Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -5° Маладзечна
Вілейка -5° Вілейка
Смаргонь -4° Смаргонь
Ашмяны -4° Ашмяны
Валожын -5° Валожын
Мядзел -4° Мядзел
Астравец -4° Астравец
Грамадства
20.08.2017 13:49 ,AЎТАР(Ы): Галіна СУДНІКОВІЧ

“Калі адказваў табліцу Мендзялеева, мне апладзіраваў увесь клас”. Маладзечанец расказаў пра вучобу ў Германіі

Фота MigrantInform.ru.

Пакуль беларусы ўзмоцнена рыхтуюць дзяцей да навучальнага года: выбіраюць школьную форму, набываюць канцылярскія тавары; бацькі нямецкіх школьнікаў адчуваюць сябе больш спакойна: у школах няма формы, галоўнае, каб дзіця не было апранутае ў міні-спадніцу і шорты. Нават настаўнікі могуць прыходзіць у джынсах.

Пра тое, чым яшчэ адрозніваецца нямецкая сістэма адукацыі, распавёў Кевін Усу. Хлопчык 15 гадоў жыў у Маладзечне, вучыўся ў сярэдняй школе №1, а затым з маці пераехаў у Германію. Там ён ужо год, у горадзе Бад-Хонеф жыве яго бацька, туды сям’я і пераехала.

Фота забяспечанае Кевінам Усу.

Фота забяспечанае Кевінам Усу.

У Германіі вучыцца прасцей, чым у Беларусі

Хлопчык адзначае, што беларуская школа дала грунтоўныя веды па многіх прадметах, таму цяжкасцяў у навучанні не ўзнікла.  Наадварот, Кевіну падаецца, што ў Германіі вучыцца прасцей. Быў толькі моўны бар’ер, які пераадольвае і да гэтага часу.

Напярэдадні навучальнага года дзеці атрымліваюць спіс прыналежнасцяў, якія неабходна набыць. Дарэчы, пішуць школьнікі толькі ў сшытках фармату А4 і пер’явымі ручкамі. Некаторыя падручнікі прыходзіцца набываць, некаторыя можна ўзяць “напракат”.

Школа дзеліцца на тры тыпы: для слабых вучняў, сярэдняя і гімназія. Паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову можна толькі ў тым выпадку, калі ты скончыў апошнюю. Каб вучыцца ў гімназіі, неабходна мець адзнакі па асноўных прадметах не ніжэй за тройку, а лепш двойку.

Школьная практыка дапамагае вызначыцца з прафесіяй

Калі ў Беларусі навучальны год пачынаецца 1 верасня, то ў Германіі яго пачатак залежыць ад мясцовасці, у якой жывяце.  Напрыклад дзевяцікласніка Кевіна ў верасні спачатку чакае практыка, пасля якой заняткі ў школе.

– Напярэдадні ты павінен знайсці месца, дзе будзеш праходзіць практыку, – тлумачыць Кевін. – Гэта можа быць страхавая кампанія, банк, булачная, швейная майстэрня – усё, што заўгодна. З вучнем афармляюць кантракт і ў пэўны час ён прыступае да працы. Пры гэтым вядзе своеасаблівы дзённік, дзе фіксуе, чым займаўся, якія новыя веды набыў, што карыснага даведаўся. У любы момант можа прыйсці настаўнік.

Сёлета Кевін будзе праходзіць практыку ў страхавой кампаніі. Яна не аплачваецца, затое дае магчымасць паспрабаваць сілы ў розных прафесіях. Гэта ў далейшым спросціць выбар пры паступленні.

– Некаторыя ідуць на практыку ў дамы для састарэлых, – адзначае юнак. – Праца там цяжкая, затое дзеці атрымліваюць добрыя кішэнныя грошы, гэта не заробак. У Германіі прэстыжна, калі ў старасці цябе аддадуць у дом для састарэлых. Паслугі каштуюць вялікіх грошаў, таму дазволіць сабе могуць толькі людзі з дастаткам. Напрыклад, элітныя дамы састарэлых каштуюць 5000 – 6000 еўра ў месяц (10 000 – 12 000 рублёў). Калі ж за састарэлымі людзьмі няма каму прыглядаць, ёсць звычайныя дамы для састарэлых.

Летнія канікулы ў Германіі доўжацца шэсць тыдняў. У гэты час школьнікі стараюцца падпрацоўваць, напрыклад, развозяць газеты. Кароткія летнія канікулы кампенсуюць выхаднымі падчас рэлігійных святаў.

Вучыцца на калы вельмі прэстыжна

Сістэма ацэнкі ведаў ў Германіі адрозніваецца мае 6-бальную шкалу.

Пры гэтым шасцёрка – самая дрэнная адзнака, а кол – найлепшая.

У Беларусі Кевін быў амаль выдатнікам, меў сярэдні бал 8,7; у Германіі пакуль – 2,5. Справа ў тым, што яму яшчэ трэба пацвердзіць веды па біялогіі, здаць англійскую мову.

Аднакласнікі апладзіруюць, калі расказваеш, чаго не ведаюць астатнія

Фота sustainedeffort.com.

Фота sustainedeffort.com.

– Напэўна, галоўнае адрозненне нямецкай сістэмы адукацыі ў тым, што выкладаюць толькі патрэбнае,– тлумачыць школьнік. – Напрыклад, у Беларусі дзеці дасканала вывучаюць кожны раздзел біялогіі, у шостым класе – асновы біялогіі, у сёмым – знаёмства з жывёльным светам, у восьмым – чалавека, яго ўнутраныя органы. У Германіі гэтыя раздзелы разглядаюць паскорана да пятага класа, а ўжо потым розныя жыццёвыя сітуацыі, напрыклад, чаму ў ката вочы свецяцца ноччу. Мы павінны выкарыстаць веды па біялогіі, знайсці лагічнае абгрунтаванне гэтай з’яве.

Калі школьнік падчас адказу расказвае тое, чаго не ведаюць іншыя вучні, увесь клас устае і апладзіруе. 

– Я сутыкаўся з гэтым пяць разоў, – усміхаецца Кевін. – Першы – на ўроку хіміі, калі адказваў па табліцы Мендзялеева. Аднак пры гэтым было вельмі няёмка, не прывык да такой увагі. Клас таксама апладзіруе, калі нехта з вучняў атрымаў станоўчую адзнаку. 

Часцей пішуць рэкламныя тэксты, чым сачыненні

Адзін з асноўных прадметаў, якія вывучаюць школьнікі – кіраванне. Дзецям расказваюць пра фінансы, банкі, як засцерагчы крэдытную картку ад узлому.

Асобнага прадмета літаратуры няма, вывучаюць мову. Сачыненні дзецям задаюць вельмі рэдка, затое рэкламныя артыкулы пішуць ледзьве не кожны тыдзень.

– Напрыклад, на ўроку нам даюць звесткі пра пэўную мадэль тэлефона, – расказвае Кевін. – Мы павінны напісаць такі рэкламны тэкст, каб захацелася набыць тавар.

Адно з самых распаўсюджаных заданняў на ўроку – вылучыць у тэксце галоўную частку. Як прызнаўся школьнік, гэта дастаткова складанае практыкаванне.

Правяраюць веды вучняў падчас кантрольных работ. Для паступлення ў ВНУ здаюць тэсты.

– Калі ты нечага не зразумеў па вучэбнаму прадмету, прыходзіцца займацца з рэпетытарам. У Германіі гэта называецца школьнай дапамогай, – адзначае юнак. – Пры гэтым вучань павінен дакладна расказаць, якая тэма яму незразумелая. Ёсць і заняткі ў групах з пяці чалавек.

Хлопчык адзначае, што па многіх прадметах не задаюць дамашняе заданне, а вось па англійскай і нямецкай мовах, матэматыцы – заўсёды.

Развіваюць творчыя магчымасці далёка не ўсе школьнікі, бо каштуе гэта вельмі дорага. Напрыклад, за заняткі танцамі на працягу месяца прыйдзецца аддаць каля 90 еўра (206 рублёў). І гэта не ўлічваючы індывідуальных трэніровак і касцюмаў для выступлення.

Сталовых няма, носяць ссабойкі

Фота забяспечанае Кевінам Усу.

Фота забяспечанае Кевінам Усу.

Заняткі пачынаюцца з васьмі раніцы. Калі жывеш у іншым горадзе, можна напісаць заяву, каб школьны аўтобус забіраў цябе на прыпынку. Праезд аплачвае дзяржава, калі школа далей двух з паловай кіламетраў ад дома і знаходзіцца ў адной вобласці з месцам жыхарства.

– Я жыву ў іншай вобласці, чым школа, таму праезд аплачваць бацькі, – тлумачыць Кевін. – На яго ідзе каля 70 еўра (160 рублёў).

Замест урокаў – пары, пасля якіх наступае перапынак.

– Сталовых, у якіх можна замовіць комплексны абед няма, – распавядае Кевін. – Толькі буфет, у якім можна набыць, булачку і сок. Аднак звычайна ахвотных вельмі многа, таму хутка тавары знікаюць. Не ўзяў ссабойку – можна застацца без абеду.

Карыстацца тэлефонам у школе забаронена.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце