Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь -1° Смаргонь
Ашмяны -1° Ашмяны
Валожын -1° Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец -1° Астравец
Эканоміка
Вілейка
26.09.2017 11:46 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Пасіўнасць, дрэнная арганізацыя або грыбны сезон: на семінар па вырашэнні мясцовых праблем прыйшлі два жыхары Вілейкі

Зацікаўленых жыхароў было двое

Зацікаўленых жыхароў было двое.

16 верасня актывісты ініцыятыўнай групы “Дзея” зладзілі ў Вілейцы сустрэчу з гараджанамі, каб распавесці ім, як вырашаць мясцовыя праблемы. Пра сустрэчу паведамілі праз суполкі ў сацыяльных сетках.

Госці з Мінска, кіраўнікі вэб-платформы “Зручны горад” Уладзімір Кавалкін і Антон Матолька распавялі пра тое, як іх сайт можна выкарыстаць для вырашэння мясцовых праблем.

Сэнс працы сайта ў тым, каб “закінуць” туды петыцыю, сабраць электронныя подпісы. А пасля гэтага петыцыя аўтаматычна або з дапамогай кіраўнікоў платформы накіроўваецца ў пэўны дзяржаўны орган.

Госці з Мінска Антон Матолька і Уладзімір Кавалкін.

Госці з Мінска Антон Матолька і Уладзімір Кавалкін.

Самая вялікая колькасць подпісаў, сабраных за час працы платформы пад адной петыцыяй, – дзевяць тысяч. Ёсць і станоўчыя прыклады вырашэння мясцовых праблем па ўсёй Беларусі. Асабліва актыўна, па словах арганізатараў, электронныя петыцыі задавальняе Гродзенскі райвыканкам.

Цяпер сайт шмат працуе з рэгіёнамі, таму жыхары Вілейкі могуць карыстацца ім.

59 чалавек за два дні – нядрэнны вынік

Арганізатарка сустрэчы Аліна Нагорная распавяла пра вынікі анкетавання, якое запусцілі ў інтэрнэце. З дапамогай анкеты вырашылі высветліць, якія праблемы ёсць у Вілейцы. На сённяшні дзень анкетаванне працягваецца.

У анкеце трэба ананімна адказаць на пытанні арганізатараў, пазначыўшы свой пол і ўзрост.

Уладзімір Кавалкін распавёў пра сайт Зручны горад.

Уладзімір Кавалкін распавёў пра сайт Зручны горад.

Пытанні фармулявалі наступным чынам: ці сутыкаліся вы з праблемамі ў адукацыі, ахове здароўя, у дарожнай службе, ЖКГ.

Таксама трэба было ацаніць, наколькі добра ў Вілейцы асвятляюць вуліцы, збіраюць смецце, ствараюць умовы для людзей з асаблівымі патрэбамі, даюць магчымасці для развіцця і адпачынку моладзі, ці задавальняе гараджан якасць дзіцячых пляцовак.

Напрыканцы анкеты ўдзельнікі маглі напісаць пра іншыя праблемы, не пазначаныя ў анкеце.

Па словах Аліны Нагорнай,  арганізатаркі анкетавання, падобным чынам гараджан апытвалі ў Баранавічах і ў яе родным Слуцку.

 Актывісты няўрадавай арганізацыі “Дзея”, па словах Аліны, працуюць у многіх гарадах Беларусі. Сярод сяброў арганізацыі ёсць прафесійныя юрысты, якія могуць кваліфікавана дапагчы. Для гараджан “Дзея” ладзіць трохдзённыя курсы па вырашэнні мясцовых праблем.

 

На маё пытанне, ці заўсёды ёсць станоўчы вынік, Аліна адказала так:

– Гледзячы, што лічыць станоўчым вынікам. У маім родным Слуцку сабралі 1200 подпісаў за ўстаноўку помніка слуцкім паўстанцам. Помнік пакуль не паставілі. Таму, з аднаго боку, можна лічыць, што выніку няма. Але з іншага боку, 1200 чалавек больш даведаліся пра слуцкае паўстанне. Хіба гэта кепска?

У Вілейцы за два дні на пытанні анкеты адказалі 59 жыхароў. Гэта, па слова Аліны, нядрэнны вынік.

Дарожныя праблемы віляйчан хвалююць

Якія ж праблемы пазначылі віляйчане ў анкеце? На першым месцы, паводле анкеты, праблема з дарожнымі службамі. З ёй сутыкаліся 34 чалавекі з 59.

Аліна прыгадала два выпадкі з рамонтам вілейскіх дарог. Першы вырашыўся станоўча.

Антон Матолька мае вялікі досвед збору электронных подпісаў.

Антон Матолька мае вялікі досвед збору электронных подпісаў.

Тады ў 2016 годзе падчас парламенцкіх выбараў кандыдат у мясцовыя дэпутаты Максім Ціханаў дапамог жыхару адной з вёсак Вілейшчыны правільна скласці зварот у вілейскі райвыканкам. Подпісы сярод аднавяскоўцаў мужчына сабраў сам. І дарогу адрамантавалі.

А сітуацыю з дрэннай дарогай на вілейскай вуліцы Каралёва, на жаль, не вырашылі так хутка.

Чым заняцца? Дзе апрануцца?

На другім месцы – праблема занятасці моладзі ў Вілейцы.

27 праанкетаваных незадаволеныя дзіцячымі пляцоўкамі ў дварах шматпавярховак.

А вось з праблемамі ў галіне аховы здароўя ў Вілейцы, паводле анкеты, з 59 удзельнікаў анкетавання не сутыкаўся ніхто.

У раздзеле “Іншае” віляйчане пісалі пра тое, што ў горадзе мала крам, дзе можна выбраць добрае дзіцячае і моладзевае адзенне. Не хапае месцаў для адпачынку моладзі і мам з дзецьмі. Ізноў паўстала пытанне пра тое, што нядрэнна было б адчыніць дзіцячае кафэ.

Нягледзячы на тое, што ўдзел у анкетаванні быў даволі актыўным, на само абмеркаванне праблем прыйшлі два вілейчукі.

І невядома, што стала прычынай такога нешматлікага ўдзелу ў мерапрыемстве: пасіўнасць, грыбны сезон або недапрацоўка арганізатараў.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце