Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +14° Маладзечна
Вілейка +14° Вілейка
Смаргонь +14° Смаргонь
Ашмяны +14° Ашмяны
Валожын +14° Валожын
Мядзел +13° Мядзел
Астравец +14° Астравец
Гісторыя
Вілейка
2.07.2017 22:19 ,AЎТАР(Ы): Алесь Раткевіч, Чысць

Пляшчанская трагедыя ў вайну. Параненая ў сківіцу, выцягнула з палаючай хаты мужа і 6-гадовага сына, але выжыла толькі сама

Фота tfttraumarelief.com.

Для Пляшчанаў тая перастрэлка і забіты паліцэйскі вельмі дорага абышліся. У гэты  ж дзень бліжэй да вечара лунёўцы вярнуліся ў вёску, але ўжо ў большай колькасці і ўзначаленыя вядомым асабістам Белікам. Яны адразу ж пачалі высвятляць, хто на іх наклікаў паліцэйскіх.

Расправа асабістаў

Лунёўцы адразу западозрылі швагра Жукоўскага, Ігната, які днём перадаў ім разведдадзеныя пра бяспеку, якая пагражае мінскім падпольшчыкам. Частка атрада зайшла ў хату да Жукоўскіх, а астатнія засталіся на вуліцы. Адразу з парога Белік па­чаў задаваць Ігнату пытанні пра яго візіт у партызанскую зону. Галоўным чынам распытваў пра дачку. З кожным пытаннем і адказам, які не задавальняў Беліка, допыт набіраў усё больш і больш вострую форму. Не атрымаўшы адказу, якога хацеў, Белік загадаў Ігнату збірацца.

Іван і Варвара  паспрабавалі  заступіцца за сваяка, што той ніякі не шпіён, а прыйшоў папярэдзіць пра праваленае мінскае падполле. У адказ Белік абазваў Жукоўскіх фашысцкімі прыхваснямі і загадаў сядзець і не высоўвацца, паабяцаўшы да іх яшчэ вярнуцца.

Ігнат на хаду накінуў кажушок на плечы і выйшаў з хаты. На прыцярушанай сняж­ком вуліцы ўжо шарэла і браўся марозік. Праз хвілін 20 пасля таго, як лунёўцы сышлі, дзесьці за вёскай прагучалі стрэлы. Вяскоўцы зразумелі, што асабісты пакаралі чарговага “нямецкага шпіёна”.

Сям’я Жукоўскіх чакала сваёй чаргі, але ў гэты вечар да іх не прыйшлі. Назаўтра з самага рання Жукоўскія разам з Жогламі, якія даводзіліся ім блізкай раднёй,

знайшлі за метраў 500 ад вёскі забітага і раздзетага амаль да гала Ігната. Але забіраць яго, каб пахаваць, пабаяліся – трэба быў дазвол асабіста.

Фашысцкая помста

Не паспелі Жукоўскія толкам распавесці сусе­дзям пра іх гора, як на вёску наляцелі Хаценчыцкія паліцэйскія і зондэркаманда з Ільі. Уся гэта фашысцкая хеўра адразу ж запоўніла ўсе падворкі, з якіх мінулым днём была адкрытая страляніна па паліцэйскіх і падчас якой  адзін з іх быў забіты. Калі па­чалася ў вёсцы страляніна і запалалі чатыры хаты з усімі пабудовамі, Аляксандра Мікалаеўна са сваім татам знаходзіліся ў свіране, за метраў 200 ад свайго падворка. Стаялі і бездапаможна назіралі, як гінуць іх родныя і суседзі і як гараць іх хаты.

Расправіўшыся з сем’ямі Булаха, Горбача і Яўгена Дзіка, фашысцкая помста за забітага паліцэйскага пачала пераходзіць ужо на ўсю вёску. Але тут умяшаўся якраз падаспеўшы  псаломшчык Ляшкевіч. Ён  запэўніў немцаў у тым, што ў забойстве паліцэйскага вінаваты не сяляне, а партызаны. І тым больш, што гэтыя людзі самі сталі ахвярамі партызан-лунёўцаў і паказаў на Жукоўскіх, у якіх напярэдадні тыя расстралялі сваяка. Афіцэр  зондэркаманды паверыў Ляшкевічу і адмяніў акцыю па знішчэнні ўсёй вёскі і яе жыхароў.  

Пляшчане цэлы дзень не маглі адысці ад ранішніх жахаў. Бо кожны з іх прама ў вочы гля­дзеў сваёй смерці. І толькі бліжэй да вечара, крыху супакоіўшыся, на могілках у Загаранах родныя пахавалі Яўгена Дзіка (1904 г.н.) і яго шасцігадовага сына Ваню.

Жонка Яўгена Лізавета (1905), параненая ў сківіцу, здолела выцягнуць з палаючай хаты сына і мужа. Але з сям’і выжыла толькі яна.

Сям’ю Горбача нацысты расстралялі ў двары. Спачатку гаспадароў, Габруся (1904) і яго жонку Гэльку (1907), а потым і дачку Аляксандру (1927).

Аляксандра з меншымі братам і сястрой, калі пачулі страляніну і дым над суседскай хатай, ссякалі падмарожаную капусту за хлявом на агародзе. Аляксандра загадала малодшым схавацца ў барозны, чым і выратавала ім жыцці, а сама пабегла да хаты, насустрач сваёй смерці.

Горбачаў вяскоўцы пахавалі на месцы расстрэлу, у іхнім жа двары пад яблынькай, дзе тыя спачываюць і па сённяшні дзень, без магілкі і помніка, бо перапахаваць не было каму.

На наступны дзень усе жыхары Пляшчанаў сабраліся на папялішча сялібы Фёдара Булаха. Пахаванне гэтай сям’і ўскладнялася тым, што загінулыя згарэлі разам з хатамі. Суседзі добра бачылі, як фашысты ра­зам з паліцэйскімі ўварваліся ў хату і сходу ўсіх пастралялі. Гаспадара, Фёдара Булаха, яго 24-гадовага сына Аляксандра, 22-гадовую нявестку Надзю і прыблукаўшую мінчучку Кацю, а потым, абліўшы пабудовы бензінам, падпалілі іх.

І вось вяскоўцы сабраліся ў спадзяванні, што ўдасца знайсці целы загінулых Булахаў і пахаваць іх.

Але калі камяні падмурка парассыпаліся і паплавіліся ад тэмпературы, то што можна было казаць пра целы загінулых. Таму пахавалі тое, што можна было пахаваць, прама на падворку пры дарозе.  Свой двор для іх, як і для Горбачаў, стаў вечным прыстанішчам.

Трагізм вёскі набіраў абароты

Для Пляшчанаў гэта трагедыя не была апошняй. Паліцаі лазілі па вёсцы і выведвалі, хто мае дачыненне да партызан і дапамагае ім. А партызаны са свайго боку сярод жыхароў адшуквалі здраднікаў. І першыя, і другія за самую малую падазронасць каралі безабароннае насельніцтва ад старога да малога.

Вельмі моцны кантроль быў з боку партызан. Іх разведка працавала не горш за нямецкую, але ў шматлікіх выпадках з перабольшваннем. Бо лунінцы ўсё дакладна ведалі, хто дзе з кім загаварыў альбо куды хто схадзіў? Людзі стараліся маўчаць і не дакладваць нікому пра ўбачанае і пачутае. Але сярод насельніцтва знаходзіліся гэтак званыя “стукачы”.  

Апошняя трагедыя, якая адбылася з Булахамі, у чарговы раз пераканала пляшчанцаў ў мудрасці прыказкі: “Язык мой – вораг мой!” Вось “каб не заўважыў” Фёдар Булах тых паліцэйскіх, глядзіш і ўсё абышлося б ціха, спакойна і без ахвяр.  Бо, як стала вядома пазней, тыя пяцёра паліцэйскіх ішлі ў вёску да Евы Баран, за пасам да паравога млына “Загараны”. Яго гаспадар, Сымаль Цурэнман, пас той пакінуў у Евы на захоўванне. І іншай мэты паліцэйскія не мелі. Пакуль яны забіралі б у Бараноў той пас да млына, то партызаны ў Булахаў дапілі б гарэлку ды паснулі. І, хутчэй за ўсё, не адбылося б перастрэлкі і ўсе засталіся б жывымі. Але што здарылася, тое ўжо здарылася.  

Не заплаціш падаткі немцам – заб’юць немцы, а заплаціш – заб’юць партызаны

Наступіў 1943 год, які прынёс вяскоўцам новыя выпрабаванні. Партызаны забаранілі насельніцтву плаціць падаткі нямецкай уладзе. Такая забарона ўсім жыхарам вёскі несла смяротную пагрозу. Солтыс Ключнік не ведаў увогуле, што рабіць – ісці ў партызаны ці ў паліцыю.

Вяскоўцы, заціснутыя з усіх бакоў, пачалі баяцца лунёўцаў больш, чым немцаў. А лунёўцы – вяскоўцаў. Нямецкія шпіёны ім здаваліся не толькі ў навакольных вёсках, але і ў сваіх атрадах. Жыхары клаліся спаць адзетымі, працягвае свае расповеды Аляксандра Мікалаеўна. І толькі з аднымі думкамі, калі і хто прыйдзе па іх жыццё?

У лютым 1943-га асабіст Белік з трыма сваімі памагатымі ў чарговы раз наведаў Пляшчаны. Паводзіны яго ў той дзень былі нейкія незвычайныя. Хадзілі ад хаты да хаты, распытвалі, ці заўважаў хто чужынцаў у вёсцы і да каго тыя заходзілі? Папалуднаваўшы ў Івана Карповіча, працягнулі абход вёскі. Не звярталі нават увагі на дзяўчат. Магчыма, яго жарсці да жанчын асту­дзіла не вельмі прыемная хвароба, якой нядаўна перахварэў.  

Ужо прыцемкамі зайшлі ў хату да Жукоўскіх. Доўга не марудзілі, бо абвінавачанне ім было ўжо падрыхтаванае. У віну ім ставілася тое, што быццам Жукоўскія паспрыялі цэлай групоўцы нямецкіх агентаў пад выглядам савецкіх выведвальнікаў укараніцца ў рады іх брыгады. І што іх швагер Ігнат таксама ўваходзіў у склад завербаваных фашыстамі агентаў. Але ўсе яны своечасова былі выяўленыя і расстраляныя. Так заявіў Белік. Таму, згодна з ваенным часам, чакае расстрэл і тых, хто з нямецкімі “агентамі” меў хоць якую сувязь. А гэта цэлы ланцужок здраднікаў, які цягнецца ажно да Мінска. І што моцным звяном таго ланцуга з’яўляецца і сям’я Жукоўскіх, іх швагер Ігнат з Мінска і ягоная дачка Вера, перакладчыца мінскай камендатуры.

Расстрэльвалі Жукоўскіх прама ў хаце. І калі меркаваць па характары выканання прыгавору, то там ўсё выглядала на бандыцкае жахлівае забойства азвярэлых нелюдзяў. Відовішча было не для слабанервовага чалавека.

Усе сцены і нават столь былі ссечаныя кулямі і залітыя крывёй. На падлозе ў крывавых лужынах ляжалі знявечаныя шматлікімі кулямі целы Жукоўскіх:

гаспадара Дзмітрыя (67 год), гаспадыні Варвары (58), дачкі Серафімы (27), сына Лёні (23), дачкі Марыі (20), унучкі Алімпы (10 год).

Асабіст Белік прымаў самы непасрэдны ўдзел у тым крывавым забойстве ў ролі суддзі і выканаўцы прысуду. Пасля расстрэлу гэтай сям’і, Белік са сваімі галаварэзамі ўсю маёмасць, вопратку і прадукты, якія толькі былі ў расстраляных, пагрузілі на вазы і забралі.

Але садысты не ўсіх расстралялі. Падчас знішчэння сям’і 12-гадовая ўнучка Ніна схавалася у другім пакойчыку і яе бандыты не заўважылі. Адразу пасля той трагедыі яе забрала да сябе Вольга, родная сястра бабы Варвары. Яна была замужам за суседам Іванам Жоглам. Так і жыла Ніна ў Жоглаў да свайго шлюбу з Міхаілам Луцкім з Хаценчыцаў.

Пасля вайны яна як адзіная, хто застаўся ў жывых з сям’і, выступіла ў судзе як відавочца і сведка супраць забойцаў яе родных і іншых вяскоўцаў. У тым ліку Карповічаў – Івана Сямёнавіча (1899 г.н.) і ягонай жонкі Марыі Васілеўны (1908), расстраляных 28 мая 1943 года, у якіх кватараваў сам Белік. Асабісту вельмі не падабалася, што да Івана ўсе жыхары ў вёсцы адносяцца з павагай, як да разумнага і разважлівага чалавека, які нікому не адмаўляў у вырашэнні тых альбо іншых жыццёвых праблем. Беліка насцярожвалі таксама стасункі Карповіча з псаломшчыкам Ляшкевічам. Хаця цудоўна ведаў, што здрады ў тых стасунках няма.

Чытаць папярэднія часткі:

Хаценчыцы і наваколле ў людскіх лёсах. Вёска Дварэц (1)

Як дварчане сустрэлі вайну з гітлерам. Вёска Дварэц (2)

“Душы дзіця, бо яно загубіць усю вёску!”. Успаміны пра вайну ў вёсцы Дварэц Вілейскага раёна (3)

Пляшчанская трагедыя. Аднойчы адчуўшы на сабе “справядлівасць” савецкай улады, ардэнаносец на радзіму больш не вярнуўся (4)

Пляшчанская трагедыя: як жыхары мусілі збіраць партызанам гарэлку, закусь і "дэсерт", а тыя замест абароны ад паліцаяў даліся на ўцёкі (5)

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце