Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +1° Маладзечна
Вілейка +1° Вілейка
Смаргонь +1° Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел +1° Мядзел
Астравец +1° Астравец
Грамадства
Вілейка
26.09.2017 12:32 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Рамеснікі з Германіі: вашых дзяцей яшчэ можна чым-небудзь здзівіць

Брыгада нямецкіх рамеснікаў ідзе на працу

Брыгада нямецкіх рамеснікаў ідзе на працу.

– А чым нямецкая восень адрозніваецца ад беларускай? – чамусьці менавіта гэта мне захацелася спытаць у немца Петэра Беверсдорфа, калі мы гутарылі з ім пад шатамі восеньскіх дрэў у адзін з ясных вераснёвы дзень на Вілейшчыне.

Госці з Германіі прыехалі на Вілейшчыну цёплымі восеньскімі днямі. Па словах Петэра, крыху заспелі баб’е лета.

Аказалася, нямецкая восень такая ж дажджлівая, як і беларуская. Аднак у Германіі мала хваёвых дрэў і шмат лісцёвых. Таму восенню тут куды больш разнаколернасці. А яшчэ ў Беларусі вечарам хутчэй надыходзіць холад.

У беларускім цэнтры немцы рамантуюць свяцільнікі, халадзільнікі, трубы

У дзіцячы цэнтр “Надзея”, што на Вілейшчыне Петэр з групай нямецкіх рамеснікаў прыязджае ўжо некалькі год запар. Таму некаторыя з немцаў маюць добрых сяброў сярод жыхароў навакольных вёсак і супрацоўнікаў “Надзеі”. Заўсёды з падарункамі наведваюць іх сем’і.

Па словах Петэра, узаемаразуменне з работнікамі цэнтра ў немцаў вельмі добрае. Нават моўнае пытанне не асабліва перашкаджае. Маладыя людзі, якія працуюць у “Надзеі”, не раз казалі нямецкім калегам, што шмат чаму вучацца ў іх.

Сёлетнія госці з Германіі прадстаўляюць арганізацыю “БОБІ”. З нямецкай  мовы назва расшыфроўваецца як “жыхары Ботрапа дапамагаюць тым, хто апынуўся ў бядзе”. Дапамагаюць на дабрачынных пачатках.

Мястэчка Ботрап у Германіі. Фота lgroutes.com

Мястэчка Ботрап у Германіі. Фота lgroutes.com

У нямецкай групе 14 чалавек. Гэта электрыкі, сантэхнікі, інжынеры, розныя высокакваліфікаваныя спецыялісты па тэхніцы. Усе мужчыны – людзі або пенсійнага або перадпенсійнага ўзросту.

У “Надзеі” яны рамантуюць электратэхнічнае і сантэхнічнае абсталяванне, плануюць паставіць у школе энергазберагальныя свяцільнікі.

Некаторыя займаюцца цеплаізаляцыяй труб, іншыя – зварачнымі працамі. Частка нямецкіх рамеснікаў рамантуе халадзільнікі на кухні.

Запрашаем дзяцей на гульні і чай з пірагамі

Тэхнічная дапамога цэнтру – асноўная, але не адзіная місія нямецкіх гасцей. Яшчэ яны абавязкова сустракаюцца з дзецьмі.

Запрашаюць іх да сябе на чай з пірагамі, знаёмяцца, гутараць, рыхтуюць невялікія падарункі для дзяцей, прыдумляюць гульні для іх.

Так, нядаўна выхаванцам “Надзеі” прапанавалі гульню на арыентаванне на мясцовасці. На тэрыторыі турыстычнай базы схавалі прадметы, а дзеці павінны былі іх знайсці. У канцы кожны атрымаў падарунак.

Пытаюцца пра адпачынак, сем’і і футбол

Беларускі дзеці, па словах Петэра, ахвотна задаюць пытанні на сустрэчах. Ім усім уласцівая цікаўнасць, перакананы мой субяседнік.

Юныя суразмоўцы звычайна хочуць даведацца аб прафесіях і сем’ях нямецкіх гасцей, пра тое, за якую футбольную каманду заўзеюць немцы і дзе праводзяць адпачынак.

Уся нямецкая брыгада разам з перакладчыкам.

Уся нямецкая брыгада разам з перакладчыкам.

На маё пытанне, ці адрозніваюцца беларускія дзеці ад нямецкіх, Петэр адказаў, што амаль не, аднак падумаўшы дадаў:

– Большасць беларускіх дзяцей, як і іх аднагодкі ў Германіі, модна апранутыя, маюць смартфоны. Аднак вашых дзяцей яшчэ можна нечым здзівіць і парадаваць, а вось нашых ужо, напэўна, не здзівіць нічым.

Праблем з працай і адпачынкам не маем

Шмат беларускія дзеці распытваюць пра Германію. І тут гасцям ёсць што расказаць.

Большасць з іх прыехала з нямецкага мястэчка Ботрап каля горада Дортмунда, што знаходзіцца ў складзе федэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія.

Дортмунд. Германія.

Дортмунд. Германія.

У Ботрабе каля 120 тысяч жыхароў. Але тут няма праблем з працаўладкаваннем і занятасцю моладзі, як у многіх невялікіх беларускіх гарадах.

Федэральная зямля, як і ўся Германія ўвогуле, вельмі густа населеная. Заканчваецца адзін горад –  і адразу пачынаецца другі.

Таму месцаў для працы і адпачынку маладых людзей тут дастаткова. Як я даведалася ад Петэра, у Германіі працэнт беспрацоўя сярод моладзі адзін з самых нізкіх у Еўропе.

 Бежанцаў прымаем, бо да замежнікаў даўно прывыклі

Ботрап – гэта тэрыторыя Рурскага басейна. Здаўна тут здабываюць вугаль і вараць сталь.

Напрацягу некалькіх дзесяцігоддзяў сюды ўвесь час прыбываюць бежанцы. Яны едуць з Іспаніі, Італіі, Польшчы.

Па словах майго субяседніка, бежанцаў прымаюць добра. Даюць жыллё, гатовыя бескарысліва дапамагаць. Так, Петэр са сваімі сябрамі не раз рамантаваў бежанцам дамы.

– Нам не прывыкаць працаваць з замежнікамі, – распавядае мой субяседнік. – Адразу пасля вайны ў Германію на пастаяннае месца жыхарства ехалі людзі з розных краін. Асабліва да нас, на тэрыторыю Рурскага басайна. Тут бежанцам заўсёды была праца – здабываць вугаль і варыць сталь.

Ва ўсходняй Еўропе, кажа Петэр, адносіны да бежанцаў іншыя. Тут некаторыя мясцовыя жыхары не заўсёды настроены так дружалюбна.

На Вілейшчыне.

На Вілейшчыне.

– Значыць нейкія адрозненні паміж усходняй і заходняй часткамі Германіі засталіся? – пытаюся ў нямецкага госця.

– Так, адрозненні ёсць, – пагаджаецца Петэр. – Перш за ўсё, сацыяльна-эканамічныя. – Ва ўсходняй Германіі яшчэ і сёння пенсіі і заробкі значна ніжэйшыя, чым у заходняй. Але ўзровень жыцця павольна павышаецца, некаторыя людзі, якія ў свой час масава з’язджалі з ГДР у ФРГ, цяпер вяртаюцца на радзіму.

Да гарачай ежы тры разы на дзень мы не прывыклі

Надзвычай прыемным і ў той жа час незвычайным для нямецкіх гасцей было харчаванне, прапанаванае ў “Надзеі”. Аказваецца, немцы ядуць гарачае не тры разы на дзень, а адзін.

– Таму для нас вельмі нязвыкла было на сняданне атрымліваць макарону з фрыкадэлькамі, – дзеліцца Петэр.

Традыцыйны сняданак у Германіі – гэта кава, бутэрброды, сыр, каўбаса, мармелад. Як і ў нас, там любяць стравы з бульбы і мяса. У тым ліку і знакамітыя дранікі і шашлык.

Яшчэ гасцям з Германіі вельмі спадабаліся беларускія цукеркі і мёд. Менавіта іх у якасці гасцінцаў яны павязуць сваім родным у Германію. І вядома ж, традыцыйныя магніцікі з краявідамі Беларусі.

Лепш дапамагчы, чым ляжаць на канапе

У мінулыя выхадныя нямецкая дэлегацыя ездзіла ў Мінск. Наведалі нацыянальную бібліятэку, падняліся на ліфце на дах будынка, паслухалі хор, які выыступаў проста на вуліцы на пляцоўцы перад бібліятэкай.

Госць з Германіі пазіруе на фоне скульптуры турыстычнай базы Вілія

Госць з Германіі пазіруе на фоне скульптуры турыстычнай базы Вілія

Завіталі ў музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Па словах Петэра, экспазіцыя вельмі ўразіла іх. У Германіі тэма Другой сусветнай – вельмі далікатная.

Аднак яны, пасляваеннае пакаленне, не павінныя адказваць за дрэнныя ўчынкі сваіх продкаў, перакананы Петэр. Ён прыгадаў словы Прэзідэнта федэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія пра тое, што жыхары сучаснай Германіі не маюць адносін да той вайны, аднак асноўная іх задача – не паўтарыць таго, што здарылася ў 1940-ыя.

– Вось мы і працуем над гэтым, – распавядае Петэр. – Едзем у Беларусь не разбураць, а будаваць, сябраваць і ствараць масты дружбы.

Звычайна дэлегацыя прыязджае ў “Надзею” на два тыдні. У гэты раз будуць 12 дзён. Некаторыя прыляцелі на самалёце, некаторыя прыехалі на аўтобусе.

– Вашы сем’і не супраць, што на такі прамежак часу вы з’зджаеце да іх?

– Не, – кажа Петэр. – Жонкі і дзеці нас падтрымліваюць і нават ганарацца намі.

Мужчыны з арганізацыі “Бобі” перакананыя: чым ляжаць дома на канапе, лепш бескарысліва дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

Фота аўтара.

Пасольства ФРГ у Беларусі. УНП 101166185.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце