Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь -1° Смаргонь
Ашмяны -1° Ашмяны
Валожын -1° Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец -1° Астравец
Грамадства
2.08.2017 16:35 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

Маладзечанка, якая атрымала дыплом стаматолага ў Германіі: “Паступіць ва ўніверсітэт тут прасцей, чым у Беларусі"

Марына Загарэнка ў Маладзечне

Марына Загарэнка ў Маладзечне. Фота Фота з сацыяльнай сеткі.

Кінуць медыцынскі ўніверсітэт пасля трэцяга курса бюджэту і з’ехаць у Германію – рашэнне, якое маладзечанцы Марыне Загарэнцы далося няпроста. Яно перавярнула ўсё жыццё дагары нагамі, а наперадзе чакалі гады напружанай вучобы і аддаленасць ад блізкіх. Цяпер, у 28 год, Марына мае нямецкі дыплом стаматолага і піша доктарскую дысертацыю. Пра свой шлях яна распавяла “РГ”.

Пераконвала ўсіх, што робіць правільна, хаця сама не была ўпэўненая

Марына заўсёды хацела займацца медыцынай. Выбрала стаматалогію, таму што лічыла гэту галіну цікавай і перспектыўнай.

Дзяўчына вучылася ў 5-й школе ў Маладзечне, але там не было профільных класаў. Таму вырашыла перайсці ў гімназію №7, якая вядомая добрай базай для паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт. Астатняе давялося дапрацоўваць з рэпетытарам.

– Асабліва я ўдзячная Наталлі Данілаўне Пашчук, – прыгадвае дзяўчына. – Гэта настаўнік ад Бога! Памятаю дагэтуль, што, калі перайшла ў 10 клас, яна мне сказала: “Марына, святло ў канцы тунэля ўсё ж такі ёсць”. І з таго моманту я рухалася ў накірунку святла.

Калі Марына вучылася на другім курсе, яе знаёмая паехала па праграме ў сям’ю ў Германію, даглядала  дзяцей. Сям’я аплачвала праязныя, страхоўкі, курсы нямецкай мовы, дзяўчыне не трэба было ні пра што клапаціцца. Паразмаўляўшы з ёй, Марына таксама загарэлася ідэяй пераезду.

Вырашыла: цяпер ці ніколі, лепш рызыкнуць, чым пасля шкадаваць, што не паспрабавала.

Яна сама знайшла сям’ю, у якую магла паехаць, яны даслалі ўсе неабходныя дакументы для візы. Праз некалькі месяцаў маладзечанка была ў Гамбургу, усё аказалася нават прасцей, чым яна думала.

– Скажу шчыра, было страшна і не проста рашыцца на такі крок. Да гэтага я ніколі не была за мяжой, нават у Поль­шчы ці Прыбалтыцы, а тут адразу Германія. Я не ведала, ці атрымаецца тое, што задумала. Сумненні былі вялізныя: я кінула БДМУ пасля трох курсаў, дзе вучылася на бюджэце, і ўсё трэба было пачы­наць з нуля. Далёка не ўсе падтрымалі мяне, давялося многіх упэўніваць, што маё рашэнне правільнае. У той момант, як у мяне самой не было ўпэўненасці, што яно слушнае на самой справе.

Марына кінула БДМУ пасля трэцяга курса на бюджэтнай аснове. Фота Sputnik Беларусь.

Марына кінула БДМУ пасля трэцяга курса на бюджэтнай аснове. Фота Sputnik Беларусь.

З вакзала Марыну забрала яе нямецкая сям’я. Пасля сняданка павезлі запісваць на моўныя курсы.

– Вакол усё па-нямецку... – прыгадвае мала­дзечанка першыя ўражанні. – Калі да гэтага ў мяне былі толькі чаканні, то ў той момант я зразумела, што вось яна, рэальнасць.

На курсах дзяўчына пазнаёмілася з такімі ж дзяўчатамі, як сама. Яны разам бавілі час, але ўсё роўна было цяжка. Па першым часе жаданне вярнуцца ўзнікала кожны дзень.

– Роля родных і блізкіх была проста каласальная! Без іх падтрымкі ў мяне нічога не атрымалася б. Бацькі заўсёды перажывалі за мяне, верылі, за што я ім вельмі ўдзячная. Без іх у мяне не было б дыплома на “выдатна”!

Паступіць прасцей, чым у Беларусі

– Я спрабавала знайсці праграму, па якой бы магла паехаць вучыцца, таму што так прасцей і, як мінімум, па першым часе выплачваецца годная стыпендыя. На жаль, для студэнтаў-медыкаў ніякіх прапаноў не было. Таму я спачатку паехала на год у сям’ю. За гэты час падцягнула мову. У мяне было вельмі шмат свабоднага часу, выхадныя цалкам незанятыя. Па буднях, паводле дамовы, я праводзіла з дзецьмі 4-5 гадзін. Астатні час магла займацца сваімі справамі, у тым ліку вучыць нямецкую. Усе расходы пакрывала сям’я, плюс плацілі 260 еўра ў месяц.

Марына здала экзамен па мове, які неабходны для паступлення ў ВНУ, даведалася пра ўмовы паступлення, неабходныя дакументы. Для паступлення спатрэбілася перакласці і заверыць атэстат, акадэмічную даведку з БДМУ, прыкласці медстрахоўку і вынік экзамену па нямецкай мове, а таксама аплаціць унёсак за апрацоўку дакументаў.

Больш нічога для паступлення не спатрэбілася, ніякіх уступных экзаменаў не было.

Затым проста чакаеш адказ, ці прымаюць цябе. Гэта вельмі зручна, студэнтам не даводзіцца бегаць з універсітэта ва ўніверсітэт, перакідваючы дакументы, як у Беларусі, таму што падаваць дакументы можна адначасова ў некалькі ўніверсітэтаў.

Дзяўчына, параўноўваючы беларусаў і немцаў, знаходзіць апошніх больш уважлівымі да сваіх жаданняў. Фота global-travel.by.

Дзяўчына, параўноўваючы беларусаў і немцаў, знаходзіць апошніх больш уважлівымі да сваіх жаданняў. Фота global-travel.by.

Маладзечанка паступіла ў многія ВНУ, але з выбарам вызначылася яшчэ да падачы дакументаў, у іншыя падавала іх для падстрахоўкі. Дзяўчына вельмі хацела вучыцца ў Гісэне – невялікім студэнцкім гарадку, дзе пры насельніцтве 75 тысяч 28 тысяч – студэнты. Для медыцынскіх факультэтаў існуе спіс ВНУ у залежнасці ад рэйтынгу, Гісэн займае адну з першых пазіцый. Марыне важней быў не горад, а якасць навучання. Яна, да прыкладу, паступіла і ў Гамбург, але рэйтынг медфакультэта ў ім ніжэйшы.

Пасля залічэння дзяўчына атрымала від на жыхарства для вучобы ў Германіі. Для гэтага неабходна было атрымаць паручэнне грама­дзяніна Германіі ці мець на рахунку прыстойную суму грошай, каб даказаць, што можаш сябе забяспечыць. За маладзечанку паручыліся.

Ва ўніверсітэт, дзе вучылася Марына, на стамфак набіралі толькі двух студэнтаў-замежнікаў. Пра тое, што прайшла, дзяўчына даведалася толькі на залічэнні.

– У мяне склалася ўражанне, што паступіць у Беларусі нашмат складаней, таму што акрамя атэстата здаюцца тэсты, а вось вучыцца лягчэй, – мяркуе яна. – Тут жа наадварот, для паступлення патрэбны толькі атэстат, затое вучоба больш напружаная. На маім факультэце многія адсеяліся на пачатку вучобы: некаторыя сыходзілі самі, іншых адлічвалі. У БДМУ адсейвалі хіба што замежнікаў, калі яны нічога не рабілі для вучобы.

Ніякай “вады”, як у БДМУ

Параўноўваючы нямецкую і беларускую медыцынскую адукацыю, дзяўчына адзначае, што ў БДМУ было вельмі шмат “вады”, заняткі часта проста адседжваліся і шмат часу ішло на рэчы, якія наўпрост не звязаныя з будучай спецыяльнасцю.

У той жа час ў нямецкай ВНУ больш часу адводзілася на прадметы, якія на самой справе важныя. Таксама больш даводзілася “рабіць рукамі”, развіваючы практычныя навыкі.

У Германіі на стамфаку вучоба доўжыцца 5 год, пасля паўгода экзамен. Вучоба падзеленая: тры гады на бакалаўра, два – на магістра, а вось на медфакультэце такога падзялення няма. Першыя 2,5 года ў Марыны былі “даклінічныя” семестры. Яны ўключалі такія прадметы, як анатомія ці біяхімія. У плане стаматалогіі ў гэты перыяд прадметы былі накіраваныя на развіццё практычных навыкаў і былі падобныя да адукацыі зубнога тэхніка.

Пасля былі першыя дзяржаўныя экзамены па ўсіх пройдзеных прадметах. Калі здаеш іх – дапускаешся да далейшай вучобы. Астатнія 2,5 года была “клініка”. Цэлы дзень праводзілі прыём пацыентаў пад наглядам выкладчыкаў. У гэты перыяд былі і лекцыі, але большы ўпор надавалі практыцы.

У БДМУ, прыгадвае Марына, яна мела па 10, а то і болей прадметаў за семестр. Многія з іх непасрэднага дачынення да медыцыны не мелі – ідэалогія, правы чалавека, гісторыя, культуралогія, філасофія, фізкультура і іншыя.

Давялося пераадолець многае, шмат вучыцца, але ў выніку Марына дасягнула, чаго хацела. Шлях да мары не бывае простым.

Давялося пераадолець многае, шмат вучыцца, але ў выніку Марына дасягнула, чаго хацела. Шлях да мары не бывае простым.

– Я не спрачаюся, што чалавек павінны быць усебакова адукаваны, але нельга, каб гэта ішло на шкоду асноўнай спецыяльнасці, – мяркуе дзяўчына. – На гэтыя дадатковыя прадметы мы трацілі шмат часу. А тут, у Германіі, у мяне былі два-тры прадметы ў семестр, і гэта асноўныя стаматалагічныя прадметы. Напрыклад, артадантыя, параданталогія. У дадатак былі два-тры агульнамедыцынскія прадметы, якія не былі звязаныя са стаматалогіяй, але былі важныя для медыцынскай адукацыі. Напрыклад, ларынгаатарынолаг, агульная хірургія, унутраныя хваробы. Па гэтых прадметах чыталі лекцыі, прычым наведванне не было абавязковым.

Для ахвотных атрымаць усебаковую адукацыю ніякіх перашкод не было. ВНУ не падзялялі на медыцынскую, гуманітарную ці тэхнічную. Універсітэт адзін, але з рознымі факультэтамі.

У бібліятэцы можна было браць любую літаратуру, а пры жаданні наведваць лекцыі іншых факультэтаў. На стамфаку такой магчымасці не было, а вось у іншых студэнт мог сам складаць расклад заняткаў на семестр, выбраць колькасць прадметаў, якія збіраецца наведваць, вызначаць нагрузку самастойна.

Гады вучобы ў Германіі былі не для “корачкі”, а далі шмат досведу. Вучоба праходзіла з выкарыстаннем навейшага абсталявання для лячэння і дыягностыкі. Падчас вучобы можна было наведваць курсы павышэння кваліфікацыі. Не было нічога лішняга, на што проста змарнавалі б час. За кошт гэтага выпускнік не абмяжоўваецца адной галіной, як у нас. У Беларусі ёсць раздзяленне на тэрапеўтаў, артапедаў і гэтак далей. Марына ж, пачаўшы працаваць, можа рабіць усё, выдаленне гэта ці пратэзаванне.

Не здаў экзамен – пяць год кату пад хвост

Вучоба была вельмі напружанай, цэлы дзень студэнтка право­дзіла ў клініцы. У канцы кожнага семестра былі практычныя і тэарэтычныя экзамены. У выпадку няздачы трэба было паўтараць увесь семестр. Ацэньвалі надзвычай строга, паблажак не было ні для каго. Здаралася, што экзамен “заваліла” палова студэнтаў, і ўсе яны мусілі паўтараць семестр. На дзяржэкзаменах таксама ўсё было вельмі строга. Бывала, што і там студэнты не здавалі, і атрымоўвалася, што ўсе пяць год кату пад хвост.

Цягам семестра неабходна было выканаць за пэўны час вызначаную колькасць практычных работ. Часу часта не хапала, таму стрэс суправаджаў кожны дзень.

Затое канікулы ў нямецкім універсітэце – вельмі прыемны момант. Вучоба пачынаецца ў сярэдзіне кастрычніка. Зімовы семестр доў­жыцца ад сярэдзіны кастрычніка да сярэдзіны лютага. Затым два месяцы канікулы.

Летні семестр доўжыцца ад сярэдзіны красавіка да сярэдзіны ліпеня. Затым тры месяцы канікулы. Нямецкім студэнтам шчасціць на большую колькасць святочных дзён, а калядныя канікулы займаюць мінімум два тыдні.

На іншых факультэтах на канікулах трэба было здаваць экзамены, пісаць рэфераты. На факультэце, дзе вучылася маладзечанка, усе экзамены здавалі цягам семестра, і канікулы былі цалкам свабодныя, як маральная кампенсацыя за напружаную вучобу.

Для падрыхтоўкі да экзаменаў студэнты не мелі спіса пытанняў, як гэта прынята ў беларускіх ВНУ. Прапаноўвалася арыентавацца на матэрыял лекцый. Але калі патрапіш на экзамен да выкладчыка, які лекцыі па гэтым прадмеце не чытаў, то спытацца могуць што заў­годна.

Экзамен нагадвае сумоўе, на ім правяраюць, як студэнт валодае прадметам. Таму і цяжка спрагназаваць, як яго здасі. У Беларусі можаш разлічваць, што калі вывучыў білеты, экзамен пройдзе паспяхова, у Германіі ж зусім па-іншаму. Можа быць, што студэнт аддаў на падрыхтоўку шмат часу, а выкладчык спытаецца тое, чаго ён не ведае.

Але ў гэтым ёсць і перавага. Студэнт не абмяжоўваецца спісам пытанняў, а знаёміцца з прадметам у поўным аб’ёме.

– Памятаю, у БДМУ нам выдавалі кнігі, як у школе, – прыгадвае Марына. – Ва ўсіх літаратура была аднолькавая. А тут жа толькі даюць рэкамендацыі. Напрыклад, па прадмеце рэкамендуюць пяць падручнікаў, а ты сам вырашаеш, які абраць. Для мяне гэта было плюсам, таму што ёсць кнігі, якія складана напісаныя, і рыхтавацца па іх больш цяжка. Некаторым падабаецца рыхтавацца па падручніках, дзе ўсё сціснута, а іншым – дзе падрабязна распісана. А ў Беларусі часта выдавалі яшчэ савецкія падручнікі, у якіх матэрыял быў пададзены вельмі складана.

Хацелася вярнуцца дадому кожны дзень

Былі моманты, калі хацелася вярнуцца дадому. Спачатку кожны дзень, але з цягам часу іх станавілася ўсё меней. Самы складаны перыяд напаткаў у сярэ­дзіне вучобы перад першымі дзяржаўнымі экзаменамі. Марына нават ўзяла акадэмадпачынак на паўгода, каб крыху адпачыць і лепш да іх падрыхтавацца.

У Мінску маладзечанцы заставалася давучыцца два гады, пасля якіх год інтэрнатуры і два гады адпрацоўкі па размеркаванні. У суме – пяць год. Калі б дзяўчына паступала ў нямецкую ВНУ без папярэдняй вучобы ў беларускім універсітэце, ёй бы яшчэ спатрэбілася закончыць падрыхтоўчае аддзяленне, якое займае не менш за год. Так як Марына вучылася ў БДМУ, у яе не было патрэбы ў падрыхтоўцы, і так яна “зэканоміла” год ці два. У Германіі вучоба заняла шэсць год, да таго ж дзяўчына не займала час падрыхтоўкай. А размеркавання і інтэрнатуры тут няма, пасля выпуску можна ўладкоўвацца, куды хочаш.

За канікулы зарабляла на вучобу

Стыпендыі прадугледжаныя не былі, да таго ж два разы на год трэба было плаціць унёсак 280 еўра. У гэтым розніцы паміж мясцовымі і замежнікамі не было – унёсак плацілі ўсе. Толькі палова гэтых грошай ідзе на патрэбы ўніверсітэта. Другая – на аплату праязнога. Па гэтым білеце можна ездзіць па ўсёй федэральнай зямлі на ўсіх відах транспарту паўгода. Калі перанесці гэта на Беларусь, то мінскі студэнт мог бы паўгода ездзіць на ўсім транспарце Мінскай вобласці. Праязныя ў Германіі дарагія, і такі студэнцкі за 150 еўра – проста падарунак.

Адлегласць ад горада, дзе вучылася Марына, да Франкфурта-на-Майне такая ж, як ад Мінска да Маладзечна. Час у дарозе займаў 40 хвілін, праезд абыходзіўся б у 30 еўра. Атрымліваецца, за цану студэнцкага праязнога можна было б толькі пяць разоў з’ездзіць у Франкфурт па звычайным білеце. Па праязным жа ездзіш неабмежавана ў любыя гарады зямлі, і ў саміх гарадах нічога даплачваць не трэба.

Пяць месяцаў канікул дазвалялі добра паздарабіць, гэтай магчымасцю карысталіся многія студэнты. Марына падпрацоўвала афіцыянтам. Сярэдні заробак – 10 еўра за гадзіну, таму за канікулы магчыма накапіць на вучобу, таксама дапамагалі бацькі.

Стыпендыі ж можна было атрымаць толькі ад арганізацый ці палітычных партый. Ва ўніверсітэце нашай гераіні як выключэнне была прадугледжаная стыпендыя для замежных студэнтаў для другой паловы вучобы. Для гэтага трэба было падаваць дакументы і ўдзельнічаць у конкурсе. Марыне пашчасціла, і яна атрымала стыпендыю, таму другую палову вучобы менш падпрацоўвала і больш канцэнтравалася на вучобе.

Кожны месяц дзяўчыне трэба было плаціць 90 еўра за медстрахоўку, за 250 еўра аплаціць інтэрнат. Два разы на год выплачвала ўнёсак універсітэту 280 еўра, а раз на два гады – від на жыхарства за 80 еўра. Прадукты і адзенне абыходзіліся танней, чым у Беларусі. Гэта ўсе разыходы, якія былі неабходныя. Параўноўваючы з беларускім студэнтам-медыкам, які вучыцца на платным і здымае жыллё ў Мінску, то сумы не моцна адрозніваюцца.

У адрозненні ад іншых спецыяльнасцяў, медыкам трэба было часам купляць некаторыя матэрыялы самастойна.

А вось нямецкі інтэрнат – гэта проста мара для студэнта з Беларусі. У пакоі жыве адзін чалавек. У Марыны быў свой ванны пакой, кухня, балкон і падвал. Гэта як невялікая кватэра, толькі танней, чым калі такую ж кватэру здымаць.

– Нямецкіх сяброў у мяне шмат, але больш я падтрымліваю сувязь з нашымі, хто таксама сюды пераехаў. Цягам вучобы складана было знайсці шмат свабоднага часу, паралельна я шмат працавала, але атрымлівалася займацца спортам. У Германіі гэта для многіх, асабліва для моладзі, нешта абавязковае. Я выходзіла на прабежкі, наведвала басейн. Зімы, як у нас, тут няма, таму амаль круглы год ездзіла на ровары.

Дыплом каштаваў неймаверных намаганняў

Перад тым, як студэнтаў дапусцілі да прыёму пацыентаў, усё было адточана на "фантоме". Гэта так званы "пластыкава пацыент" з пластмасавымі зубамі. Таму на першым прыёме страху не было, была толькі ўпэўненасць у сваіх магчымасцях.

– Я не думаю, што, калі б вярнулася цяпер, то мела б больш перспектыў, чым пасля заканчэння нашага БДМУ, – разважае Марына. – Знаёмых з кабінетам, дзе я магла б працаваць, у мяне няма. Канкурэнцыя вялікая, буйныя гарады перанасычаныя стамкабінетамі. Пачынаць бізнес з нуля складана, а каб раскруціцца і зарабляць годныя грошы, спатрэбіцца нашмат больш часу, чым тут. Тым больш я прайшла вельмі складаны шлях, каб атрымаць дыплом у Германіі, гэта каштавала неймаверных намаганняў, таму вяртацца было б папросту глупа, як бы рэзка гэта не гучала.

Прыкладна так будзе выглядаць рабочы кабінет Марыны.

Прыкладна так будзе выглядаць рабочы кабінет Марыны.

Марына цяпер у Германіі, там плануе працаваць, хаця і хацела б вярнуцца да бацькоў і блізкіх. Цяпер яна займаецца доктарскай работай у галіне анкалогіі. Сумяшчаць працу і доктарскую вельмі складана, таму пакуль не працуе. Як толькі гэта закончыць, пачне працаваць.

– На жаль, дома бываю рэдка, максімум раз на год, – гаворыць дзяўчына. – Спачатку ездзіла часцей, а цяпер такой магчымасці больш няма. У Беларусі я адчуваю сябе больш камфортна, калі прыязджаю, гэта адпачынак для душы. Калі нехта падумае, што я перабольшваю, што мяне цягне дадому, то моцна памыляецца. Так, жыццё тут прыгожае. Добры даход і сацзабеспячэнне, столькі выдатных мясцін. Але не варта забываць пра вялізную розніцу менталітэтаў. Часам дзеянні немцаў выклікаюць непаразуменне.

У такія моманты думаю, што ў нас людзі паводзілі бы сябе па-іншаму, і гэтага "у нас" вельмі не хапае.

Нашы людзі больш адкрытыя і шчырыя, больш суперажываюць і радуюцца тваім перамогам, тут жа больш закрытыя і незалежныя. Не хапае адносінаў, калі за ўсмешкай нічога не схавана. Я ні ў якім разе не хачу драматызаваць і паказваць, што з немцамі немагчыма камунікаваць, проста часам розніца ў менталітэтах вельмі заўважная.

Колькі працуе і зарабляе стаматолаг у Германіі

Немцы больш адказна ставяцца да свайго здароўя, і гэта тычыцца не толькі догляду за зубамі. У Германіі страхавая медыцына. Штомесяц плацяць пэўную суму, якая дазваляе пры неабходнасці звярнуцца да доктара, які правядзе неабходнае абследаванне і лячэнне. Па страхоўцы можна прыйсці раз на год на агляд, дзеці да 18 год могуць прыйсці двойчы на год. Многія гэтай магчымасцю карыстаюцца.

Што тычыцца абсталявання, то ў Германіі ўсё самае новае, спецыялісты на яго не шкадуюць грошай, таму што гэтыя ўкладанні нясуць выгаду. Як вынік, лячэнне больш якаснае, хуткае і камфортнае як для доктара, так і для пацыента.

Дзяржаўных паліклінік у Германіі няма, акрамя клінік пры ўніверсітэце, дзе навучаюцца студэнты. Кожны працуе на сябе ці ў прыватным кабінеце на некага. Даход залежыць ад доктарскага прафесіяналізму і ўмення весці бізнес.

Таму гаспадар кабінета можа зарабляць як 1 000 000 еўра на год, так і 200-300 тысяч. Дактары, якія працуюць у нечым кабінеце, зарабляюць менш.

Стамкабінеты не працуюць так доў­га, як у Беларусі. Нармальны рэжым працы – два дні на тыдзень да 16, два дні да 13 і мінімум адзін дзень, калі працуюць да 18-19 гадзін. Вялікія клінікі ці кабінеты, дзе скааперавалася некалькі дактароў, працуюць даўжэй, але для кабінета з адным доктарам такі час прыёму цалкам нармальны. На выхадных усё зачынена, пры скаргах звяртаюцца ў бальніцы.

Фота забяспечана Марынай Загарэнкай.

Фота забяспечана Марынай Загарэнкай.

За што падабаецца Германія

– У Германіі вялізныя магчымасці для развіцця кар’еры, – адзначае Марына. – Умовы і аплата працы, сацыяльныя гарантыі на высокім узроўні. У Германіі ёсць што паглядзець, вельмі шмат выдатных месцаў, прыгожыя ландшафты. З Германіі нашмат прасцей падарожнічаць па Еўропе. Некалькі гадзін – і ты ў Амстэрдаме ці Бруселі. Па аўтабанах можна хутка дабрацца ў любы пункт, таму на выхадных зручна з’ездзіць у Францыю ці Швейцарыю.

Жывучы тут, я стала больш любіць сябе і прыслухоўвацца да сваіх жаданняў.

Немцы сапраўды больш любяць сябе, чым беларусы. Больш часу аддаюць сабе, сочаць за здароўем, займаюцца спортам, знахо­дзяць час для хобі. Выхадны ў іх – на самой справе выхадны. І калі ім штосьці не падыходзіць, яны без сарамлівасці адмовяцца ці перанясуць тваю просьбу на больш зручны для іх час.

Як выбіраць зубную пасту

– Вядома, я раю рэгулярна прыходзіць да стаматолага на агляд, а не толькі тады, калі нешта турбуе. Чым раней распачнуць лячэнне, тым яно будзе лягчэйшым. Калі няма скаргаў, гэта не значыць, што ўсё ў парадку. "У мяне кепскія зубы ад бацькоў" ці "Я з дзяцінства баюся стаматолагаў" – гэта адгаворкі.

У наш час прафілактыка стамзахворванняў вельмі развітая, як і метады абязбольвання. Больш увагі варта ўдзяляць не цане зубной пасты ці апаласкавальніка, а якасці чысткі зубоў. Калі ў вас самая дарагая паста, а тэхніка і даўжыня чысткі зубоў будзе жадаць лепшага, карысці ад яе нуль.

Што трэба, каб дасягнуць мэты

– Я не хацела б, каб маё інтэрв’ю разглядалі як рэкламу для вучобы і працы за мяжой, – падсумавала размову Марына Загарэнка. – Ва ўсім ёсць свае плюсы і мінусы.

Дзе б вы ні былі, для дасягнення вялікіх мэтаў трэба прыкласці гару намаганняў. Гэта толькі збоку ўсё можа падавацца прасцей, чым ёсць на самой справе.

З неба нічога не падае, і свой лёс чалавек стварае сам. Трэба толькі пакінуць зону свайго камфорту, каб адбыліся чаканыя змяненні.

Пасольства ФРГ у Беларусі. УНП 101166185.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце