Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +10° Маладзечна
Вілейка +10° Вілейка
Смаргонь +10° Смаргонь
Ашмяны +10° Ашмяны
Валожын +10° Валожын
Мядзел +9° Мядзел
Астравец +10° Астравец
Грамадства
16.07.2017 19:49 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

Паэтэса, маці траіх дзяцей з Маладзечна выйшла замуж у касцюме эльфійкі. Вяселле абышлося ў 800 рублёў (Фота)

Фота забяспечана Марыяй Шэбанец.

28-гадовая Марыя Шэбанец носіць новае прозвішча менш за месяц. У маладых атрымалася не толькі незвычайнае вяселле, але і таннае.

Урачыстасць адбылася 13 мая. Наўмысна.

– У мяне ёсць хобі, – смяецца Маша. –  Калі даведваюся пра нейкую прыкмету, то імкнуся даказаць, што яна не працуе. Таму абавязкова май і абавязкова 13-е для вяселля.

Колька каштуе вяселле эльфаў

– Хацелася зрабіць цікава, а грошы траціць мы з Толем не маглі. Калі б не сяброўка Алеся, я наўрад ці гэта ўсё зрабіла б. Запрасіла яе сведкай, а яна пачала актыўна падкідаць ідэі, думалі, як што пашыць, і сама сабе яна зрабіла сукенку. Я люблю фэнтэзі, цікавяць гістарычныя рэканструкцыі. Хаця ўбранства было фэнтэзійнае, я скарыстала адну рэч, якую на фота не бачна.

Кашуля пад сукенкай, пашытая на ўзор 14-15 стагоддзя. Рыхтавала яе па паўгадзінцы-гадзінцы ў дзень цягам двух тыдняў.

Саму сукенку заказала з Кітая. Дыядэму замовіла ў майстрыхі з Піцера. Яна з дроту робіць такія ўпрыгажэнні, што выглядаюць лепш за срэбра. Сандалі купіла летась у Дрэздэне, калі была ў працоўнай паездцы ў Чэхіі, а нас заадно звазілі на экскурсію. Сама рабіла плашч і сабе, і мужу. Матэрыял заказвала ў беларускай інтэрнэт-краме. Не паспявала зрабіць, таму дашывала машынкай. Пояс з двух шнуркоў, якія падарыла сяброўка. Мячы ў мяне былі раней, замаўляла ў майстра. З імі крыху трэніруюся, вучуся фехтаванню ў вілейскім клубе “Паходня”, калі знаходжу час.

Марыя са сведкай Алесяй.

 

Свята маладыя ладзілі ў доміку для сустрэчы паляўнічых. Гасцей было каля 15 чалавек. Нявеста і сведка былі ў фэнтэзійных уборах, жаніх апрануў сшыты Машай плашч, а сярэдняя дачка Варвара прыбралася ў касцюм Рапунцэль з Кітая.

На другі дзень маладыя вянчаліся ў царкве. Маша тлумачыць, чаму не захацела апранаць белую сукенку:

– Гэта, па-першае, вельмі звычайна. А па-другое, напэўна, гэта варыянт для маладой дзяўчыны. Калі ў цябе шлюб у першы раз, зручна перадаць арганізацыю сваякам, каб яны падрыхтавалі, як трэба. А я ўжо магу сабе дазволіць і эльфійскае вяселле. Хаця таксама трэба было даказаць, што бу­дзе па-нашаму. Бацькі хацелі нешта больш звыклае для іх. Дзякуючы Алесі было з кім абараняць нашу ідэю. А як спадабалася дзецям!

Што купілі для вяселля

36 рублёў    – сукенка
20 рублёў    – матэрыял для кашулі нявесты
70 рублёў    – на матэрыял для плашча нявесты
80 рублёў    – на матэрыял для плашча жаніха
40 рублёў    – дыядэма
10 рублёў    – абутак
400 рублёў  – гатовая ежа з супермаркета    
60 рублёў    – арэнда памяшкання
40 рублёў    – транспартныя выдаткі

Фота рабіла сяброўка бясплатна, фотаапарат быў у сястры Толі.

Замест макіяжу і цырульні Маша абрала натуральную прыгажосць.

756 рублёў усяго выдаткавалі на вяселле.

Як пазнаёміліся маладыя

Адзін аднаго Маша і Толя ведалі даўно, у іх адны сябры, з якімі разам хадзілі ў паходы. Адносіны пачаліся летам 2014 года, таму да вяселля ўсё і прадумана, і праверана.

– Для дзяцей прыход новага чалавека ў сям’ю быў натуральны, таму што адбывалася ўсё паступова, – кажа маладая жонка. – Толя – сябра нашай сям’і, які шмат дапамагаў, з часам стаў і яе членам.

Калі пытаюся ў Машы, чым яе зачапіў малады муж, яна адразу ж з захапленнем кажа:

– Ён прыгожы. Ён напалову грэк – па бацьку. Праваслаўны, а для нас гэта еднасць думак. Ён чытае, і не тое, што я, больш сур’ёзныя кнігі. Гэта шыкоўна, калі ты заходзіш у сваю спальню, а там сядзіць найпрыгажэйшы ў свеце мужчына ў вытанчаных акулярах і чытае кнігу! Чытае ён навуковую літаратуру, пра гісторыю, Грэцыю, раннія хрысціянскія творы. Адна з нашых найвялікшых мараў – разам з’ездзіць у Грэцыю. Гэта ж калыска мастацтва! Толя сціплы, нават не захацеў “свяціцца” ў газеце ў гэтым артыкуле. Ён чалавек унутранай працы.

Малады муж вельмі сарамлівы, нават у газеце не захацеў "свяціцца".

 

– Як табе далося рашэнне так змяніць жыццё?

– Калі баішся нешта змяніць, церпіш сітуацыю, напэўна, яшчэ ёсць сілы яе выносіць. А калі ты на дне, то адзіны магчымы шлях – выплысці наверх.

– Ці разумееш ты анекдоты пра свякроў?

– З будучай свекрывёй бачыліся тры гады таму, заходзіла на чай. Потым мама Толі і сястра прыйшлі на Вялікдзень у госці. Паразуменне адбылося адразу. Двойчы ў мяне была свякроў, і ні разу анекдоты пра іх я не разумела. Тое, што мы не звязаныя крывёй, дапамагае, няма лішняга панібрацтва, таму так нават лягчэй. У любых адносінах галоўнае ўзаемапавага – з дзецьмі, роднымі, новымі роднымі, мужам. Калі павага губляецца, вось тады праблема. Мы з Толем аднагодкі, яго радня рашэнне пра шлюб прыняла спакойна – усё ж ён даўно не хлопчык.

Пра гаспадарку

– Займацца гаспадаркай мне падабаецца, але часу на яе амаль няма. Таму робіцца ўсё па прынцыпе “далей няможна”. З ежы гатую, што прасцей. Напрыклад, бульбу з цыбуляй на бляху, зверху мяса ці рыба, заліваю соусам – і ў духоўку. На выхадных стараемся нешта цікавае прыгатаваць. А нядаўна купіла кніжную шафу, нарэшце, шчасце такое! Кніжачкі расставіла, ведаю, што мне туды яшчэ трэба.

Мой муж гатуе лепш за мяне, ён і поварам працуе. А дома гатуе той, хто мае час.

Пра шчасце

– Цытуем з мужам ­адзін аднаму тое, што чытаем. Калі за дзецьмі ёсць каму прыгледзець, то наш лепшы адпачынак – пайсці ў лес. Няма калі адчуваць сябе шчаслівай. Але калі ўдваіх трапім у лес, то буду. Шчаслівы момант перад сном, калі справы зробленыя, усе спяць.

Дзеці і дом

У Машы трое дзяцей. Старэйшай Насці 10 год, Варвары 8. Малодшы Вова сёлета пойдзе ў школу, у жніўні яму споўніцца шэсць год.

– Калі Вова дома, то прачынаюся ў 6:45, каб яго завесці ў садок, пакарміць дзяўчат – і за працу. Звычайна праца пачынаецца ў 10. Калі Вова ў таты, а ён звычайна ў таты па буднях, то падымаемся да 9:30. У дзяўчынак другая змена, яны самі ідуць на прыпынак і едуць у 14-ю школу. Мне галоўнае назіраць, каб яны па часе паспявалі.

Галоўная складанасць, з якой давялося сутыкнуцца сям’і, – жылая плошча:

– Калі знайшлі, дзе жыць, астатняе вырашаецца. Пакуль жывём на кватэры. Але атрымалі ўчастак за станказаводам, пачалі будаваць дом. Цяпер заліваем фундамент. Збіраем грошы, накідалі план. Нешта робім самі, нешта просім дапамагчы знаёмых. Ужо ўяўляю, якім будзе дом, дзеці плануюць, дзе што будзе стаяць, якія шпалеры паклеяць. Плошча каля 113 квадратаў, два паверхі.

На ўчастку абавязкова будуць дрэвы і расліны, якія схаваюць агароджу. І арэлькі, прычым мае.

Праца

Марыя працуе на фабрыку ў Ніжагародскай вобласці Расіі па вырабе матрошак. У Празе яны маюць склад, з якога рассылаюць матрошак па ўсім свеце.

– Мая справа – працаваць з кліентамі, што жывуць за межамі Расіі, СНД  і Чэхіі – астатняя Еўропа, Амерыка, Аўстралія, Японія, Кітай. Перамовы бываюць і на англійскай, і на рускай мове. Звычайна кліенты – эмігранты з Расіі. Ад 10 поў­ны працоўны дзень, але бывае, што і ўначы даводзіцца працаваць – у той жа Амерыцы ў гэты час дзень. Мара наконт працы  – каб узялі ў якое-небудзь выдавецтва і далі перакладаць мастацкія кнігі з англійскай на рускую ці беларускую. З задавальненнем перакладала б добрае фэнтэзі і добрыя казкі, магчыма, нешта з дэтэктываў. Была думка перакласці ўрывак з Толкіена і падсунуць выдавецтву, а раптам прайшло б. А яшчэ мару зарабляць сваёй творчасцю. Цяпер чытаць атрымліваецца, калі стаю на прыпынку, крыху перад сном, калі п’ю чай і снедаю. Хочацца цэлы дзень праваляцца з чымсьці смачненькім і чытаць, але пакуль так не атрымоўваецца.

Акрамя сямейных абавязкаў і працы, Маша паспявае ствараць. Летась выдала кнігу “Таямніца”, паспрабавала сябе ў перакладах вершаў на беларускую мову.

– Падцягнуць успрыманне англійскай на слых мне вельмі дапамог “Гары Потэр”. Гэта выдатны варыянт для такой мэты: пачынаецца з простай, нават дзіцячай мовы, а пасля і персанажы, і мова расце. Сем аўдыёкніг як праслухала, цяпер усё разумею! Насця ўжо чытае другую кнігу з серыі, а Вара пачала першую. Гэта такі кайф, калі заходзіш у дзіцячы, а яны ўдзвюх чытаюць “Гары Потэра”, якога так палюбіла я. Вара часам пытаецца, што не зразумела, а Насця прылятае: “Мама, мама, там у кніжцы такооое было!” А яшчэ ў кнігах шмат памылак, і Насця сядзіць з карэктарам. Кажа: “Мама, тут трэба выправіць, правільна?” – “Правільна” і выпраўляе.

Як хоча выхаваць дзяцей

– Галоўнае – навучыць думаць сваёй галавой. Чым больш у іх будзе кніг і сустрэч з цікавымі людзьмі, чым больш думак яны пачуюць, тым лепш зразумеюць, што кожны бачыць гэты свет па-свойму. Што няма чорнага і белага, і ў кожнага свая праўда.

Калі я навучу іх думаць самастойна, а не выцягваць цытаты з паблікаў “Укантакце”, то буду лічыць, што выхавала добра.

У дзіцячую я амаль не заходжу – у іх свой, дзіцячы свет. Не тое, каб малодшыя слухаліся Насцю, але ў яе атрымліваецца знайсці падыход і дамаўляцца. Я не кажу, што даглядаць малодшых яе абавязак, але прашу дапамагчы. Калі можа – дапамагае. Часам скардзіцца: “Мама, да мяне лезе Вова, убяры яго” – “Ну куды я яго ўбяру? Гэта і яго пакой. Дамаўляйся”. Канешне, чакаем, калі ў новым доме ў кожнага будзе свой пакой. Я і па сабе ведаю, як хочацца мець свой пакой.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце