Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +1° Маладзечна
Вілейка +1° Вілейка
Смаргонь +1° Смаргонь
Ашмяны +1° Ашмяны
Валожын +1° Валожын
Мядзел +1° Мядзел
Астравец +1° Астравец
Спорт
10.09.2017 12:59 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

"На полі не было футбола, толькі рухі целаў футбалістаў"

Фота Наталлі Тур.

Аўтарская калонка Сяргея Уладыкі. Загаловак, канешне, не пра ўчарашні матч, які маладзечанцы выйгралі ў гасцях у "Тэрыторыі футбола" з Гомеля з лікам 2:5, а пра мінулатыднёвую гульню каманды "Маладзечна ДЮСШ 4 " супраць каманды з Ашмянаў. 

А хто там iдзе, а хто там iдзе

У агромнiстай такой грамадзе?”

 Падчас прагляду матча паміж ФК “Мала­дзечна-ДЮСШ” і “Ашмянамі” ў маёй галаве раз-пораз круціліся гэтыя, напісаныя Янкам Купалам, радкі.

Справа, напэўна, у тым, што на полі не было футбола, а значыць, выдаўся выдатны выпадак падумаць пра паэзію. А вось чаму не было футбола, перш за ўсё ў выкананні мала­дзечанцаў, – пытанне, над якім добра было б задумацца.

Пару месяцаў таму, пасля кубкавай гульні з “Крумкачамі”, напісаў, што мы, жыхары горада, любім сваю каманду не за нейкія там уменні (іх няма), а за самааддачу і неабыякавасць да гульні нумар адзін. Аднак суботні матч прымусіў сумнявацца: ці была мая праўда?!

Усё можна дараваць футбалісту, акрамя аднаго – абыякавасці. Калі яму, гульцу, нічога не трэба тут і цяпер, калі яму напляваць на канчатковы вынік, то для чаго мне ся­дзець на трыбунах і глядзець на рухі яго цела?

Калі б маладзечанскі заўзятар галасаваў рублём, то пасля некалькіх гульняў, падобных матчу з “Ашмянамі”, трыбуны стадыёна маглі істотна апусцець. Зрэшты, далёка не факт, што гэтая акалічнасць колькі-небудзь азадачыла б галоўных дзеючых асоб.

Аб самой гульні няма чаго сказаць. Было шмат памылак, была інтрыга, калі зыходзіць з таго, як мяняўся лік, але не было таго нерва, за які мы любім футбол.

На 24-й хвіліне Кошаль скарыстаўся вельмі грубай памылкай абаронцы прыезджай каманды, выйшаў сам-насам з варатаром і чарпаком адправіў мяч у сетку варот гасцей. Лік стаў 1:0.

На 36-й хвіліне, пасля падачы вуглавога, гаспадары зноў вызначыліся – запіхнулі мяч у вароты намаганнямі Лукашова. Але праз хвіліну Галгоўскі пайшоў лавіць паветра на выхадзе, дзякуючы чаму нарадзіўся першы і надта лёгкі гол у адказ.

Тым не менш, на перапынак пайшлі ў добрым настроі, за што варта дзякаваць Галубовічу – менавіта ён на 45-й хвіліне добра злавіў мяч на нагу і метраў з 23-х адправіў яго ў правы вугал.

На гэтым усё добрае для гаспадароў у той дзень скончылася. Па­чаўся парад памылак і невыразных дзеянняў, у выніку якіх здарыліся прапушчаныя галы на 49-й, 50-й, 57-й хвілінах.

Табло зафіксавала выніковыя 3:4, а ў вачах гледача, калі захацець, можна было б убачыць ці то расчараванне, цi то крыўду, якую яны пакорліва, стройным балельшчыцкім раўчуком панеслі кожны сабе дадому.

– А хто там iдзе, а хто там iдзе

У агромнiстай такой грамадзе?

– Беларусы.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце