Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +29° Маладзечна
Вілейка +29° Вілейка
Смаргонь +29° Смаргонь
Ашмяны +29° Ашмяны
Валожын +29° Валожын
Мядзел +29° Мядзел
Астравец +29° Астравец
Грамадства
3.08.2017 16:47 ,AЎТАР(Ы): Галіна СУДНІКОВІЧ

“Адчуванне, што людзі блытаюць, што такое сметніца, а што ўнітаз”. Сантэхнік пра дзіўныя рэчы, якія змываюць у каналізацыю

Летам у гаспадынь з’яўляецца шмат клопату – як паспець нарыхтаваць садавіну і гародніну. У сантэхнікаў у сваю чаргу  больш турбот –  ну, чаму нельга гародніну выкінуць у сметніцу, а не спускаць у каналізацыю.

– Чаго толькі не даводзіцца даставаць з яе! – расказвае сантэхнік ЖРЭУ №3 Маладзечна Уладзімір Курыла. – Тут вам і бульба, і морква, і леташнія нарыхтоўкі. Але калі з гэтымі прадуктамі зразумела, бо могуць змясціцца ва ўнітаз, то як туды трапляюць і нават спускаюцца па каналізацыйных трубах качаны капусты – застаецца загадкай.

Спецыяліст расказваў, што ў адным з дамоў прыйшлося разбіваць трубу, каб выцягнуць адтуль качан капусты. І то адрывалі па лістку – па-іншаму ніяк.

– Часта складаецца адчуванне, што людзі проста блытаюць, што такое сметніца, а што такое ўнітаз, – узрушаны спецыяліст.

Сярод рэчаў, якія часцей за ўсё змываюць у каналізацыю, сантэхнік называе гігіенічныя сродкі, гігіенічныя блокі для ўнітазаў, анучы.

!Спецыяліст адзначае, што ні ў якім разе нельга змываць туалетную паперу ва ўнітаз.

Вялікая колькасць згібаў і паваротаў каналізацыйных труб прыводзіць да таго, што папера асядае ў самых недаступных месцах, трубы забіваюцца.

Многія могуць запярэчыць: туалетная папера раствараецца ў вадзе. Але гэта залежыць ад маркі вырабу. На разбурэнне шчыльнай паперы ідзе да паўгадзіны.

– Але бадай самай дзіўнай і ад гэтага запамінальнай знаходкай была невялікая навагодняя ёлка, – усміхаецца Уладзімір. – Як лю­дзі ўмудрыліся яе змыць, не магу ўявіць, аднак факт такі быў.

 

Фота vodokanal.info.

Фота vodokanal.info.

Прычыну таго, што людзі многае змываюць у каналізацыю, спецыялісты бачаць у ляноце выкідаць смецце. Асабліва калі жывуць на верхніх паверхах: у мяне трубы не заб’юцца, а знізу – хоць патоп.  Аднак ёсць жа жыхары першых паверхаў, да якіх будуць даносіцца непрыемныя пахі, трэба мець павагу да суседзяў.

Адгаворвае людзей пісаць падзякі

– Аднак усё ж не лета з’яўляецца самым гарачым часам, а пачатак ацяпляльнага сезона, – дзеліцца досведам Уладзімір. – Трэба запусціць ацяпленне, выпусціць паветра з батарэй, яшчэ і заяўкі паступаюць: у некага труба пацякла, іншага затапіла. Даводзіцца заставацца нават пасля работы. Часам і паабедаць няма калі – людзей жа не кінеш сам-насам з праблемамі.

Асабліва ўдзячныя людзі не лянуюцца прыйсці ў ЖРЭУ  і напісаць добрым работнікам падзяку.

– Аднак стараемся адгаварыць, калі чуем, што плануюць напісаць падзяку, – спакойна тлумачыць мужчына. – Навошта гэта, мы выконваем сваю работу. Самай лепшай падзякай будзе тое, каб сантэхніка доўга служыла і людзі з задавальненнем ёй карысталіся, значыць, добра выканалі работу.

Пра тое, што работа сантэхніка мае непрыемны пах, Уладзімір весела жартуе: “Калі шчыра, падаецца, што мой нос ужо і не ўлоўлівае гэтых пахаў, прызвычаіўся. А першы час было складана”.

Часам сантэхнікі выконваюць работу і грузчыкаў. Людзі цягнуць у падвалы і патрэбныя, і непатрэбныя ім рэчы, а пасля ж самі і скардзяцца. Калі здараецца нейкая паломка, горы непатрэбных рэчаў ускладняюць работу спецыялістаў, трэба выносіць.

– Аднак праца падабаецца, асабліва тым, што заробак ніколі не затрымліваюць, – пад­сумоўвае Уладзімір. – Прыходзіцца вырашаць разнастайныя сантэхнічныя праблемы, гэта праца з рознымі людзьмі. А новыя кантакты заўсёды цікавыя.

Уладзімір адзначае, што не саромеецца сваёй прафесіі і калі незнаёмыя пытаюцца, кім працуе, заўсёды з гордасцю адказвае – сантэхнікам. А калі пафарсіць захоча, называе спецыяльнасць “Мантажнік сантэхнічных сістэм і абсталявання”. Гаворыць, што многія па няведанні здзіўлена ўсклікаюць: “Нічога сабе!”

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце