Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -5° Маладзечна
Вілейка -6° Вілейка
Смаргонь -5° Смаргонь
Ашмяны -5° Ашмяны
Валожын -4° Валожын
Мядзел -7° Мядзел
Астравец -5° Астравец
Грамадства
Вілейка
23.07.2017 13:32 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

У адзін Львоў турыстаў прыязджае ў 50 разоў больш, чым ва ўсю Беларусь. Як нам шкодзяць візы, распавялі на фестывалі ў Вілейцы (Фота)

Андрусь Такінданг і Аляксандра Парахня

Андрусь Такінданг і Аляксандра Парахня. Фота Зоі Хруцкай.

Аб тым, як бы палягчала жыццё аматараў вандраваць, калі б палітыкі дасягнулі дамоўленасці па спрашчэнні ці нават адмене віз, абмяркоўвалі ў Вілейцы 15 ліпеня.

Фестываль “Самаход” сабраў падарожнікаў і тых, хто хацеў бы вандраваць, але пакуль атрымліваецца не вельмі. Ці праўда, што магчыма адпачыць за межамі Беларусі без вялізных укладанняў грошай і сіл, дзяліліся арганізатары свята.

Фестываль “Самаход” і сам падарожнічае па краіне. Такое мерапрыемства ладзілі ў Брэсце, Мінску і іншых гарадах, а цяпер сабралі і ў Вілейцы. Арганізаваць яго ў нашым рэгіёне ўзялася журналістка, выкладчыца і дызайнер, сябра грамадскай кампаніі “Без візы” Аляксандра Парахня з Маладзечна.

Арганізатар фестывалю Аляксандра Парахня.

Арганізатар фестывалю Аляксандра Парахня.

Яна сама вырашыла падзяліцца і сваім досведам падарожжа. Дзяўчына вучылася ў магістратуры польскага ўніверсітэта, а каб атрымаць стыпендыю, мусіла выканаць умову – вучыць адну з балканскіх моў. Яна абрала сербскую. Так і пачала вывучаць культуру і гісторыю балканскіх краін, а з цягам часу як можна было іх не наведаць.

Калі вы збіраецеся ў падарожжа па Балканах

З беларускім пашпартам віза не трэба ў дзвюх балканскіх краінах – Сербіі і Чарнагорыі. Самалётам ляцець туды танней з Вільні ці Варшавы, чым з Мінска. А вось на машыне ехаць даволі небяспечна: гарыстыя дарогі могуць пакарыць толькі кіроўцы-асы. Зрывы аўтобусаў і цягнікоў з гор – гэта не нешта неверагоднае ў гэтых краінах.

Акрамя таго, ехаць у Балканы даводзіцца праз еўрапейскія краіны з платным аўтабанам, а беларусам гэта з’ява не самая прыемная.

На Балканах некалькі краін, і кожная са сваім каларытам. Пачытаць адметнасці краіны – вашага пункта прызначэння – варта загадзя, бо інакш вы можаце быць проста непадрыхтаванымі да мясцовых асаблівасцяў. Напрыклад, у Албаніі нават не спадзявайцеся на пунктуальны грамадскі транспарт. Расклад цягнікоў – як званок у школе для настаўніка, – для кіроўцы. Вашы скаргі аб спазненні на паўгадзіны ніхто нават слухаць не будзе.

Калі вы ў Албаніі і не ведаеце албанскую мову, вам не пашанцавала. Не выратуе нават калі вы паліглот. Аляксандра распавядала, што ў кафэ ніяк не магла патлумачыць, што хоча каву, на якіх бы мовах ні гаварыла. Таму трэба ці карыстацца перакладчыкам, ці маляваць на паперцы.

Таксама варта паклапаціцца пра тое, каб мець наяўныя грошы. Не паўсюль можна зручна зняць па картцы ці размяняць.

Рэлігійнае пытанне таксама актуальнае для Балканаў. У той жа Албаніі нярэдкая карціна, калі ў  плюс 40 дзяўчына ў прасторным чорным адзенні, з якога бачныя толькі вочы, ідзе побач з маладым чалавекам у майцы і шортах.

Па жаніхоў – у Македонію

Аляксандра падзялілася і іншай прыгодай. Дзяўчына прыснула на лужку і прачнулася ад моцнага шуму. Падхапіўшыся, убачыла, што вакол яе людзі, якія ідуць і гучна гавораць на незразумелай мове. Убачыць такое непадрыхтаванаму можа быць незразумелым, таму лепш загадзя арыентуйцеся, што на Балканах значная частка насельніцтва – мусульмане, якія некалькі разоў на дзень робяць намаз.

Боснія – вельмі патрыярхальная краіна. Мясцовых жанчын на вуліцы сустрэнеш толькі ў рабочы час. Вечарам яны сядзяць дома, а вечары ў кавярнях право­дзяць толькі мужчыны.

У Македоніі маладзечанка атрымлівала прапановы замужжа ледзь не ад кожнага сустрэчнага. Македонскія “жаніхі” – таксама незразумелая з’ява для непадрыхтаванай падарожніцы.

У адзін Львоў турыстаў прыязджае ў 50 разоў больш, чым ва ўсю Беларусь

Васіль Бялько, каардынатар кампаніі “Без візы”, распавёў пра рух Беларусі ў бязвізавым накірунку.

Васіль Бялько.

Ён адзначыў, што адмена віз у Беларусь да пяці дзён – сур’ёзны крок. Але самі беларусы яшчэ мусяць губляць час і грошы на візы. Беларусь і ЕС пачалі перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму. Спрашчэння не адбываецца, таму што з апошнім крокам Беларусь цягне гадамі. Для падарожжа Беларусам неабходна зрабіць біяметрычныя пашпарты.

– ЕС закупіў усё неабходнае, друкуй хоць заўтра, – распавядае Васіль. – А мы не спяшаемся. І самі ад гэтага пакутуем, калі плацім 60 еўра за візу.

Васіль адзначыў і тое, што хаця крок з пяцідзённай адменай віз і важны, але ён недастатковы. Білеты да нас дарагія, таму што няма лаўкостаў. Таксама мы не выпрацавалі зразумелы брэнд Беларусі, з якога было б зразумела, для чаго трэба ляцець у Беларусь, мяркуе каардынатар.

Ён параўнаў, што за чатыры месяцы праз аэрапорт зафіксавалі 20 тысяч замежнікаў, якія прыехалі ў Беларусь. Здаецца, някепска, пакуль не чуеш іншую лічбу: адзін украінскі Львоў прымае ў год тры мільёны турыстаў.

Апошняй часткай фестывалю стала выступленне Андруся Такінданга і Кастуся Лісецкага.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце