Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка -1° Вілейка
Смаргонь -1° Смаргонь
Ашмяны -1° Ашмяны
Валожын -1° Валожын
Мядзел -1° Мядзел
Астравец -1° Астравец
Грамадства
Вілейка
11.08.2017 12:43 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Беларускія вышыванкі японцам да твару: у дзіцячым цэнтры "Надзея" расказалі пра адпачынак японскіх сямей на Вілейшчыне

Фота ANNA-News.

Японская дзятва вельмі ўпадабала беларускае марожанае. А  маленькім японачкам пасуюць сукенкі з беларускім арнаментам.

Сваімі ўражаннямі ад суправаджэння японскіх сямей на Вілейшчыне ў “Надзеі” падзялілася спецыяліст па сувязях з грамадскасцю дзіцячага Цэнтра Таццяна Майсак.

Пагутарыць з намі Таццяна змагла толькі пасля 2 жніўня, калі госці ўжо з’ехалі. Праграма знаходжання японцаў у “Надзеі” была настолькі насычанай, што на супрацоўніцтва з журналістамі Таццяне не было часу.

Як жыць на забруджанай тэрыторыі

У зносінах японцам з беларусамі дапамагалі перакладчыкі. Адзін працаваў з японскім тэлебачаннем і кіраўніком японскай групы Руічы Хіракава. Другі дапамагаў кантактаваць японскім сем’ям з беларускімі, а таксама з супрацоўнікамі “Надзеі”.

Японцы шмат размаўлялі з беларусамі. Больш за ўсё і адных, і другіх цікавіла тое, як у іх краінах людзі жывуць на забруджаных тэрыторыях. Па словах Таццяны, сем’і пасябравалі. Будуць кантактаваць праз сацыяльныя сеткі.

З адпачывальнікамі працавала псіхолаг “Надзеі” Святлана Машынская. Яна правяла гульні на знаёмства, папрацавала з японскімі матулямі.

Госці адзначылі, што ў Японіі псіхолагі  мала працуюць з насельніцтвам, якое вымушанае жыць на забруджанай тэрыторыі.

Былі і медыцынскія працэдуры: ароматэрапія, лекавая гарбата, саўна, масаж.

Руічы Хіракава. Фота забяспечанае Таццянай Майсак.

Руічы Хіракава. Фота забяспечанае Таццянай Майсак.

З “Надзеі” японскія сем’і сумесна з беларускімі выязджалі на экскурсіі. Наведалі памятныя камяні “Ахвярам Чарнобыля” і “Камень міру Херасімы” ў Мінску.

Былі ў алеі сакуры, Нацыянальным мастацкім музеі, кватэрах перасяленцаў з чарнобыльскай зоны, якія зараз жывуць у сталіцы.

Беларускі лён і саломка для японцаў

Японцы набылі шмат беларускіх сувеніраў. Да спадобы гасцям былі вырабы з ільну, саломкі. У Японіі творы ручной працы высока цэняцца.

Для японскіх дзяўчынак набылі вышываныя ільняныя сукенкі, для хлопчыкаў – такія ж кашулі .

– Вы б бачылі, як прыгожа глядзяцца беларускія арнаменты на японцах! – падзялілася ўражаннямі Таццяна Майсак.

Наведалі госці і Гомельшчыну. Праўда, група з маленькімі дзецьмі туды не ездзіла: адразу пасля сталіцы вярнулася ў “Надзею”.

А другая група наведала Гомель і Хойнікі. Сюды ўвайшлі журналісты японскага тэлебачання, а таксама Руічы Хіракава і японская матуля з дзвюма дзяўчынкамі 13 і 15 гадоў.

У зону адчужэння, вёску Бабчын, дзеці не ездзілі. Разам з матуляй  чакалі журналістаў у Хойніках.

Беларусаў вучылі арыгамі і японскай барацьбе

А ў гэты час першая група гуляла па Вілейцы. Былі ў цэнтры горада, вілейскім парку. Японскай малечы набывалі беларускія цацкі. А яшчэ, па словах Таццяны, усім вельмі спадабалася беларускае марожанае.

Госці з Японіі. Фота забяспечанае Таццянай Майсак.

Госці з Японіі. Фота забяспечанае Таццянай Майсак.

У “Надзеі” японцы праводзілі каларытныя майстар-класы па сваёй традыцыйнай культуры. Вучылі насіць кімано, вырабляць арыгамі. Паказалі прыёмы барацьбы Кэндо, прадэманстравалі сапраўдную чайную цэрымонію.

Па словах японцаў, іх уразіла гасціннасць, цеплыня, эмацыянальнасць, удзячнсць, узаемадапамога беларусаў. А вось у японцаў не прынята адкрыта паказваць свае эмоцыі.

Цікавым і незвычайным было харчаванне. Некаторыя стравы японцы пакаштавалі ўпершыню.

Журналісты наздымалі шмат матэрыялаў. Збіраюцца рабіць перадачу для мижнароднага вяшчання.

Супрацоўніцтва амаль у чвэрць стагоддзя

– Мы таксама засталися задаволеныя зносінамі з замежнымі гасцямі, – дзеліцца Таццяна.

Японцаў у “Надзеі” сустракаюць не першы раз. З Чарнобыльскім дзіцячым фондам гэтай краіны тут супрацоўнічаюць ад 1993 года.

Аднак, па словах Таццяны, сёлета ў Цэнтры ўпершыню прымалі японскія сем’і, якія пацярпелі на катастрофы на атамнай элекстрастанцыі ў Факусіме.

Вось і цяпер, на працягу амаль усяго жніўня,  пры фінансавай падтрымцы Чарнобыльскага дзіцячага фонду Японіі ў “Надзеі” папраўляюць здароўе 30 дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі.

– Нават пасля катастрофы на факусімскай АЭС японскія партнёры не перасталі дапамагаць нам, – кажа Таццяна.

На яе думку, гэта сведчыць пра адказнасць японскага боку. І ў “Надзеі” вельмі высока цэняць гэта.

Міністр па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС падчас сустрэчы з гасцямі.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце