Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +14° Маладзечна
Вілейка +14° Вілейка
Смаргонь +14° Смаргонь
Ашмяны +14° Ашмяны
Валожын +14° Валожын
Мядзел +13° Мядзел
Астравец +14° Астравец
25.08.2017 15:10 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

Штогадовы медагляд трэба праходзіць у месяц нараджэння дзіцяці, а не перад школай

Калі бацькі прывучацца праходзіць агляд у месяц нараджэння дзіцяці, ажыятаж у паліклініцы перад школай будзе значна меншы

Калі бацькі прывучацца праходзіць агляд у месяц нараджэння дзіцяці, ажыятаж у паліклініцы перад школай будзе значна меншы. Фота BadMama.

Перад святочным 1 верасня многія бацькі імкнуцца паспець зрабіць медагляд да школы, пры гэтым разгубленна спрабуюць высветліць адзін у аднаго, якіх дактароў і ў якой чарговасці варта праходзіць.

Пра тое, як і калі правільна прайсці медагляд, удакладняла загадчыца Маладзечанскай дзіцячай паліклінікі Інна Саўчык і доктар-педыятр Аксана Астапкевіч.

Чаму агляд – у месяц нараджэння

Медагляд варта праходзіць у месяц нараджэння дзіцяці. Калі, напрыклад, дзіця нарадзілася ў красавіку, вы ў любы з дзён гэтага месяца ідзяце з дзіцем на прыём да свайго ўчастковага педыятра. І ён па картцы ўбачыць, якія аналізы неабходна здаць, а якіх спецыялістаў прайсці.

Гэты пералік залежыць ад узросту дзіцяці, індывідуальных асаблівасцяў і іншага.

Адмыслова перад школай праходзіць медагляд няма патрэбы: даведка, выдадзеная па яго выніках, дзейнічае год.

І калі вы прайшлі медагляд у красавіку, паўтараць у жніўні не варта. А вось праз год зноў звярнуцца да педыятара наконт медагляда трэба абавязкова.

Медыцынскія работнікі звяртаюць увагу, што просьба праходзіць медагляд у месяц нараджэння дзіцяці існуе не проста так. Такім чынам нагрузка на паліклініку кладзецца раўнамерна, прасцей і бацькам з дзецьмі, і медыцынскаму персаналу.

Фота izh.kp.ru.

Фота izh.kp.ru.

Зусім іншая карціна атрымліваецца, калі бацькі летніх дзяцей, а часам і вясенніх, пра агляд забываюць, і дружна ідуць у паліклініку ў канцы жніўня, перад школай. Уявіўшы сабе гэтую карціну, напэўна, больш не захочаш спазняцца з аглядам.

Педыятар, да якога прывялі дзіця, бачыць, што для яго ўзросту трэба прайсці па графіку.

І калі Каці трэба прайсці трох дактароў і здаць аналіз крыві, то Жэні, магчыма, спатрэбіцца пяць, а аналіз не трэба.

Так адбываецца, таму што, магчыма, Каця ўжо прайшла некаторых дактароў па іншых прычынах, а Жэня здаваў аналізы падчас хваробы. Таму ўвесь аб'ём агляду можа вызначыць толькі ўчастковы педыятар па картцы.

– Перад заканчэннем навучальнага года бацькам нагадалі, каб летніх дзяцей не забылі прывесці на агляд, – кажа Аксана Астапкевіч. – Некаторыя забылі, і летнія ідуць у апошнія дні жніўня.

– Дзіця нарадзілася ў кастрычніку – вось і праходзьце ў кастрычніку, не трэба ісці ў верасні, – удакладняе загадчыца паліклінікі. – І даведка будзе дзейнічаць да наступнага кастрычніка.

Па выніках агляду педыятар выдае даведку, ў якой указаная група здароўя, група па фізкультуры, рэкамендацыі па рассаджванні, харчаванні, наведванні бассейна, алергалагічны анамнез.

Фота ChelDoctor.ru - 74.Ru.

Фота ChelDoctor.ru - 74.Ru.

Ці трэба агляд для спартыўнай секцыі

Для спартыўных секцый, для мастацкай школы, для музычнай школы бацькам можна зняць ксеракопію з даведкі па выніках медагляду, або прыйсці па спецыяльную даведку да педыятара.

Калі дзіця праходзіла агляд у маі, то ў верасні даведка актуальная.

Як прайсці гінеколага

Калі педыятар кажа прайсці гінеколага, то мама са сваім пашпартам ідзе ў жаночую кансультацыю на прыём. Там дзяўчынак чакае толькі знешні агляд.

Гэты агляд надзвычай важны, таму што падчас яго часам заўважаюць спайкавыя паталогіі, вульвіты, інфекцыі мочавыводзячых шляхоў, ці што нешта няправільна фарміруецца.

Здараецца, дзяўчынка часта хварэе і прымае антыбіётыкі, з-за гэтага парушылася флора і ўтварыліся спайкі.

Безумоўна, дзяўчынцы перад прыёмам неабходна зрабіць гігіенічныя працэдуры, а маме варта да прыёму падрыхтаваць яе псіхалагічна.

Вы хадзілі да неўролага? Можа і нам трэба?

У школе могуць памерыць вагу і рост, вызначыць вастрыню зроку, зрабіць прышчэпку. А вось медагляд праходзяць толькі ў паліклініцы.

– Самае галоўнае, гэта каб бацькі зразумелі, што аб'ём агляду вызначае доктар, – кажа Інна Саўчык.

– Я сама чую, як гавораць дзве мамы: "Вось неўролага прайшлі" – "А можа і нам трэба неўролаг? Ай, схаджу!". Вам што трэба, проста каб штампік паставілі?

Паважаныя мамы, стан здароўя дзіцяці ад штампіка ніяк не зменіцца.

Фота оtradnoe.mos.ru.

Фота оtradnoe.mos.ru.

Аксана Астапкевіч прыгадвае іншую гісторыю:

– Прыйшла да мяне скардзіцца мама. Ім трэба даведка ад артапеда, яны ў ліцэй паступалі, а ў рэгістратуры не выдалі талон. Я кажу, што раз паступалі, то, напэўна, там аглядаў артапед. Падымаем картку – у ёй сёлета агляд артапеда ёсць.

Ніякіх праблем, проста пайсці да педыятра і выпісаць даведку. Мацi сама вырашыла, што ёй трэба да артапеда.

Канешне, калі вы не ўзялі даведку ў сакавіку ці маі, то ў новым навучальным годзе дзіця не маюць права дапусціць да ўрокаў фізкультуры, таму што ў хлопчыка ці дзяўчынкі не вызначаная група здароўя і група па фізкультуры.

Акрамя іншага, медыкі нагадваюць – агляд стаматолага трэба рабіць штогод, і пра гэта варта клапаціцца самім бацькам.

Медыцынскія работнікі мяркуюць, што з цягам часу бацькі зразумеюць: штогадовы медагляд у месяц нараджэння дзіцяці – гэта правільна і лагічна.

Сістэма ўпарадкуецца, што аблегчыць і працу дактароў, і паход у паліклініку з дзецьмі.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
25.08.2017 18:05
Диана / А на рабочем месте кто должен отслеживать прохождение медицинской комиссии: работодатель, поликлиника либо сам человек?
Дадаць каментар
Новае на сайце