Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +1° Маладзечна
Вілейка +1° Вілейка
Смаргонь +1° Смаргонь
Ашмяны +1° Ашмяны
Валожын +1° Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец +1° Астравец
Культура
5.10.2017 14:05 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

6500 кіламетраў шляхамі знакамітых землякоў праедуць сябры Фонду Агінскага

Пётр Краўчанка, справа, паказвае, як будзе выглядаць шыльда Кірылу і Мяфодзію са словамі ­ўдзячнасці ад беларускай грамадскасці. Злева – Рыгор Сарока

Пётр Краўчанка, справа, паказвае, як будзе выглядаць шыльда Кірылу і Мяфодзію са словамі ­ўдзячнасці ад беларускай грамадскасці. Злева – Рыгор Сарока. Фота Наталлі Тур.

Дабрачынны фонд “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” і Беларускі фонд культуры рэалізуюць міжнародную праграму “Шляхамі Францыска Скарыны: да 500-годдзя выдання Пражскай Бібліі”.

Ад 8 да 18 кастрычніка члены дэлегацыі наведаюць Кракаў, Прагу, Падую, Венецыю, Фларэнцыю і Рым.

Усе гэтыя гарады звязаныя з асобамі Францыска Скарыны і Міхала Клеафаса Агінскага і стваральнікаў кірылічнай азбукі – Кірылы і Мяфодзія. Маршрут складзе прыкладна 6 тысяч 500 кіламетраў. У сталіцы Італіі ў базіліцы Святога Клімента будзе ўстаноўленая мемарыяльная дошка аўтарства беларускага скульптара Валерыя Янушкевіча ў гонар святых роўнаапостальных братоў Кірыла і Мяфодзія.

Напярэдадні падарожжа ў беларускім таварыстве сяброўства з замежнымі краінамі адбылася прэс-канферэнцыя, якую зладзілі кандыдат гістарычных навук, прафесар, палітычны і грамадскі дзеяч Пётр Краўчанка, дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Агінскага, старшыня праўлення фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Рыгор Сарока і старшыня апякунскага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” Тадэвуш Стружэцкі.

Пётр Краўчанка расказаў, што маршрут абраны невыпадкова. У Кракаве дэлегацыя ўскладзе кветкі да мемарыяльнай шыльды ў гонар Францыска Скарыны, на наступны дзень кветкі будуць ускладзеныя да помніка Францыску Скарыны ў Празе.

 – Пакуль не знойдзеная магіла Францыска Скарыны, – распавёў Пётр Краўчанка, – помнік у Празе з’яўляецца сімвалічнай магілай нашага першадрукара.

 Ля Падуанскага ўніверсітэта, дзе пастаўлены помнік, ёсць зямля з Полаччыны, якую прывезлі сюды ў 90-х гадах. І для кожнага свядомага беларуса Прага – гэта культурная Мекка, як Вільня і як Полацк.

Падчас візіту ў Прагу беларуская дэлегацыя перадасць у падарунак Падуанскаму ўніверсітэту ўнікальнае факсімільнае 20-томнае выданне “Бібліі” Францыска Скарыны. Да выдання спрычыніўся “Банк БелВЭБ”.

 – Сабекошт гэтай кнігі складае прыкладна 5 тысяч долараў, – расказаў Пётр Краўчанка.

Пасля гэтага дэлегацыя накіруецца ў Фларэнцыю. Там, у нацыянальным пантэоне Італіі, які мае назву Санта Крочэ, дзе пахаваны Міхал Клеафас Агінскі, дэлегацыя ўскладзе кветкі да магілы кампазітара. Там жа будзе зла­джаны мемарыяльны канцэрт.

Пасля гэтага дэлегацыя накіруецца ў Рым.

– Мы са скульптарам Валерыем Янушкевічам у 1996 годзе выпадкова зайшлі ў храм, які месціцца ў цэнтры горада, працягвае Пётр Краўчанка, – і нечакана ўбачылі, што ў гэтым храме пахаваны Кірыл, адзін з братоў стваральнікаў кірылічнай азбукі. Як вядома, кірылічнай азбукай карыстаюцца сем славянскіх народаў, а таксама шэраг краін неславянскіх. У катакомбах гэтага храма мы ўбачылі шыльды з падзякамі за азбуку ад усіх краін, дзе карыстаюцца кірыліцай: мазаіку, бронзавыя скульптуры, скульптуры з мармуру. Ад усіх краін, акрамя Беларусі.

Валер Янушкевіч зрабіў 75-кілаграмовую шыльду і падчас вандроўкі яе перададуць у храм у Рыме.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі паабяцалі, што пасля вяртання з паездкі абавязкова раскажуць, як прымалі дэлегацыю беларусаў на шляхах знакамітых землякоў.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце