Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +16° Маладзечна
Вілейка +16° Вілейка
Смаргонь +16° Смаргонь
Ашмяны +16° Ашмяны
Валожын +17° Валожын
Мядзел +16° Мядзел
Астравец +16° Астравец
Гісторыя
Вілейка
19.05.2017 17:34 ,AЎТАР(Ы): Алесь Раткевіч

Пляшчанская трагедыя. Аднойчы адчуўшы на сабе “справядлівасць” савецкай улады, ардэнаносец на радзіму больш не вярнуўся

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак. Фота euroradio.fm.

Каб больш падрабязна даведацца пра трагедыю 70-гадовай даўніны, якая здарылася ў Пляшчанах на Вілейшчыне, я завітаў да карэнных жыхароў гэтай вёскі Аляксандра (1932 г.н.) і Аляксандры (Булах) Доўнараў (1929 г.н.). 

Яны пражылі разам доўгае жыццё. Але пакуль пажаніцца, давялося прайсці праз цяжкія жыццёвыя выпрабаванні.

Да верасня 1939 года, які перакрэсліў жыццёвыя планы вяскоўцаў, Аляксандра Мікалаеўна паспела скончыць тры класы польскай школы ў суседніх Лоў­цавічах. А вось Аляксандр Аляксандравіч толькі адзін клас Каз­леў­шчынскай сямігодкі.  

З расповеда Аляксандры Доўнар (Булах)

У адрозненне ад суседяга Дварца, пляшчанцы жылі больш заможна. Амаль што ўсе мелі свой кавалак зямлі і гаспадарку. Ад 1920 года зямля вакол Пляшчанаў належала Багдановічам, якую па зага­дзе Пілсудскага, па 25 гектараў, выдзялялі прыезджым польскім жаўнерам (асаднікам) у пажыццёвае карыстанне. Ад гэтых надзелаў заставаліся кавалкі (абрэзкі) зямлі, якія раздаваліся моцным і працавітым сялянскім сем’ям.

Фёдар Булах атрымаў тры абрэзкі агулам каля 20 гектараў ворыва. Але каб не плаціць вялікіх падаткаў, зямлю раздзяліў на трох ужо дарослых сыноў.

Сын Іван (1901 г.н.) не вельмі цікавіўся сялянскай працай. Ён яшчэ пры царскай Расіі скончыў чатыры класы рускамоўнай Радашкаўскай гімназіі. Яго вабіла настаўніцтва, якое цягнула ў бальшавіцкую Расію, мяжа з якой пралягала за дзве вярсты на ўсход ад вёскі. У 1922 годзе Іван Булах пайшоў за лепшай доляй у савецкую краіну. Праз гады тры перапіска з ім абарвалася назаўсёды.

Другі сын, Аляксандр, застаўся пры бацьку, а Мікалай, тата Аляксандры Мікалаеўны, на выдзеленых яму дзедам сямі гектарах зямлі пабудаваўся і разгарнуў добрую гаспадарку.

Гаспадарка мацнела, дзеці былі абутыя, адзетыя. Вучыліся ў школе. Здавалася, усё складваецца. Але ўсе планы і надзеі на будучыню пачалі знікаць вясной 1939.

Чуткі пра вайну з Расіяй змяніліся ўжо на расповеды ад незнаёмцаў-агітатараў з таго боку. Правакацыі савецкіх памежнікаў прынялі рэгулярны характар.

Пачалася  мабілізацыя вяскоўцаў у Войска польскае. Пад мабілізацыю патрапіў і Уладзімір Карповіч (1915 г.н.), родны дзядзька Аляксандры Мікалаеўны. Булахі пачалі рыхтавацца да вайны таксама. Да 17 верасня амаль што ўся гаспадарка была распрададзеная.

У гэты дзень савецка-польскую мяжу перайшло савецкае войска. Баёў за мяжу не было, польскія памежнікі пакінулі яе яшчэ звечара. Савецкія вайскоўцы паводзілі сябе спакойна. Насельніцтва вёскі замерла ў чаканні.

Аляксандр Доўнар, родам з Загаранаў, былы вязень фашысцкага канцлагера.

Аляксандр Доўнар, родам з Загаранаў, былы вязень фашысцкага канцлагера.

Раскулачванне, арышты

Спакой скончыўся з першых дзён 1940 года. Распачалося раскулачванне польскіх асаднікаў ды заможных сялян.

З карэнных пад раскулачванне патрапіў Павел Ваўчок з Жардэцкіх. У пачатку прыходу Польшчы ён з’ехаў у Амерыку на заробкі. Праз пару год вярнуўся і на заробленыя грошы купіў у заборскага пана стары хутар з 15 гектарамі зямлі ў Зацішшы, гэта вярсты паўтары ад Пляшчанаў. Пабраўся шлюбам з карпавіцкай дзяўчынай, Сцепанідай Рабунец.

Услед за гаспадаркай разрасталася і сям’я: нарадзіліся Лёня (у 1930 годзе), Ала (1932) і Поля (1934).

І вось цяпер усё, што было заробленае і нажытае, савецкія “вызваленцы” падчыстую забралі і параздавалі беднаце, лайдакам ды п’яніцам. А самога Паўла разам з сем’ямі раскулачаных польскіх асаднікаў саслалі ў Сібір.

А напрыканцы саракавога кудысьці ў Сібір саслалі і яго жонку Сцепаніду з дочкамі.

Разабраўшыся з  так званымі кулакамі, НКВД ўзялося за тых, хто вярнуўся з нямецкага палону з мабілізаваных у Войска польскае беларускіх жаўнераў. Амаль што ўсе яны былі арыштаваныя і сасланыя ў ГУЛАГ. Так сталася і з дзядзькам Аляксандры Уладзімірам Карповічам.

Нарадзіўся ён тут у Пляшчанах Хаценчыцкай воласці ў 1915 годзе ў заможнай сялянскай сям’і. Да прызыву у Войска польскае халасцякаваў і жыў у сям’і старэйшага брата. Падчас савецка-фашысцкай акупацыі Польшчы ваяваў супраць фашыстаў дзесьці на заходнім фронце, за Варшавай. Але вайна хутка скончылася. Карповіч патрапіў у палон да немцаў. Праз нейкі час яму і яшчэ двум зямлякам удалося збегчы – дапамагло веданне польскай мовы. Але дабрацца да дому Уладзіміру не атрымалася. У Маладзечне яго затрымалі патрулі і перадалі НКВД. А тыя шмат часу на Карповіча не трацілі. Асу­дзілі як здрадніка, які перайшоў мяжу, і накіравалі ў ГУЛАГ.

Вайну двух саюзнікаў Уладзімір Карповіч сустрэў на Салаўках.

Як былы жаўнер Войска польскага быў залічаны ў Армію Андэрса. У яе складзе ваяваў на розных франтах. Праваяваўшы усю вайну да самай перамогі, ардэнаносец Уладзімір Карповіч на радзіму больш не вярнуўся. Ужо аднойчы адчуўшы на сабе “справядлівасць” савецкай улады, ён вырашыў больш не рызыкаваць і паехаў жыць у Англію, пасля – у Амерыку. І толькі ў сярэдзіне 80-х мінулага стагоддзя, пасля 50-гадовай разлукі з радзімай, Карповіч наведаў Беларусь, свае родныя Пляшчаны.

Пагасцяваўшы з месяц у родных, Уладзімір Сямёнавіч вярнуўся назад ў чужую краіну, у якой атрымаў прытулак, працу і павагу і якая стала для яго другой радзімай. Там, у Амерыцы, і пахаваны.

86-гадовая Аляксандра Мікалаеўна распавядала мне пра мінулае з такой лёгкасцю і без блытаніны, быццам чытала свае ўспаміны з кніжкі. Пасля кароценькай паўзы і глыбока ўздыхнуўшы, працягнула свае расповеды пра нялёгкі свой лёс.

Ваенны перыяд у жыцці пляшчанцаў  

У чэрвені 1941 года бальшавіцкая ўлада змянілася на фашысцкую, і пляшчанцам у чарговы раз давялося прыстасоўвацца да новай улады і новага парадку. З самага пачатку вайны ў Хаценчыцах стварылі  ваенны гарнізон. Для яго ўмацавання ў якасці працоўнай сілы акупанты выкарыстоўвалі не толькі савецкіх ваеннапалонных, але і мясцовае насельніцтва. Ганялі на будоўлю не толькі пляшчанскіх мужыкоў, але і з навакольных вёсак. Падчас жніва пляшчанскіх вызвалілі ад працы ў гарнізоне. Рабілася гэта дзякуючы аднавяскоўцу Карповічу, бо ён быў добра знаёмы з псаломшчыкам Хаценчыцкай царквы, Ляшкевічам, у якога штогод абрабляў зямлю.

Ляшкевіч у немцаў быў перакладчыкам, бо добра валодаў нямецкай мовай. Ён запэўніў немцаў, што неабходна вызваліць сялян ад працы ў гарнізоне, каб своечасова ўбраць ураджай, а гэта станоўча адаб’ецца на падатказборы.

Пасля такога тлумачэння нямецкае камандаванне нават пайшло на большае, яно ў дапамогу сялянам накіравала яшчэ і ваеннапалонных. А з надыходам халадоў увогуле расфарміравала іх па вёсках як кватарантаў-працаўнікоў.

Шмат хто з вяскоўцаў і рады быў памагатым, асабліва адзінокія жанчыны. Усё ж як-ніяк, але мужык у хаце.

Муж Аляксандры Мікалаеўны Аляксандр Доўнар родам з суседніх Загаранаў, якія шчыльна прылягаюць да Хаценчыцаў. Размежаваннем гэтых вёсак служыць маленькая лясная рэчачка.

Маленькая, але ўдаленькая, як кажа Аляксандр, бо яшчэ з запольскага часу і на першым годзе вайны на яе беразе каля крынічкі стаяў уласны паравы млын “Загараны” хаценчыцкага яўрэя Сымаля Цурэнмана. Спыніўся той млынок пасля расстрэлу немцамі яго гаспадара разам з ўсёй яго абшчынай. Аляксандр Аляксандравіч гэта добра памятае. Як і тое, што жыхары з навакольных ад гарнізона вёсак бралі палонных не толькі для дапамогі, але яшчэ і таму, што шкадавалі тых чырвонаармейцаў, якія трапілі ў палон да захопнікаў.

Іван (Яцька) Агатавіч Грынкевіч

Рассяляліся па вёсках ваенапалонныя толькі радавога складу. А палонных савецкіх афіцэраў і бальшавікоў немцы ці расстрэльвалі, ці адпраўлялі ў асобны перавалачны лагер у Раёўцы. Аднаго такога небараку пашкадаваў, на гора сабе і людзям, і даў прытулак Іван (Яцька) Агатавіч Грынкевіч, 1900 г.н., з Заельнікаў.

На гэтым чалавеку хачу завастрыць увагу чытача, бо быў ён шырокай душы і шчырага сэрца, хоць лёс і не песціў з самага маленства.

Так атрымалася, што нарадзіўся ён па-за шлюбам. Таму і імя па бацьку атрымаў Агатавіч.

У маці сваёй, Агаты, ён быў адзіным дзіцем, бо яна так і не выйшла замуж. Гадавала яго  і вяла гаспадарку адна. У 17 год Іван усю мужыцкую справу у гаспадарцы цалкам перацягнуў з матуліных плячэй на свае.

З самага дзяцінства яго дражнілі Самасеўкам. Мянушкі ў вёсцы ў той час былі звычайнай з’явай, і на іх з крыўдай мала хто  рэагаваў. Не крыўдаваў на яе і Іван. Калі яму было ўжо гадоў 20, пра Самасеўка ўжо ніхто і не згадваў. А ў 1922 годзе ён ажаніўся з прыгожай дзяўчынай з Мардасоў, Паўлінкай Цывількай (з Муляронкаў).

Чытайце ранейчыя часткі артыкулу Аляксандра Раткевіча:

Хаценчыцы і наваколле ў людскіх лёсах. Вёска Дварэц (1)

Як дварчане сустрэлі вайну з гітлерам. Вёска Дварэц (2)

“Душы дзіця, бо яно загубіць усю вёску!”. Успаміны пра вайну ў вёсцы Дварэц Вілейскага раёна(3)


Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце