэндавым мадэлізме.

Калі я папрасіла Арцёма падлічыць створаныя ім мадэлі, ён на хвіліну задумаўся, уяўляючы сваю “армію”, але ў выніку адказаў: “Вельмі шмат, іх нерэальна палічыць”.

– Усім, хто плануе заняцца мадэляваннем, я хачу пажадаць цярпення, таму што без яго ў такой справе не абысціся, – кажа юнак.

Яшчэ б, бо каб пабудаваць адзін карабель, трэба год, а то і два. Так шмат часу неабходна, каб зрабіць поўную копію, паўтарыць кожную дэталь да дробязяў, а іх можа налічвацца да трохсот. Да таго ж усё трэба зрабіць акуратна і якасна.

– Перш чым пачынаць працу, я вывучаю інфармацыю пра рэальны карабель: год пабудовы, у якіх бітвах ­удзельнічаў і г.д. Потым ідзе чытанне чарцяжа. Асаблівую ўвагу трэба надаць колерам і дробным дэталям, – распавядае Арцём.

А яшчэ юнак робіць дыярамы – аб’ёмныя выявы батальных сцэн. Адна з апошніх работ – рэканструкцыя марскога порта з прычаламі, караблямі, экіпажам і парусным партугальскім суднам Sagres у цэнтры. З гэтай дыярамай Арцём Шахно стаў пераможцам першынства Мінска і Мінскай вобласці па суднамадэльным спорце “Абаронца Айчыны-2017”.

Цяпер Арцём збірае мадэль амерыканскага карабля “Арызона” і мае намер удзельнічаць у чэмпіянаце свету.

Акрамя мадэлявання юнак займаецца пляжным валейболам, абараняе гонар школы ў раённых турнірах.

– Не куру і нікому не раю, выбірайце спорт і актыўны адпачынак! – заклікае аднагодкаў да здаровага ладу жыцця наш герой.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце