Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +10° Маладзечна
Вілейка +10° Вілейка
Смаргонь +10° Смаргонь
Ашмяны +10° Ашмяны
Валожын +10° Валожын
Мядзел +9° Мядзел
Астравец +10° Астравец
Грамадства
29.07.2017 16:27 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Падарожжы. Як зайсці ў мора ў Гданьску, а выйсці з яго ў Сопаце

Гданьск

Гданьск. Фота Марыны Паповіч.

Які самы дзіўны ўчынак можна было зрабіць гэтым халодным летам? Збегчы да мора… Балтыйскага, дзе, па прагнозах надвор’я, штодзень было + 18.

Але я рызыкнула і ні разу пра гэта не пашкадавала.

Гэты артыкул пра асабістыя ўражанні ад польскай Балтыкі, ад бурштынавай сталіцы Польшчы, ад таго, як за адзін тыдзень і змерзнуць у моры, і спаліцца на сонцы.

Што асабіста было важна для мяне пры выбары месца адпачынку, гэта каб было нядорага, каб мора было побач і каб было што пагля­дзець.

Гданьск для гэтага падышоў ідэальна. Старажытны горад, ехаць не так доўга. Да Гданьска ад Маладзечна прыкладна 700 кіламетраў, ці 11 гадзін язды.

І тут чакае яшчэ адзін прыемны бонус: пры­ехаўшы ў Гданьск, вы аўтаматычна можаце наведаць ажно тры гарады: Гданьск, Сопат і Гдыню.

Так адбылося ў нас з Сопатам у першы дзень знаходжання на моры.

Але пакуль некалькі слоў пра мора.

Балтыйскае мора: лебедзі, яхты і магніты з цюленямі

Тут яно зялёнае. Але не такое зялёнае, як Вілейскае вадасховішча, а ізумруднае. І мелкае. Ідзеш-ідзеш, а яно ўсё па калена і па калена.

А мора было халоднае. Але ж гэта мора, з ім сустрэча адбываецца ў лепшым выпадку раз на год, таму паплаваць трэба было абавязкова.

Але ў халоднага мора ёсць свае перавагі.

Тут няма надакучлівых прадаўцоў, якія прама над вухам табе крычаць:

– Чурчхела! Пахлава! Кукуруза!

І тут на пляжах няма пярэстых парасонаў. А ёсць спецыяльныя ўкрыцці ад балтыйскага ветру.

Людзей таксама няшмат, можна з лёгкасцю легчы так, каб пасакрэтнічаць з сяброўкай і не баяцца, што вас нехта падслухае.

Рускую мову на пляжы давялося чуць часта. Але не гэта галоўнае.

На набярэжнай прадаюць магніты… з цюленямі. Той, хто адпачываў на Чорным моры, прызвычаіўся да таго, што на кожным другім магніціку дэльфін. А тут цюлень. Так, у Балтыйскім моры цюлені – гэта славутасць.

Але вернемся да мора. Пагрэцца ў ім давялося толькі апошнія дні два нашага прабывання ў Гданьску. На моры ў гэтыя дні быў амаль шторм: хвалі вялізныя, шумныя, вецер такі, што зносіла ім усё навокал. Шчыра прызнацца, на купальнік хацелася надзець футра.

Але надвор’е прыгатавала сюрпрыз. На вуліцы ж тэмпература была +31. Ніякімі крэмамі мы не намазваліся, твар ад сонца не хавалі, бо ад ветру было натуральна холадна, але калі вярнуліся дадому, то заўважылі, што цела гарыць агнём. Балтыйскі загар прычапіўся да яго надзейна. 

У першы дзень было не да загару. Мне хацелася адчуць пах і смак мора. Таму, не зважаючы на тое, што ногі ў вадзе ад ходаду ўжо пачалі нямець, а каб зайсці ў ваду хаця б па пояс, было яшчэ далёка, таму адзіным верным рашэннем было плюхнуцца ў ваду, як балтыйскі цюлень.

І тут здарыўся цуд. Заходзіла ў ваду я побач з таблічкай: “Выратавальная станцыя Гданьск”, а праз 200 метраў вынырнула побач з таблічкай “Выратавальная станцыя Сопат”.

Праўда, не верылася, што мы ўжо ў іншым горадзе. Але не губляць жа такую магчымасць, трэба было паглядзець яго.

Сопат – курорт для аматараў вафляў і мілых пенсіянераў

Сопат – горад курортны. І з гэтым ніхто не спрачаецца. Тут шмат кветак, лавак, гандлёвых пунктаў.  У гандлёвых пунктах, акрамя розных сувеніраў, гандлююць рознымі прысмакамі. Не памылюся, калі скажу, што самы папулярны з іх – гэта гофра. Вялізная вафля з узбітымі вяршкамі і ягадамі. Яе тут можна набыць паўсюль. Кошт – ад трох злотых (1,5 рубля).

Знакаміты горад Сопат сваім “Крывым домікам” і самым доўгім драўляным молам у Еўропе.

Домік, шчыра пры­знацца, уразіў меней. Таму што падчас курортнага сезона яго за вулічнымі кавярнямі і натоўпамі турыстаў амаль не відаць. У прынцыпе, і знутры ён не ўразіў – проста гандлёвы цэнтр.

Іншая справа – мол. Уваход на яго каштуе 8 злотых (каля 4 рублёў). Калі вы будзеце ў Сопаце ад лістапада да красавіка, то зайсці на пірс можна будзе бясплатна.

Яго даўжыня больш за 500 метраў, гэта, вядома ўражвае.

Але калі вы шкадуеце грошай, то можна абысціся і без яго наведвання. Мол – гэта доўгі белы драўляны пірс. Па ім проста прагульваюцца, на ім іграюць музыкі для турыстаў, і мол выкарыстоўваецца як прыстань для суднаў, фрэгатаў, яхт і водных таксі.

Але калі вы хочаце прыгожыя фотаздымкі на фоне мора, белага пясчанага пляжу, прыгожых, дарагіх яхт, то тады не пашкадуйце тых 8 злотых.

Гданьск – горад, дзе прыпынкі ў трамваі аб’яўляюць дзеці і оперныя спевакі

Пісаць пра тое, які Гданьск прыгожы, старажытны, каларытны горад – занятак няў­дзячны. Пра прыгажосць гэтага горада напісаныя тысячы даведнікаў.

Любы з іх вам прапануе ўбачыць жураў (будынак, дзе раней разгружалі караблі), старажытны млын, марыяцкі касцёл з гля­дзельнай пляцоўкай, фантан Нептуна.

Якую параду вам можа даць чалавек, які прабыў у гэтым горадзе ўсяго тыдзень? Выходзьце ў стары горад і гуляйце. Глядзіце па баках і здзіўляйцеся таму, што пабачыце. Фатаграфуйце, запамінайце.

Але адпачываць ад доўгага шпацыру я параіла б усё ж не ў кавярнях (хаця там таксама можна), а на набярэжнай ракі Матлава. Там можна проста звесіць ногі ў ваду і гадзінамі глядзець на раку, на жураў, на яхты і водныя трамвайчыкі, на турыстаў і спартсменаў-байдарачнікаў, якія трэніруюцца побач.

Дарэчы, пра трамваі. Калі стары горад вы пройдзеце ўздоўж і ўпоперак, садзіцеся на трамвай і едзе ў раён, які называецца Аліва. Там і батанічны сад з нейкімі суперрэдкімі раслінамі, і гданьскі заапарк. Толькі не палохайцеся, калі над вашым вухам раптам праспявае оперны спявак на матыў арыі Тарэадора з “Кармэн”: “Наступны прыпынак “О-о-о-опе-ра ба-а-а-алтыйская”. А праз два прыпынкі голас дзіцяці дадасць: “Наступны прыпынак “Дзіцячы тэатр”. Мілата, адным словам!

Ну і калі дойдзе чарга да падарункаў, то смела выбірайце бурштын. Ён тут прадаецца паўсюль. Хаця я з большым задавальненнем выбрала б магніцік з цюленем.

Падбіваем грошы:
Білет да Варшавы ў адзін бок – 55 рублёў.
Білет на аўтобус з Варшавы да Гданьска –
40 злотых ( 20 рублёў).
Пражыванне ў гатэлі – прыблізна 10 еўра ў суткі.
Аднаразовы квіток на трамвай – 3 злотыя.
Абед у кавярні – ад 10 злотых.
Сувенір з бурштыну – ад 10 злотых.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце