Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +1° Маладзечна
Вілейка +1° Вілейка
Смаргонь +1° Смаргонь
Ашмяны +1° Ашмяны
Валожын +1° Валожын
Мядзел +1° Мядзел
Астравец +1° Астравец
Спорт
Вілейка
2.09.2017 19:13 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Як інваліды па зроку і слыху перамагаюць на чэмпіянатах свету па міні-футболу: "Надзею" наведала незвычайная футбольная каманда

У футбол пачаў гуляць у дзяцінстве проста таму, што іншых заняткаў у нашым дзетдомаўскім дзяцінстве не было, – прызнаўся на сустрэчы з выхаванцамі дзіцячага Цэнтра “Надзея” заслужаны трэнер Беларусі, чэмпіён свету па міні-футболу, уладальнік тытулу “Гонар нацыі” Анатоль Усенка.

Не, варыянты баўлення часу былі, канешне. Дзетдомаўцы садзілі памідоры, выбіралі цыбулю. Аднак толькі футбол быў заняткам для душы. А яшчэ ён дысцыплінаваў не заўсёды дысцыплінаваных хлопчыкаў.

 Вучні аднолькава стараліся выправіць дрэнныя адзнакі па прадметах і для таго, каб схадзіць на футбольную трэніроўку, і для таго, каб патанчыць на дыскатэцы. У адваротным выпадку выхавацелі іх прота не пускалі туды.

За цэлы год дома былі 120 сутак

Вось так, з дзіцячага занятку футбол паступова ператварыўся для Анатоля Усенкі ў значную частку жыцця. Настолькі значную, прызнаўся трэнер, што дзвюх дачок, у асноўным, выхоўвала жонка.

Гледачы на сустрэчы.

Гледачы на сустрэчы.

Аўтографы

Аўтографы

Калі ў 1982 годзе футбалісты сталі чэмпіёнамі былога СССР, нехта з каманды падлічыў, што за ўвесь год дома яны былі 120 сутак.

Амаль 20 год таму Анатоль Усенка пачаў займацца з камандай, куды ўваходзілі інваліды па зроку. Пасля да іх далучыліся інваліды па слыху. Каб працаваць з такімі спартсменамі, Анатоль Іванавіч вывучыў мову жэстаў.

Падчас сустрэчы.

Падчас сустрэчы.

Першапачаткова было нялёгка. Затое сёння каманда Анатоля Усенкі – пяцікратныя чэмпіёны свету па міні-футболу сярод аналагічных каманд. А трэнер адчувае сябе шчаслівым, калі глядзіць у вочы “сваім хлопцам”.

Цяпер праца ідзе зладжана. У звычайным рэжыме трэніруюцца два разы на тыдзень. Трэніроўка – дзве гадзіны.

Калі рыхтуюцца да чэмпіянату свету або Еўропы, займаюцца шэсць разоў на тыдзень. І гэта пры тым, што ўсе футбалісты маюць сем’і і працуюць на сталічных прадпрыемствах.

Першы таварыскі матч.

Першы таварыскі матч.

Раней, па словах Анатоля Усенкі, было больш каманд па міні-футболу сярод інвалідаў. Цяпер яго каманда – адна на ўсю Беларусь. Усё таму, што міні-футбол – не параалімпійскі від спорту, кажа трэнер.

Аднак заўсёды ідзе насустрач Федэрацыя беларускага футболу і футбольны клуб “Мінск” на чале з Ігарам Шлойдам. Дазваляюць гуляць на сваім футбольным полі, прадастаўляюць раздзявалку для спартсменаў.

Правяраюць, каб інваліды па зроку сапраўды дрэнна бачылі

Па словах трэнера, ніякіх асаблівасцей у параўнанні са звычайным міні-футболам у іх гульні няма. Усё як у здаровых людзей. Адзінае, перад чэмпіянатамі свету і Еўропы футбалісты-інваліды па зроку і слыху праходзяць пільную медкамісію.

Дактары правяраюць ігракоў, каб на поле не трапілі футбалісты, якія не маюць праблем са зрокам і слыхам.

Ніякіх сувязей з Вілейшчынай у Анатоля Усенкі да пэўнага моманту не было. З’явіліся яны ў 2006 годзе. Тады Анатоль Іванавіч прыехаў, каб урачыста адкрыць тут пляцоўку для міні-футбола.

Сам прапанаваў бясплатныя сустрэчы і майстар-класы, каб выхаванцы “Надзеі” ведалі, што у Беларусі ёсць такая каманда.

Кіраўнікі Цэнтра падтрымалі яго. Цяпер штогод падчас свайго летняга адпачынку трэнер з камандай едуць у “Надзею”.

– Праўда часам мае футбалісты ўзрушаюцца, што ў выхадны дзень да вечара прыходзіцца адарвацца ад сям’і і ехаць на сустрэчу з вучнямі, аднак я ўмею пераканаць, – кажа Анатоль Усенка.

Інваліды-вазочнікі прасілі навучыць гуляць у футбол

З “Надзеяй” у Анатоля Усенкі звязаны адзін адначасова і яркі, і балючы ўспамін. Пасля адной з сустрэч да трэнера звярнуліся інваліды-вазочнікі, якія адпачывалі ў Цэнтры. Хлопцы, якія не мелі ног, прасілі Анатоля Іванавіча навучыць іх гуляць у футбол.

Гульня з вілейскай камандай.

Гульня з вілейскай камандай.

Трэнер тады не спаў цэлую ноч. Усё думаў, што адказаць гэтым хлопцам. І ўрэшце прыдумаў для іх практыкаванні. Хлопцы злязалі са сваіх вазкоў, абапіраліся на рукі і куксамі  ног адбівалі мяч ад футбольных варот.

Юныя ўдзельнікі сустрэчы задавалі спартсменам разнастайныя пытанні пра футбол. Ці гулялі вы з Брытаніяй? Ці сябруеце з супернікамі? Як матывуеце сябе, калі не хочацца на трэніроўку? Ці гулялі з Дэвідам Бэкхэмам?

Гуляем так, што косткі трашчаць

Некаторыя асабліва крэатывілі. Напрыклад было пытанне: калі б вы былі дызайнерам адзення, якую б форму распрацавалі для жаночага футболу?

Аказалася, што маладым футбалістам падабаецца форма баскетбалістак: кароткая спаднічка і майка, якая падкрэслівае прывабную жаночую фігуру.

Медалі ад гасцей.

Медалі ад гасцей.

А ўвогуле, у якую форму жанчыну ні апрані, ёй усё будзе прыгожа, перакананыя спартсмены-мужчыны.

– Калі шчыра,  мы не вельмі любім жаночы футбол, – адказаў за ўсіх адзін з футбалістаў. – Мы часам гуляем так, што косці трашчаць. Цяжка ўявіць жанчын у такіх сітуацыях.

Цікавіла хлопцаў і дзяўчат, што нельга есці футбалістам падчас падрыхтоўкі да сур’ёзных спаборніцтваў. Аказалася, самым жаданым і забароненым ласункам з’яўляецца бульба фры.

Фота напамяць з вілейскай камандай.

Фота напамяць з вілейскай камандай.

Пасля сустрэчы зрабілі невялікую паузу на аўтографы, сэлфі і ўзаемныя падарункі. А потым зладзілі некалькі таварыскіх матчаў.

Спачатку каманда Анатоля Усенкі іграла з дзяўчатамі,  затым – з хлопцамі. А завяршыў сустрэчу таварыскі матч з вілейскай футбольнай камандай.

Фота аўтара.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце