Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +14° Маладзечна
Вілейка +14° Вілейка
Смаргонь +14° Смаргонь
Ашмяны +14° Ашмяны
Валожын +14° Валожын
Мядзел +13° Мядзел
Астравец +14° Астравец
Гісторыя
Вілейка
8.07.2017 18:00 ,AЎТАР(Ы): Алесь Раткевіч

"У таты былі пазрываныя пазногці на нагах, а ў мамы павырываныя на галаве валасы". Як сустрэліся пасля вайны з забойцам сваіх бацькоў

Сёстры Карповічы

Сёстры Карповічы. Фота Алеся Раткевіча.

Працягваем расопед пра трагічныя ваенныя падзеі ў Пляшчанах.

Асабіст Белік прымаў самы непасрэдны ўдзел у тым крывавым забойстве ў ролі суддзі і выканаўцы прысуду. Пасля расстрэлу гэтай сям’і, Белік са сваімі галаварэзамі ўсю маёмасць, вопратку і прадукты, якія толькі былі ў расстраляных, пагрузілі на вазы і забралі.

Але садысты не ўсіх расстралялі. Падчас знішчэння сям’і 12-гадовая ўнучка Ніна схавалася у другім пакойчыку, і яе бандыты не заў­важылі. Адразу пасля той трагедыі яе забрала да сябе Вольга, родная сястра бабы Варвары. Яна была замужам за суседам Іванам Жоглам. Так і жыла Ніна ў Жоглаў да свайго шлюбу з Міхаілам Луцкім з Хаценчыцаў.

Пасля вайны яна як адзіная, хто застаўся ў жывых з сям’і, выступіла ў судзе як відавочца і сведка супраць забойцаў яе родных і іншых вяскоўцаў. У тым ліку Карповічаў – Івана Сямёнавіча (1899 г.н.) і ягонай жонкі Марыі Васілеўны (1908), расстраляных 28 мая 1943 года, у якіх кватараваў сам Белік. Асабісту вельмі не падабалася, што да Івана ўсе жыхары ў вёсцы   адносяцца з павагай, як да разумнага і разважлівага чалавека, які нікому не адмаўляў у вырашэнні тых альбо іншых жыццёвых праблем. Беліка насцярожвалі таксама стасункі Карповіча з псаломшчыкам Ляшкевічам. Хаця цудоўна ведаў, што здрады ў тых стасунках няма.

Іван Жогла.

Іван Жогла.

Забойства сям’і Карповічаў

Асабіст канчаткова абурыўся на Карповіча пасля таго, як Іван супраць загада Беліка “здраднікаў не хаваць” арганізаваў вяскоўцаў для пахавання забітай сям’і Жукоўскіх, бо яны пасля расстрэлу  з ты­дзень ляжалі у хаце. Услед  расправіцца з непакорным Карповічам не атрымалася з-за распачатай немцамі блакады. Праўда, ён сам не рашыўся прыняць непасрэдны ўдзел у знішчэнні сям’і, якая яго прытуліла, карміла ды абагравала. Карповічаў закатавалі іншыя, яго паплечнікі па барацьбе.

Больш падрабязна пра гэта забойства распавяла Зінаіда Іванаўна Раковіч (Карповіч), 1929 г.н., старэйшая дачка Івана Карповіча. Блакада 1943-га пазаганяла пляшчанцаў у глухія лясныя нетры. Частка сышла ў Зацішша, а частка за Хаценчыцы ў Зачарнянскі лес, моцна забалочаны, пераважна хвойны. Напрыканцы мая блакада аслабела, і людзі пачалі варочацца ў свае вёскі.

Вайна-вайной, а садзіць-сеяць трэба.

– Тата, мабыць, прадчуваў нядобрае, – расказвае Зінаіда Іванаўна, – бо дахаты адразу нас, мяне, сястру Жэньку (1936 г.н.) і брата, Аляксандра (1928), з сабой не забраў, а адправіў быццам на тыдзень ў Куляшы (за вёрст пяць ад Пляшчанаў) да бабы Дар’і і дзеда Васіля. Праз некалькі дзён у Куляшы дайшлі чуткі, што ў Пляшчанах забілі сям’ю Карповічаў, але якіх,  дакладна не гаварылі. Пачалі мы больш хвалявацца, калі мінуў час, а тата так і не прыехаў за намі. Бабуля з дзядулем таксама месца не знаходзілі ад розных думак.

Іван Карповіч.

Іван Карповіч.

Урэшце мы самі  ра­зам з бабуляй і дзядулем рушылі ў Пляшчаны. Пляшчанцы сустрэлі нас са слязамі на вачах і спачуваннем, сказаўшы, што здарылася вялікае гора ў нашай сям’і.

Што бацькі нашы былі забітыя бандытамі ў сваёй жа хаце тыдзень таму, але дагэтуль так і не пахаваныя. Вяскоўцы баяліся заходзіць у хату з-за пагрозаў тых бандытаў.

Да падворка нас праводзілі ўсе вяскоўцы. Мы ўжо самі сябе падрыхтавалі да трагічнай сустрэчы са сваімі загінулымі бацькамі, але ад таго, што ўбачылі ў хаце, ледзь не страцілі прытомнасць. Нас і ўсіх прысутных уразіў жахлівы выгляд расправы над нашымі роднымі. У таты былі пазрываныя пазногці на нагах, а ў мамы павырываныя на галаве валасы. Па ўсім было бачна, што іх моцна катавалі.

Вяскоўцы дапамаглі пахаваць тату і маму на Загаранскіх могілках. А пасля распавялі, што бандыты пасля расправы з нашымі бацькамі абрабавалі ўсё, што было магчыма звезці. Але адна ямка засталася некранутай, тата ўсё ж такі нават пад катаваннем не сказаў садыстам, тым самым не пакінуў нас на галодную смерць.

Пытаюся  ў Зінаіды Іванаўны, ці ведае яна прозвішчы непасрэдных забойцаў вашага таты і мамы?

– Аднаго толькі. Бо пасля вайны мы яго сустрэлі ў Ільі. Тады гэта быў райцэнтр, і ён там працаваў на нейкай пасадзе. Мы яго на ўсё жыццё запомнілі.

На наша пытанне, за што нашых бацькоў закатаваў, адказаў, што яму быў загад расстраляць, і ён толькі страляў.

А здзекаваліся іншыя, каб даведацца, дзе пажыткі схаваныя. Бо быў такі загад камандавання – забраць усё і расстраляць!

Зінаіда Іванаўна прыціхла ў задуменні, а вочы, напоўненыя слязьмі, глядзелі недзе ўдалеч. Мо, у далёкі і страшэнны 43-ці. Бо раптам, змахнуўшы з твару слязінкі, прадоў­жыла размову пра свой далейшы ваенны лёс:

– Асірацелым дзецям адным заставацца у Пляшчанах было раўназначна смерці, і таму баба Дар’я забрала іх да сябе ў Куляшы. Пасля такіх трагічных падзей, забойстваў і гвалту, з Пляшчанаў сышло амаль усё насельніцтва.

Помнік закатаваным Карповічам.

Помнік закатаваным Карповічам.

У партызаны да Лунёва не ішлі, не хацелі, каб мірнае насельніцтва на іх глядзела, як на лунёўцаў-забойцаў. Асабліва пасля таго, як нагледзеліся на іх здзекі і гвалт з насельніцтва. Сышлі хто ў Ілью, хто ў Раёўку, а хто ў  Радашкавічы – дзе ў каго была радня.

Насельніцтва ўцякала ў нямецкія гарнізоны не толькі з Пляшчанаў, але і з іншых вёсак, куды дабіраліся лунёўцы. Заставаліся толькі лічаныя, каму не было да каго прытуліцца.

У Куляшах таксама жыццё было, што на вулкане. Тут часцей, чым у Пляшчанах, наведваліся паліцаі і немцы. Брат Сашка вымушаны быў днямі хавацца дзесьці ў агародзе альбо ў полі, каб не патрапіць на прымусовую службу у паліцыю. Дахаты прыходзіў толькі нанач і то баючыся налётаў лунёўцаў.

Адпраўка вяскоўцаў у Германію

Вясной 1944-га немцы разгарнулі чарговую блакаду не толькі супраць партызан па іх знішчэнні, але і супраць насельніцтва для адпраўкі ў Германію. Выгнаўшы людзей з лесу, старых і слабых адпусцілі, а ўсіх маладых ды працаздолных паходным маршам пагналі на Раёўку. Там яшчэ раз зняволеных перасартавалі і, пагрузіўшы на машыны, завезлі ў Краснае на станцыю.

А там у вагонах-цялятніках цягнік павёз Зінаіду Іванаўну з васьмігадовай сястрой Жэнькай і 16-гадовым братам Сашкам кудысьці на Захад. Стараліся трымацца ўсе разам. Дзесьці ў сярэдзіне лета цягнік давёз іх да месца прызначэння, у Асвенцым, фашысцкі канцлагер Аўшвіц. Там прабылі паўтара месяца, а пасля іх перавезлі ў іншы лагер пад Дрэздэн.

Вызваленым вязням можна было выбраць любую краіну свету для жыцця

Пра лагернае існаванне Зінаіда Іванаўна размаўляць не стала, а я, разумеючы яе перажытае, не стаў аб гэтым і распытваць. У 1945 годзе з таго лагера іх вызвалялі амерыканцы. Усім вызваленым вязням амерыканскім бокам было прапанавана выбіраць любую краіну свету, куды б яны хацелі паехаць жыць. Усім гарантаваліся ўсе грамадзянскія правы той краіны, якую яны абяруць. Пасля прыехалі прадстаўнікі савецкай арміі, якія таксама гарантавалі роўныя правы ўсім тым, хто пажадае вярнуцца ў СССР. Усе, хто будзе згодны з прапановай, будуць без затрымкі адпраўленыя на Ра­дзіму.

Зінаіда Іванаўна з братам і сястрой і з іншымі вязнямі, тымі, хто адмовіўся ад амерыканскай прапановы, тры тыдні чакалі савецкага транспарту, каб адправіцца дадому. Шмат хто ўжо шкадаваў, што не пагадзіліся з амерыканскім бокам, бо тыя ўслед вывезлі “сваіх” з лагера. У выніку вязні, разбіўшыся на групы, рушылі ў Савецкі Саюз пешшу.

Дзень выхаду з Дрэздэнскага лагера, 28 мая, запомніўся добра, бо ён супаў з гадавінай расстраляных бацькоў. У дзень праходзілі па 50-60 кіламетраў. Каб выжыць, па дарозе вымушаныя былі прасіць яду, а дзе і красці. Дадому ў Куляшы дабраліся напрыканцы жніўня. Два гады жылі разам з бабай Дар’яй і дзедам Васілём і хадзілі ў Куляшоўскую школу. А ў 1947 годзе, як брата Сашку мясцовая ўлада адправіла ў Карэлію на дрэванарыхтоўкі, Зінаіда Іванаўна з малодшай сястрой пайшлі жыць у Пляшчаны, ва ўцалелую бацькоўскую хату.

Працавала на ферме цялятніцай, а малодшая сястра, Жэнька, працягвала хадзіць у школу. Праз некалькі год з Карэліі вярнуўся брат Сашка. Для яго канцэнтрацыйныя лагеры не прайшлі бясследна. Сашка доўга і моцна хварэў. У хуткім часе, пасля атрымання статуса вязня канцлагера ў 1958 годзе, сышоў з жыцця.  А сёстры гэты статус вязняў атрымалі толькі ў 1991 годзе.

– А што тут больш казаць, – кажа напрыканцы Зінаіда Іванаўна,– што палупцаваў нас лёс, то палупцаваў! Што нават забойцу нашых бацькоў не пажадаеш!

Чытаць папярэднія часткі:

Хаценчыцы і наваколле ў людскіх лёсах. Вёска Дварэц (1)

Як дварчане сустрэлі вайну з гітлерам. Вёска Дварэц (2)

“Душы дзіця, бо яно загубіць усю вёску!”. Успаміны пра вайну ў вёсцы Дварэц Вілейскага раёна (3)

Пляшчанская трагедыя. Аднойчы адчуўшы на сабе “справядлівасць” савецкай улады, ардэнаносец на радзіму больш не вярнуўся (4)

Пляшчанская трагедыя: як жыхары мусілі збіраць партызанам гарэлку, закусь і "дэсерт", а тыя замест абароны ад паліцаяў даліся на ўцёкі (5)

Пляшчанская трагедыя ў вайну. Параненая ў сківіцу, выцягнула з палаючай хаты мужа і 6-гадовага сына, але выжыла толькі сама (6)

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце