Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Грамадства
7.08.2017 09:53 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Селядзец пад шубай: як пралетарская прыдумка стала хітом застолляў на паўстагоддзе

Фота з інтэрнэт-рэсурсаў.

Мы ўсе любім святы. Святкуем 100-годдзе з дня нараджэння каго-небудзь з пісьменнікаў ці артыстаў, адзначаем Новы год ці Дзень узяцця Бастыліі, не забываем віншаваць адзін аднаго з Днём будаўніка, прадаўца, цырульніка… Калі вам усё яшчэ мала святаў, трымайце яшчэ адно. Прыкладна ў гэтыя дні спаўняецца 100 год салаце “Селя­дзец пад шубай”.

І паўстагоддзя з таго дня, калі “шуба” з’явілася на сталах беларусаў.

Пра тое, як “Селядзец пад шубай” з’явіўся на сталах у Валожынскім раёне, расказала мясцовая жыхарка Марыя Кулік. 

– Гэта дакладна быў 1968 год. Нас запрасілі на вяселле. І вось на сталах, акрамя традыцыйных страў, стаяла нешта ружовае. Нявеста тады кажа: “Частуйцеся, гэта новая салата”. Пры гэтым аформленая салата была так.

У талерцы з- пад гэтай самай “шубы” зверху выглядала галава селядца, знізу – хвост. Не адразу адважыліся пакаштаваць. Чамусьці думалі, што пад нізам цэлы селя­дзец.

 Узялі, з’елі, спадабалася так, што шмат гадоў салата “Селядзец пад шубай” быў хітом усіх застолляў. Толькі цяпер пачалі казаць, што “шуба” – гэта “адстой”.

А ў кулінарных кнігах і меню рэстаранаў гэта салата з’явілася прыкладна ў 1918 годзе, пішуць інтэрнэт-рэсурсы.

ШУБА –гэта не футра, гэта абрэвіятура

Аўтарам салаты прынята лічыць Анастаса Багамілава – гаспадара маскоўскай карчмы.

У няпросты рэвалюцыйны час наведнікі яго карчмы часта напіваліся, пачыналі спрачацца пра лёс Радзімы.  І, вядома, у такіх гарачых спрэчках не абыхо­дзілася без боек.

Тады Анастасу прыйшла геніяльная думка аб стварэнні народнай салаты, якая стала б добрай сытнай закускай і, адначасова, сімвалам народнага аб’яднання.

Галоўным інгрэдыентам салаты стаў, вядома ж, селядзец – любімы ласунак пралетарыяў. Да селядца дадавалася  сялянская цыбуля і бульба з морквай, а зверху, як чырвоны пралетарскі сцяг, ляжаў пласт цёртых буракоў.

Каб не забываць пра ворагаў Саветаў, салата была шчодра запраўленая “заходніцкім маянэзам”.

Назву цудоўнай закусцы Анастас даў такі: “Шавінізму і Заняпаду (Упадку) – Байкот і Анафема”, або, па тагачаснай рэвалюцыйнай мо­дзе карыстацца разнастайнымі абрэвіятурамі, проста “Ш.У.Б.А.”.

Мінуў рэвалюцыйны час, забыліся модныя абрэвіятуры, а назва салаты захавалася, як “Селядзец пад шубай”. Бо пласты бульбы, морквы, буракоў былі сапраўды падобныя на шубу.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Класічныя і модныя рэцэпты “шубы”

З прыгатаваннем першых салатаў было, канешне, марокі больш. Тады ж і буракі трэба было адварваць, гатовыя ў краме не прадаваліся, ды і селядзец спачатку трэба было пачысціць, бо пра гатовае філе з вакуумнай упакоўцы можна было толькі марыць.

Класічны рэцэпт, мяркуем, вядомы ўсім. А вось мы вам прапануем пакаштаваць салату, якую можна назваць “Селядзец у новай шубе”. Для гэтага дастаткова адзін пласт зрабіць з авакада ці з яблыка. І новы смак салаце гарантаваны.

Яшчэ ёсць варыянт прыгатаваць селядзец. Для гэтага на філе селядца выкласці ўсе інгрэдыенты: яйка, моркву, цыбулю, бульбу і буракі, а затым завярнуць гэта ў рулет з селядца. Паставіць на гадзіну-другую ў холад, а затым парэзаць на порцыі.

Таксама можна рабіць такую салату “па-багатаму”. Замест селядца пакласці ніжнім пластом чырвоную рыбу. Ёсць яшчэ “летні” варыянт гэтай стравы. Замест буракоў на верхні “пралетарска-чырвоны” пласт пакрышыць свежыя памідоры.

Дзе купіць ружовы маянэз?

Магчыма, не адна страва ніколі не станавілася такім аб’ектам анекдотаў і баек, як “Селядзец пад шубай”.

Самы класічны з анекдотаў, вядома, пра ружовы маянэз.

Бландзінка пытаецца ў магазіне:

– А ў вас ёсць ружовенькі маянэз для “шубы”. Эх, усе магазіны абышла, нідзе няма.

І вось яшчэ падборачка для добрага настрою і апетыту:

***

– Дарагі, я хачу на дзень народзінаў шубу…

– Ах, ты ж мая гаспадынька. Чысці буракі, я ў краму за селядцом.

***

У рэстаране:

– Чаму ў маёй салаце крывы селядзец?

– На павароце злавілі.

***

Сустракаюцца два сябра пасля арміі.

Адзін кажа:

– Я ўчора ў гасцях быў, селядзец пад шубай еў.

– Так, людзі не мяняюцца. Бо ты і ў войску хлеб пад коўдрай жор!

 

P.S. Прызнайцеся, у вас сёння на вячэру “Селядзец пад шубай”?

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце