Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -5° Маладзечна
Вілейка -5° Вілейка
Смаргонь -4° Смаргонь
Ашмяны -4° Ашмяны
Валожын -5° Валожын
Мядзел -4° Мядзел
Астравец -4° Астравец
Грамадства
Валожын
9.07.2017 10:44 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Глядзеў на Беларусь праз дзірачку ў акне: чаму немца Герхарда Крамера пазнаюць на валожынскіх вуліцах

Герхард Крамер у валожынскім гатэлі. Фота Аксаны Ярашонак

Герхард Крамер у валожынскім гатэлі. Фота Аксаны Ярашонак.

Герхард Крамер ужо 25 год прыязджае ў Валожын. Ён няспешна крочыць па валожынскіх вуліцах, адзначае, што гарадок папрыгажэў. Ды і таксі з Мінска да Валожына ўжо не трэба чакаць шэсць гадзін, як гэта было чвэрць стагоддзя таму.

Некаторыя валожынцы пазнаюць спадара Герхарда і вітаюцца з ім. Адкуль у невялікім беларускім горадзе ведаюць жыхара федэратыўнай зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія?

Хутка даведацца пра гэта не атрымалася. Хоць лёс і падарыў магчымасць жыць з Герхардам Крамерам у адным валожынскім гатэлі, дачакацца героя было цяжка.

– О, у яго столькі спраў заўжды, калі ён да нас прыязджае, – патлумачыла дзяўчына на рэцэпцыі ў гатэлі. – Ён сёння можа быць вельмі позна. Вам усё роўна тэлефанаваць?

І мне пашанцавала. Герхард Крамер прыйшоў у гатэль а дзясятай вечара. І быў гатовы размаўляць.

– 25 год таму група беларускіх дзяцей адпачывала ў Германіі, – пачынае свой расповед спадар Крамер. – А потым мы з сябрамі захацелі паглядзець, як жывуць тыя дзеці, убачыць іх радзіму.

Зімой 1992 года, калі ў Беларусі было больш за 20 градусаў марозу, Герхард Крамер знаёміўся з Беларуссю. Ён ехаў на таксі з Мінска ў Валожын і праз размарожаную дзірачку ў акне глядзеў на нашу радзіму.

Спачатку Герхард і яго аднадумцы жылі ў валожынскіх сем’ях. Калі  ў горадзе з’явілася добрая гасцініца, пачалі спыняцца тут. Плаціць за яе нядорага, лічыць Герхард, а ніякай нязручнасці людзям не ствараеш.

А першай была першая школа

Дапамога Валожыну пачалася з сярэдняй школы №1. Да святаў, а часам і проста так сям’я Крамераў рыхтавала падарункі для вучняў. Цацкі і ласункі ехалі з Германіі ў Беларусь на вялікіх грузавіках. Апошні раз вага гуманітарнай дапамогі для валожынцаў склала 14 тон.

Да сённяшняга дня, па словах майго суразмоўцы, ён падтрымлівае кантакты з тымі, самымі першымі вучнямі школы, якім дапамагаў. Ведае, хто з іх куды пераехаў, хто стварыў сем’і. За 25 год каля 500 дзяцей з Валожыншчыны адпачылі і паправілі здароўе ў Германіі.

А 19 год таму Крамер спрыяў удачарэнню хворай валожынскай дзяўчынкі ў нямецкую сям’ю. Па словах Герхарда, у яе былі праблемы з ныркамі.

На сённяшні дзень дзяўчыну вылечылі. Яна жыве і вучыцца ў Германіі. Будзе спецыялістам па дрэваапрацоўцы. Ад прапановы Герхарда з’ездзіць на радзіму ў Валожын дзяўчына пакуль адмаўляецца.

Цацкі, спартыўныя прылады, камп’ютары, новае тэхнічнае абсталяванне з’явілася ў валожынскіх школах і садках дзякуючы Крамеру.  Часам Герхард са сваімі сябрамі нават самастойна рабіў рамонты ў школах. А мясцовы цэнтр дзіцячага развіцця “Расінка” валожынцы ўвогуле называюць “садком Герхарда Крамера”.

Буду дапамагаць, пакуль змагу

Касцёл Святога Юзафа, што знаходзіцца на цэнтральнай плошчы ў Валожыне, таксама дапамог адрамантаваць мой субяседнік. Дзякуючы яму знайшліся матэрыялы для рамонту. Крамер – сам каталік па веравызнанні. І на радзіме належыць да каталіцкага таварыства Святога Юзафа.

На пытанне, чаму Крамер дапамагае дзецям Валожына, адказ просты: ён мае магчымасць і жаданне. Дзяржава і бацькі не заўсёды могуць цалкам забяспечыць патрэбы дзіцяці, перакананы Крамер. Па яго словах, такая сітуацыя не толькі ў Беларусі, а ў Германіі таксама.

У Валожын Герхард Крамер прыязджаў штогод. Выключэннем стаў толькі 2016. Тады мой субяседнік даведаўся, што сур’ёзна хворы. Аднак сёлета гэта не перашкодзіла яму прыехаць зноў.

– Калі валожынскія сябры даведаліся пра маю хваробу, яны шмат пісалі на электронную пошту, маральна падтрымлівалі мяне, – дзеліцца Крамер.

Бацька распавядаў пра Беларусь і беларускіх “матак”

На сённяшні дзень мой субяседнік – пенсіянер. Усё жыццё адпрацаваў майстрам па рамонту тэле- і радыёапаратуры. Мае сям’ю: жонку, дзяцей, унука і ўнучку.

У часы Вялікай Айчыннай вайны бацька Герхарда Крамера быў у Беларусі. Расказваў сыну пра прывакзальную плошчу ў Мінску. Тут ён пракладаў чыгунку. У Беларусі згубіў адну нагу.

– Бацька часта ўспамінаў, – прагадвае Герхард, – што каб не беларускія “маткі”, наўрад ці ён бы змог вярнуцца дадому жывым.

За дабрачынную дзейнасць Крамер мае высокія ўзнагароды ад беларускага і нямецкага ўрадаў. А на маё пытанне пра палітычную сітуацыю ў Беларусі адказаў:

–  Ведаеце, я дапамагаў і колькі змагу буду дапамагаць валожынскім дзецям, а палітыка мяне мала цікавіць.

Загадчыца валожынскага цэнтра развіцця дзіцяці: Крамер – наш сапраўдны сябар

Загадчыца валожынскага дзіцячага цэнтра развіцця дзіцяці Наталля Казак ўпэўненая, што “садком Крамера” іх установу называюць нездарма.

Герхард Крамер – наш сапраўдны сябар, кажа жанчына. Цэнтру ён дапамагае ад 2005 года. Дзякуючы яму ў групах шмат цікавых развіццёвых цацак і гульняў, у спартыўнай зале вялікія і маленькія футбольныя вароты, мячы, фітболы, скакалкі, бадбінтоны, турыстычная палатка.

Выхаванцы цэнтра займаюцца ткацтвам. На маленькіх ткацкіх станках яны вучацца рабіць габелены. Неабходныя для гэтай справы ніткі таксама прывозіць Герхард Крамер.

Новы халадзільнік і выцяжка ў харчблоку, кухонныя прылады, посуд, сушыльная машына ў пральні – вось яшчэ падарункі нямецкага сябра.

У час прыезду Крамер заходзіць у групы, вітаецца з дзецьмі, назірае, як яны гуляюць з нямецкімі падарункамі, фатаграфуе. Робіць гэта, каб паказаць сваім сябрам у Германіі, колькі задавальнення маленькім валожынцам прыносяць нямецкія падарункі.

– Калі мы даведаліся пра хваробу Крамера, – кажа Наталля, – ужо і не думалі, што ён прыедзе. Таму сваім сёлетнім візітам наш сябар прыемна здзівіў усіх нас.

Сама Наталля працуе ў цэнтры нядаўна. А супрацоўнікі, якія знаёмыя з Крамерам ад 2005 года, нават нямецкую мову вывучылі дзякуючы зносінам з ім.

Пасольства ФРГ у Беларусі. УНП 1011666185.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце